Дзякуючы сваёй будове Ружанец лічыцца тыповаю марыйнаю малітваю: на 12 малітоўных формул, што складаюць адзін дзесятак Ружанца, ажно 10 — гэта «Вітай, Марыя...» Таму для некаторых Ружанец — квінтэсэнцыя марыйнай пабожнасці. Ці так гэта на самай справе? Так... але такое меркаванне трохі «крыўдзіць» Ружанец. Чаму?

Часам бывае, што пабожнасць, моцна звязаная з Божаю Маці, супрацьпастаўляецца хрыстацэнтрычнай пабожнасці, сканцэнтраванай на Пану Езусу. Мяркуецца, што той, хто мае жывы кантакт з Марыяй, знаходзіцца адначасова крыху далей ад Хрыста. Як бы Маці засланяе Сына, Слуга — Настаўніка...

Таму Святы Айцец выразна падкрэслівае, што сутнасць пасланніцтва Марыі з Назарэту заключаецца ў таямніцы Хрыста. «Нідзе дарогі Хрыста і Марыі не паяднаныя так цесна, як у Ружанцы. Марыя жыве толькі і выключна ў Хрысце і з увагі на Хрыста!»

Калі на ІІ Ватыканскім Саборы ўзнікла пытанне, як сфармуляваць разуменне Касцёлам месца Хрыстовай Маці ў гісторыі збаўлення, то была прыведзена фундаментальная формула нашай веры: Езус — адзіны Пасрэднік паміж чалавекам і Богам, бо не дадзена людзям ніякага іншага імя, у якім маглі б яны быць збаўленыя (пар. Дз 4, 12). Марыя не займае месца свайго Сына-Пасрэдніка і не засланяе Яго. Ці бачыў хто марыйную ікону, на якой Маці была б перад Сынам? Хоць Марыі належаць у Касцёле вялікія тытулы — Заступніцы, Апякункі, Памочніцы або Пасрэдніцы, — але «яны нічога не адымаюць і не надаюць годнасці і эфектыўнасці дзейнасці Хрыста, адзінага Пасрэдніка» (КК 62).

«Таму што калі Хрыстус, адзіны Пасрэднік, ёсць Дарогаю нашай малітвы, то Марыя, якая найбольш ярка асветлена Ягоным вобразам, указвае дарогу.» Як гэта адбываецца на практыцы? У Ружанцы молім Марыю, Святыню Духа Святога (пар. Лк 1, 35), а Яна становіцца перад Айцом, які адарыў Яе паўнатою ласкаў, і перад Сынам, народжаным з Яе ўлоння, молячыся з намі і за нас. Хоць, молячыся «Вітай, Марыя», бясконца паўтараем дыялог Габрыэля і Эльжбеты з Марыяй, па сутнасці не затрымліваемся на Яе постаці, але «адчуваем натхненне, каб пастаянна нанова шукаць у Марыі, у Яе абдымках і ў Яе сэрцы «благаславёнага плоду Яе ўлоння» (пар. Лк 1, 42).

Надзвычай цікавую і глыбокую інтэрпрэтацыю гэтай малітвы дае Святы Айцец, калі параўноўвае яе з запісаным у Кнізе Быцця захапленнем Бога цудам стварэння. «Паўтор у Ружанцы «Вітай, Марыя» трымае нас у атмасферы захаплення Бога: выяўляе радасць, здзіўленне, прызнанне найвялікшага ў гісторыі цуду. Гэта спаўненне прароцтва Марыі: «Адгэтуль шчаслівай называць мяне будуць усе пакаленні» (Лк 1, 48).

Далей Ян Павел ІІ піша: «З вельмі своеасаблівай сувязі з Хрыстом, якая вынікае з факту, што Марыя ёсць Маці Бога, Theotokos, вынікае таксама сіла малення, якое мы скіроўваем да Яе (...), давяраючы Яе мацярынскаму заступніцтву наша жыццё і хвіліну нашай смерці».

Ружанец — гэта малітва для тых, хто хоча ісці да Бога шляхам Марыі. А чалавек Ружанца — Хрыстовы чалавек. Гэта нялёгкі шлях — таямніцы радасныя мяжуюць на ім з таямніцамі балеснымі. Але шлях надзвычай плённы, бо завяршаецца ён заўсёды таямніцамі хвалы...

«Маці Божая Ружанцовая таксама такім чынам вядзе далей сваю справу абвяшчэння Хрыста. Гісторыя Ружанца паказвае, як гэту малітву выкарыстоўвалі асабліва дамінікане, калі Касцёл перажываў цяжкія часіны з прычыны пашырэння ерасяў. Сёння мы стаім перад новымі выклікамі. Чаму ж зноў не ўзяць у рукі вяночка разам з вераю тых, хто быў перад намі?»

Будзем маліцца!

«Różaniec» № 5 за 2003 г.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько