15 мая ў Віцебску адбыўся Міжнародны навуковы семінар «Чалавек у навакольным свеце: духоўныя каштоўнасці і праблемы самарэалізацыі», арганізаваны Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава пры падтрымцы Міжнароднага фонда «Рэнавабіс». З матэрыялаў гэтага семінара прапануем раздзелы з рэферату доктара тэалогіі, прафесара кс. Анджэя Шэўціва «Сям’я ў святле Бібліі».

Біблія, бясспрэчна, з’яўляецца адзінаю Кнігаю ў свеце, у якой падаюцца ўсе вымярэнні чалавечага жыцця – як у індывідуальных, так і ў грамадскіх і рэлігійных аспектах. Канкрэтызуючы гэтае сцвярджэнне, трэба звярнуць увагу на тое, што ў Бібліі гаворка ідзе пра кожны з магчымых варыянтаў грамадскага і індывідуальнага жыцця. З гэтай разнастайнасці нараджаецца таксама паўната прыгажосці жыцця, напоўненага экзістэнцыяльным рэалізмам і яго трансцэдэнтнай адпаведнасцю, г. зн. арыентацыя на Бога і неабходнасць супрацоўніцтва з Ім. На гэтую тэму ў Лісце да сем’яў Папа Ян Павел ІІ гаворыць, што «сям’я бярэ свой пачатак у любові, якою Стварыцель атуляе створаны свет». Толькі Біблія, апісваючы пачатак пачаткаў, вельмі шмат месца прысвячае стварэнню чалавека, яго прызначэнню і пакліканню, адначасова яна ўказвае матыў стварэння, выяўлены ў словах: «створым чалавека на вобраз Наш і падабенства Нашае» (гл. Быц 1, 26). І далей чытаем: «І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой, на вобраз Божы стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх» (гл. Быц 1, 27). Да гэтых створаных істотаў Ён звяртаецца, адначасова благаслаўляючы іх: «Пладзіцеся і размнажайцеся, і напаўняйце зямлю, і карыстайцеся ёю» (гл. Быц 1, 28). У кантэксце гэтых апісанняў можна знайсці матыў нараджэння і бацькоўства, а значыць – сям’і як супольнасці людзей, якіх яднае любоў. У святле Новага Запавету можна адначасова гаварыць аб прататыпе, сцверджаным у Стварыцелі. Так сфармаваныя грамадскія абумоўленасці, пра якія мы чытаем у Бібліі, маюць боска-чалавечы характар, заснаваны на бескарыснай любові Бога да людзей і людзей адно да аднаго «на вобраз Стварыцеля». У словах «стварыў мужчыну і жанчыну» (гл. Быц 1, 27) змешчана інфармацыя аб узаемным дапаўненні асобаў і тым самым аб іх аднолькавай годнасці, на аснове якой ствараецца супольнасць. Таму сям’я з’яўляецца месцам, дзе глыбока праяўляецца грамадскі характар чалавецтва.

Біблейскае заканадаўства шлюбу

Для юдэя стварэнне сям’і было чымсьці вельмі важным. Мужчына без уласнай сям’і не карыстаўся вялікай павагай. Пазнейшае юдэйства ўспрымала сужэнства як абавязак. Сувязь мужчыны і жанчыны ў сужэнстве была ўмацавана мноствам традыцый і правілаў. Шлюб абапіраўся на дамінацыі мужчыны; па закону ён лічыўся «ўладальнікам» жанчыны (гл. Зых 21, 3. 22), жанчына лічылася яго «ўласнасцю» (гл. Зых 20, 17; Дрг 22, 22). Таму юдэйскае права залічвала жанчыну да ўласнасці мужа нароўні з ўсёю ягонаю маёмасцю (гл. Зых 20, 17 і Дрг 5, 21). Той факт, што жанчына з’яўлялася ўласнасцю мужа, быў настолькі відавочны, што па закону жонка нявольніка іншы раз прадавалася разам з ім і разам з ім набывала свабоду (гл. Зых 21, 2-3). На такое ўспрыманне жанчыны ў значнай меры паўплываў спосаб «набыцця» нявесты. Мужчына, які хацеў «набыць» жанчыну для сужэнства, павінен быў заплаціць бацьку нявесты прыданае, так званы mohar (гл. Быц 34, 12; Зых 22, 15-16). Значэнне гэтага слова вельмі цяжка растлумачыць. У любым выпадку гэта не быў кантракт куплі-продажу, паколькі нідзе ў Законе Майсея не ўпамінаецца пра тое, што mohar быў неабходным для таго, каб заключыць сужэнства. Яго аплата адбывалася падчас заручынаў і мэтаю яго было ўмацаванне ўзаемнай дамовы. Памер яго залежаў ад матэрыяльнай сітуацыі абодвух бакоў, якія дамаўляліся паміж сабою (гл. Быц 34, 12).

