Кароткі візіт Святога Айца ў Мадрыд быў вялікай падзеяй у жыцці ўсёй краіны. Як на сустрэчу з моладдзю 3 мая, так і на кананізацыйную Святую Імшу 4 мая прыбыло каля мільёна вернікаў.

3 і 4 мая гістарычны цэнтр Іспаніі быў напоўнены вялікімі групамі радаснай моладзі, якая спявала і іграла на гітарах. Іх лёгка можна было пазнаць па заплечніках і шапках з надпісам, узятым з Дзеяў Апосталаў: «Будзьце маімі сведкамі».

«Няхай спакой будзе з табою, Іспанія!» – гэтыя словы Яна Паўла ІІ у мадрыдскім аэрапорце выклікалі найбольшае ўхваленне ў сабраных. Словы Папы часта перарываліся воклічамі ў яго гонар. Моладзь скандзіравала: «Ян Павел, сябра, мы хочам быць з Табою».

У аэрапорце Папу вітала каля дзвюх тысяч вернікаў.

Святы Айцец ужо падчас сваёй першай пілігрымкі ў гэту краіну ў 1982 годзе назваў Іспанію La Tierra de Maria («Зямля Марыі»), чым іспанцы вельмі ганарыліся.

Па дарозе ў нунцыятуру, таксама як і на працягу ўсіх праездаў праз Мадрыд, па абодвух баках вуліцы стаялі людзі і віталі Папу. З віядукаў людзі абсыпалі папамабіль дажджом з паперак, як робяць гэта падчас футбольных матчаў альбо карнавальных забаваў.

На сустрэчу з Янам Паўлам ІІ на авіябазе Лос Куатро Вентос, што на поўдні Мадрыда, запісалася каля 110 тысяч чалавек. Аднак прадугледжвалася, што прыбудзе 250 тысяч. Аптымісты гаварылі пра 300 тысяч. У штотыднёвіку «El Pais», які лічыцца газетай, што сімпатызуе іспанскім сацыялістам, даводзілася думка, што энтузіязм моладзі ўжо меншы, чым быў 21 год таму, калі Ян Павел ІІ першы раз сустрэўся з моладдзю Іспаніі. Тады ў сустрэчы, арганізаванай на стадыёне Рэал Мадрыд, удзельнічала паўмільёна чалавек.

Тым часам за дзве гадзіны да пачатку сустрэчы са Святым Айцом яго чакала, як падлічыла паліцыя, 600 тысяч маладых людзей. А калі Папа пад’язджаў да базы, налічваўся ўжо мільён.

«Прызнаюся вам, – сказаў Папа моладзі, якая гучна вітала яго, – што я вельмі прагнуў гэтай сустрэчы з вамі. Вы – надзея Касцёла і грамадства. Я веру ў вас». Потым выказаў сваю радасць, што моладзь пажадала выбраць прадметам сваіх разважанняў ружанцовыя таямніцы. Святы Айцец адзначыў, што гэта адпавядае старажытным духоўным правілам: да Езуса праз Марыю.

Папа ў сваіх разважаннях гаварыў таксама аб патрэбе звароту кожнага чалавека да свайго ўнутранага свету, аб патрэбе кантэмпляцыі. Ён дадаў, што Марыя з’яўляецца тут найлепшай настаўніцай. «Перамагайце варожасць сілаю прабачэння, – прасіў Святы Айцец, – асуджаючы тэрарызм, вайну, расізм, неталерантнасць і шавінізм». Ён заклікаў таксама не баяцца гаварыць пра Бога, быць Яго сведкамі. Заахвоціў маладых людзей, якія чуюць пакліканне да святарства, не заглушаць у сабе гэтага голасу.

Успыхнуў вялікі энтузіязм, калі Папа прывёў свой уласны прыклад. Ён сказаў: «Я атрымаў святарскае пасвячэнне ва ўзросце 26 гадоў. З таго часу мінула ўжо 56 гадоў. Азіраючыся назад, магу вас запэўніць, што варта прысвяціць сваё жыццё Хрысту, а праз Яго служэнню іншаму чалавеку». Калі ён сказаў «мінула 56 гадоў», моладзь пачала скандзіраваць: «Ты – малады». «У такім выпадку я – 83-гадовы юнак», – тут жа адрэагаваў Папа, выклікаючы шквал авацый.

