АПОСТАЛЬСКАЯ СТАЛІЦА

«Маладыя людзі трэцяга тысячагоддзя, не бойцеся ахвяраваць сваё жыццё як поўны адказ Хрысту! Гэта Ён і толькі Ён змяняе жыццё і гісторыю свету», – гаварыў Ян Павел ІІ падчас Святой Імшы, якую цэлебраваў у базыліцы св. Пятра ў Пальмовую нядзелю. У гэты дзень адзначаўся 18 Сусветны дзень моладзі. «Спакой – гэта дар Хрыста, выклапатаны для нас праз ахвяру Крыжа», – сказаў Папа ў гаміліі. Ён падкрэсліў, што «каб па-сапраўднаму яго дасягнуць, трэба падняцца разам з Боскім Настаўнікам аж на Кальварыю», а найбольшая пэўнасць у тым, што завядзе нас туды Марыя. Таму тэмаю папскага паслання на штогадовы Сусветны дзень моладзі з’яўляюцца словы канаючага Езуса: «Вось Маці твая!» (гл. Ян 19, 27).

Ян Павел ІІ заклікае спаведнікаў да вернасці вучэнню Касцёла ў пытаннях біяэтыкі і сужэнскай маралі

Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў курсу, арганізаванага Апостальскай пенітэнцыярыяй, Святы Айцец прыгадаў фрагмент свайго ліста, з якім у Вялікі Чацвер 2002 года звярнуўся да святароў: «Часам здараецца, што вернікі адыходзяць ад канфесіяналу з думкамі, поўнымі пытанняў адносна сучасных праблемаў этыкі. Адбываецца гэта таксама і таму, што ў спаведніках яны не знаходзяць асобаў, якія б падзялялі іхнія погляды».

«На самай справе тыя, хто ад імя Бога і Касцёла спаўняе гэтую далікатную місію, не маюць права развіваць, а тым больш выказваць у сакральным месцы асабістыя думкі, адрозныя ад таго, што абвяшчае і чаму вучыць Касцёл. Нельга блытаць любоў з адыходам ад праўды ў імя дрэнна зразумелай паблажлівасці», — падкрэсліў Ян Павел ІІ. Аднак спаведнікі не павінны шкадаваць часу для пенітэнтаў ці адносіцца да іх холадна. «Прадстаўляючы вучэнне Касцёла, яны павінны праяўляць любоў і ў той жа час справядлівасць без ідэалагічных варыянтаў і легкадумнага паслаблення, пазбягаць profanas vocum novitates (свецкіх плётак), разважаючы над праблемамі тых, хто прыходзіць да іх на споведзь», — сказаў Святы Айцец.

Апостальская пенітэнцыярыя, на чале якой стаіць італьянскі арцыбіскуп Луіджы дэ Магістрыс, займаецца ўсім тым, што датычыць удзялення і карыстання магчымасцю поўных адпустаў, а таксама адпушчэння грахоў. Цяперашняя структура Апостальскай пенітэнцыярыі і сфера яе кампетэнцыі не змяніліся з часоў Рымскай Курыі, уведзенай Янам Паўлам ІІ у 1988 г., але традыцыі пенітэнцыярыі бяруць пачатак яшчэ з канца XII ст. У тыя часы існавала ўстанова кардынала, якога Папа Рымскі ўпаўнаважваў выслухоўваць самыя складаныя выпадкі споведзі і якому пазней быў нададзены тытул генеральнага ці галоўнага пенітэнцыярыя.

КАСЦЁЛ У СВЕЦЕ

«Вайна цалкам знішчыла Ірак», – сцвярджае Апостальскі нунцый у Багдадзе. Арцыбіскуп Фернандо Філоні сказаў у тэлефоннай размове агенцтву КNA, што для адбудовы краіны патрэбна шмат часу, а найважнейшым з’яўляецца адкрыццё асветніцкага сектара. Арцыбіскуп Філоні не хацеў выказвацца адносна далейшага лёсу Ірака. Ён толькі сказаў, што спадзяецца, як і ўсе іракцы, на «лепшую будучыню».

ПАПА Ў РАСІІ

Ян Павел ІІ сустрэнецца на тэрыторыі Расіі з прэзідэнтам Пуціным: Папа затрымаецца ненадоўга ў Казані падчас пілігрымкі ў Манголію напрыканцы жніўня гэтага года.

З таго часу, як было прынята рашэнне аб пілігрымцы ва Улан-Батар, ватыканскія дыпламаты спрабавалі прыйсці да пагаднення з уладамі Расіі і мясцовай Царквы ў справе кароткага побыту Папы ў гэтай краіне. У Ватыкане ідзе размова аб «тэхнічным прыпынку» – г.зн. аб пасадцы з мэтай напаўнення бакаў палівам. Але гэта толькі прычына: такі прыпынак набыў сэнс тады, калі прэзідэнт Пуцін згадзіўся прывітаць Папу на рускай зямлі. Гэты кароткачасовы візіт адбудзецца ў Казані (яшчэ, праўда, не вызначана, ці адбудзецца па дарозе ў Манголію, ці падчас вяртання ў Рым). Пра візіт паінфармаваны Маскоўскі патрыярхат, і яго прадстаўнік будзе вітаць у Казані Яна Паўла ІІ. Аднак Ватыкан чакае рашэння, ці зможа і ці захоча зверхнік Рускай Праваслаўнай Царквы Алексій ІІ сустрэцца з Папам. Казань – гэта горад, які выбраны вельмі прадумана не толькі таму, што ён ляжыць амаль на паўдарозе паміж Рымам і Улан-Батарам. Менавіта з Казанню звязана гісторыя цудоўнага абраза Маці Божай, які для расіянаў мае такое ж значэнне, як для палякаў чэнстахоўская Чорная Мадонна. На пачатку мінулага стагоддзя абраз быў украдзены. Яго знайшлі ў 70-я гады на Захадзе, выкупілі і падарылі Яну Паўлу ІІ. Цяпер абраз знаходзіцца ў прыватных апартаментах Папы. Аднак Ян Павел ІІ хоча вярнуць абраз расіянам і менавіта ў Казані павінен адбыцца гэты гістарычны жэст. Гэта быў бы важны сімвал паяднання паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнаю Царквою.

Рым. Аляксандра Байка
Падрыхтавалі Іна Ламака, Таццяна Мухляда