Каталіцкая сям’я Папяленкаў лічыцца ў Віцебску адной з самых рэлігійных. І невыпадкова: галава яе, Уладзімір Аляксандравіч, на працягу некалькіх гадоў — нязменны старшыня парафіяльных (спачатку — парафіі святой Барбары, цяпер — Езуса Міласэрнага) камітэтаў, а яго жонка Людміла Шыманаўна і сын Віталь — актыўныя ўдзельнікі ўсіх справаў, што ладзяцца ў горадзе падчас хрысціянскіх святаў і ў будзённыя дні. Гледзячы на дружную сямейную тройцу, якая і на набажэнствах амаль заўжды трымаецца разам (і дома, пэўна ж, узносіць хвалу Богу не паасобку, а супольна), многія нават і не здагадваюцца, што шлях гэтай узорнай сям’і да сапраўднае веры, да ўзаемаразумення на глебе служэння Богу і Яго запаветам быў не менш, а можа ў нечым і больш, складаны, чым у іншых сённяшніх вернікаў, чыё духоўнае сталенне прыпала на гады ваяўнічага атэізму.

Людміла Шыманаўна Папяленка (у дзявоцтве Крывель) — ураджэнка мястэчка Відзы, што на Браслаўшчыне. Там, у дзівосным куточку на самым ускрайку Беларусі, прайшло яе дзяцінства, там яна ўпершыню з дапамогаю бацькоў далучылася да вечных каштоўнасцяў каталіцкае веры. Адтуль, засцеражоная далучэннем да святых сакрамантаў Першай Камуніі і бежмавання (якія прыняла ў Польшчы, бо відзаўскі касцёл Святой Тройцы быў доўгі час зачынены), прыехала вучыцца ў Віцебск на медыка. Тут, у горадзе на Дзвіне, спаткала свой лёс — камсамольскага работніка Уладзіміра Папяленку. Пераканаць яго ўзяць касцёльны шлюб не здолела: суджаны быў катэгарычна супраць. Для маладой жанчыны гэта стала немалым ударам: няўжо ёй, ахрышчанай пры нараджэнні паводле бацькоўскай веры, давядзецца да скону жыць у бязбожніцкім шлюбе? Перажывала, вядома, ды што магла зрабіць? Міжволі сцялася ў чаканні лепшых дзён. Чаканне расцягнулася на гады, але ж спраўдзілася — у многім, безумоўна, дзякуючы цярпенню і чалавечнасці самой жанчыны.

Уладзімір Папяленка быў не проста атэістам, а свядомым прыхільнікам атэістычных ідэй. У Віцебск яны з братам трапілі ў 1959 г. пасля выхаду на пенсію бацькі-вайскоўца (да гэтага сям’я жыла ў Расіі). Пасля заканчэння фізкультурнага інстытута і службы ў войску энергічнага маладога чалавека заўважылі ў абкаме камсамола і запрасілі на працу ў абаронна-спартыўны аддзел. Потым быў аналагічны аддзел у гаркаме, сакратарства ў адным з райкамаў. Апошняе месца працы кадравага спартыўна-камсамольскага дзеяча У. Папяленкі — пасада зампаліта пажарнай часці. Гэта быў вельмі напружаны і разам з тым цікавы перыяд яго жыцця. І менавіта тады, падчас службы, пачаў адбывацца ўнутраны пералом, які пазней кардынальна перамяніў погляды нашага героя на рэлігію.

На пенсію Уладзімір Аляксандравіч выйшаў у 1994 годзе. Не ў апошнюю чаргу — і па рэлігійных матывах, з-за немагчымасці сумяшчаць працу з рэлігійным укладам жыцця, што спакваля запанаваў у сям’і Папяленкаў.

Усё пачалося для Уладзіміра Папяленкі ўвосень 1992 года з аб’явы, якая запрашала на працу па добраўпарадкаванні Пакроўскай царквы. Сказаў жонцы пра намер пайсці дапамагчы, а яна гэтак дыпламатычна скіравала гаворку ў іншае рэчышча: «А вунь і ў касцёле памочнікі патрэбныя, схадзіў бы туды». Паслухаў яе — схадзіў раз, другі і не заўважыў, як паступова ўцягнуўся ў парафіяльнае жыццё. Далей — болей: з’явілася жаданне стаць паўнапраўным вернікам парафіі. Пагаварыў з пробашчам Янушам Скэнчэкам, і той зразумеў яго, пайшоў насустрач.

Катэхезу праходзілі адначасова з 6-гадовым сынам. А 17 красавіка 1999 г. трыццацівасьмігадоваму Уладзіміру Папяленку былі ўдзелены сакраманты хросту і Першай Камуніі. Гэты ж дзень стаў для Папяленкаў і пачаткам іх сапраўднага, касцельнага шлюбу, кропкаю адліку новага — з Богам і ў Богу — жыцця.

