Пачатак

21. Цукерка для Папы

— Прывітанне! Як справы? – задраўшы галаву, запытаў Святога Айца васьмігадовы хлопчык.

— Дзякуй, вельмі добра, — з усмешкаю адказаў Ян Павел ІІ.

Папская ахова разгубілася. Ніхто не ведаў, якім чынам гэты малы, абмінуўшы ўсе бар’еры і сістэмы бяспекі, апынуўся перад Папам.

— Даруй, што я такі спатнелы, — ні кроплі не саромеючыся, гаварыў далей хлопчык, — але ж я гэтак хутка бег, каб паспець на сустрэчу з табой. Мая мама ўсё яшчэ збіраецца дома, а я вырашыў не губляць часу. Разумееш, я не мог ужо больш чакаць! Бо сёння ж твой дзень нараджэння, і я хацеў павіншаваць цябе. Мы, ведаеш, не багатыя, але ж мне вельмі хацелася зрабіць табе які-небудзь падарунак. Дык вось...

Хлопец узняў руку з заціснутым кулаком і выпрастаў далонь – на ёй ляжала... цукерка. Хлопчык сунуў яе ў руку Святога Айца. Трэба было бачыць у гэты момант твар Папы. Ён трымаў у руцэ цукерку, нібы гэта быў найкаштоўнейшы падарунак, а потым расчулена прамовіў да хлопца:

— Не заслужыў я, мабыць...

Цяпер, калі хтосьці гаворыць яму прыгожыя, добрыя словы, а асабліва, калі яго вітаюць дзеці, ён часта паўтарае гэтыя словы: «Я гэтага не заслужыў».

22. Шчаслівая прэзідэнтава мама

Аднойчы папскі фатограф Артуро Мары атрымаў даручэнне паляцець разам з Папам на верталёце ў летнюю рэзідэнцыю прэзідэнта Італіі.

— Дзень добры, Ваша Святасць, — прывітаў Папу прэзідэнт, — вельмі рады, што вы прынялі маё запрашэнне.

Артуро Мары быў моцна ўражаны, бо ведаў, што прэзідэнт няверуючы, а тут раптам: «Ваша Святасць»...

Папа размаўляў з прэзідэнтам паўтары гадзіны, і пасля размовы ў іх абодвух быў вельмі прыязны выгляд. Калі падышлі да верталёта, прэзідэнт неспадзявана ўзрушана прамовіў:

— Дзякую, Ваша Святасць, я сёння самы шчаслівы чалавек на свеце. Але хачу, каб вы ведалі, што там, у небе, — узняў ён палец угору, — ёсць яшчэ шчаслівейшы чалавек – мая мама. Яна, вядома ж, бачыць і радуецца, што я размаўляю з Папам, які стаў маім сябрам і які будзе маліцца за мяне.

Папа паклаў руку на плячо прэзідэнта, а той быў такі ўзрушаны, што, мабыць, хацеў бы, каб ніхто яго не бачыў у тую хвіліну.

23. Выспа пракажоных

— Дзе яны? – нецярпліва запытаў Папа, калі скончылася афіцыйнае прывітанне на выспе. Папа знаходзіўся з візітам у Сеуле, але ведаў, што непадалёк ад Кунсан, пры ўзбярэжжы Паўднёвай Карэі, ёсць выспа пракажоных. Ён хацеў сустрэцца з тымі, каго ніхто са здаровых не адведвае, і праз нейкі час паляцеў туды на верталёце. – Дзе яны? – перапытваў ён, нібы не мог дачакацца гэтае сустрэчы.

На выспе жылі сотні пракажоных. Праказа выела іхнія вусны і вушы, замест насоў у многіх былі дзіры, а на месцы вачэй – глыбокія ямы. Жорсткая, невылечная хвароба гнаіла іхнія целы, адрываючы яго кавалкамі ад касцей. Ніхто з тых, што разам з Папам прыехалі на выспу, не меў адвагі нават наблізіцца да іх. У дадатак тут яшчэ стаяў і страшны смурод.

А што ж Святы Айцец? Ён схіляўся над імі, кленчыў пры іх, суцяшаў, гладзіў...

Пазней фатограф Артуро Мары сказаў:

— Мабыць, няма такой сілы, якая змусіла б мяне дакрануцца да пракажонага чалавека, а ён іх туліў да сябе і цалаваў!

Працяг

Пераклад Ірыны Жарнасек