Баннер
   
Аd limina Apostolorum

Хроніка афіцыйнага візіту біскупаў Беларусі ў Апостальскую Сталіцу

З 11 па 17 снежня прайшоў трэці візіт Аd limina Apostolorum (да Апостальскіх парогаў) каталіцкіх біскупаў Беларусі ў Апостальскую Сталіцу.

Падобныя візіты адбываюцца з перыядычнасцю раз у пяць гадоў (у сувязі са зменаю Папы паміж папярэднім і гэтым візітам беларускага епіскапату ў Рым прайшло крыху больш часу) і з’яўляюцца своеасаблівай справаздачай, якую біскупы таго ці іншага мясцовага Касцёла прадстаўляюць Святому Айцу. Асноўнымі момантамі гэтага візіту сталі дзве сустрэчы са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI: кожнаму біскупу Папа ўдзяліў прыватную аўдыенцыю, а на заканчэнне сустрэўся з усімі іерархамі.

Падчас свайго знаходжання ў Вечным Горадзе біскупы па традыцыі канцэлебравалі святыя Імшы ў чатырох вялікіх рымскіх базыліках: святога Пятра, святога Яна на Латэране, святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore) і святога Паўла за Мурамі. Беларускія іерархі наведалі таксама ватыканскія міністэрствы і ведамствы — Кангрэгацыі і Папскія рады, — дзе падрабязна прадставілі сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

11 снежня біскупы сустрэліся з праграмным дырэктарам радыё Ватыкана а. Анджэем Капроўскім і іншымі супрацоўнікамі радыёстанцыі, якая на розных мовах даносіць голас Святога Айца ва ўсе куточкі зямлі. Падчас сустрэчы быў абмеркаваны шэраг працоўных пытанняў, прычым прадстаўнікі радыё Ватыкана выказалі надзею на больш цеснае супрацоўніцтва са СМІ Касцёла на Беларусі.

Афіцыйная праграма візіту распачалася 12 снежня святой Імшой, якую беларускія біскупы цэлебравалі ў Ватыканскім гроце на алтары, дзе спачываюць рэліквіі святога апостала Пятра. Эўхарыстыю ўзначаліў старэйшы каталіцкі іерарх Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк. Пасля супольнай малітвы біскупы наведалі шэраг кангрэгацый. Сустрэчы ў кожнай з іх працягваліся каля гадзіны.

Першай кангрэгацыяй, якую наведалі беларускія іерархі, была Кангрэгацыя па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. У размове з кіраўніцтвам кангрэгацыі была падкрэслена неабходнасць праходжання кандыдатамі манаскай фармацыі менавіта ў Беларусі, а не за мяжой. Размова таксама ішла пра магчымасць стварэння ў нашай краіне духоўнай семінарыі, дзе б навучаліся і праходзілі фармацыю кандыдаты з розных манаскіх ордэнаў. Наступным ведамствам, у якім пабывалі біскупы, стала Кангрэгацыя па справах духавенства. Кіраўніцтва гэтай кангрэгацыі выказала ўдзячнасць беларускім святарам і вернікам за прыклад і сведчанне веры ў часы пераследу. Кіраўніцтва Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі засяродзіла ўвагу на пытанні адукацыі мясцовых выкладчыкаў семінарый і далучэнні гэтых навучальных установаў да універсітэтаў, перш за ўсё рымскіх.

13 снежня Казімір Свёнтэк наведаў свой тытулярны касцёл, які ў Вечным Горадзе мае кожны кардынал, — парафію святога Джэрардо Маелла ў новым мікрараёне Рыма, дзе ўзначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі.

Трэці дзень візіту, 14 снежня, беларускія біскупы распачалі з наведвання Папскай рады па сродках сацыяльнай камунікацыі. Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Рады іерархі нашай краіны пазнаёміліся з самымі сучаснымі дасягненнямі ў галіне камунікацыі. Было адзначана, што для паспяховага развіцця Касцёла ў наш час неабходна нанава адкрыць значэнне СМІ, якія дапамогуць не толькі захаваць веру ў сучасных абставінах глабалізацыі, але і з новай энергіяй абвяшчаць Евангелле.

У той жа дзень Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў прыватныя аўдыенцыі арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму Тадэвушу Кандрусевічу, дапаможнаму біскупу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонію Дзям’янку, Апостальскаму адміністратару Пінскай дыяцэзіі кардыналу Казіміру Свёнтку, дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі Казіміру Велікасельцу і Гродзенскаму біскупу Аляксандру Кашкевічу.