Хто вырашаў пра выбар маладых? Часта бацька імкнуўся знайсці жонку свайму сыну (гл. Суд 14, 1-3), а таксама мужа для сваёй дачкі (гл. Ер 29, 6). Аднак, гэта не з’яўлялася правілам; Ізмаілу жонку знайшла маці, Агар (гл. Быц 21, 21), а Ісааку – слуга Аўраама (гл. Быц 24). Згода маладых аднак поўнасцю не перакрэслівалася, аб чым сведчыць Кніга Быцця 24, 57-58: «Яны сказалі: паклічам дяўчыну і спытаем яе, што яна скажа. І паклікалі Рэвеку, і сказалі ёй: ці пойдзеш з гэтым чалавекам? Яна сказала: пайду». З таго моманту, як прыданае ўнесена, заручыны нібы змацоўваліся пячаткай. Права прызнавала заручаным прывілеі і абавязкі, амаль раўназначныя сужэнскім. Нявеста па закону лічылася жонкай і была абавязана быць вернаю будучаму мужу (гл. Дрг 22, 23-24).

Наступны акт пасля заручынаў – шлюб. Мужчына і жанчына, засноўваючы сям’ю, далучаліся да вялікай сям’і, у «дом бацькі», у якім звычайна жылі чатыры пакаленні. Як правіла, жанчына ўводзілася ў сямейную супольнасць мужа (гл. Быц 24, 5-8, 58-59). Вяселле звычайна працягвалася сем дзён (гл. Быц 29, 27; Суд 14. 10.12), а ў першы дзень нявесту ўрачыста прыводзілі ў дом жаніха. У доме жаніха бацькі і сваякі віншавалі маладых – часцей за ўсё ім жадалі шматлікага патомства. Біблія ў некалькіх месцах прыводзіць прыклад такіх пажаданняў (гл. Тоб 10, 11; Рут 4, 11; Быц 24, 60; 27, 27-29). З боку мужчыны сужэнства складаецца з факта «узяцця» (гл. Зых 21, 10; Дрг 20, 7; 22, 13; Ос 1, 2), «узяцце ва ўласнасць» (гл. Дрг 21, 13; 24, 1) жанчыны ці «ўваход у яе» (гл. Быц 29, 21). Для жанчыны выходзіць замуж гэта азначае «быць для свайго мужа» (гл. Ліч 30, 7) ці «стаць яго жанчынай». Усе гэтыя фармулёўкі адлюстроўваюць думку, што жанчына падпарадкавана мужчыну, што яна – для яго, і належыць амаль да маёмасці. Аднак магчымасць узнікнення адносінаў паміж партнёрамі на аснове роўнасці адлюстроўваецца ў змяненні тытула «мой уладар» на зварот «мой муж» у Осіі 2, 16: «І будзе ў той дзень, гаворыць Пан, ты будзеш называць Мяне: «мой муж», і не будзеш больш называць Мяне «Пан мой».

Многія тэксты Старога Запавету, якія датычаць праблематыкі шлюбу, сведчаць пра манагамію як фундаментальную аснову юдэйскай сям’і (гл. Экл 9, 9; Сір 26, 1-4). Кніга Тобія – гэты кодэкс сямейнага жыцця – паказвае маральны ідэал манагамнай сям’і. Вобраз манагамнай сям’і ў прароцкіх пісаннях стаў вобразам саюза Яхвэ з Ізраілем (гл. Ос 2, 4-9; Ер 2, 2; Іс 50, 1; 54, 5-7; 62, 4-5; Мал 2, 14).

