У гэтым годзе на Вялікі Чацвер замест традыцыйнага Ліста да святароў Святы Айцец Ян Павел ІІ выдаў новую энцыкліку Ecclesia de Eucharisticа пра Эўхарыстыю ў жыцці Касцёла.

Энцыкліка складаецца з шасці раздзелаў, сярод якіх раздзелы, прысвечаныя апостальскаму характару Эўхарыстыі і Касцёла, хараству эўхарыстычнай цэлебрацыі, ролі Эўхарыстыі ў жыцці Касцёла. У гэтай энцыкліцы шмат асабістых перажыванняў і рэфлексій Святога Айца. Разважаючы пра Эўхарыстыю, Ян Павел ІІ піша: «Прыгадваю міжволі шмат хвілінаў і месцаў, у якіх дадзена мне было яе справаваць. Памятаю парафіяльны касцёл у Негавіці, дзе я выконваў сваю першую душпастырскую паслугу, касцёл св. Фларыяна ў Кракаве, катэдру на Вавелі, базыліку св. Пятра (...) Гэтыя разнастайныя абставіны маіх Св. Імшаў спрыялі таму, што я вельмі моцна перажываю універсальны ... касмічны характар эўхарыстычнай цэлебрацыі».

Ян Павел ІІ з болем у сэрцы піша пра тое, што ў Касцёле занікае, на жаль, «практыка эўхарыстычнай адарацыі», пра абмежаванае разуменне Эўхарыстыі...

«Пазбаўленая ахвярнага вымярэння», Эўхарыстыя перажываецца часам як «звыклая братэрская сустрэча», — зазначае Папа. Але найбольш старонак Папа прысвячае таму вялікаму клопату, якім Касцёл заўсёды атачаў Таямніцу Эўхарыстыі. Менавіта «эклезеалогія Камуніі» з’яўляецца галоўнаю думкаю новага папскага дакумента.

«Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі (Ecclesia de Eucharistia vivit)», — падкрэслівае Папа.

У гэтым майскім марыйным нумары часопіса прапануем увазе нашых чытачоў раздзел энцыклікі, прысвечаны ролі Марыі ў спасціжэнні Таямніцы Эўхарыстыі, бо менавіта Яна — «Жанчына Эўхарыстыі» ва ўсім сваім жыцці.

 

VI раздзел
«У школе Марыі, «Жанчыны Эўхарыстыі»

53. Калі мы хочам нанова адкрыць цесную сувязь, якая існуе паміж Касцёлам і Эўхарыстыяй ва ўсім багацці, то не павінны забываць пра Марыю, Маці і Узор Касцёла. У Апостальскім лісце Rosarium Virginis Mariae, прызнаючы Найсвяцейшую Панну Настаўніцаю ў кантэмпляцыі Хрыстовага аблічча, я ўключыў у Таямніцы святла таксама ўстанаўленне Эўхарыстыі1, бо Марыя можа весці нас да гэтага Найсвяцейшага Сакраманту, паколькі Яна з ім глыбока паяднаная.

На першы погляд здаецца, што Евангелле нічога не гаворыць на гэту тэму. У апісанні ўстанаўлення Эўхарыстыі вечарам у Вялікі Чацвер не гаворыцца пра Марыю. Аднак вядома, што Яна прысутнічала сярод Апосталаў, якія «трывалі адзінадушна ў малітвах» (Дз 1, 14), у першай супольнасці, сабранай пасля Унебаўшэсця ў чаканні Пяцідзесятніцы. Зразумела, што гэтай прысутнасці не магло бракаваць падчас Эўхарыстыі сярод вернікаў першага пакаленння хрысціянаў, якія шчыра трывалі «ў ламанні хлеба» (Дз 2, 42).

Аднак, апроч Яе ўдзелу ў Эўхарыстычнай Гасціне, сувязь Марыі з Эўхарыстыяй можна ўскосна вызначыць, зыходзячы з Яе ўнутранай пазіцыі. Марыя - гэта «Жанчына Эўхарыстыі» ва ўсім сваім жыцці. Касцёл, гледзячы на Марыю як на свой узор, закліканы наследаваць Яе таксама і ў адносінах да Найсвяцейшай Таямніцы.

