Кажуць, вера – гэта скарб, дар, дадзены чалавеку самім Богам. Ці заўсёды мы ўмеем шанаваць гэты скарб? Ці здольныя аберагаць яго і ўсе тыя каштоўнасці, якія мы маем дзякуючы дару веры? На гэтыя, а таксама некаторыя іншыя пытанні з Ірынай Жарнасек гутарыць ксёндз пробашч празароцкага касцёла Маці Божай Анёльскай, што на Глыбоччыне, Марат Казлоўскі.

— Ксёндз Марат, ведаю, што празароцкі касцёл, у якім вы цяпер служыце, у часы сталінскага пераследу быў зачынены і ператвораны ў калгасны будынак, які выкарыстоўваўся для самых розных і нечаканых патрэбаў, але толькі не ў якасці святыні. Ці памятаюць Вашыя старэйшыя парафіяне той час і як яны яго ўспамінаюць?

— Вядома, старэйшыя памятаюць і ўспамінаюць даволі часта. А як? Адны з болем і часта са слязьмі на вачах, а другія... проста памятаюць, напрыклад, як некалі яны ў ім сушылі збожжа, як у часе адпачынку грэліся на тым збожжы, пазіраючы на абразы, якія віселі на сценах нават у часе самых розных калгасных работ. Так што, розныя ўспаміны. Але можаце сабе ўявіць, што касцельную маёмасць – званы, абраз Маці Божай Вастрабрамскай і некаторыя іншыя рэчы – празароцкі касцёл страціў не ў часы пераследу рэлігіі, а... у так званы перабудовачны час. Прыехалі людзі з Літвы, з Гарадзеншчыны, папрасілі аддаць званы і абразы, а празарчане і аддалі, не дапускаючы, мабыць, думкі, што ўсё гэта і самім можа яшчэ спатрэбіцца.

— І ўсе моўчкі згадзіліся на гэта?

— Ды не, вядома. Тыя, што па-сапраўднаму верылі Богу і заўсёды практыкавалі сваю веру, нягледзячы ні на якую жорсткасць палітыкі, тыя проста не ведалі пра гэта. Калі ж ініцыятыўная група пачала клапаціцца аб вяртанні святыні законнаму ўладальніку – парафіі, то след нашай маёмасці, як кажуць, замяло.

— Крыўдна.

— Вядома, крыўдна: і за страчаныя каштоўнасці, і за людзей, для якіх тыя рэчы не былі каштоўнасцямі – інакш не аддалі б так лёгка першым прасіцелям. Прызнаемся, што не заўсёды хапала нашым людзям адвагі бараніць ад знявагаў і сваю веру, і касцельную маёмасць, ды й святароў – я, вядома, маю на ўвазе не толькі нашу парафію. Ведаем, што былі людзі і ў часы атэізму, якія не баяліся кінуць выклік нават энкавэдзістам, смела адстойваючы сваё права на свабоду веравызнання, але, на жаль, нямала было і такіх, што жылі прасцей: калі забіралі святара – «ну, што ж зробіш», зачынялі касцёл – «значыць, так трэба», забаранялі хадзіць у суседні касцёл – «дык і не пойдзем і дзяцей не павядзем». Было ўсё гэта, таму наша сённяшняя праўда была б няпоўнаю, калі б мы не ўсвядомілі і сваю слабасць духа, якую часта любім называць памяркоўнасцю, што выдаецца ледзьве не за нацыянальную рысу беларуса. Ведаю адну парафію, дзе атэісты пасля закрыцця касцёла беспаспяхова спрабавалі яго ўзарваць. Не змаглі дабіцца свайго толькі таму, што той старажытны касцёл з таўшчэзнымі сценамі не паддаўся іхняй зброі. Разбурыць не разбурылі, але пашкодзілі, вядома, моцна. А што ж людзі? У гэтай мясцовасці яшчэ і цяпер стаіць шмат хлявоў, пабудаваных з той касцельнай цэглы. Вось што гэта – толькі наша матэрыяльная беднасць ці ўсё ж і беднасць духоўная? Ну а хоць бы і тая праўда, што некаторыя святыні ўлада зруйнавала пры Хрушчове, калі за іх абарону людзей ужо не ссылалі б у лагеры?