Паводле афіцыйнай праграмы Святы Айцец павінен быў выехаць у нунцыятуру ў 20.15, аднак затрымаўся амаль што на паўтары гадзіны. У 21.00 ён з усмешкаю спрабаваў крыху паскорыць ад’езд і запытаўся ў моладзі: «Колькі гадзін засталося да поўначы? Толькі тры?». На што ў адказ пачуў дружнае: «Застанься з намі!».

У нядзелю Ян Павел ІІ падчас Святой Імшы на плошчы Калумба кананізаваў пецярых іспанцаў. Новыя святыя – Пэдро Паведа, Джозэ Марыя Рубіо, Джэновэва Торэс, Анджэла дэ ля Круз і Маравіліс дэ Джэзус.

Раніцаю ў мадрыдскіх касцёлах не было Св. Імшы. Пілігрымы з усіх бакоў спяшаліся на плошчу Калумба. Некаторыя размясціліся там ужо ў суботу вечарам, каб заняць лепшыя месцы. На працягу ўсёй суботы ўсё яшчэ вяліся працы па будоўлі вялікага алтара, спраектаванага архітэктарам Ігнацыо Вівесам. На ўсёй плошчы было пастаўлена ажно 39 тысяч крэслаў.

У чатыры бакі свету з вялікай плошчы Калумба вядуць чатыры шырокія артэрыі, кожная з якіх мае 100 метраў у шырыню. Вернікі, якія ўдзельнічалі ў Св. Імшы, стаялі на гэтых вуліцах, таму з птушынага палёту цэнтр Мадрыда нагадваў гіганцкі крыж, утвораны людзьмі. На вуліцах праз некалькі сотняў метраў было ўстаноўлена 12 вялікіх экранаў, каб можна было ўдзельнічаць у Св. Імшы за некалькі кіламетраў ад плошчы Калумба.

У нядзелю раніцай Ян Павел ІІ выехаў з нунцыятуры а 9-й гадзіне, але перад Імшою вырашыў аб’ехаць усе вуліцы, на якіх стаялі вернікі. Працягвалася гэта больш за гадзіну.

У гаміліі Папа падкрэсліў заслугі новых святых, сапраўдных сведкаў Езуса ў ХХ стагоддзі, ставячы іх у прыклад іспанскім католікам. Ян Павел ІІ не раз заклікаў, каб Іспанія заставалася верная сваёй каталіцкай традыцыі і імкнулася несці яе ў супольную Еўропу. «Не перарывайце сваіх хрысціянскіх каранёў. Толькі дзякуючы гэтаму вы зможаце ўнесці ў супольную Еўропу культурнае багацце вашай гісторыі. Калі існуе ўжо «супольная грашовая Еўропа» і ствараецца «супольная сістэма абароны Еўропы» – давайце будаваць «супольную Еўропу духа».

Як звычайна, Святы Айцец адышоў ад афіцыйнага тэксту свайго выступлення. Ён выказаў дадатковую падзяку Іспаніі і Мадрыду за цудоўны прыём. Выказваючы асаблівую падзяку іспанскай моладзі, Святы Айцец зазначыў: «Вы паказалі, што можна быць адначасова сучаснымі і вернымі Хрысту».

Падчас развітання ў аэрапорце Святы Айцец яшчэ раз усіх здзівіў. Ён з’ехаў з чырвонага дывану і накіраваўся ў бок вітаючых яго людзей. Цалаваў дзяцей, якіх яму падавалі, і сардэчна развітаўся з іспанскаю каралеўскаю параю.

Энтузіязм, з якім прымалі Святога Айца ў Іспаніі, пераўзышоў усе спадзяванні.

Па матэрыялах «Gościa Niedzielnego»
падрыхтавала Іна Ламака