18 мая, у дзень народзінаў Яна Паўла ІІ, у парафіяльным касцёле святых Пятра і Паўла ў Мядзведзічах адбылася Святая Імша ў інтэнцыі Святога Айца – духоўны падарунак Папу ў 83-ю гадавіну яго нараджэння. Адпраўляў яе кардынал Казімір Свёнтэк, Адміністратар Пінскай дыяцэзіі, які прыехаў у гэтую парафію, каб удзяліць вернікам сакрамант бежмавання.

Касцёл у Мядзведзічах вядомы на Брэстчыне не толькі тым, што нягледзячы на шматлікія спробы атэістычных уладаў, вернікі мужна абаранілі святыню і не дазволілі яе ні знішчыць, ні зганьбаваць (улады хацелі ператварыць яе ў зернесклад). Зрабіўшы жывы ланцуг вакол касцёла, узяўшыся за рукі і такім чынам вартуючы яго днём і ноччу, адпраўляючы набажэнствы на снезе перад зачыненымі дзвярамі святыні, адважныя парафіяне збераглі Дом Божы для сваіх нашчадкаў: са старымі абразамі, фігурамі Сэрца Езуса і Маці Божай, старажытным арганам. Але самае галоўнае – каталікі далі сведчанне мужнасці веры не толькі сваім дзецям і ўнукам, вернікам навакольных парафій, але і нашчадкам.

Славуты касцёл у Мядзведзічах і тым, што тут нёс сваё служэнне ахвярны святар і цудоўны чалавек – кс. інфулат Вацлаў Пянткоўскі (1902 – 1991), былы генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі, які атрымаў сакрамант святарства з рук біскупа Зыгмунта Лазінскага і які пэўны час быў віцэ-рэктарам духоўнай семінарыі ў Пінску, рэктарам фарнага касцёла ў Наваградку, прэфектам мясцовай семінарыі, капеланам сясцёр-назарэтанак... Пасля сямігадовага зняволення ў ссылцы ў Казахстане (святар быў асуджаны на 10 гадоў), кс. Вацлаў Пянткоўскі да апошніх дзён свайго жыцця не толькі выконваў абавязкі пробашча парафіі ў Мядзведзічах і генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі (да 1989 г.), але і арганізаваў падпольную семінарыю, падрыхтаваўшы да сакрамэнту святарства каля 10 кандыдатаў (сярод іх сённяшнія біскупы – Антоній Дзям’янка і Казімір Велікаселец).

Звяртаючыся да вернікаў падчас гаміліі, кардынал Казімір Свёнтэк падкрэсліў асаблівую ролю гэтага выключнага святара і чалавека.

«Апосталы, убачыўшы Езуса падчас Перамянення, сказалі: «Пане, добра нам тут быць». Я думаю, што гэтыя ж словы можам сказаць і мы сёння: «Божа, як жа добра нам тут быць, у нашай святыні, напоўненай вераю, напоўненай малітваю», – асабліва тым вернікам, якія прынялі сакрамант бежмавання. І было б несправядліва, калі б мы сёння не ўспомнілі ксяндза Вацлава Пянткоўскага. Дух яго разам з намі, бо ён склаў сваё жыццё, сваю святарскую працу дарэшты – ад самага пачатку і да канца дзён сваіх. І калі сёння мы маем плён і благаславенне Божае, то ў значнай ступені гэта вынік яго святарскай працы, яго святарскага служэння і самаахвярнасці ў жыцці. Мы вельмі яму ўдзячны за тое, што дапамог нам захаваць веру, умацаваць нас у веры і дажыць да сённяшняга дня ў паўнаце гэтай веры. Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі заслужыў, каб мы заўсёды ў сваіх малітвах з удзячнасцю памяталі пра яго...

Калі я гляджу на касцёл, перапоўнены вернікамі, міжволі ўспамінаюцца тыя дні, і не толькі дні, а доўгія, доўгія гады, калі Касцёл на Беларусі пераследвалі, прыгняталі, знішчалі. Колькі ж цярпення, цяжкасцяў і жорсткасці давялося перажыць вернікам вашай парафіі ў тыя часы! Але яны вытрывалі, не здрадзілі ні Богу, ні Касцёлу. Пастаянна аберагалі гэтую святыню і практыкавалі веру нават тады, калі не стала святара... Схіляю галаву перад тымі, хто захаваў веру ў тыя цяжкія часы і перадаў яе нашаму пакаленню. Але, акрамя ўдзячнасці, на нас ляжыць і яшчэ адзін абавязак. Калі мы атрымалі веру такою вялікаю цаною, то трэба шанаваць яе, трэба яе захоўваць, трэба паводле яе жыць, быць вернымі Богу, удзельнічаць у святых сакрамантах, у парафіяльным жыцці, ствараць супольнасць – каталіцкую, парафіяльную сям’ю.

Няхай прыняцце сакраманту бежмавання вернікамі вашай парафіі ўмацуе веру, умацуе нашую лучнасць з Богам і з Касцёлам, таму што менавіта гэты сакрамант дадзены на тое, каб быць рыцарамі Касцёла і веры ў Бога».

У гэты ж дзень кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў новаўзведзены парафіяльны дом, які знаходзіцца побач са старэнькім будынкам – плябаніяй, дзе жыў і працаваў кс. В. Пянткоўскі. Асвячаючы будынак і дзякуючы за працу цяперашняму пробашчу а. Анджэю Шоду, Яго Эмінэнцыя сказаў, што ў гэтым парафіяльным доме будзе адведзены спецыяльны пакой пад музей памяці ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага.

Выязджаючы з Мядзведзічаў, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі наведаў магілу кс. В. Пянткоўскага.

Фотарэпартаж М. Новікава.