«Мужы Галілейскія! Чаго стаіце, узіраючыся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе гэтаксама, як бачылі вы Яго ўзыходзячым на неба» (Дз 1, 11).

Унебаўшэсце Езуса закончыла час Яго прабывання на зямлі ў целе чалавека. Не смерць была адыходам Езуса з гэтага свету, але ўласнае ўнебаўшэсце. Як ціха і бедна Ён прыйшоў на гэты свет, так амаль незаўважна з яго адышоў. Ён не зрабіў ніякай рэвалюцыі, не вызваліў Ізраіль з рымскай няволі. Ён толькі распачаў справу перамены і працэс вызвалення чалавека ад зла.

Гэта заданне павінны былі прадаўжаць Яго вучні. Яны пачулі ў хвіліну развітання заклік да сваёй місіі: «Будзеце Мне сведкамі і ў Ерузалеме, і ў ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і па ўсёй зямлі» (гл. Дз 1, 8). Гэтае заданне ў аднолькавай ступені вялікае і адказнае: «Хто можа зразумець, няхай зразумее» (гл. Мц 19, 12).

Сваім нараджэннем Хрыстус прынёс у свет людзей Божае жыццё. Аб тым, што Божае, навучаў, і вучэнне гэтае пацвярджаў знакамі і цудамі. А рабіў гэта як Той, хто мае ўладу, ды не так, як кніжнікі і архірэі (гл. Мц 7, 29). За сваё навучанне Ён заплаціў жыццём. У хвіліну ўнебаўшэсця Ён вярнуўся да Айца, ведучы за сабою сваіх братоў, якія паверылі ў Яго. Той, хто будзе выконваць волю Айца Майго, той мне брат, сястра і маці (Мц 12, 50).

Сёння наш позірк з гэтай беднай, змучанай зямлі павінен скіравацца ўслед за Хрыстом, аднак не для таго, каб забыць пра цяжар зямной пілігрымкі, але каб больш поўна ўсвядоміць, што трэба жыць так, каб калісьці сустрэцца з Езусам у небе. Ён жа не пакінуў нас сіротамі. Хрыстус пакінуў нам свайго Духа, які ў Касцёле нагадвае нам і навучае, як трэба жыць, каб калісьці сустрэцца з Хрыстом, які павінен вярнуцца і які ўзышоў на неба, каб там падрыхтаваць нам месца. У доме Айца Майго шмат святліц (гл. Ян 14, 2). Хопіць кожнаму. Там ніхто не будзе бяздомным.

Айцец Ежы
Posłaniec Serca Jezusowego, V 2002 (131)