Для многіх людзей святы Шарбель цяпер вельмі папулярны. У кватэрах, вясковых хатах, нават у службовых кабінетах можна сустрэць партрэт на сцяне, які нібыта лечыць ад самых розных хваробаў. Гэты партрэт распаўсюджвае газета «Народный доктор»: спачатку былі публікацыі ў газеце, а цяпер рэдакцыя выдала ажно два масавыя тыражы, якія расхопліваюцца, як кажуць, імгненна. Мяне як каталічку цікавіць пытанне: як мы павінны да гэтага ставіцца? Кажуць, што Шарбель – каталіцкі святы. Ці праўда гэта? І ці праўда, што ягоным партрэтам можна вылечыцца? Альбо ўсё ж гэта – звычайныя забабоны, на якіх нехта грэе рукі?
Верніца з Полацка

На пытанне адказвае ксёндз Юрый Касабуцкі, кандыдат тэалагічных навук, прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Дзякую за пытанне. Сапраўды, апошнім часам я таксама спатыкаю штораз больш людзей, якія цікавяцца асобай св. Шарбеля. Многія чулі пра яго ад знаёмых, іншым трапіла ў рукі брашура «Народный доктор», якая даволі паспяхова распаўсюджваецца на Беларусі. Большасць людзей, з якімі мне прыйшлося размаўляць на гэтую тэму, цікавіць, ці праўда тое, што там пішуць?

На пачатку хацелася б звярнуць увагу на асобу св. Шарбеля.

8 мая 1828 г. у сяленні Бекаа-Кафра (каля 140 км на поўнач ад Бейрута, Ліван) нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Юзафам, – будучы святы Шарбель. У 23-гадовым узросце ён паступае ў кляштар Ліванскага ордэна (лац. Ordo Libanensis Maronitarum.) у Мейфуке, дзе адбывае навіцыят і складае першыя манаскія шлюбы, прымаючы імя Шарбель. Два наступныя гады жыве ў кляштары ў Аннайі, адкуль настаяцель накіроўвае яго ў Кфіфану для вывучэння тэалогіі. У 1859 г. прыняў святарскія пасвячэнні і вярнуўся ў кляштар у Аннайю. У 1875 г., атрымаўшы дазвол настаяцеля, адыходзіць у «пустынь», каб весці жыццё пустэльніка. 24 снежня 1898 г. памёр і быў пахаваны ў кляштары ў Аннайі.

Яшчэ пры жыцці Шарбель быў вядомы амаль ва ўсім Ліване здольнасцю аздараўляць хворых. Пасля яго смерці многія людзі, якія шчыра маліліся да Бога праз яго заступніцтва, атрымлівалі розныя ласкі, сярод якіх было нямала цудоўных аздараўленняў. Калі была ўскрытая пахавальня Шарбеля, яго цела выглядала так, як быццам ён спіць. З яго цела сачылася вадкасць ружовага колеру, паходжанне якой немагчыма ўстанавіць. Пасля дакладнага вывучэння і даследавання цудаў Каталіцкі Касцёл вынес імя а. Шарбеля да хвалы Алтара – беатыфікацыя (далучэнне да благаславёных) адбылася 5 снежня 1965 г. у базыліцы св. Пятра ў Рыме. Кананізацыя (абвяшчэнне святым) адбылася 9 кастрычніка 1977 г. таксама ў Рыме.

Св. Шарбель належаў да Мараніцкага Каталіцкага Касцёла (Maronite Catholic Church). Мараніты з’яўляюцца спецыфічнай меншасцю сярод хрысціянаў Бліжняга Усходу, яны традыцыйна звязаны з тэрыторыяй Лівану. Св. Марон (350-433) заснаваў на гэтых землях першы кляштар, з якога выходзілі місіянеры, што прапаведавалі Хрыста на тэрыторыі сучаснага Лівана і суседніх краін. Ад імя св. Марона іх сталі называць маранітамі. У XII стагоддзі, калі паўстала лацінскае царства Антыёхіі, пачаўся дыялог паміж Мараніцкім і Каталіцкім Касцёлам, які прывёў да афіцыйнай уніі з Рымам у 1182 годзе. З гэтага часу Патрыярх Мараніцкага Касцёла прызначаецца Папам Рымскім.

У згаданых вышэй брашурах ёсць шмат недакладнасцяў і памылак, выкліканых абмежаванымі ведамі аўтара пра Каталіцкі Касцёл (напрыклад, Кананізацыйная Імша названа «Вселенским Собором» і да т.п.)

Што датычыць цудаў, то найперш заўважым, што кожны цуд – гэта Божы адказ на гарачую малітву, якую чалавек з вераю заносіць да Бога праз заступніцтва святых. Дарэчы, для таго, каб Касцёл урачыста абвясціў кагосьці святым (кананізаваў), патрэбны сапраўдны цуд, які дакладна даследуецца кампетэнтнымі камісіямі. Цудоўныя аздараўленні хворых чыніліся не толькі праз св. Шарбеля, але таксама праз заступніцтва св. Францішка, св. айца Піо, Маткі Тэрэсы з Калькуты і інш. Галоўнае – гэта вера, з якою чалавек моліцца (менавіта моліцца, а не проста выкарыстоўвае абразкі альбо іншыя рэчы). Цуд аздараўлення павінен узмацніць веру чалавека, стаць знакам Божай прысутнасці і навярнуць, наблізіць чалавека да Бога. Фізічнае здароўе не з’яўляецца чымсьці трывалым, чалавек зноў можа захварэць, але цудоўнае аздараўленне спрыяе перш за ўсё аздараўленню душы, дапамагае пераацаніць жыццёвыя каштоўнасці.

У брашурах змешчаны фотаздымкі, зробленыя англійскім турыстам у келлі св. Шарбеля некалькі гадоў таму, і на іх, як сцвярджае аўтар брашуры, цудоўным чынам з’явіўся твар св. Шарбеля. Аднак вельмі цяжка згадзіцца з тым, што гэтыя фотаздымкі маюць цудоўную сілу, якая можа аздараўляць хворых (дастаткова іх толькі «приложить к больному месту на вашем теле»). Больш таго, сцвярджаецца, што брашурка «асвечана» зямлёй з магілы святога, кавалачкам яго вопраткі і г.д. Мне гэта нагадвае чамусьці дзеянні Кашпіроўскага ці Чумака, якія «заражалі» ваду ці іншыя рэчы. Магчыма, гэта выданне звязана з камерцыяй: больш экзэмпляраў будзе прададзена.

Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што галоўнае – гэта малітва: шчырая, пакорлівая, з цалкавітым падданнем сябе волі Божай. І галоўны цуд, які мы атрымаем, – гэта ласка навяртання і жыцця вечнага (менавіта гэты цуд бывае так цяжка заўважыць!), бо фізічнае здароўе мы часта цэнім больш, чым здароўе духоўнае.

Няхай жа святы Шарбель дапаможа нам атрымаць тыя ласкі ад Бога, якія найбольш нам патрэбныя.