Быў далёкі 1938 год. У вёсцы Грыбкі, што за 15 км ад Будслава, дванаццаць гадоў ляжала цяжка хворая, паралізаваная жанчына сярэдніх гадоў – Сільвія Апанасевіч. Шмат было выкарыстана метадаў лячэння, многія лекары спрабавалі ёй дапамагчы, але ўсё дарэмна... Чым больш мінала часу, тым менш заставалася надзеі. Цеплілася толькі зусім кволае спадзяванне на нейкі цуд. Усе малітвы да Маці Божай Будслаўскай былі як быццам дарэмныя. Але, нягледзячы на гэта, уся сям’я, асабліва маці Леанарда, днём і ноччу няспынна маліліся, узносячы свае просьбы аб выздараўленні.

Аднаго разу маці прысніўся сон: Найсвяцейшая Панна, вядомая з абраза ў Будславе, паабяцала, што Сільвія выздаравее, калі яны пабудуюць капліцу ў гонар Маці Божай у сваіх уладаннях. Не раздумваючы, не задаючы пытанняў, уся сям’я распачала будаўніцтва капліцы. І вось 15 мая 1938 года капліца была скончана і асвечана будслаўскім пробашчам кс. Станіславам Вярэнікам. Пасля асвячэння на вачах усіх жыхароў вёскі здарылася нешта незвычайнае – Сільвія выздаравела. Яна паднялася, пачала хадзіць.

Пасля вайны Сільвія пераехала ў Польшчу, там выйшла замуж і дажыла да глыбокай старасці. Выехалі і іншыя жыхары. З калісьці квітнеючай і вялікай вёскі, у якой жыло больш за дзвесце чалавек, цяпер засталіся толькі шаснаццаць і то ўсе пенсійнага ўзросту. Дамы ў ваколіцы капліцы даўно ўжо паразбіралі, ды і капліца цяпер апынулася ў лесе, амаль за паўтара кіламетра ад вёскі. Побач з капліцай знаходзіцца магіла, у якой пахаваны нямецкі салдат з часоў другой сусветнай вайны. Ён, а таксама 8 іншых нямецкіх салдат былі расстраляныя партызанамі. Мясцовыя жыхары пахавалі гэтага 21-гадовага салдата каля капліцы і да сённяшняга дня клапоцяцца пра яго магілу. Яны не бачылі ў ім ворага, хутчэй – ахвяру фашызму, які прымусіў яго ісці на вайну.

А на месцы «грыбкоўскага цуда» кожны год у нядзелю пасля 15 мая збіраюцца на фэст людзі. Прыязджаюць веруючыя з суседніх вёсак, а таксама выхадцы з вёскі Грыбкі, якія жывуць цяпер у многіх гарадах і вёсках Беларусі. І ў гэтым годзе 18 мая сабраліся вернікі каля лясной каплічкі, каб праслаўляць Бога за яго дабрыню, за апеку Маці Божай Будслаўскай, за яе цуды. Хочацца скончыць гэту незвычайную гісторыю словамі з верша «Да Маці Божай Будслаўскай» Мар’яна Дуксы:

І з радасцю мы ўсе, жывыя,
да Божых горнемся святынь.
О, Найсвяцейшая Марыя,
Ты нас і сёння не пакінь.

а. Славамір Вятлугін OFM