Палессе найбольш пацярпела ад бязбожных змагароў з вераю, якія ў савецкія часы ліквідавалі ўсе каталіцкія парафіі. Да 1990 г. на Усходнім Палессі не дзейнічала ні адна каталіцкая святыня. На гэтых землях жыве значна менш каталікоў, чым на захадзе краіны, але Палессе мае старадаўнія каталіцкія традыцыі, пра якія сведчыць гісторыя кожнага горада, кожнага мястэчка. Гэта адразу зразумееш, пабачыўшы адроджаныя каталіцкія парафіі амаль у кожным раённым цэнтры, многіх вёсках. Новыя касцёлы – доказ жывой веры палешукоў. Будуецца святыня і ў Хойніках — невялікім горадзе ў глыбінцы Палесся.

Каталіцкія традыцыі ў Хойніках усталёўваліся не адну сотню гадоў. Можна ўпэўнена сказаць, што яны шчыра падтрымліваліся некалькімі шляхетнымі родамі, асабліва сям’ёй Прозараў. Гэтыя руплівыя дабрачынцы і шчырыя каталікі былі фундатарамі хойніцкага касцёла.

Першыя дакладныя звесткі пра Хойнікі ў гістарычных хроніках датуюцца 1512 годам. Вядома, што невялікае мястэчка з 1569 г. належала магнату Вішнявецкаму, які, зразумела, быў каталіком. Хойнікі часта пераходзілі з адных магнацкіх рук у другія. Гэты маляўнічы палескі куток быў ўласнасцю Канецпольскіх, Парышэвічаў, а з 1721 года – Мікалая Шуйскага.

Пасля смерці Мікалая Шуйскага яго аўдавелая жонка зноў выйшла замуж. Яе мужам стаў таксама ўдавец – віцебскі ваявода Юзаф Прозар. Прозары – шляхецкі род уласнага герба ў Вялікім Княстве Літоўскім. Паходзілі яны з літоўскіх баяраў і ў ХVIII ст. нават прэтэндавалі на княжацкі тытул, выводзячы сябе ад князёў Празароўскіх. Юзаф Прозар нарадзіўся 14 сакавіка 1723 года ў Бобціне, што ў Жамойці, сын Станіслава. У 1751 годзе ён быў маёрам, а ў 1762 ужо генерал-маёрам. Адным словам, вайсковая кар’ера Юзафа складвалася паспяхова. Быў ён і паслом на сеймах 1758, 1764 гадоў. У 1782 г. вядомы як дэпутат трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. Меў пасады віцебскага кашталяна (1774–81 гг.) і ваяводы (1781–87 гг.). Некаторыя гістарычныя крыніцы расказваюць, што Юзаф Прозар з 1776 года быў сябрам Пастаяннай Рады, старастам ковенскім (з 1762 года.) У маёнтку Дудзічы (Мінскае ваяводства) ён адкрыў школу, пабудаваў грэка-каталіцкую царкву, палац. У Сігневічах (Брэсцкае ваяводства) пабудаваў касцёл, шпіталь і школу. Памёр Юзаф 22 кастрычніка 1788 г.

І Юзаф Прозар, і княжна Шуйская мелі дзяцей ад першых шлюбаў. У Шуйскай была дачка Людвіка, а ваявода меў сына Караля. Так бывае не толькі ў раманах і бразільскіх тэлесерыялах – маладыя пакахалі адно аднаго і хутка адбылося гучнае вяселле. Людвіка атрымала ў пасаг увесь маёнтак Хойнікі.

У склад маёнтка ўваходзілі таксама фальваркі Храпкаў і Астраглядаў (сёння гэта вёскі, дзе таксама жывуць каталікі). У хойніцкім замку знаходзілася каталіцкая капліца, але гэтыя будынкі згарэлі ў ХVIII ст.

Караль Прозар нарадзіўся недзе паміж 1759 і 1761 гадамі. Гэты чалавек пакінуў аб сабе славу гарачага патрыёта роднага краю. Ён быў вельмі адукаваным, усебакова развітым. У 1787 г. Караль выконваў абавязкі маршалка трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага, а потым займаў пасаду вялікага абознага (1787–94 г.) Тытулаваў сябе графам у Хойніках і Астраглядавічах. Вядома, што ў 1794 г. ён удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі і сабраў для паўстанцаў каля мільёна злотых. Для гэтага яму давялося прадаць частку сваёй маёмасці. Ён быў прызначаны Касцюшкам генерал-маёрам, начальнікам узброеных сіл на Украіне, Палессі, Падоллі і частцы Беларусі, што адышла да Расійскай імперыі. Але вайсковыя дзеянні ён развярнуць не паспеў і выехаў у Варшаву. 18 ліпеня 1794 г. быў прызначаны Касцюшкам намеснікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ (яму падпарадкоўвалася Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ). Пасля задушэння паўстання Каралю давялося эміграваць.

