Як часта мы наракаем на недахоп часу! Маўляў, і тое зрабіў бы, і гэта б паспеў, калі б яго не бракавала. Але ці апраўданыя такія нараканні? Ці не наша ўласная ў тым віна і бяда, што яго так катастрафічна не стае? Як мы распараджаемся часам? І што трэба зрабіць, каб усё паспяваць? Пра гэта — наша размова з будучым святаром, клерыкам Мікалаем Ліпскім.

— Часта людзі, жадаючы апраўдаць сваю бяздзейнасць, у якасці яе прычыны называюць недахоп часу. Ці заўсёды гэта слушна?

— Магчыма, у пэўных варунках — так. Але далёка не заўсёды. Час жыцця як каштоўны дар і адначасова як заданне дае чалавеку Бог. Ён паклікаў нас да існавання, стварыў падобнымі да Сябе, адарыў воляй і паверыў, што не змарнуем дадзеных нам дароў. Таму атрымліваецца, што, наракаючы на недахоп часу, мы наракаем на Яго волю, на тое, што нібыта нечага нам недадаў... Боскія ўказанні канкрэтныя і зразумелыя, і іх выканання дастаткова, каб усё паспяваць.

— Тым больш што Езус Сам ніколі не скардзіўся на брак часу...

— Ён меў час для ўсіх і на ўсё. Меў час дзяліцца радасцю з маладымі на вяселлі ў Кане Галілейскай. Меў час пабыць з дзецьмі. Часта ахвяраваў часам дзеля тых, хто жадаў з Ім пагутарыць. Знаходзіў час, каб адведаць сяброў у Бэтаніі, схадзіць у госці да Мацвея. І, нягледзячы на тое, што бесперапынна сустракаўся з людзьмі, заўсёды знаходзіў хвіліну для глыбокай малітвы ў адзіноце...

— А сучаснай моладзі, здараецца, і на супольную малітву ды ўдзел у Св. Імшы яго бракуе.

— Здараецца. Але колькі часу, бывае, марнуе той самы маладзён на бязмэтнае, тупое сядзенне перад тэлевізарам, аддаючы перавагу пустым, а то і шкодным перадачам замест малітвы! Не сакрэт жа, што для многіх з нас тэлевізар стаў наркотыкам, здольным і аддаліць нас ад блізкіх людзей, і засмеціць наш розум друзам непатрэбшчыны.

— Але ж і так можа быць: часу сапраўды, не хапае, бо бярэмся адразу за шмат розных спраў...

— Што таксама кепска. Чалавек, які бярэцца за мноства спраў, вельмі часта не надае значэння належнаму адпачынку, не клапоціцца аб уласным здароўі і здароўі сваіх блізкіх. У выніку — хваробы, пастаянныя стрэсы. Дом і сям’я з аазіса цяпла і супакою, якімі яны мусяць быць паводле задумы Бога, ператвараюцца ў асяродак нервовасці і канфліктаў. І гэта невыпадкова. Адарыць іншага любоўю — гэта ж значыць ахвяраваць яму свой час. А якое можа быць ахвяраванне пры такіх звышнагрузках, калі чалавек бярэцца і за адно, і за другое, і за трэцяе.

— Значыць, час — гэтак таксама любоў?

— І любоў, і ключ да неба. Вось як на гэты конт выказалася маці Тэрэза з Калькуты:

Трэба знайсці час на ўсмешку, бо гэта музыка душы.
Трэба знайсці час на забаву, бо гэта сакрэт нястомнай маладосці.
Трэба знайсці час на сяброўства, бо гэта шлях да шчасця.
Трэба знайсці час на міласэрнасць, бо гэта ключ да неба.

У гэтых палкіх словах размова ідзе не аб велічных, гераічных учынках, але аб простых, звычайных справах. Менавіта такія, здавалася б, драбніцы, як добрае слова, усмешка ці проста жэст, якія не патрабуюць вялікага намагання, разам з тым з’яўляюцца бясцэннымі ў наладжванні цёплых адносінаў між людзьмі. Дзякуючы ім «шэрая штодзённасць» можа стаць шчаслівай, нашыя адносіны да іншых, асабліва ў сям’і, будуць выпраменьваць цяпло і супакой.

Кардынал Стэфан Вышынскі сказаў: «Людзі сцвярджаюць, што час — гэта грошы, але я вам кажу: час — гэта любоў». Думаю, што менавіта гэтая выснова павінна стаць галоўнаю тэзаю нашага жыцця, дзякуючы якой пачнем, у рэшце рэшт, пераводзіць час не на грошы, а на любоў, таму што яна з’яўляецца «валютай», у якой будзе вымярацца наша вечнасць.

— Як асабіста вы распараджаецеся сваім часам? Ці хапае яго на ўсё?

— Свой час стараюся выкарыстаць як мага лепш. Таму на пачатку кожнага дня альбо яшчэ вечарам я планую наступны свой дзень, улічваючы важныя справы, якія трэба будзе зрабіць. Але ў першую чаргу рытм майго дня вызначаецца малітвай і духоўнымі практыкаваннямі ў вызначаныя гадзіны. Гэта дапамагае мне выконваць даручаныя справы і мець вольны час для сябе і сяброў.

— Дзякую за размову.

Гутарыў Франц Сіўко.