Святое і незвычайнае жыццё Уршулі Ледухоўскай складвалася ў шматкаляровую палітру гадоў. Яно было напоўнена прыгажосцю, душэўным спакоем, аптымізмам, але таксама хапала ў ім месца болю, цярпенням, расчараванням. Законніца. Выхавацелька. Настаўніца. Паэтка. Мастачка. Выгнанніца. Вандроўніца. Супрацоўнічала з Генрыхам Сянкевічам. Заснавала законную кангрэгацыю. Не стаяла ў баку ад антыклерыкалаў. У геаграфічную мапу яе біяграфіі ўпісваецца Кракаў, Пецягбург, Скандынавія, Італія, Францыя... Гэта толькі некалькі этапаў жыццёвага шляху маці Уршулі Ледухоўскай (1865–1939).

Сярод вялікага кола святых і благаславёных апякуецца намі тая, якую (апроч шматлікіх здольнасцяў) Бог адарыў незвычайнаю прыгажосцю, мастацкімі талентамі, выключным дынамізмам і актыўнасцю – Юлія, у законе Уршуля Ледухоўская. Яе жыццё не ішло пратаптанымі сцежкамі. Нарадзілася яна ў Аўстрыі, на чужыне знаёмілася з карэннямі свайго роду і там вучылася любіць айчыну свайго бацькі. Традыцыі роду Ледухоўскіх, якія падтрымліваліся на працягу пяці стагоддзяў, сімвалізавала сентэнцыя на гербавым шчыце: Avorum respice mores («Глядзі на звычаі продкаў»). Гэта родавае пасланне і своеасаблівы запавет, які перадаваўся з пакалення ў пакаленне, пакінуў знамянальны і глыбокі след таксама і ў яе жыцці. Было яно напоўнена любоўю да Бога і Айчыны. Гэтыя дзве рэаліі сталі мэтаю яе працы і ахвяраў. Верная Богу і ўсёй сілай адданая Айчыне, яна зрабіла сябе дарам для ўсіх. Не было для яе большых каштоўнасцяў чым тыя, якім прысвяціла сябе, беручы прыклад са сваіх продкаў.

Варта прыгадаць, што 20 чэрвеня 1983 года ў Познані Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас другой пілігрымкі на радзіму ўключыў Уршулю Ледухоўску ў шэраг тых, чыю гераічную любоў пацвердзіў Касцёл сваім аўтарытэтам. 18 мая гэтага года ў Рыме Ян Павел ІІ абвясціў усяму свету, што святое жыццё Уршулі Ледухоўскай будзе з гэтага часу ўзорам для ўсяго паўсюднага Касцёла, яно заззяе радасным шляхам да неба, па якім можа пайсці кожны з нас, наследуючы тую, якая ніколі не выпускала з поля зроку Хрыста.

Уршуля прайшла паў-Еўропы, ад Кракава да Пецярбурга, і далей праз Фінляндыю, Швецыю, Нарвегію, Данію, каб у 1920 годзе вярнуцца ў свабодную Польшчу, а пасля яшчэ вырушыць у Францыю і Італію. Яна сустракалася з святарамі, кардыналамі, біскупамі, прымала ў сябе міністраў, дыпламатаў, генералаў, была здольная размаўляць з людзьмі знатнымі і ўбогімі. Прамаўляла ў салонах і тэатрах, у бедных школьных пакоях і ў бедных хатах. Ва ўсіх сваіх пачынаннях яна кіравалася толькі любоўю да Бога і да чалавека. (...) Бог быў мэтаю яе жыцця. Гэтай мэце яна падпарадкавала ўсё. Прага святасці пранікала яе штодзённае жыццё і час святочнага адпачынку. Яна палала самаахвярнаю любоўю да Божага Сэрца. Маці Уршуля з’яўляецца прыкладам жанчыны вялікага і чулага сэрца. (...)

Уршуля Ледухоўская – святая, звычайная і простая. Яна нічога і ніколі не рабіла напаказ. Усё, што рабілася напаказ, яна адмаўляла. Яна ўмела захапляцца шэрай звычайнасцю. Умела дасягнуць глыбокіх пластоў аднастайнасці і здабыць з іх такую евангельскую пярліну, такі скарб, які прасвятляў, азараў звычайнасць. Штодзённасць была яе святыняю, хоць яна добра ведала і адчувала каштоўнасць малітвы каля табэрнакулюма. Святая ніколі не выпускала з віду перспектыву вечнасці, звышнатуральнае вымярэнне пранізвала яе штодзённае жыццё. З багажом радасці і болю яна тулілася да пасхалу перамогі, каб містэрыяй новага жыцця сілкаваць сваю душу і цела. З крыніцы канаючага і ўваскрослага Сэрца Езуса святая Уршуля Ледухоўская чэрпала сілу, якая была крыніцай апостальскага дынамізму, давала спакой і сілу для пераадольвання цяжкасцяў.

Усё сваё актыўнае і творчае жыццё св. Уршуля прысвяціла таму, каб уласнае існаванне, атрыманае ад шчодрага Даўцы, зрабіць евангельскаю пладароднаю глебаю. Яна з радасцю апрацоўвала гэту Божую ніву. Яе намаганні, падтрыманыя Божым благаславеннем, прынеслі вялікі плён. І цяпер яна таксама збірае шчодры плён ласкі.

Падрыхтавала І. Л.