Святы Антоній Падуанскі здавён лічыўся адным з найбольш шанаваных святых на Беларусі. Старыя жыхары нашых мястэчкаў добра памятаюць, якія мнагалюдныя працэсіі збіраліся на яго свята. Касцёлы пад такім тытулам упрыгожвалі і старажытны Полацк, і густанаселены Віцебск, і невялічкае мястэчка Раванічы, і фальварак Завішына сярод лясоў Лагойшчыны, і яшчэ многія і многія святыні ў гарадах, мястэчках і вёсках. А каталіцкія святыні св. Антонія ў Паставах і Слуцку, вёсках Каменка і Малая Бераставіца дзейнічаюць і па сённяшні дзень. А ў колькіх касцёлах стаялі алтары з абразамі святога ўвогуле пералічыць немагчыма. Толькі ў Мінску алтары святога Антонія ўпрыгожвалі інтэр’еры старажытнай фары і катэдральнага касцёла, святыні пры кляштарах бернардынак і рахітаў. А ў касцёле на Кальварыйскіх могілках нават захоўваліся рэліквіі святога.

Парафія святога Антонія Падуанскага вядомая ў Мінску з XVII ст. Фундушам ад 19 кастрычніка 1680 г. Тэадор Караль Горскі, ваявода наваградскі, падкаморый мінскі, заснаваў тут мужчынскі кляштар ордэна францішканцаў канвентуальных і падараваў ім пляц у цэнтры горада. Месца пад кляштар знаходзілася на рагу вуліц, адна з якіх (з поўдня, ад кляштара, за што і была названа Францішканскай) выходзіла да плошчы Верхняга Рынку. Другая, Юр’еўская, раскрывалася на дамініканскі кляштар. Наступная фундацыя Тэадора Ваньковіча, стольніка і падстаросты мінскага, ад 22 сакавіка 1681 года дазволіла ў хуткім часе пабудаваць драўляны кляштарны комплекс, цэнтрам якога зрабіўся прыгожы двухвежавы касцёл, асвечаны пад тытулам святога Антонія.

Далейшы лёс парафіі падобны да сотняў іншых каталіцкіх парафій Беларусі – росквіт у XVIII ст., пачатак будаўніцтва каменнага касцёла, закрыццё кляштара і касцёла пасля паўстання 1831 г., прыстасаванне святыні пад гаспадарчыя патрэбы і ўрэшце поўнае знішчэнне. Францішсканская вуліца стала вуліцай Леніна, ад вул. Юр’еўскай не засталося і следу – на яе месцы цяпер квартал за універсамам «Цэнтральны», ну а там, дзе калісьці горад упрыгожваў касцёл св. Антонія, – будынак, на першым паверсе якога знаходзіцца гастраном.

Але, як паказаў час, ні ваеннае, ні рэвалюцыйнае ліхалецце, ні атэізм бязбожнікаў, здольных разбурыць святыню, і нават месца, дзе яна стаяла, аддаць забыццю, не ў стане знішчыць людскую веру ў Бога. Зацёртыя абразікі святога Антонія захоўваліся ў многіх сем’ях на Беларусі, перадаваліся разам з абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, маленькім Укрыжаваннем і старой Бібліяй з пакалення ў пакаленне.

А ў канцы ХХ ст. святы Антоній вярнуўся і ў сталіцу. 11 чэрвеня 1996 г. у Мінску, у адным з найбуйнейшых мікрараёнаў горада – Малінаўка – Паўднёвы Захад, была зноў зарэгістраваная парафія святога Антонія. Некалькі гадоў вернікі збіраліся на кватэрах, па вялікіх святах ездзілі ў касцёл святых Сымона і Алены, пробашч якога кс. Уладзіслаў Завальнюк шмат зрабіў для парафіі на Паўднёвым Захадзе.

І вось нарэшце ўлады раёна пайшлі насустрач шматлікім просьбам вернікаў – для правядзення набажэнстваў мясцовы ЖЭС выдзеліў актавую залу. З’явіўся ў парафіі і свой пробашч, кс. Антоній Клімантовіч, за плячыма якога служэнне ў катэдральным касцёле Мінска, у Бабруйску, удзел у арганізацыі Міждыяцэзіяльнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. 13 красавіка 2003 г., у Пальмовую Нядзелю, у новым памяшканні парафіі адбылася першая Святая Імша. Даўно не бачыў ЖЭС № 84 такога ўрачыстага і мнагалюднага свята. У залу, разлічаную на сотню чалавек, умясцілася каля чатырохсот вернікаў з букетамі рознакаляровых святочных галінак вярбы (тыя, хто не змог увайсці ў залу, так і засталіся ў фае і на лесвіцы, але і да іх падчас асвячэння вербаў і ў часе Камуніі выходзіў з міністрантамі ксёндз Антоній). Вельмі прыгожа спяваў касцёльны хор, які спецыяльна прыехаў з Бабруйска. Была ўрачыста асвечаная фігура святога Антонія – пакуль галоўная святыня парафіі. Гэтую падзею ў рэлігійным жыцці сталіцы асвятляў тэлевізійны канал СТВ.

І цяпер кожную нядзелю а 14-й гадзіне тут будуць адбывацца рэгулярныя набажэнствы.

Але і парафіяне, і іх пробашч ведаюць, што гэта толькі пачатак сапраўднага парафіяльнага жыцця. Зала ў ЖЭСе – памяшканне часовае. Наперадзе – пабудова касцёла пад тытулам св. Антонія, парафіяльнага цэнтра, іншых будынкаў, неабходных для таго, каб несці Слова Божае людзям.

А. Яроменка. Фота аўтара.