54. Mysterium fidei! Калі Эўхарыстыя - таямніца веры, якая пераўзыходзіць наш інтэлект, і праз гэта змушае нас да як найбольш поўнай пакоры Слову Божаму, то ніхто ў такой ступені як Марыя не можа быць нам падтрымкаю і правадніком у гэтых адносінах.

Наша паўтарэнне справы Хрыста з Апошняй Вячэры, якая з'яўляецца спаўненнем Яго наказу: «Гэта чыніце на Маю памяць!», становіцца адначасова прыняццем запрашэння Марыі быць паслухмянымі Яму без ваганняў: «Зрабіце ўсё, што вам скажа» (Ян 2, 5). З матчыным клопатам, засведчаным падчас вяселля ў Кане, Марыя як бы кажа нам: «Не сумнявайцеся, паверце слову майго Сына. Ён, які змог перамяніць ваду ў віно, мае сілу ўчыніць з хлеба і віна сваё Цела і сваю Кроў, ахвяруючы вернікам у гэтай таямніцы жывую памяць сваёй Пасхі, каб такім чынам учыніць з Сябе «хлеб жыцця».

55. У пэўным сэнсе Марыя выказала сваю эўхарыстычную веру яшчэ да таго, як Эўхарыстыя была ўстаноўленая, праз сам факт ахвяравання свайго дзявочага ўлоння, каб магло здзейсніцца Уцелаўленне Божага Слова. Эўхарыстыя, адсылаючы да мукі і змёртвыхпаўстання, адначасова сцвярджае непарыўнасць сувязі з Таямніцаю Уцелаўлення.

У Звеставанні Марыя зачала Божага Сына таксама ў фізічнай праўдзе цела і крыві, прадбачачы ў сабе тое, што ў пэўнай ступені сакрамэнтальна рэалізуецца ў кожным верніку, які прымае пад постацямі хлеба і віна Цела і Кроў Хрыста.

Апроч таго, існуе глыбокая аналогія паміж fiat, прамоўленым Марыяй на словы арханёла, і паміж amen, якое прамаўляе кожны вернік, калі прымае Цела Хрыстова. Марыя была заклікана да веры, што Той, якога Яна зачала «праз справу Духа Святога», быў «Сынам Божым» (пар. Лк. 1, 30-35).

У непарыўнасці з вераю Найсвяцейшай Панны эўхарыстычная таямніца вымагае ад нас веры на ўзор веры Марыі, што той самы Езус, Сын Божы і Сын Марыі, прыходзіць да нас ва ўсёй сваёй Боскачалавечай сутнасці пад постацямі хлеба і віна.

«Шчаслівая [ёсць], якая паверыла» (пар. Лк 1, 45): Марыя ў таямніцы Уцелаўлення прадбачыла таксама эўхарыстычную веру Касцёла. Калі, наведваючы Эльжбету, Яна носіць у сваім улонні Слова, якое сталася Целам, Марыя ў пэўным сэнсе з'яўляецца «табэрнакулюмам» - першым «табэрнакулюмам» у гісторыі, у якім Сын Божы (яшчэ нябачны для людскіх вачэй) дазваляе Эльжбеце адараваць Сябе, як бы «выпраменьваючы» сваё святло праз вочы і голас Марыі.

Такім чынам, ці ж Марыя, якая сузірае аблічча толькі што народжанага Хрыста і туліць Яго ў абдымках, не з'яўляецца для нас недасягальным узорам любові і натхнення падчас кожнай нашай Эўхарыстычнай Камуніі?

56. Праз усё сваё жыццё побач з Хрыстом, не толькі на Кальварыі, Марыя рэалізоўвала ахвярнае вымярэнне Эўхарыстыі. Калі занесла Дзіця Езуса ў святыню ў Ерузалеме, «каб [Яго] прадставіць Пану» (Лк 2, 22), пачула прадказанне старога Сімяона, што гэта Дзіця будзе «знакам супраціву» і што «меч» таксама пранікне ў Яе душу (пар. Лк. 2, 34-35). Такім чынам была прадказана драма ўкрыжавання Сына і ў пэўным сэнсе было прадвешчана stabat Mater Панны каля падножжа крыжа. Рыхтуючыся, дзень за днём, да Кальварыі, Марыя перажывае як бы «папярэднюю Эўхарыстыю», можна сказаць, «духовую Камунію» прагнення і ахвяры, якая будзе мець сваё спаўненне ў паяднанні з Сынам у муцы, а потым - у пасляпасхальны перыяд - выявіцца ў Яе ўдзеле ў справаванай Апосталамі эўхарыстычнай цэлебрацыі - «памяці» мукі.

