Абраз св. Станіслава.
Паважаная рэдакцыя часопіса «Ave Maria»!

Звяртаюцца да вас вернікі даўгінаўскай парафіі Вілейскага раёна.

У гэтым годзе мы адзначаем 450-ю гадавіну даўгінаўскай парафіі і 150-ю гадавіну нашага касцёла. Парафія святога Станіслава мае вельмі цікавую і багатую гісторыю. У ёй, як у люстэрку, адбіваецца гісторыя ўсяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Першы касцёл у Даўгінаве быў пабудаваны ў 1553 годзе. За гады спусташальных войнаў на нашай зямлі ён некалькі разоў гарэў, але кожны раз вернікі зноў адбудоўвалі яго. У 1853 г. ксяндзом Юзафам Львовічам быў пабудаваны мураваны касцёл. Па ўсёй Літве хадзіла легенда пра тое, як ксёндз Львовіч за залатую табакерку пабудаваў мураваны касцёл. Ён узвёў па-сапраўднаму моцную святыню, у прамым і пераносным сэнсе, і перадаў яе ў надзейныя рукі нашчадкаў.

З мноства святароў, якія працавалі ў нашай парафіі, найбольш запомніліся ксяндзы Гвалдзецкі, Беўта-Бароўскі і ксёндз Дарашкевіч — яны ахвяравалі свае жыцці за каталіцкую веру. Ксёндз Гвалдзецкі ў часы царызму бараніў права каталікоў вызнаваць сваю веру і маліцца на роднай мове. За гэта ён аддаў жыццё.

У часы нямецкай акупацыі кс. Казімір Дарашкевіч дапамагаў не толькі католікам; на сваёй плябаніі ён хаваў таксама яўрэяў. Не пакідаў ксёндз сваіх парафіянаў і ў цяжкія пасляваенныя гады, у гады атэізму. У 1965 годзе ксёндз Казімір Дарашкевіч загінуў ад рук бандытаў — яны забілі адзінага на ўсю вялікую акругу святара. Вось такія светлыя і гераічныя асобы былі ў гісторыі нашай парафіі.

З 1965 года касцёл дзейнічаў без святара. Парафіяне змаглі ўтрымаць святыню ў добрым стане, не далі знішчыць. Вернікі прыходзілі ў касцёл і маліліся, адпраўлялі набажэнствы, Крыжовую дарогу. Яны жылі надзеяй, што цемра не зможа пагасіць Святло Хрыста, што Хрыстус зноў прыйдзе на алтар роднага касцёла. Так яно і сталася.

Пасля многіх гадоў атэістычнага пераследу да нас прыехаў ксёндз пробашч Эдмунд Даўгіловіч, які вучыў любіць Пана Бога і Панну Марыю. Многія людзі дзякуючы ксяндзу Эдмунду знайшлі дарогу да Бога, узбагаціліся духоўна. Потым прыехаў з Польшы ксёндз Зыгмунт Абартух. Быў ён у сталым веку, меў слабое здароўе, але шчыра і плённа працаваў на рэлігійнай ніве. Цяпер ксяндза Зыгмунта ўжо няма сярод жывых, але памяць пра яго засталася назаўсёды ва ўдзячных сэрцах парафіянаў.

Цяпер пробашчам даўгінаўскага касцёла працуе ксёндз Алоізы Шулік. Парафіяне вельмі ўдзячныя яму за душпастырскую паслугу і шчыра жадаюць Божага благаславення, апекі Маці Божай.

Наш даўгінаўскі касцёл шмат перацярпеў за сваю гісторыю, але выстаяў і цяпер расце яго веліч і моц. Няхай Пан Бог і надалей благаслаўляе нашу старажытную парафію і нашу мілую, прыгожую святыню. Няхай Маці Божая Будслаўская не пакідае сваіх вернікаў і заўсёды мае іх у сваёй апецы.

Запрашаем усіх вернікаў Беларусі наведаць наш касцёл.

Парафіяне даўгінаўскай парафіі Вілейскага раёна.