«Не ўпадабняйцеся гэтаму свету,
але перамяняйцеся праз аднаўленне розуму,
каб умелі пазнаць, якая ёсць воля Божая,
што добрае ды прыемнае Богу і дасканалае».
(Рым 12, 2)

Святы Ян Евангеліст гаворыць, што Бог ёсць любоў. А гэта азначае, што лёс кожнага чалавека для Бога не абыякавы. Ці ведаем мы пра гэта? Клопат Пана пра чалавечае жыццё, мабыць, найперш праяўляецца ў пакліканні. Шмат хто з нас, веруючых, чуў пра гэта, але хто з нас усур’ёз задумваўся над тым, чым з‘яўляецца тое таямнічае пакліканне?

Калі спрабую адказаць на гэтае пытанне, прыходзіць думка, што кожны чалавек пакліканы да жыцця праз нараджэнне, а таксама праз смерць да вечнага прабывання з Богам у радасці і супакоі. Гэта і ёсць найважнейшая праўда пра Божую любоў. Бог хоча, каб чалавек жыў, нягледзячы на свае слабасці і грахі, і каб жыў вечна. Маючы свае планы, Пан дае кожнаму з нас месца ў гэтым зямным жыцці. Таму нехта з нас становіцца святаром, іншы ідзе шляхам манаства, хтосьці стварае сям’ю. Кожны з гэтых станаў з’яўляецца Божым пакліканнем, якое трэба распазнаць. І вельмі важна, каб гэта адбылося да таго, як чалавек прыняў канчатковае рашэнне, а не пасля яго. Бо ці ж можна ўзяць шлюб, а пасля сказаць, што Бог мяне кліча да чагосьці іншага? На жаль, шмат людзей робяць памылкі на ўсё жыццё, таму што вырашаюць свой лёс альбо ўвогуле без Бога, альбо, не пытаючыся пра Яго планы. А пасля чаго ж нам здзіўляцца, што ў свеце столькі разводаў? Часта людзі пачынаюць пытацца ў Бога пра пакліканне тады, калі такіх пытанняў не павінна ўжо ўзнікаць, бо канчатковае рашэнне, на жаль, почасту бяздумнае, было прынята некалькі гадоў таму. Без Бога не збудуеш жыцця. Можа некаму больш удасца, некаму менш, але ці ў гэтым тут увогуле сэнс? Жыццё – не цацка, з якой можна пагуляць, а пасля выкінуць.

Дык што ж гэта такое, пакліканне? І як распазнаць яго, каб не зрабіць у жыцці трагічнай памылкі? Пакліканне – гэта ўнутраны голас у сэрцы, а таксама нейкія вонкавыя важныя для чалавека факты, асобныя знакі, Біблія са сваім словам, святары з іхнімі парадамі, блізкія нам людзі, якім неабыякавы наш лёс, а таксама нейкія здарэнні і г.д. Адной з найбольшых памылак з’яўляецца тое, што людзі шукаюць часам толькі нейкіх звышнатуральных знакаў, думаюць, што Бог павінен аб’явіць ім сваю волю так, як гэта Ён зрабіў у жыцці Маісея, апосталаў альбо, да прыкладу, святой сястры Фаустыны. Нельга, вядома, выключыць, што такое можа стацца і ў нашым жыцці, але ці не будзе памылкаю адно пасіўна чакаць гэтага? Найчасцей Бог прамаўляе «маўклівым голасам» – так навучаў Папа Павел VI. Інакш кажучы, Пан прамаўляе ўнутраным жаданнем нашага сэрца. Таму можна дзівіцца, як так сталася, што, напрыклад, сярод многіх маіх знаёмых толькі мне «стукнула ў галаву» пайсці ў закон айцоў марыянаў. Разважанне пра тое, што нехта больш, а хтосьці менш годны для такога жыцця, альбо пра тое, ці змагу я так жыць, увогуле, як падаецца, не мае сэнсу. Людзі, што пачулі ў сваім сэрцы той «маўклівы голас», павінны найперш пытацца, ці хочуць яны так жыць, ці адпавядае гэта ім. Падыходзячы да праблемы такім чынам, наўрад ці трэба параўноўваць пакліканні паміж сабою накшталт: святарства або манаства – гэта лепш за сямейнае жыццё ці горш? Кожны выбар, які суладны з Божым пакліканнем, — найлепшы. Калі мы гаворым пра імкненне сэрца, то вельмі важна навучыцца адрозніваць сваё ўласнае жаданне ад таго, якое абуджае ў чалавечым сэрцы сам Бог. Святы Павел піша, што Дух Святы з’яўляецца ў нас крыніцай прагнення і дзеяння. Гэта азначае, што калі чалавек прагне і шукае таго найбольшага дабра, якім з’яўляецца сам Бог, то ёсць падставы прызнаць, што мы маем справу з Богам у людскім сэрцы.