Як уявіць сабе пачуцці Марыі, якая чула з вуснаў Пятра, Яна, Якуба і іншых Апосталаў словы з Апошняй Вячэры: «Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана» (Лк 22, 19)? Гэта Цела, выдадзенае на ахвяру і зноў узгаданае ў сакрамэнтальных знаках, было тым самым целам, якое зачалося ў Яе ўлонні! Прыняцце Эўхарыстыі павінна было азначаць для Марыі як бы паўторнае прыняцце ў Яе ўлонні сэрца, якое білася ў рытме Яе сэрца, паўторным перажываннем таго, што асабіста Яна перажыла пад крыжам.

57. «Гэта чыніце на Маю памяць» (Лк 22, 19). У «памяці» Кальварыі прысутнічае ўсё тое, што Хрыстус здзейсніў праз сваю муку і смерць. А таму не бракуе таксама таго, што Хрыстус здзейсніў дзеля Маці для нашай карысці. Гэта менавіта Ёй давярае Ён любімага вучня, а ў яго асобе давярае кожнага з нас: «Вось сын Твой!» Гэтаксама кажа кожнаму з нас: «Вось Маці Твая!» (пар. Ян 19, 26-27).

Перажыванне ў Эўхарыстыі памяці смерці Хрыста прадугледжвае таксама пастаяннае прыняцце гэтага дару. Гэта азначае, што - па прыкладзе Яна - мы прымем да сябе Тую, якая кожны раз нам даецца за Маці. Разам з тым гэта азначае, што трэба імкнуцца быць падобнымі да Хрыста ў школе Яго Маці, даючы згоду, каб Яна нам спадарожнічала. З Касцёлам і як Маці Касцёла Марыя прысутнічае ў кожнай з нашых эўхарыстычных цэлебрацый. Калі паняцці Касцёл і Эўхарыстыя непарыўна звязаныя паміж сабою, то тое ж самае датычыць Марыі і Касцёла. Таму ўжо са старажытных часоў у Касцёлах Усходу і Захаду аднадушна згадвалася Марыя падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі.

58. У Эўхарыстыі Касцёл цалкам яднаецца з Хрыстом і з Яго ахвяраю, атаясамліваючыся з духам Марыі. Гэта ісціна, якую можна спасцігнуць, зноў прачытваючы «Magnificat» у эўхарыстычнай перспектыве, бо Эўхарыстыя, гэтаксама як гімн Марыі, з'яўляецца перадусім ушанаваннем і падзякаю. Калі Марыя ўсклікае: «Праслаўляе душа мая Пана і радуецца дух мой у Богу, Збаўцы маім», Яна ўжо носіць ва ўлонні Езуса, але праслаўляе Яго таксама «ў» Езусе і «з» Езусам.

Менавіта гэта і ёсць сапраўдная «эўхарыстычная пастава».

Разам з тым Марыя ўспамінае цудоўныя справы, якія Бог здзейсніў у гісторыі Збаўлення, згодна з абяцаннем, якое даў айцам (пар. Лк 1, 55), абвяшчаючы цуд, які ўсе гэтыя справы пераўзыдзе - збаўчае Уцелаўленне. У «Magnificat» прысутнічае таксама эсхаталагічнае вымярэнне Эўхарыстыі. Кожны раз, калі Сын Божы «прыходзіць» да нас ва «ўбостве» сакрамэнтальных знакаў хлеба і віна, у свеце засяваецца зерне новай гісторыі, у якой у моцных гэтага свету «адбіраюцца пасады», а «пакорныя ўзвялічваюцца» (пар. Лк 1, 52). Марыя апявае «новыя нябёсы» і «новую зямлю», якія ў Эўхарыстыі знаходзяць сваё прадбачанне і ў пэўным сэнсе праграмны «замысел».

Калі «Magnificat» выяўляе духовасць Марыі, то нішто лепш за гэтую духовасць не дапаможа нам перажываць эўхарыстычную таямніцу. Эўхарыстыя была дадзена нам, каб усё нашае жыццё, гэтаксама як жыццё Марыі, было адзіным «magnificat»!

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны ЛЯЛЬКО.