Як ставіўся Стары Запавет да змешаных шлюбаў? У Бібліі шмат прыкладаў шлюбаў юдэяў з чужымі жанчынамі. Відаць па ўсім, што з рэлігійнага пункту гледжання ў юдэйскай старажытнасці змешаныя шлюбы не лічыліся чымсьці адмоўным. У Бібліі мы не знаходзім асуджэння шлюбу Майсея ці Юзафа.

У змест біблейскага кодэксу ўваходзіла таксама права левірату, г. зн. абавязак шурына (лац. lewir) жаніцца з удавою свайго брата, які не пакінуў патомства. Гэтая сітуацыя з’яўляецца добрым прыкладам перавагі шматлікага патомства над іншымі аспектамі старазапаветнага шлюбу. Шматлікае патомства было сродкам павелічэння моцы і сямейнай маёмасці.

Сем’і ўваходзілі ў склад вялікай супольнасці, што называлася родам ці племенем; яны жылі на вызначанай тэрыторыі. Сем’і, якія ўваходзілі ў склад роду, час ад часу збіраліся разам (напрыклад, з нагоды рэлігійных святаў альбо ахвярапрынашэнняў). Плямёны мелі свайго роду муніцыпалітэт (самакіраванне), які складаўся са старэйшын і які меў права вяршыць суд.

Плямёны стваралі пакаленні, пакаленні жылі разам на вызначанай тэрыторыі, геаграфічная назва гэтага раёна часта пераходзіла на гэтыя пакаленні, яны не мелі нейкага цэнтральнага кіравання альбо цэнтральнага гораду (сталіцы). На чале пакалення стаяў «князь». Супольнасць пакаленняў з’яўлялася адзінствам усіх «сыноў Ізраіля». На чале гэтай супольнасці стаяў «суддзя Ізраіля». Ім мог быць прадстаўнік, выбраны з любога племені.

Юдэйская сям’я, паняцце і структура

Сям’я ў яўрэйскай мове азначаецца тэрмінам «дом» альбо «бацькоўскі дом». У апісанні патопа чытаем: «І сказаў Бог Ною: увайдзі ты і ўвесь дом твой у арку» (г.зн. уся твая сям’я). Сям’я з’яўляецца «бацькоўскім домам», паколькі бацька – галоўная асоба ў сям’і, адказная за існаванне і жыццёвыя ўмовы сям’і. Бацька – гэта як бы здзяйсненне ўсёй сям’і, якой ён гарантуе адзінства.

Якой была структура юдэйскай сям’і? Этнолагі адрозніваюць тры асноўныя віды сямейнага жыцця: фратрыярхат, матрыярхат і патрыярхат. Тэксты Старога Запавету пацвярджаюць існаванне ў гісторыі Ізраіля ўсіх гэтых відаў. У тэкстах Бібліі мы бачым, што юдэйская сям’я мела патрыярхальную і манархічную структуры. Бацька быў панам і галавой дома. Яго ўлада здзяйснялася разнастайнымі спосабамі. Ён валодаў сілаю благаслаўлення альбо пракляцця, вырашаў пытанні сужэнства сваіх дзяцей: Аўраам стараўся знайсці жонку для свайго сына Ісаака, Ісаак – для свайго сына Якуба, бацька жонкі Самсона свабодна распараджаўся сваімі дочкамі. Улада бацькі ў гэтым плане не была аднак абсалютнаю і не перакрэслівала поўнасцю свабоды выбару; іншы раз у Старым Запавеце мужчына і жанчына бралі шлюб дабравольна, іншы раз нават супраць волі бацькоў (гл. Быц 26, 34-35; Суд 14, 1-11). Бацька вырашаў лёс сваіх дачок – ён мог іх нават прадаць як нявольніц ці другарадных жонак, але без магчымасці выкупа пасля шасцігадовага тэрміну, што было дапушчальным адносна сына (гл. Лев 25, 40). Першапачаткова бацька прымаў рашэнне, ці будзе яго дзіця жыць, меў таксама ўладу над жанатымі сынамі, калі яны жылі разам з ім, і таксама над іх жонкамі (Юда вынес прысуд смерці Фамар – жонцы свайго сына – гл. Быц 38, 24). Таксама ў рэлігійнай сферы бацька стаяў на чале: ён вёў паломніцтва, кіраваў пасхальнымі абрадамі.