Сустрэча беларускіх біскупаў са Святым Айцом прайшла ў шчырай і сардэчнай атмасферы. Бэнэдыкт XVI даў станоўчую ацэнку перспектывам развіцця Касцёла ў нашай краіне і з вялікім задавальненнем прыняў вестку пра пазітыўнае развіццё адносінаў з Праваслаўнаю Царквою і грамадскасцю.

15 снежня біскупы Беларусі наведалі Кангрэгацыю веравучэння. Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі гэтага ведамства тэмай абмеркавання стала неперарваная традыцыя веры на Беларусі, якую ўдалося не толькі захаваць у часы пераследу, але і перадаць новым пакаленням. Разам з тым кіраўніцтва кангрэгацыі выказала занепакоенасць значнай колькасцю разводаў і абортаў у нашай краіне, а таксама ўсё большай папулярнасцю штучнага апладнення, што супярэчыць веравучэнню Каталіцкага Касцёла. Кіраўніцтвам Кангрэгацыі па справах біскупаў было выказана пажаданне развіваць адукацыю ў семінарыях і душпастырства пакліканняў. Адбылася таксама сустрэча беларускіх іерархаў з прадстаўнікамі Кангрэгацыі па справах Усходніх Цэркваў, якія выказалі пажаданне развіцця Грэка-каталіцкай супольнасці ў Беларусі ў цесным супрацоўніцтве з Касцёлам лацінскага, альбо рымскага, абраду. Потым біскупы наведалі Папскую раду па справах свецкіх і Папскую раду па справах сям’і. У першым ведамстве былі прадстаўлены ініцыятывы Касцёла ў Беларусі па фармацыі свецкіх. Падчас сустрэчы было падкрэслена, што Касцёл у нашай краіне сёння знаходзіцца на пераходным этапе ад абароны веры да пошуку новых шляхоў да чалавека ў сучасных абставінах. Прадстаўнікі Папскай рады па справах сям’і выказалі занепакоенасць няпростай сітуацыяй сям’і ў Беларусі і разам з тым дала станоўчую ацэнку душпастырству сем’яў у нашай краіне, а перш за ўсё — праграме падрыхтоўкі да сужэнства і працы з маладымі сем’ямі.

16 снежня біскупы Беларусі наведалі Кангрэгацыю Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, кіраўніцтва якой высока ацаніла працу Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ. У сувязі з полілінгвізмам католікаў у Беларусі было падкрэслена, што трэба імкнуцца да таго, каб забяспечыць адпаведную цэлебрацю набажэнстваў на мовах, якімі карыстаюцца вернікі. Потым біскупы сустрэліся з прадстаўнікамі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Кіраўніцтва рады з задавальненнем адзначыла добры стан экуменічных адносінаў у Беларусі. Пасля іерархі наведалі Найвышэйшы трыбунал Апостальскай сігнатуры. Кіраўніцта трыбуналу станоўча ацаніла дзейнасць касцёльных судоў у Мінску і Гродне, разам з тым адзначыўшы, якія пытанні яшчэ патрабуюць удасканалення.

Шосты дзень візіту аd limina беларускіх біскупаў у Апостальскую Сталіцу стаў апошнім. 17 снежня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў прыватныя аўдыенцыі біскупу Віцебскаму Уладзіславу Бліну і Апостальскаму Візітатару для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыту Сяргею Гаеку, а пасля адбылася аўдыенцыя для ўсіх біскупаў, падчас якой прадстаўнікі епіскапату Беларусі афіцыйна запрасілі Папу наведаць нашу краіну. Нагадаем, што падобнае запрашэнне ўжо паступіла ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Падчас аўдыенцыі Святы Айцец звярнуўся да беларускіх біскупаў з прамоваю, якая павінна стаць прадметам глыбокага разважання усіх католікаў нашай краіны і падмуркам пастырскай праграмы Каталіцкага Касцёла на Беларусі ў бліжэйшай перспектыве. (Тэкст прамовы Папы Бэнэдыкта XVI  на с. 5.)

Папа таксама падкрэсліў важнасць сёлетняй сустрэчы з Прэзідэнтам Лукашэнкам, падчас якой было праяўлена імкненне абодвух бакоў заключыць афіцыйнае пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам. Святы Айцец яшчэ раз запэўніў у тым, што Апостальская Сталіца гатовая супрацоўнічаць з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі дзеля вырашэння пытанняў, важных для абодвух бакоў, якія будуць спрыяць дабру ўсіх беларускіх грамадзянаў. Напрыканцы аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI удзяліў апостальскае благаслаўленне біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам нашай краіны, паабяцаўшы нястомна маліцца за беларускі народ.

Ход візіту беларускага епіскапату Аd limina Apostolorum падрабязна асвятляўся ў інтэрнэце на афіцыйнай старонцы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі catholic.by.

 
Паказаць поўны тэкст