Феномен набажэнства першых суботаў уражвае тэолагаў і гісторыкаў. У гісторыі Касцёла не здаралася нічога падобнага да таго, што адлюстроўваюць фацімскія хронікі. Ніколі ні адзін Папа не надаваў прыватным аб’яўленням такой вялікай увагі, якую надалі аб’яўленням, удзеленым сястры Люцыі, чарговыя папы: Пій ХІІ, Ян ХХІІІ, Павел VІ, Ян Павел ІІ.

(...) У ліпені 1917 г. Найсвяцейшая Маці прамовіла знакамітыя словы: «Бог хоча ўвесці і распаўсюдзіць па свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца».

Увесці? Але ж такое набажэнства ў той час ужо існавала! Даволі папулярным было набажэнства да Сэрца Маці Божай, больш за тое, яно праводзілася менавіта ў першыя суботы. Існавала практыка сямі першых суботаў на ўшанаванне сямі балесцяў Маці Божай. Вядомая таксама традыцыя пятнаццаці суботаў на ўшанаванне пятнаццаці ружанцовых таямніцаў, але Неба нібы адмежавалася ад іх. Чаму? Якія недахопы мелі папярэднія формы культу?

Бог пажадаў больш дасканалага набажэнства, чым папярэднія. Яго мэтаю не павінна быць здабыванне якіх-небудзь ласкаў. Усё ў ім павінна быць перапрашэннем Сэрца Марыі, учыненым любячым сэрцам.

У адным з першых дакументаў, які датычыць набажэнства першых суботаў, знаходзім важнае ўпамінанне, што Езус адрознівае гэтае набажэнства ад іншых «чыстаю інтэнцыяй». На пераказаныя Хрысту словы спаведніка сястры Люцыі, што гэтае набажэнства «не патрэбнае свету», бо ўжо існуюць набажэнствы першых суботаў, Збаўца адказаў: «Гэта праўда, дачка Мая, што многія людзі пачынаюць, але мала хто заканчвае, а тыя, хто заканчвае, маюць на мэце абяцаныя ласкі. Але Я, аднак, аддаю перавагу тым, хто ўдзельнічае ў набажэнстве пяці першых суботаў з мэтаю перапрашэння Беззаганнага Сэрца тваёй Нябеснай Маці...»

Галоўнаю навіною тут, несумненна, з’яўляецца «чыстая інтэнцыя», якая павінна спадарожнічаць фацімскай форме культу Беззаганнага Сэрца Марыі. Бог прагне, каб мы былі бескарыслівымі, каб навучыліся забываць пра сябе і ўсю сваю ўвагу сканцэнтравалі толькі на Езусе і Яго Маці. Таму пяць першых суботаў з’яўляюцца незвычайнаю школаю, у якой навучаюцца найважнейшай хрысціянскай цноце: любіць Бога больш за ўсё.

Чыстая інтэнцыя... Сястра Люцыя пісала да сваёй хрышчонай маці 1 лістапада 1927 г.: «(...) гэта шчасце — мець магчымасць даць нашай найдаражэйшай нябеснай Маці гэты доказ любові, якога Яна ад нас чакае. Што датычыць мяне, то я павінна прызнацца, што ніколі не адчувала сябе такою шчасліваю, як тады, калі настае першая субота. Ці ж не самае вялікае шчасце для нас — цалкам аддацца Езусу і Марыі і любіць Іх, выключна Іх, без ніякіх умоваў? Добра бачым гэта ў жыцці святых... Яны былі шчаслівыя, бо любілі, і мы (...) павінны старацца любіць, як яны, не толькі для таго, каб цешыцца прысутнасцю Хрыста, што найменш важна (калі і не цешымся Яго прысутнасцю тут, то будзем цешыцца там), але для таго, каб даваць Езусу і Марыі ўцеху і радасць быць любімымі. Калі нам удасца зрабіць так, што Яны ўбачаць сябе любімымі, не ведаючы, хто так любіць Іх, і праз гэтую любоў шмат душаў будзе выратавана, то, думаю, гэта ўжо мае сэнс».

Набажэнства першых суботаў павінна стаць знакам чыстай, бескарыслівай любові. Езус і Марыя запрашаюць нас да такой любові Бога. Ці ж можна не адказаць на Іх запрашэнне? Ці ж можна адмовіцца ад самага вялікага шчасця?

Кс. Міраслаў Дроздэк SAC.
«Źródło», Nr. 13, 2003.
Пераклад з польскай мовы Ірыны Бурак