Сусветная Асацыяцыя Жывога Ружанца дзейнічае ў Беларусі з 1996 года. На сённяшні дзень яна аб’ядноўвае больш за 10000 чалавек. Паступова колькасць удзельнікаў павялічваецца.

У сувязі з дадаткам новай часткі Ружанца — Таямніцаў Святла —звяртаемся з просьбаю да ўсіх кіраўнікоў групаў Жывога Ружанца, а таксама да ўсіх зацікаўленых: неабходна дапоўніць групы Жывога Ружанца 5 новымі ўдзельнікамі. Цэнтр Жывога Ружанца са свайго боку абяцае падтрымку: пры неабходнасці вышлем спісы групаў вашай мясцовасці, для кожнага новага ўдзельніка абавязкова вышлем рэгістрацыйную картку і абразак, можам прыехаць у вашу парафію па запрашэнні ксяндза-пробашча і падрабязней расказаць пра Жывы Ружанец. Малітва ў Жывым Ружанцы — гэта адказ на просьбу Маці Божай з Фацімы маліцца на ружанцы кожны дзень.

Жывы Ружанец складаецца з групаў па 20 асобаў, паміж якімі падзелены 20 таямніцаў Ружанца. Нягледзячы на ўзрост і становішча, кожны чалавек, які хоча маліцца на ружанцы, можа быць уключаны ў Сусветную Асацыяцыю Жывога Ружанца. Кожны ўдзельнік штодзённа моліцца, разважаючы толькі адну Таямніцу, а разам ствараецца цэлы Ружанец. Той, хто адмаўляе Ружанец адзін, атрымлівае ласкі і ўзнагароды аднаго Ружанца, але, аб’яднаны з многімі тысячамі іншых вернікаў, ён атрымлівае ласкі і ўзнагароды іх усіх. Таямнічка, якую атрымлівае вернік, уступаючы ў Жывы Ружанец, не мяняецца да канца жыцця.

Жывы Ружанец – гэта саюз сэрцаў, з’яднаных у Беззаганным Сэрцы Марыі. Вернікі гэтай міжнароднай супольнасці з’яўляюцца вернымі рыцарамі Маці Божай.

Абавязкі ўдзельнікаў Жывога Ружанца:

  1. Адмаўляць вызначаную Таямніцу кожны дзень (у любы зручны час) да канца жыцця.
  2. Адмаўляць прызначаную Таямніцу ў інтэнцыі Трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі.
  3. Калі па нейкай прычыне (цяжкая хвароба альбо інш.) Вы больш не можаце ўдзельнічаць у Асацыяцыі Жывога Ружанца, просім своечасова паведаміць нам, каб перадаць вашу Таямніцу іншай асобе.
  4. Пры змене адраса і прозвішча просім паведаміць нам для ўнясення зменаў у спісы.

Раскажыце іншым пра гэтыя малітвы і Асацыяцыю.

Калі Вы жадаеце далучыцца да ўдзельнікаў Жывога Ружанца, дашліце нам наступную інфармацыю: прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас і тэлефон. Пасля ўтварэння групы з 20 асобаў мы вышлем вам па пошце прызначаную Таямніцу Ружанца. Калі ёсць магчымасць, прышліце дадзеныя 20 ахвотных далучыцца да супольнай малітвы — група будзе ўключана ў Асацыяцыю, і вы атрымаеце пасведчанні ўдзельнікаў Жывога Ружанца.

Наш адрас: 220030 г. Мінск, пл. Свабоды, 9
Тэл. (8-017) 239-1750, 226-9092.
Антаніна Ваўчок.