Маё першае спатканне з благаславёным Эдмундам адбылося, калі мне было пятнаццаць гадоў. Як і кожная маладая дзяўчына, я шукала якога-небудзь узору, ідэалу ў жыцці. Менавіта ў той час я паехала да Сясцёр Служабнічак Найсвяцейшай Марыі Панны ў Катавіцы, у Польшчы. Тады ўпершыню пачула пра благаславёнага Эдмунда. Уразіў мяне той просты свецкі чалавек, які быў цалкам адданы дзецям, хворым, гаротным. Прысвяціў ім усё сваё жыццё. Не быў ані святаром, ані манахам, аднак адчуваў у сваім сэрцы прагу служэння Богу і людзям. Благаславёны Эдмунд зразумеў заклік Хрыста: «Прадай што маеш і раздай убогім, а мець будзеш скарб у небе» (Мц 19, 21).

Ён не пакінуў нічога для сябе ў «патаемнай кішэні. Аддаў усё». Гэта было сведчаннем гарачай любові да Бога. Доўга я думала пра яго жыццё. Менавіта тады я задала сабе пытанне: «Чаму Ён мог, а я не магу?». Вось пытанне для кожнага: «Ці гатовы (гатовая) я прысвяціць сваё жыццё Богу, бедным, няшчасным, хворым?..»

Святы Касцёл прылічыў Эдмунда Баяноўскага да ліку благаславёных 13 чэрвеня 1999 года. Няхай Ён будзе новым узорам, ідэалам і прыкладам жыцця.

Эдмунд Баяноўскі нарадзіўся 14 лістапада 1814 года ў Граданозе, у Польшчы. У тры гады ён быў цудоўна вылечаны дзякуючы Маці Божай Балеснай, якую ўшаноўваюць на Святой Гары ў Гастыні. Эдмунд атрымаў добрае выхаванне ў каталіцкай сям’і, але цяжкая хвароба перапыніла яго навучанне на філалагічным факультэце ў Вроцлаўскім і Берлінскім універсітэтах. Пасля інтэнсіўнага лячэння ён пасяліўся ў родных мясцінах. Хоць Эдмунда цікавіла літаратура, усё ж галоўным яго заняткам стала грамадская і дабрачынная праца. Ён ствараў чытальні, распаўсюджваў добрую літаратуру, каб дапамагчы беднай моладзі набыць адукацыю.

Ягоны гераізм асаблівым чынам праявіўся падчас эпідэміі, калі, дапамагаючы заражоным, ён ішоў на вялікую рызыку. Было гэта ў 1849 годзе. Страшная халера разышлася па ўсёй Польшчы і забрала мноства ахвяраў. Эдмунд Баяноўскі, хоць і меў слабое здароўе, рабіў усё, каб дапамагчы няшчаснаму люду: наведваў хворых і няшчасных удзень і ўначы, супакойваў іх, пабуджаў да святых сакрамантаў, адкрываў Дамы апекі для хворых, у першую чаргу — для дзяцей, асабліва для бедных і сіротаў.

Каб гэтая справа магла развівацца, 3 мая 1850 года Э. Баяноўскі заснаваў Кангрэгацыю Сясцёр Служабнічак Найсвяцейшай Марыі Панны. Мэтаю Ордэна стала наследаванне Езуса Хрыста, асабліва ў Ягонай паслужніцкай любові, на прыкладзе Панны Марыі, і таму ордэн атрымаў назву «Служабнічкі Марыі Панны», каб пад Яе заступніцтвам Сёстры прысвячалі сваё жыццё адданаму служэнню Богу і людзям.

Для рэалізацыі сваёй мэты Сёстры ад самага пачатку працавалі ў дзіцячых садках, у Дамах дзіцяці, апякаваліся хворымі і беднымі, а таксама праводзілі катэхізацыю, рэкалекцыі, Евангелічныя дні адпачынку для дзяўчат.

Натхнёныя простасцю і прыкладам любові свайго Заснавальніка, Сёстры Служабнічкі прагнулі стаць дарам для ўсяго свету. Яны працавалі і на сваёй Радзіме, і за мяжой. Кожнага дня яны прымалі заклік Езуса «Ідзі за Мной», каб згараць у ахвярнай любові да бліжніх, незалежна ад іх мовы і культуры, бо так вучыў благаславёны Эдмунд: «Усялякая добрая душа, як тая свечка, якая, згараючы сама, свеціць іншым».

Узіраючыся ў жыццё благаславёнага Эдмунда Баяноўскага, мы бачым, што Ён меў добра вызначаную мэту, якой была служба Богу. Праблемы са здароўем не дазволілі яму рэалізаваць мару пра святарскую службу, але для акружаючых людзей Эдмунд заўсёды быў прыкладам гераічнай веры, любові і даверу да Бога, і многія людзі ўжо пры жыцці лічылі яго святым. Баяноўскі быў вельмі міласэрны, але і патрабавальным да сябе і іншых. Ён не чакаў ніякай аплаты на зямлі. Аддаючы ўсё, атрымліваў яшчэ большую свабоду, унутраныя спакой і радасць, якія паходзілі ад Святога Духа. Эдмунд разумеў, што адданасць Богу трэба рэалізоўваць у штодзённым жыцці, ведаў, што Бог заклікаў усіх да святасці. Гэты заклік да нас гучыць і сёння. Хрыстус і сёння чакае твайго «так», каб Ён мог надалей збаўляць свет. «Вось Я Слуга Панская» (Лк 1, 33) — так адказала Марыя. А як ты адкажаш на запрашэнне Бога? Не марудзь і не прымушай Яго доўга чакаць.

Больш інфармацыі пра
благаславёнага Эдмунда Баяноўскага, пра яго жыццё
і працу Сясцёр Служабнічак Найсвяцейшай Марыі Панны
можна атрымаць па адрасе:

вул. Чкалава, 51/1/21, 210041, Віцебск.

Сястра Ніколя,
Служабнічка НМП.