Патрыярхальную структуру юдэйскай сям’і пацвярджаюць таксама радаслоўныя розных плямёнаў, якія бяруць пад увагу толькі мужчынскіх патомкаў. Калі Стары Запавет напамінае пра абавязак дзяцей паважаць сваіх бацькоў, то часцей і больш глыбока гаворыць пра бацьку, чым пра маці. Калі гаворка ідзе пра адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей, у гэтым выпадку амаль заўсёды ўспамінаецца бацька (гл. Сір 22, 3-5; 42, 9-14). Гэта пацвярджае патрыярхальную структуру сям’і, якая заснавана на аўтарытэце бацькі. Бясспрэчна, юдэйская сям’я, як і іншыя структуры, падвяргалася працэсу зменаў, звязаных з грамадскімі пераўтварэннямі. Разам з грамадскімі зменамі (эканамічнымі, палітычнымі) паволі занікала патрыярхальная сямейная структура ў тым сэнсе, што сужэнцы з цягам часу пачыналі жыць не са сваімі бацькамі, а асобна, ва ўласным доме. Паступова ў жыццё ўваходзіў свабодны выбар сужэнцаў, а індывідуальная карысць і правы асобы пачыналі выцясняць пладавітасць і карысць племені з шэрагу найбольш важных каштоўнасцяў.

Маральны ідэал шлюбу знаходзіць сваё сталае праяўленне ў Кнізе Тобія, якая надае шлюбу рэлігійны характар. Сумеснае жыццё Тобія і Сары пачыналася сумеснай малітвай (гл. Тоб 8, 5-7), якая складалася са знамянальных словаў: «І сёння, Божа, я бяру гэтую сястру маю не для задавальнення пажадлівасці, але сапраўды як жонку: зрабі ж ласку памілаваць мяне, і дай мне састарэць з ёю» (гл. Тоб 8, 7). У Кнізе Тобія выкладзены тры фундаментальныя праўды аб сужэнстве:

  1. Шлюб – гэта сувязь, якая грунтуецца на любові і вернасці;
  2. Шлюб – гэта саюз аднаго мужчыны з адною жанчынаю;
  3. Шлюб – гэта супольнасць раўнапраўных партнёраў.

Наколькі ў тэалогіі стварэння разглядаецца пладавітасць і любоў з пункту гледжання яе грамадскага значэння (...), настолькі ў Кнігах Мудрасці пераважае тэматыка значэння і ролі любові ў індывідуальным жыцці, г. зн. асобасны і індывідуальны аспекты.

Тэма кахання ў цудоўнай форме адлюстравана ў Песні Песняў. Гэты твор праслаўляе прыгажосць і годнасць чалавечага кахання. Яго ўклад у паглыбленне тэалогіі шлюбу заключаецца не толькі ў тым, што гэты твор гаворыць пра натуральнае чалавечае каханне як пра нешта цудоўнае і высакароднае – гэта, ў прынцыпе, было б толькі паўторам з больш выразным акцэнтам індывідуальнага і асобаснага аспектаў. Істотны ўклад Песні Песняў – указанне на сумесны ўдзел у адносінах двух раўнапраўных партнёраў у сферы перажывання кахання. Да гэтага моманту ў тэкстах, якія датычылі тэмы сумеснага жыцця, мелася на ўвазе толькі задавальненне мужчыны і зусім не звярталася ўвагі на перажыванні і пачуцці жанчыны. У Песні Песняў жаніх і нявеста з’яўляюцца раўнапраўнымі партнёрамі. Апрача таго, гэтая Кніга раскрывае думку пра тое, што саюз каханых побач з такою годнасцю, як нараджэнне патомства, мае сваю ўласную каштоўнасць; ён (...) таксама прыносіць жанчыне і мужчыне асабістае задавальненне і дае большую магчымасць для ўсебаковага развіцця чалавечай асобы.