Спачатку ён жыў у Вене, а потым у Венецыі, дзе таксама не мог сядзець склаўшы рукі. Нават на чужыне Прозар займаўся грамадскай дзейнасцю: сярод польскіх эмігрантаў ён спрабаваў утварыць легіёны для барацьбы з Аўстрыяй.

Пасля амністыі ў 1802 г. вярнуўся ў Хойнікі, дзе працягваў сваю патрыятычную дзейнасць. Належаў да так званага Патрыятычнага Таварыства, якое існавала пад кіраўніцтвам Валерыяна Лукасінскага, і меў кантакты з дзекабрыстамі. За гэтую дзейнасць у 1826 г. быў арыштаваны і зняволены. Расійскае самадзяржаўе жорстка распраўлялася з іншадумцамі, нагайкаю ды катаргаю, падманам ды пагрозамі спрабавала задушыць змагароў за незалежнасць. Вынікам такой палітыкі было і змаганне з каталіцтвам – зачыняліся касцёлы і кляштары, скасоўваліся парафіі, насельніцтва гвалтоўна пераводзілася ў праваслаўе. Шмат змагароў за свабоду было кінута ў вязніцы. Караль Прозар спазнаў цяжар арыштанцкага жыцця спачатку ў Мінску, а потым у Варшаве.

Жонка Караля, Людвіка, увесь час знаходжання мужа ў турме спрабавала сустрэцца з ім, але ёй гэта не ўдалося. Яе лісты і прашэнні да ўладаў, у тым ліку і да вялікага князя Канстанціна, засталіся без адказу. Апошнія гады Людвікі былі цалкам прысвечаныя змаганню за лёс мужа, шматлікім перагаворам з расійскімі чыноўнікамі, але перагаворы тыя натыкаліся на глухую сцяну неразумення, жорсткасці і злараднасці. Ёй так і не дазволілі ўбачыць мужа. У лютым 1828 года, змучаная лёсам і зраненая душою, Людвіка памерла (у Брэсце). Яна была пахаваная на уніяцкіх могілках у вёсцы Вялікі Бор.

У маі 1829 г. з-за недахопу доказаў віны вызваліўся з турмы Караль Прозар. Ён перавёз труну з целам Людвікі на могілкі ў Хойнікі і пахаваў яе ў сямейнай капліцы. На памяць аб любімай жонцы Караль насыпаў курган, які быў мініяцюрай кургана Касцюшкі ў Кракаве.

У 1965 г. падчас зямельных работ на хойніцкіх могілках была адкапаная труна Людвікі. У ёй знайшлі бутэльку з некалькімі старымі манетамі (залаты дукат і два злотыя) і пергамент з тэкстам-эпітафіяй, у якім былі радкі: «...Турэмны лёс, які трымаў мяне ў цяжкай няволі за справу айчыны не дазволіў мне раней аддаць Табе апошнюю павагу. Страціўшы Цябе, я і мае дзеці знаходзімся ў вечнай і бязмернай жалобе...». Тэкст быў падпісаны Каралем Прозарам, яго дзецьмі і ўнукамі 9 мая 1829 года. Бутэлька і пергамент цяпер знаходзяцца ў гістарычным музеі ў Мінску, а копія – у краязнаўчым музеі ў Хойніках.

Хойнікі належалі роду Прозараў да пачатку ХХ ст. Апошнім уладальнікам з роду быў праўнук Караля Мечыслаў, але ён асабліва не клапаціўся пра сямейную маёмасць і распрадаў увесь маёнтак, а перад першай сусветнай вайною прадаў Хойнікі расіяніну Андрэю Аўраамаву.

Праз пабудову святыняў род Прозараў на справе падтрымліваў Касцёл на Палессі. Касцёл у Сігневічах (Бярозаўскі раён), пабудаваны ў 1785 годзе Юзафам і Марыяй Прозарамі, захаваўся па сённяшні дзень. На жаль, ад святыні ў Хойніках няма і следу. Толькі ў «Апісанні касцёлаў і парафій Мінскай дыяцэзіі» ад 1886 года ёсць запіс, што хойніцкі парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзіцца ў цэнтры мястэчка. Ён быў пабудаваны ў 1863 годзе на сродкі Уладзіслава Прозара. Вядома, што дзейнічала парафіяльная школа.

Хутка ўжо завершыцца будаўніцтва хойніцкага касцёла. Новая палеская святыня – яскравае сведчанне каталіцкіх традыцый гэтай зямлі, жывой веры, што перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Руслан Гародка.