лепшы верш і лепшая песня, прысвечаныя Маці Божай Будслаўскай

* * *
Маці Божая Будслаўска,
Паратункам будзь для нас,
І надзеяй, і прытулкам —
Не пакінь у цяжкі час.
У гэтым свеце многа злога,
Многа крыўды і граху.
Памажы нам, Маці Бога,
Не сыходзіць са шляху.
Ты для нас — любоў без межаў.
Будзь жа з намі да канца.
Жыць у шчасці будзем вечным
Толькі з верай у Айца.

Аксана Супранёнак,
в. Параф’янава
Докшыцкага раёна.

КРЫЖЫ БУДСЛАВА
Святыня Будслава! Ты бачна здалёку,
Крыжы свае ўзнесла да светлых аблокаў,
Прайшла праз стагоддзі ты цяжкай дарогай,
Ратуючы люд беларускі ад злога.

Аб сцены твае білі злосныя хвалі,
І праўду тваю ад народа хавалі,
І люд твой стагнаў пад нячыстаю сілай,
І чорнай касой смерць ахвяры касіла.

Ды выжыла ты, зноў акрэпла ў надзеі,
І зніклі-прыціхлі твае ліхадзеі.
Сама сабе яміну злосніца рые.
А з храму даносіцца: «Ave Maria!»

З крыжоў тваіх бачна: па дальніх разлогах,
Па ціхіх сцяжынах, гасцінцах, дарогах
Цякуць і цякуць да цябе пілігрымкі,
Каб сэрцам прыпасці да Маці ў абдымкі.

Мы молімся шчыра Табе, Апякунка:
Ратуй нам Радзіму у злосных варунках,
Каб нашае веры не высахлі рэкі,
Табе аддаём свае сэрцы навекі!

Антон Бубала, г. Верхнядзвінск.

Свята Маці Божай Будслаўскай
Сіняе неба над родным краем,
Ліпеньскі ранак, сонца і кветкі.
Крочым у Будслаў, марым, спяваем,
Маці Будслаўская, мы — Твае дзеткі.

Свеціш вякамі з Будслаўскай святыні,
Ты — наша радасць, наша сумленне.
Табе прысвячаем жыцця далячыні,
Словаў малітвы — святое натхненне.

Прыгожая Панна з усмешкаю яснай,
Нас сустракаеш, як Маці, з пяшчотай,
Дорыш нам ласкі, мары здзяйсняеш,
Якія Табе давяраем употай.

Маці Божай Будслаўскай
Найсвяцейшая Маці Божая,
Ты пяшчотная, Ты прыгожая,
Суцяшальніца ўсіх засмучаных,
Сярод бедаў жыцця Ты пачуеш нас.
Свеціш з Будслава, зорка ясная,
Клічаш да сябе, Маці ласкава,
Супакоіш Ты сэрцы нашыя
І прылашчыш нас рукой Матчынай.
Ў сем’і нашыя нясеш супакой,
Сцеражэш наш край ад бяды ліхой,
Незямной красы Панна слаўная,
Цябе ў Будславе праслаўляем мы
Прывітана будзь цэлым светам Ты,
Ў Валадарства Божае нас усіх вядзі.

Генавэфа Дубіловіч,
в. Муляры Пастаўскага р-на.

ДА СВЯТОЙ МАЦІ БОЖАЙ БУДСЛАЎСКАЙ
Святая Марыя, Будслаўская Маці,
Ты ў небе, а думкі пра нас на зямлі.
Дазволь прад Табою даверліва стаці,
Каб выказаць просьбы й падзяку маглі.

Даброт нам так многа Айцец даў Нябесны,
Каб толькі ўсё гэта маглі мы цаніць.
І жыць на зямлі нам, здаецца, не цесна,
Адно аднаго навучыцца б любіць.

Расплюшчы ж нам вочы, Нябесная Маці,
Убачыць, якая наўкол прыгажосць,
Каб жыць нам у згодзе, век войнаў не знаці,
Каб сеяць у сэрцах любоў, а не злосць.

Яшчэ аб здароўі мы просім ласкава,
Каб нашае цела магло нам служыць,
Прытулкам для духу здаровага стала,
Каб хлеб наш надзённы у працы здабыць.

Ідзём да Цябе, Найсвяцейшая Маці,
З любоўю, з паклонам да самай зямлі.
Не дай нашым душам у цемры прапасці,
Апекай сваёй, як плашчом, атулі.

Яўгенія Барысёнак, г. Полацк.

* * *
Да Цябе, Маці, у Будслаў мы крочым.
Гэтай нялёгкай дарогай ідзём.
За ўсё падзяку ўзнесці мы хочам,
Чыстыя сэрцы Табе мы нясём.
Шлях пілігрымкі нялёгкім бывае,
Але з пакорай да Цябе мы ідзём.
Ведаем — Маці там нас чакае,
Дзеля Цябе ўсе цярпенні знясём.
Ты ад ўсялякага ліха благога
Нас уратуеш, укрыеш плашчом.
Свае малітвы узносім да Бога.
Шчырыя словы ільюцца дажджом.
Ты, о Марыя, найлепшая Мама.
І сама шчыра любіш Ты нас.
Ты, о Марыя, да неба Брама.
З намі ты будзеш у кожны час!

Вольга Базюк, г. Астравец.

* * *
Я помню дарогу.
Пад ліпеньскім спелым сонцам
Ішла да Цябе праз кіламетры поту.
У моманце часу
Здаваўся мой шлях бясконцым,
Але ён кароткі —
Я ўсё зразумела потым.
Я помню дарогу.
Шалёная стома цела
Душу узнімала над згубай штодзённай багны.
Крыжом свайго Сына
Ты смагу спатоліць хацела —
Крыніцай была Ты,
А я пілігрымам прагным.
Я помню дарогу,
Дзе мерала кожным крокам
Уласную веру, уласную моц і волю.
І вежы Будслава
Віднеліся мне здалёку.
А вобраз Твой, Маці,
Мне шлях асвятляў і долю.

Алена Шыпіла,
в. Дворнава Шаркаўшчынскага р-на.