Баннер
   
XXIV Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні

Сёлетні, XXIV Сусветны дзень моладзі праходзіў на дыяцэзіяльным узроўні, як гэта традыцыйна адбываецца, у Пальмовую нядзелю. Аднак у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ён быў адзначаны дыяцэзіяльным чуваннем моладзі ў ноч з 18 на 19 красавіка, у вігілію свята Божай Міласэрнасці. Такім чынам менавіта моладзь распачала перэгрынацыю абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі па парафіях архідыяцэзіі.

З нагоды XXIV Сусветны дзень моладзі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI звярнуўся да маладых людзей усяго свету са спецыяльным пасланнем, назваю якога сталі словы з Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея «Мы ўсклалі надзею на Бога жывога». Гэты дыяцэзіяльны дзень моладзі з’яўляецца этапам у падрыхтоўцы да Сусветнага дня моладзі, што пройдзе ў 2011 годзе ў сталіцы Іспаніі Мадрыдзе, тэмаю якога стануць наступныя словы святога Паўла: «Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, умацаваныя вераю» (пар. Клс 2, 7).

У сваім пасланні да моладзі Святы Айцец называе маладосць «часам надзеі». «Пытанне надзеі знаходзіцца ў цэнтры нашага жыцця і нашага хрысціянскага пасланніцтва, перадусім у сённяшні час. Мы ўсе адчуваем патрэбу ў надзеі, але не нейкай надзеі, а надзеі трывалай і годнай даверу, як я гэта падкрэсліў у энцыкліцы Spe salvi. Маладосць асаблівым чынам з’яўляецца часам надзеі, бо глядзіць у будучыню з вялікімі чаканнямі. Калі чалавек малады, ён выношвае пэўныя ідэалы, мары і планы; маладосць — гэта час, калі наспяваюць выбары, што вызначаюць далейшае жыццё. І таму, магчыма, гэта таксама перыяд, калі найбольш востра перад чалавекам паўстаюць асабліва важныя пытанні: навошта я жыву на зямлі? У чым сэнс жыцця? Што будзе далей з маім жыццём? А акрамя таго, як дасягнуць шчасця? Навошта ёсць цярпенне, хваробы і смерць? Што будзе пасля смерці? Пытанні, на якія трэба чым хутчэй адказаць, калі даводзіцца сутыкнуцца з цяжкасцямі, што часам здаюцца непераадольнымі: праблемы ў вучобе, адсутнасць працы, непаразуменні ў сям’і, крызіс у сяброўскіх адносінах і ў пабудове ўзаемаразумення ў шлюбе, хваробы і недзеяздольнасць, недахоп неабходных сродкаў, што з’яўляецца наступствам шырокага эканамічнага і грамадскага крызісу. Таму паўстае пытанне: як у сэрцы распаліць і падтрымліваць агеньчык надзеі?»

Сведкам надзеі Папа называе святога апостала Паўла, які заклікае ўскласці надзею на Бога жывога. «Жывы Бог» — гэта ўваскрослы і прысутны ў свеце Хрыстус. Такім чынам, для Паўла надзея — гэта не проста нейкі ідэал ці пачуццё, а жывая асоба. «Як аднойчы Езус сустрэў маладога Паўла, гэтак жадае Ён сустрэць і кожнага з вас, дарагая моладзь. Яшчэ да таго, як гэтая сустрэча стане нашым жаданнем, яна ўжо з’яўляецца жывым жаданнем Хрыста». На магчымае пытанне маладых людзей пра тое, дзе сёння можна сустрэць Хрыста, Святы Айцец адказвае, што менавіта «трывалая малітва адкрывае сэрца, каб Яго прыняць». Таму Бэнэдыкт XVI заклікае моладзь даць месца малітве ў сваім жыцці, браць удзел у рэлігійных групах і рухах, удзельнічаць у Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах. Каб паступаць у адпаведнасці з хрысціянскай надзеяй, Папа заклікае сведчыць пра Уваскрослага Хрыста сярод равеснікаў: «Калі Хрыстус стаў вашаю надзеяй, паведамце пра гэта таксама іншым вашаю радасцю і вашаю духоўнаю, апостальскаю і грамадскаю актыўнасцю». Прыкладам такога шляху апостальскага жыцця для моладзі павінен стаць святы Павел, а спадарожнічае на ім Найсвяцейшая Панна, Маці Надзеі. «Тая, якая ўцелавіла спадзяванні Ізраэля, якая дала свету Збаўцу і засталася непахіснаю ў надзеі ля падножжа крыжа, з’яўляецца для нас узорам і падтрымкаю», — піша ў завяршэнні свайго паслання Папа.

Поўны тэкст паслання Бэнэдыкта XVI на XXIV Сусветны дзень моладзі на польскай мове можна прачытаць на тут>>>

 
Паказаць поўны тэкст