У 1994 г., як ужо згадвалася, былы палымяны атэіст, раз і назаўсёды парваўшы з бязбожніцкім мінулым, пакінуў працу ў аддзеле кадраў абласнога ўпраўлення пажарнай службы і прысвяціў сябе і свой вольны час сям’і і служэнню Богу. У 1999 г., праз пяць гадоў, яго абралі старшынёй парафіяльнага камітэта — спачатку парафіі святой Барбары, пазней, з утварэннем Віцебскай дыяцэзіі і арганізацыяй у горадзе трох новых, — Езуса Міласэрнага. Старшынствуе Уладзімір Папяленка па сённяшні дзень, аддаючы шмат сіл і часу падрыхтоўцы неабходных папер, займаючыся праблемамі праектавання культурна-рэлігійнага цэнтра, што мусіць з часам паўстаць на месцы сённяшняй часовай капліцы. Працы хапае, як і цяжкасцяў, аб’ектыўных ды суб’ектыўных, але гэта старшыню не бянтэжыць, і яго аптымізм — добры прыклад іншым вернікам.

Дарэчы сама назва парафіі — Езуса Міласэрнага — мае цікавую перадгісторыю. У 1997 г. па ініцыятыве Папяленкі і яшчэ адной верніцы ў касцёле святой Барбары ў Вялікую пятніцу была распачатая Навэнна да Божай Міласэрнасці, якая стала штогадовай, а праз колькі часу біскуп Уладзіслаў Блін даў гэткае найменне адной з новых парафій.

Дапамагаюць галаве парафіі ў яго шчыраваннях жонка і сын. Вось ужо каторы год уся сям’я актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах Хатняга Касцёла (у Віцебску цяпер тры яго кругі — у немалой ступені дзякуючы і Папяленкам). Бацькі і сын нават і не ўяўляюць сябе без Эўхарыстыі, Святой Імшы, што з пэўнага часу трывала і арганічна ўвайшлі ў іх жыццё. Адышлі ў нябыт гады няпэўнасці і раздвоенасці, звязаныя з рознасцю поглядаў на веру, і ў хаце запанавалі спакой і гармонія. Усё гэта асабліва цешыць далікатную, чуллівую Людмілу Шыманаўну, дае моц перажыць тыя выпрабаванні і нягоды, якія час ад часу пасылае лёс.

...19 студзеня 1999 г. дачка Папяленкаў Оля, дзесяцікласніца, пазваніла па дамафоне: «Мама, гэта я». Людміла Шыманаўна адчыніла, пэўная, што раз дачка ўжо ў пад’ездзе, значыць усё добра, і занялася чымсьці сваім. Аднак прайшло колькі часу, а дзяўчыны ўсё не было. Уладзімір Аляксандравіч пайшоў шукаць дачку. Знайшоў нежывую, са слядамі гвалтоўнай смерці, у закутку апошняга паверха...

Тое жорсткае забойства школьніцы (забойцу так і не знайшлі) літаральна скаланула горад. А што дзеелася ў душах ды думках няшчасных бацькоў, можна толькі здагадвацца. Адно, што вельмі падтрымала тады ды і цяпер падтрымлівае — спачуванне людзей. Яно, нібы найлепшы лек, ратавала сэрца ад злосці і нараканняў, даказвала: што б ні здарылася, як бы ні было, а не ўсе людзі звяры, ёсць яшчэ месца ў чалавечай душы і спагадзе, і любові да бліжняга. А значыць, трэба жыць далей і несці свой Крыж, спадзявацца на лепшае. Вельмі дапамаглі Папяленкам у тыя чорныя дні ўдзельнікі кругоў Хатняга Касцёла, а яшчэ — вера ў спатканне з дачкою ў жыцці вечным.

Трагічная смерць Олі згуртавала сям’ю. У 1998 г. дзяўчына хадзіла ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай. У чэрвені 1999 г., калі яе ўжо не было, вырашылі ўтраіх прайсці па пратаптанай ёю сцяжыне. Сёлета Олі споўніўся б 21 год.

Сёння суцяшэнне і дапамога спакутаваным сэрцам бацькоў — сын Віталік. Той самы, што некалі разам з бацькам прыступаў да Першай Камуніі. Вось ужо дзесяць гадоў ён з’яўляецца міністрантам, разам з бацькам і маці актыўна ўдзельнічае ў каталіцкім жыцці сваёй парафіі і ўсяго горада. Любіць набажэнствы, чуванні, стараецца не прапусціць ніводнае больш-менш значнае мерапрыемства ў касцёле. Пабываў ужо на рэкалекцыях у Польшчы, з пілігрымкай у Будславе, у Баранавічах, іншых мясцінах. Кім будзе далей, яшчэ не вызначыўся, але са школьных прадметаў аддае перавагу вывучэнню моваў. Цэніць у людзях змястоўнасць, засмучаецца праявамі грубасці і чэрствасці ў моладзевым асяроддзі. Словам, разумны, прыгожы хлопец у Папяленкаў (можа так Пан Бог кампенсуе страту дачкі — хто ведае?). Жыць трэба пасля любога гора, адно — каб з памяццю ды з Богам у сэрцы. Ён — вялікі, возьме, але і аддасць.

Жывіце доўга, шаноўныя Папяленкі, і хай прарастае Боскае ў чалавеку моцаю духу вашага і пакуты.

Францішак ДУБРАЎСКІ.
Фота з сямейнага альбома Папяленкаў.