— Відаць, у людзях яшчэ працягваў жыць страх сталінізму.

— Так, напэўна, ён паралізаваў волю. Але памятаць і пра гэты людскі страх, і пра звычайную абыякавасць трэба хоць бы дзеля таго, каб вучыцца перамагаць у сабе і адно і другое. Нам абавязкова трэба навучыцца берагчы тое, што ўжо маем, даражыць ім.

— Як вы думаеце: калі б, не дай Божа, цяпер змянілася палітыка дзяржавы ў адносінах да свабоды сумлення і веравызнання, да рэлігіі і пачало адбывацца штосьці падобнае на перажыты ў ХХ стагоддзі пераслед, ці сумелі б мы, сучасныя вернікі, бараніць свае духоўныя ды й матэрыяльныя каштоўнасці?

— Пытанне няпростае. Ведаю, шмат хто з маладых вельмі даражыць Касцёлам, добра ўсведамляе вартасць паўнакроўнага духоўнага жыцця. Ёсць, вядома, людзі, якія, як кажуць, касцьмі лягуць за адстойванне веры і праўды. Але ці шмат такіх?.. Словам, усім нам трэба моцна маліцца, каб не змянілася палітыка дзяржавы ў адносінах да рэлігіі.

Мы, зразумела, памятаем словы пра тое, што і брамы пякельныя не перамогуць наш Касцёл. Так, Ён, безумоўна, вытрывае ўсе буры, як з годнасцю заўсёды выходзіў з іх умацаваным і абноўленым, але разам з тым нам трэба навучыцца моцна дбаць пра сваю адказнасць за прыналежнасць да Касцёла. Трэба моцна любіць яго і верыць у яго — адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі. Страшна, калі руйнуецца прыгожы гмах касцёла, але яшчэ страшней, калі руйнуецца чалавечая душа. А яна можа разбурацца і ў часы пераследу, і ў спакойным жыцці, і ў беднасці, і ў заможнасці.

— Скажыце, калі ласка, як на Ваш погляд, мы, сучасныя католікі, умеем берагчы сваю веру і шанаваць свае святыні?

— Хтосьці ўмее больш, хтосьці менш. Адзін лічыць, што яму дастаткова з вераю паглядзець на нейкую святыню, а другі ўзяў абавязак штодзённага Ружанца, частага ўдзелу ў Святой Імшы і г.д. Я калі хаджу па Калядзе, сустракаюся з многімі праблемамі сваіх парафіянаў. Многія сем’і, напрыклад, жывуць без сакрамэнтальнага шлюбу. Пытаюся, чаму так сталася. І што вы думаеце? Адзін трактарыст патлумачыў мне, што яны баяліся пераследу, а самі, разумееце, жаніліся гадоў восем таму. Як кажуць, і смех і грэх.

— Можа, чалавек праспаў перабудову ды так і не заўважыў, што ўжо шмат чаго змянілася і званы касцёла зноў звоняць?

— Можа й так. Дык вось тады і атрымліваецца: адны ў часы сталінскага пераследу былі здольныя ехаць за няблізкі свет у касцёл, а іншыя ўсё яшчэ «баяцца» таго нябачнага пераследу нават і пасля таго як касцёл у вёсцы адчынілі.

Альбо ўзяць хоць бы праблему хрышчэння дзяцей: нехта вёз іх праз ноч у суседні бліжэйшы касцёл ці нават у суседнія Латвію альбо Літву, а хтосьці, не робячы сабе лішняга клопату, панёс паціху ў праваслаўную царкву. І чаму толькі тады не баяліся пераследу? Проста некаторым людзям да крыўднага ўсё роўна, яны зусім не плануюць сабе далейшае рэлігійнае жыццё, бо калі б думалі пра гэта, то можа б падумалі, ці зручна ім будзе потым практыкавакць веру ў сям’і, бо адны ж пойдуць у касцёл, а другія – у царкву. Ды найчасцей пра гэта не думаецца.

— Адзін мой знаёмы, які, як кажуць, не цураецца чаркі ды скваркі, казаў мне, што ён хоча пахрысціць другое сваё дзіця ў касцёле, а не ў царкве, каб потым штогод святкаваць два святы.

