Люблю пісаць вершы
Бо станаўлюся сабою
Бо станаўлюся жывым –
у жыцці – насамрэч.

У любові
Ў каханні
Ўсё-ткі жыве Бог
У цяпле далоні
У абдымках
У пацалунку
Ўсё-ткі... жыве...

Цябе ўжо няма
Ты ў засьвеце падобна
І засталіся толькі пытанні
Як? Чаму? І навошта?
І будзем заўсёды пытацца
А Ты застанешся нязменным
У нашых пытаннях
Чаму і навошта?
І жыццё без Цябе
І так дзіўна з Табою...

Ноч мая цёмная
Табою атулены
Ноч мая вечных просьбаў
Ноч поўная мараў і сноў
Ноч нясуджаная
Цёплая і водарная
Ноч мая найвярнейшая.

Любоў жыве ў чалавеку
Заўсёды
Так як нянавісць і боль
Толькі чуемся часам
Паміж гэтым усім
А часам над гэтым
І тады губляемся
І ў няпэўнасці
бяжым да святла
чалавечнасці.

Маю Цябе схаванага
Глыбока ў сабе
Як у маці ва ўлонні дзіцятка
Нашу Цябе ў сабе
І толькі не разумею
Навошта Цябе нашу
Паколькі Ты для мяне
Непамерна вялікі.

Так Цябе люблю
Мой свеце маленькі
Што мяне трымаеш
Так люблю тваё неба зменлівае
Як душа чалавека
І кожны камень
І кожнае дрэва
Кроплю дажджу
І сняжынкі
І за тое яшчэ
Люблю Цябе мой свеце вялікі
Што атуляеш мяне сабою!

Вакол мяне толькі ціша
І спакой
Пахмурнае неба
Мора збожжа
шчэбет птушак
І цёмны лес
І я сам пасярод
Гэтай цішы і бзычэння жамярыц
Аплецены тугою
Свайго суцяшэння.

Пытаўся шмат разоў
І мовіў шмат разоў
А адказам заўсёды
быў халодны позірк
і раўнадушша
і потым нічога ўжо не было
Ані ўсмешкі
Ані далоні
Засталася толькі
Пакута
Параненай
Словам душы
І толькі ціша.

Ціша
Годнасць
Страх
Птушка
Свечка
Званок
Кадзіла
Пыльная дарога
Сонца
Збожжа
Порткі
Заплечнік
То мой вобраз з дзяцінства
Калі быў на пачатку шляху
Шукання Цябе Божа
І дзесьці Цябе згубіў
Знайдзі мяне прашу
і прытулі як тады.

Люблю глядзець у неба
І не бачыць там Цябе
Але ведаць што Ты існуеш там
Люблю слухаць вецер і думаць што гэта Ты
Шэпчаш мне часам крычыш
Люблю калі асляпляеш мяне сваім праменнем
Залацістым і яснець з Табою
Люблю глядзецца ў ваду
І ў кроплях дажджу бачыць Твае слёзы
Божа які ёсць з намі

Хачу занатаваць жыццё
І не ўмею
Заўсёды ад мяне штосьці ўслізгвае
А можа гэта я сам ціхутка
Праслізгваю праз яго пакоі
Светлыя і шэрыя?

Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч