ІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа» адбылася 6–7 мая 2009 г. у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы — ў межах дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006–2010 гг. «Эканомікі і грамадства». Арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У гэтым годзе гісторыкі з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы абмяркоўвалі праблему канфесійнай трансфармацыі ў Беларусі ў XVI–XIX стст.
«Вывучэнне гісторыі хрысціянскіх інстытутаў у Беларусі з’яўляецца традыцыйным навуковым кірункам гродзенскай школы гісторыкаў», — адзначыла Святлана Мароз, загадчык кафедры гісторыі Беларусі. І дадала, што «без вывучэння гісторыі рэлігіі немагчыма зразумець гістарычную, культурную, нацыянальную спецыфіку Беларусі; рэлігія ў шматлікім прадвызначала і фарміравала менталітэт эпохаў, арганізоўвала знешняе і ўнутранае жыццё асобы і грамадства, і менавіта Царква з’яўлялася важнейшым інстытутам культуры і фактарам станаўлення дзяржаўнасці».