— Шмат бывае парадаксальных сітуацый, але балючэй за ўсё, калі практыкуючыя вернікі ажно так любяць сваіх дзяцей, што не вучаць іх таму, што ведаюць самі, у што вераць самі. Прыходзіць да мяне неяк адзін мужчына, якога я вельмі часта бачу ў касцёле, і кажа, што ягоная дачка выходзіць замуж і хоча ўзяць шлюб. «А калі?», — пытаюся. « Праз два дні», — адказвае. І што тут скажаш? Доўга мы з ім тады гаварылі, тлумачыў яму тое, што не раз казаў ужо ў касцёле: маладым трэба абавязкова прайсці падрыхтоўку да таго, як яны возьмуць шлюб, каб яны разумелі, чаго, зрэшты, прыходзяць у той дзень у касцёл, каб пазналі праўды веры ды катэхізіс, калі не ведаюць усяго гэтага. Слухаў мяне той мужчына, слухаў, нібыта згаджаўся, а праз пару дзён ягоная дачка з жаніхом пайшлі браць шлюб у царкве, бо там, маўляў, не запатрабавалі ніякай падрыхтоўкі, а ксёндз прыдумляе ўсялякія складанасці. Так вось часта і атрымліваецца: маці з бацькам і моляцца, і актыўны ўдзел прымаюць у жыцці парафіі, гатовыя заўсёды дапамагчы, чым трэба і чым могуць, а дзеці проста не разумеюць, што гэта прымушае іхнюю маці пасля нялёгкай працы ісці яшчэ палоць кветкі каля касцёла, а бацька ні з таго, ні з сяго пойдзе раптам сячы дровы на плябанію да ксяндза.

— А шмат, дарэчы, ёсць у Вашай парафіі такіх, што ахвотна дапамагаюць пры касцёле, не разлічваючы на ўзнагароду?

— Дзякуй Богу, не перавяліся яшчэ ахвярныя людзі. Але зноў жа заўважце: найчасцей гэта – старэйшыя людзі, а моладзь... Ну, вядома, яны больш занятыя, тут ужо радуйся, святар, што яны паміж сваімі заняткамі яшчэ знойдуць іншы раз час забегчы ў касцёл.

— Вось з гэтым «забегчы»... Ведаеце, у мяне часам складваецца ўражанне, што нашы хлопцы з дзяўчатамі нібы сапраўды выпадкова забягаюць у касцёл. Гэта – мяркуючы па іхнім знешнім выглядзе, адзенні, якое, мякка кажучы, часта не зусім падыходзіць да святыні. Што гэта: адсутнасць густу альбо адсутнасць належнае павагі да святога месца?

— Праблема многіх парафій, асабліва ўлетку. Праўда, найбольш яна тычыцца усё ж гарадоў, бо ў вёсках, як мне здаецца, засталіся яшчэ рэшткі былой сарамлівасці, нежадання асабліва вылучацца сярод іншых ды і боязь, каб якая суседка, калі ўжо не свая маці, раптам не абсмяяла ультрасучаснае адзенне. Гаворка не пра тое, каб гэтае адзенне было дарагім, а пра тое, каб яно адпавядала месцу. Бо калі дзяўчына так прыбярэцца, што не можа у касцёле ўкленчыць, а робіць перад табернакулюмам штосьці накшталт рэверанса, то тады напрошваецца пытанне, што для гэтай дзяўчыны важней: паказаць людзям сваё супермоднае адзенне альбо проста памаліцца, пагаварыць з Тым, да Каго яна сюды прыйшла. Почасту наша моладзь, асабліва дзяўчаты, не робяць розніцы паміж тым, куды яны ўсё ж ідуць — у касцёл альбо на дыскатэку ці на пляж. Вельмі хацелася б, каб бацькі вучылі сваіх дзяцей бачыць гэтую розніцу. І не такая гэта дробязь, як можа здацца на першы погляд. Бо вера, пашана да Бога і Яго святыняў складаецца з розных дэталяў, з нашага штодзённага жыцця. І калі мы хочам, каб у свеце паважалі наш Касцёл, то кожны з нас перадусім павінен запытацца сам у сябе: «А што я раблю дзеля гэтага? Ці шаную я, ці берагу тое, што засталося нам у спадчыну ад продкаў – нашу веру, гэты вялікі Божы дар?»