Напрыклад, хлопец хоча ажаніцца з дзяўчынаю. Ён лічыць парыў свайго сэрца Божым пакліканнем, таму што не шукае выгады і гатовы на ўсялякія выпрабаванні, хоча шчасця для сваёй будучай жонкі і сям’і, хоча выканаць Божую волю і з пакораю моліцца ў гэтай інтэнцыі. Ці можна ў такім выпадку сумнявацца, што гэты парыў сапраўды Божы? Але вось іншы прыклад. Дзяўчына хоча ўступіць у манаскі закон, таму што баіцца выйсці замуж; ёй здаецца, што ў законе будзе лягчэй жыць, бо там, напрыклад, ніхто яе не ашукае, а ў свеце ўсяляк бывае. Яна лічыць, што ў законе можна сцвердзіць сябе, а тым часам гэтая дзяўчына нават сябровак не мае ды і з бацькамі ніяк не дамовіцца. У гэтым выпадку выразна бачна, што гаворка ідзе толькі пра людское жаданне, а не пра Божае пакліканне. Дзяўчына гэтая шукае не Бога, але сваёй карысці, і, што вельмі істотна, у ёй няма ахвярнасці. А манаскае жыццё, як навучае Ян Павел ІІ, менавіта нечым такім і ёсць, – гэта нібы жывы дар жыцця чалавека, складзены Богу, ахвяра, а часам нават згода на смерць у імя Бога. Таму пры распазнанні ўнутранага жадання варта звярнуць увагу на тое, ці я, як тая дзяўчына, хачу быць законнай сястрой, каб мяне ацанілі, ці хачу быць незаўважным, але сярод самых розных выпрабаванняў выконваць Божую волю, як той хлопец? Інакш кажучы, хачу я паклікання дзеля сваёй карысці, альбо прагну аддаць сябе іншым так, як гэта зрабіў Езус Хрыстус? Прыклад дзяўчыны паказвае, што яна хоча, каб пакліканне служыла ёй. Хлопец жа сам хоча быць слугою паклікання, стаць прыладаю ў руках Бога.

І тут важна задаць сабе пытанне: а дзе я найбольш бачу сябе? Толькі ў поўнай праўдзе перад сабою і перад Богам можна адказаць на гэтыя пытанні. І было б нечым вельмі неразважным спрабаваць пераканаць сябе праз сілу. Як кажуць, сэрцу не загадаеш і яго не падманеш. Калі яно ўвесь час гаворыць пра манаства, то дурнотай было б пераконваць сябе ў чымсьці іншым. А найчасцей людзі ведаюць, пра што гаворыць ім сэрца. Уласная недасканаласць і Божы кліч – гэта розныя рэчы. Пан запрашае да адпаведнага стану жыцця, Ён жа дае здольнасці і сілы для яго. Абавязкам чалавека з’яўляецца распазнаць свае здольнасці, якія яму даў Бог і якія сведчаць пра пакліканне. Бо цяжка было б, скажам, уявіць у нармальных умовах супрацоўніка дзіцячага сада, які мае «алергію» на дзяцей. Нешта падобнае адбываецца і з нашымі адносінамі да ўласнага паклікання.

Чалавек дае адказ Богу ўсёю сваёю істотаю, а не толькі розумам. Гэта азначае, што важная і воля, з якой прымаецца рашэнне, але не менш важныя таксама розум і пачуцці. Чуючы ўнутраны голас, які, напрыклад, запрашае да святарства, чалавек адчувае супакой і радасць, нягледзячы на тое, што ён ўсведамляе рэальныя перашкоды і не шукае сваёй выгады. Менавіта такія пачуцці сведчаць пра Бога, які з’яўляецца валадаром не страху, але супакою. Страх жа, калі ён пануе над чалавекам, паходзіць ад злога духа. Таму нездарма ў Першым Пасланні святога Яна гаворыцца, што там, дзе пануе страх, няма любові (прыгадаем, што паводле таго ж Яна любоўю з’яўляецца Бог). Калі Бог дае пакліканне, то Ён таксама перамагае сваёй любоўю і наш страх, каб мы змаглі пачуць Божы голас і прыняць адпаведнае рашэнне.

