17 красавіка 2003 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Кірыла Клімовіча ардынарыем дыяцэзіі святога Юзафа ў Іркуцку.

Як паведаміла Апостальская нунцыятура ў Беларусі, на біскупскай катэдры Іркуцка Яго Эксцэленцыя біскуп Кірыл Клімовіч заменіць біскупа Ежы Мазура, які ў гэты ж дзень прызначаны біскупам Элцкай дыяцэзіі ў Польшчы.

Біскуп Кірыл Клімовіч нарадзіўся 5 лістапада 1952 г. у Казахстане. Адтуль разам з бацькамі выехаў у Польшчу. У Ольштыне закончыў Вышэйшую духоўную семінарыю і атрымаў сакрамант святарства.

З 1990 г. працаваў у Беларусі, пробашчам касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў г. Глыбокае. У 1999 г. атрымаў біскупскую сакру і быў прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Выконваў таксама абавязкі дзекана Мінскага дэканату і пробашча катэдры імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

І вось — новае, вельмі адказнае прызначэнне.

«Ave Maria» жадае Яго Эксцэленцыі біскупу Кірылу заўсёднага Божага благаславення, апекі Маці Божай і святога Юзафа, а таксама поспехаў у выкананні гэтай нялёгкай місіі.

Рэдакцыя.