У красавіку Віцебшчыну наведалі з дабрачыннымі мэтамі прадстаўнікі амбасады ў Беларусі згуртавання мальтыйскіх кавалераў. На працягу некалькіх дзён яны займаліся размеркаваннем гуманітарнай дапамогі медыцынскім установам, сустракаліся з людзьмі, пабывалі ў курыі Віцебскай дыяцэзіі. Пра дзейнасць у Беларусі гэтага не так шырока вядомага ў нашай краіне ордэна-дзяржавы апавядаюць яго амбасадар Пангарт д’Ордорф і першы сакратар амбасады Ізабэла ду Боіс д’Альшэ.

Барон Пангарт д’Ордорф:

Гісторыя нашага ордэна пачынаецца ад крыжовых паходаў і налічвае некалькі стагоддзяў. Урад ордэна месціцца ў Рыме, а рэзідэнцыя менавіта нашай амбасады — у Бруселі. З Беларуссю мы маем дыпламатычныя стасункі з 1997 года, і з кожным годам нашы кантакты мацнеюць. Галоўнае ў нашай дзейнасці на абшарах вашай краіны — дапамога бедным і хворым. Як правіла, мы аказваем адрасную дапамогу бальніцам і паліклінікам, аптэкам. Размяркоўваем лекі, медапаратуру, бялізну, вопратку — усё, у чым людзі маюць патрэбу. Шмат дапамагаем парафіям — як каталіцкім, так і праваслаўным. Апрача медыкаментаў, прывозім таксама сродкі гігіены, цацкі і інш. Важным накірункам нашай дзейнасці з’яўляецца арганізацыя стажыроўкі медыцынскіх кадраў — галоўным чынам у Бруселі. Робім гэта сумесна з мінскім медыцынскім універсітэтам. Забяспечваем стажорам праезд і пражыванне ў Бельгіі. Спакваля развіваем сістэму ўзаемаабменаў. Так, сёлета з працаю беларускіх медыкаў пазнаёміцца наш прафесар, у якога стажыравалася ў Бруселі ваша медык. Ён прачытае для мінскіх медыкаў некалькі лекцый, напэўна, адбудзецца ўзаемакарысны абмен досведам лячэння хворых. Мы будуем сваю працу так, каб не было дыскрымінацыі паводле нацыянальнасці, канфесійнай прыналежнасці, палітычных поглядаў. Усе сродкі і рэчы, якія мы сюды прывозім, атрымліваем выключна ад ахвяраванняў арганізацый ці асобных грамадзянаў.

Мадам Ізабэла ду Боіс д’Альшэ:

Мы працуем у цесным кантакце з Таварыствам дружбы з замежнымі краінамі. І праца гэтая — плённая, дае добрыя вынікі. У многім — дзякуючы намаганням і дапамозе былога беларускага амбасадара ў Парыжы Ніны Мазай. Працу сваю заўсёды плануем загадзя, так што недарэчнасцяў і непаразуменняў практычна не бывае, ды і вынікамі сваёй дзейнасці мы задаволеныя. У Мінску стала дапамагаем дзіцячай бальніцы № 2, школе № 4, інстытуту кардыялогіі. Калі ў Жалобку на Гродзеншчыне будаваўся новы шпіталь, выдзелілі для яго абсталяванне. Супрацоўнічаем са шпіталем у Шклове. Толькі што наведалі Мазыр, у Мінску — паліклініку для дзяцей з Чарнобыльскай зоны. Напярэдадні ад’езду ў Мінск беларуская амбасада ў Бруселі папрасіла наведаць Віцебшчыну. Пабывалі ўжо ў Бешанковічах, Гарадку, Шуміліне. А наогул, нашы кантакты з Беларуссю даволі даўнія — каля дзесяці гадоў. Бачым, што, нягледзячы на цяжкую эканамічную сітуацыю, людзі паводзяць сябе годна, шляхетна, спецыялісты-медыкі маюць даволі высокі ўзровень адукацыі і ўмеюць працаваць. Усё гэта натхняе на далейшае супрацоўніцтва. Няхай беражэ Пан Бог усіх, каго тут сустрэлі і яшчэ сустрэнем!

Запісаў Францішак Дубраўскі.