Да тэмы пачуццяў хочацца дадаць яшчэ два прыклады. Адзін хлопец уступае ў закон, але з гэтае прычыны нават не адчувае радасці. Ён лічыць, што мае менавіта такое пакліканне, але манаскае жыццё яго зусім не цікавіць. Справа ўпіраецца нібы ў нейкі абавязак перад людзьмі і Богам. Сумняваюся, ці ёсць тут манаскае пакліканне, бо сэрца ў гэтым выпадку ўвогуле не прамаўляе, але гаворыць толькі свая ўласная ідэя жыцця. А вось іншы прыклад. Дзяўчына збіраецца выйсці замуж, але ўвесь час думае пра манаскае жыццё. Яна і хацела б пазбыцца гэтых думак, але не можа. Збіраецца ўзяць шлюб з хлопцам, але думка пра гэта не дае ёй ні радасці, ні спакою. Яна лічыць, што з часам можа будзе шчасліваю ў сямейным жыцці і такім рашэннем хоча пазбавіцца ад ідэі манаства. Асабіста я задаў бы такой дзяўчыне пытанне, ці не баіцца яна часам закону, бо, маўляў, людзі не зразумеюць, будуць праблемы з бацькамі, а да таго ж, ёсць сумнівы, ці вытрымае яна, ці годная такога жыцця і г.д. Карацей кажучы, хацелася б у закон, але... Такой дзяўчыне я раіў бы перамагаць не сваё жаданне, якое хутчэй за ўсё паходзіць ад Бога, але канкрэтныя перашкоды на шляху рэалізацыі паклікання, напрыклад, страх.

Гэтыя мае разважанні тычацца перш за ўсё людзей, якія хочуць свядома распазнаць Божую волю ў сваім жыцці. Гаворка ішла тут пра нашую асабістую здольнасць шукаць Божы голас. Але трэба дадаць, што гэты працэс складаецца не толькі з асабістага разумення і жадання, але і з ацэнкі паклікання Касцёлам. Бог ніколі не кліча чалавека толькі для ягонага асабістага задавальнення, але, ці ў манастве, ці ў сямейным жыцці, чалавек судакранаецца таксама з іншымі людзьмі, таму што Бог хоча збаўляць нас не паасобку, але ў супольнасці. Чаму? Можа проста таму, што Ён Усемагутны і мае права мець свае планы, безумоўна, найлепшыя. І няма нічога дзіўнага ў тым, што чалавек заўсёды адказвае перад Творцам за свайго бліжняга, а таксама і за яго пакліканне. Гэтая праўда не менш важная за ўласнае распазнанне.

Зрэшты, усе гэтыя разважанні не мелі б сэнсу, калі б чалавек, які імкнецца распазнаць Божую волю, не прасіў бы ў Пана патрэбнага святла ў гэтай справе, патрэбнай свабоды ў сэрцы. Ян Павел ІІ навучае, што Бог дапамагае прыняць чалавеку адпаведнае рашэнне, калі той згаджаецца на дапамогу Найвышэйшага. І яшчэ адно. Карэктывы ў сваім жыцці іншы раз можна ўсё ж зрабіць – напэўна, гэта лепш, чымсьці ўсё жыццё быць не на сваім месцы. Прыйшоўшы ў закон айцоў марыянаў, я, на сваё вялікае здзіўленне, сустрэў ажно чатырох хлапцоў, якім было ўжо каля 35 гадоў. Шэсць чалавек з нашага навіцыяту перапынілі вучобу ў розных ВНУ, каб уступіць у закон. Напэўна ж, не заўсёды трэба спяшацца рабіць такія радыкальныя крокі. Я толькі хачу звярнуць увагу чытачоў на той факт, што гэта не мы ставім умовы Богу, але Ён сам кліча нас – калі хоча, каго хоча і як хоча. Бог не змушае, але прапаноўвае нам шлях, таму чалавек можа заўсёды адказаць адмоўна. Гэта тычыцца перш за ўсё манаства і святарства, дзе адмова чалавека будзе стратай таго вялікага дабра, якое прапаноўвае Бог. Справа гэта зусім нялёгкая, бо кожнае пакліканне непаўторнае, а гэтыя разважанні могуць служыць толькі парадай, а не рэцэптам. Таму кожнаму варта вучыцца распазнаваць пакліканне, хоць гэта і няпроста. Ды за сваё жыццё трэба змагацца.

Брат Аляксандр Жарнасек МІС
Фота Ірыны Жарнасек