Жыровічы – славутае мястэчка недалёка ад Слоніма, вядомае не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі сваім кляштарам, дзе захоўваецца адна з найвялікіх хрысціянскіх каштоўнасцяў – цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай, які ўшаноўваюць і каталікі, і праваслаўныя. Жыровічы ў гістарычных хроніках упершыню згадваюцца ў другой палове XV ст. як вялікакняжацкае ўладанне, выдзеленае вялікім князем Казімірам Ягелончыкам для падскарбія літоўскага Аляксандра Солтана за яго вайсковыя заслугі. У далейшым Солтан стаў фундатарам першай драўлянай святыні ў Жыровічах, якая будавалася на месцы з’яўлення абраза Багародзіцы.

Паводле падання, у 1470 г. два пастухі знайшлі на грушы ва ўладаннях Солтана невялікую ікону, аб чым адразу паведамілі гаспадару. Падскарбій, які прыбыў на гэтае месца, убачыў у з’яўленні іконы цуд і вырашыў пабудаваць тут святыню. Абраз Багародзіцы (авал з яшмы памерамі 5,6 на 4,4 см) праславіўся шматлікімі цудамі і прыцягваў да сябе багата паломнікаў. У 1560 г. храм быў знішчаны агнём, а сам абраз знік. Пасля ён быў знойдзены на вялікім гранітным камяні, што ляжаў на ўзвышэнні. Там і пабудавалі драўляную капліцу для цудатворнага абраза. У гэтым жа годзе Ян Солтан, маршалак слонімскі, пачаў узвядзенне новай мураванай святыні.

Жыровіцкі кляштарны комплекс – цудоўны помнік архітэктуры, пабудаваны грэка-каталіцкім ордэнам базыльянаў, якія валодалі ім з 1609 года. Фундатарамі сталі смаленскі кашталян Ян Мялешка, які ў 1618 г. ахвяраваў кляштару сваю частку Жыровічаў, і Даніла Солтан. Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега ў 1616 г. падараваў кляштару вялікія зямельныя ўладанні і звон для царквы. Кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір аддаў базыльянам вёскі Баравікі і Була.

Першым прыёрам жыровіцкіх базыльянаў быў Язафат Кунцэвіч, вядомы уніяцкі прапаведнік, які праз сваю пакутніцкую смерць за веру ўзнесены да хвалы алтара. Набажэнствы з 1636 г. праводзіліся ў лацінскім і грэцкім абрадах.

Базыльяне з цягам часу (1672–1829 гг.) замянілі драўляныя будынкі мураванымі. Большасць з іх захавалася да нашых дзён. На тэрыторыі кляштара тры храмы. Галоўная святыня – царква Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны (Успенская) – узводзілася ў 1613–50 гадах (была перабудаваная ў 1828 годзе ў стылі класіцызму). Яўленская царква пабудаваная на месцы другога з’яўлення абраза пасля пажару ў 1672 годзе. Царква Узвышэння Святога Крыжа ўзведзеная ў 1769 г. як кальварыйская – да алтара вядуць 33 прыступкі, у якія раней былі пахаваны астанкі святых. У кляштарны комплекс уваходзяць званіца, будынак семінарыі, жылы корпус, трапезная, бальніца, розныя гаспадарчыя пабудовы.

Пры святыні дзейнічалі ніжэйшая і філасофская школы, меўся шпіталь на 10 чалавек. У кляштары быў свой аркестр.

У 1810–1839 гг. у Жыровічах знаходзілася курыя Брэсцкай (пазней Літоўскай) грэка-каталіцкай (уніяцкай) дыяцэзіі. У 1828 г. была заснаваная духоўная семінарыя.

У XVII–XVIII стст. Жыровічы называлі «літоўскай Чанстаховай», бо гэта было найважнейшае месца каталіцкага рэлігійнага культу ў Вялікім Княстве Літоўскім. Абраз Жыровіцкай Багародзіцы вельмі ўшаноўваўся рыма-каталікамі, уніятамі і праваслаўнымі. Кляштар наведвалі шматлікія пілігрымы. Каб звярнуцца па дапамогу да Маці Божай, сюды прыбывалі магнаты Радзівілы, Сапегі, Войны, Палубенскія. У 1644г. да Жыровіцкай Мадонны прыязджаў кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV з жонкаю Цэцыліяй. У 1651 г. перад іконаю маліўся кароль Ян Казімір, які збіраўся ў паход на ўзбунтаваных казакаў Багдана Хмяльніцкага. У 1684 г. кароль Ян ІІІ Сабескі з каралевічам Якубам прасіў дапамогі ў Багародзіцы перад бітвай пад Венай. Сюды прыязджалі Аўгуст ІІ Моцны (на пачатку XVIII ст.), Аўгуст ІІІ у 1744 г. і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў 1784 годзе.

Значнай падзеяй у жыцці Жыровіцкага кляштара і духоўным жыцці ўсёй Беларусі стала каранаванне цудоўнага абраза папскімі каронамі. Адбылася гэтая ўрачыстасць 9 верасня 1730 года. Прывезеныя з Апостальскай Сталіцы кароны ўскладаў мітрапаліт кіеўскі і галіцкі Афанасій Шаптыцкі. Набажэнства праводзілі яшчэ некалькі біскупаў і шмат духавенства. На ўрачыстасць каранавання прыехала і прыйшла вялікая колькасць вернікаў: каля 38 тысяч чалавек. Папскія кароны былі аздобленыя каштоўнымі камянямі, якія падаравала княгіня Ганна Радзівіл (Сангушка ) разам з сынам Еранімам. Для абраза была зробленая шата з срэбра і золата.

Камень, на якім пасля пажару паўторна з’явілася ікона, беражліва захоўваецца. На ім ёсць сляды, якія, паводле падання, належаць стапам Багародзіцы. Вядома і іншае з’яўленне Жыровіцкай Божай Маці. Яно адбылося ў 1719 г. у Рыме ў закрыстыі базыльянскай царквы. Мясцовы настаяцель Ігнацій Кульчынскі ўзвёў алтар з мармуру, дзе і змясціў абраз. А кляштар базыльянаў у Рыме з таго часу стаў называцца della Madonne del Pascolo («рascolo» – ралля – жыровіца).

З адраджэннем рэлігійнага жыцця пачаў адраджацца культ славутай іконы. Абраз Маці Божай Жыровіцкай цяпер знаходзіцца ў галоўнай царкве кляштара – Успенскай. Кляштар належыць праваслаўнай Царкве, але каталікі, як і раней, ушаноўваюць Жыровіцкую Мадонну. У многіх касцёлах Беларусі знаходзяцца копіі цудатворнага абраза. Найбольш вядомая копія ёсць у касцёле св. Андрэя ў Слоніме, які звычайна наведваюць пілігрымы-каталікі, што едуць у Жыровічы. Маці Божая Жыровіцкая, якая цудоўным чынам з’явілася нашым продкам, шанавалася многімі пакаленнямі. За свае шматлікія цуды Яна была каранаваная папскімі каронамі ў патрэбе і сёння працягвае рабіць цуды, дапамагаючы усім, хто да Яе звяртаецца.

Маці Божая Жыровіцкая, маліся за нас!

Руслан Гародка.
Фота аўтара.