«Божа, Ты збудаваў свой Касцёл на веры апостала Пятра, учыні, каб сярод хаосу свету наша вера засталася непарушная...»
Калекта са свята катэдры св. апостала Пятра

Ліст пра Ружанец — гэта не толькі лекцыя на тэму каштоўнасці ружанцовай малітвы, але таксама важнае сведчанне веры самога Папы. «Колькі ж ласкаў я атрымаў (...) ад Найсвяцейшай Панны праз Ружанец: Magnificat anima mea Dominum». Гэта ўжо не лекцыя настаўніка, а як бы рэляцыя сведкі. У ланцузе пакаленняў, якія на працягу стагоддзяў сведчылі пра вялікую дзейснасць ружанцовай малітвы, выразна гучыць голас Святога Айца. Праз дваццаць чатыры гады пантыфікату Ян Павел ІІ адхінае нам краёчак таямніцы чалавека поспеху. (...) Зрэшты, поспех Святога Айца — гэта не так яго асабістая справа, як поспех Касцёла, што шукае дарогі сярод сумяціцы нашай эпохі. Бо сапраўды давялося нам жыць «сярод хаосу свету».

Чалавецтва стаіць перад новымі агромністымі выклікамі. Заманлівыя перспектывы блізкага ўжо як быццам бы раю на зямлі і апакаліптычныя пагрозы: мы нават не ўяўляем, як лёгка сёння ўчыніць пекла на зямлі... У войнах можна прымяніць бомбы, якія дакладна выбіраюць адзінкавыя ахвяры, як і выкарыстаць мікробы, якія не ведаюць межаў і не адрозніваюць вінаватых ад бязвінных. Бачачы перад сабою рай, што знаходзіцца на адлегласці амаль выцягнутай рукі, мы забываем, што пастаянна стаім на другім баку.

Разгублены сучасны чалавек усё больш ведае, але ўсё менш разумее. Чым дакладней уяўляе, чым ён ёсць, тым больш сумняваецца ў тым, кім ёсць. Гэта сапраўды драматычны момант: як калісьці напрыканцы Рымскай імперыі, сёння таксама вырашаецца будучыня свету. Адны ўкладваюць мноства працы ў пабудову новых вежаў Вавілона, іншыя ўжо зразумелі, што ХХІ стагоддзе альбо будзе стагоддзем веры, альбо яго ўвогуле не будзе.

Святы Айцец называе дзве асноўныя праблемы, якія яго моцна хвалююць: спакой у свеце і сям’я, якая перажывае крызіс. Гэтыя праблемы разглядаюць парламенты, па іх вядуцца дыскусіі ў ААН, усе шукаюць нейкіх лекаў ад крызісу, а Ян Павел ІІ паўтарае проста геніяльную інтуіцыю Касцёла: трэба маліцца!

«На Ружанец як на малітву за мір не раз указвалі мае папярэднікі і я сам. На пачатку тысячагоддзя, якое распачалося жахлівымі тэрарыстычнымі злачынствамі 11 верасня 2001 г. і ў якім штодзённа з’яўляюцца новыя сцэны крызісу і насілля ў гэтулькіх частках свету, паўторнае адкрыццё Ружанца азначае паглыбленне ў кантэмпляцыю таямніцы Таго, хто «ёсць нашым спакоем», бо «абедзве часткі чалавецтва ўчыніў адзінствам, разбурыўшы мур, што стаіць пасярэдзіне, знішчыўшы варожасць» (Эф 2, 14). Таму, адгаворваючы Ружанец, нельга не адчуваць сябе выразна абавязаным служыць справе міру».

Гэта вельмі важныя думкі. Свету, як ніколі дасюль, патрэбна душа. Як ніколі дасюль яму патрэбна малітва ў міжнародным маштабе, гэтакі панаднацыянальны канцэрн людзей добрай волі, якія выпрацоўваюць шмат светлай энергіі. Можа, гэта адзіны шанц на ўратаванне нашай цывілізацыі...

«Такая ж пільная патрэба намаганняў і малітвы ўзнікае ў сувязі з іншай вострай праблемай нашага часу, якою з’яўляецца сям’я, ячэйка грамадства, якой усё больш і больш пагражаюць разбуральныя сілы ідэалагічнага і сацыяльнага характару, абуджаючы занепакоенасць будучыняю гэтага важнага і незаменнага інстытута, а разам з ім лёсамі ўсяго грамадства. Вяртанне да Ружанца ў хрысціянскіх сем’ях павінна быць дзейснаю дапамогаю ў кантэксце больш шырокага душпастырскага служэння сям’і, каб супрацьстаяць згубным наступствам гэтага крызісу, вызначальнага для нашай эпохі».

Малітва не замяняе іншых відаў актыўнасці чалавека. Фальшыва набожным быў бы той, хто маліўся б толькі Ружанец і адначасна ігнараваў бы свае непасрэдныя абавязкі. І наадварот: усе магчымыя заняткі чалавека не заменяць малітвы. Такім чынам, фальшыва набожным з’яўляецца таксама той, хто для Бога працуе з ранку да вечара, але не знаходзіць разам з тым хвіліны часу, каб сказаць свайму Творцу звычайнае «люблю Цябе».

Святы Айцец — як чалавек Божага поспеху — прагне сказаць нам, тым, хто спрабуе спасцігнуць таямніцу гэтага поспеху: «Хочаце ведаць, як гэта сталася? Вельмі проста — праз малітву і працу, працу і малітву...»

«Колькі ж ласкаў я атрымаў (...) ад Найсвяцейшай Панны праз Ружанец»...

Будзем жа маліцца!

Кс. Войцех Бартковіч
Różaniec, № 4 за 2003 г.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько