У Евангеллі, якое чытаецца ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, гаворыцца толькі пра Айца і Сына. Але ў ім гаворыцца таксама пра Любоў Айца. Таямніца Найсвяцейшай Тройцы перададзена ў адным кароткім сказе: «Так палюбіў Бог свет, што даў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (гл. Ян 3, 16). Бог не застаецца ў самім сабе, але пасылае ў свет свайго Сына. Прычынаю, па якой Бог аддае свайго Сына, з’яўляецца любоў. Повяззю, што звязвае Бога і гэты свет, з’яўляецца Любоў, якая яднае Айца з Сынам. Любоў, якою Айцец любіць Сына, адчувальна дасягае нас, людзей, у Езусе Хрысце. Тут яна становіцца бачнаю. У Ім мы атрымліваем магчымасць спазнаць яе. У Езусе Хрысце мы можам адчуць і зведаць Божую любоў. У слове, якое Ён да нас прамаўляе, нас дасягае любоў Айца.
Мэта любові Бога, якая выявілася ў ахвяраванні Ім свайго Сына, — зрабіць так, каб мы не згубіліся, не пацярпелі няўдачу, не загінулі, але мелі жыццё вечнае. Вечнае жыццё — гэта значыць сапраўднае жыццё, не проста выжыванне альбо бяздумнае існаванне, але жыццё, якое сапраўды заслугоўвае такой назвы. Вечнае жыццё — гэта для Яна заўсёды таксама Божае жыццё. Сапраўды, чалавек жыве толькі тады, калі ў ім бруіцца Божае жыццё, калі ён мае кантакт з той унутранай крыніцай, якая б’е ў ім, — з крыніцай Духа Святога. І сапраўднае жыццё заключаецца ў тым, што чалавек, які стаў чужым для сябе самога і не здольным любіць, зноў уваходзіць у кантакт з самім сабою і становіцца здольным да любові.
Таямніца Найсвяцейшай Тройцы, як яна асвечана ў Евангеллі святога Яна, паказвае нам, чым на самай справе з’яўляецца чалавек па сваёй прыродзе і як ён можа знайсці сапраўднае жыццё, жыццё ва ўсёй паўнаце. Жыццё ва ўсёй паўнаце для Яна — гэта заўсёды абагаўлёнае жыццё, жыццё ў любові і з любові. Жыццё, якое заслугоўвае называцца жыццём, чалавек мае толькі тады, калі ён далучаецца да Бога. Без Божага жыцця чалавек бессэнсоўна блукае па гэтай зямлі. Бо ён становіцца чужым у адносінах да самога сябе і да сваёй боскай прыроды, становіцца няздольным да любові. Тут яго спасцігае пагібель. Тут ён губляе самога сябе.
З даўніх часоў у чалавеку жыве туга па тым, каб быць любімым і любіць. Хто не любіць, той адчувае сябе выключаным з жыцця. Але пры ўсім сваім гарачым імкненні да любові чалавек зведвае таксама, якая кволая ягоная любоў. Яго любоў скажаецца з-за прэтэнзій на валоданне каханым, з-за рэўнасці і неапраўданых спадзяванняў. Любоў можа раптам ператварыцца ў нянавісць. Альбо яна знікае, нібы працякае паміж пальцаў. Проста раптам мы больш не адчуваем яе.
У свята Найсвяцейшай Тройцы чалавечая туга па любові становіцца запатрабаванай. Аднак адказ, які нам даецца, — не прымітыўнае абнадзейванне, што ёсць дастаткова людзей, якім мы падабаемся і якія маюць пяшчотныя пачуцці ў адносінах да нас, альбо што мы абавязкова некалі перажывем вялікае каханне. Свята не абнадзейвае нас таксама простым указаннем на тое, што Бог нас любіць. Гэта — свята Любові, з якою Бог даў нам свайго Сына. У грэцкім тэксце Евангелля стаіць толькі абсалютнае edoken — Ён даў.
У Евангеллі Яна спасланне Духа Святога апісваецца як акт дыхання. Вечарам у пасхальную нядзелю дыхнуў Езус на сваіх вучняў і сказаў ім: «Прыміце Духа Святога!» (гл. Ян 20, 22). Езус перадаў ім у сваім дыханні Духа, якім Ён жыў. Гэта не проста нейкі дух, але асабісты Дух Езуса, які быў уласцівы Яму, калі Ён жыў і любіў, калі падыходзіў да людзей, загаворваў з імі і дакранаўся да іх. Гэты Дух бруіцца ў нас, і з ім перацякае ў нас Любоў, якая схіліла Айца даць нам Сына, і Любоў, якую перадаў Сын нам, людзям, у сваіх словах і ўчынках.
Гэта было мэтаю Езуса — напоўніць нас любоўю Бога ў Тройцы Адзінага: «І Я абвясціў ім імя Тваё і абвяшчаю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх» (гл. Ян 17, 26). Свята Найсвяцейшай Тройцы абвяшчае нам радаснае пасланне, што Божая любоў жыве не ў далёкім Небе, але ў нашых сэрцах, і што праз гэтую любоў мы злучаныя з Айцом і Сынам. Святы Дух з’яўляецца гэтай любоўю, якая бруіцца ў нас і дае нам удзел у напоўненай любоўю супольнасці Айца і Сына. Такім чынам, у нашых сэрцах існуе не толькі любоў, якую мы адчуваем і якая, часам, нібы працякае паміж пальцаў. Не толькі любоў, на якую мы згаджаемся, альбо якая навальваецца на нас, калі мы закахаемся. У нас існуе любоў іншай якасці — Божая любоў, якая надае нашаму жыццю новы смак. У гэтай любові спаўняюцца нашыя самыя гарачыя прагненні. Мы — не толькі людзі, якія любяць таго ці іншага, альбо якіх любіць той ці іншы. Мы — людзі, якія самі з’яўляюцца любоўю, у якіх жыве, ажно бруіцца, любоў да ўсіх, любоў, дзякуючы якой у нас ёсць сам Бог і якая далучае нас да Бога.
«Christ in der Gegenwart»,
Nr. 22, 1999.
Пераклад з нямецкай мовы Ірына Бурак