Баннер
   
Біскуп Уладзіслаў Блін залічаны ў сябры марыянаў

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у капліцы Генеральнага дома айцоў марыянаў у Рыме біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін быў прыняты ў Закон айцоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі як vir aggregatus — залічаны ў сябры. У прысутнасці Генеральнага настаяцеля Закона кс. Яна Мікалая Рокаша MIC біскуп Блін даў абяцанне выконваць абавязкі, пералічаныя ў канстытуцыі Закона, і кіравацца духоўнымі прынцыпамі марыянаў у сваім служэнні.

Прыняцце Віцебскага біскупа ў марыянскую супольнасць было прымеркавана да заканчэння святкавання 100-гадовага юбілею адраджэння Закона айцоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, здзейсненага благаслаўлёным біскупам Юрыем Матулевічам-Матулайцісам.

На падставе ўласнага манаскага права, Закон марыянаў прымае ў сваю супольнасць людзей, якія прагнуць духоўна далучыцца да рэалізацыі місіі гэтай законнай супольнасці ў Касцёле. Яны атрымліваюць статус залічанага ў сябры і ўдзельнічаюць у малітве і працы супольнасці. Да іх абавязкаў, згодна з харызмай закону, належыць, між іншым, распаўсюджванне асаблівага ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай, а таксама шчырая малітва за душы, якія знаходзяцца ў чыстцы.

Па словах біскупа Уладзіслава Бліна, яго святарскае пакліканне сфармавалася дзякуючы менавіта служэнню марыянаў: санктуарый Маці Божай у Ліхэні (Польшча), да якога будучы іерарх з маленства хадзіў ў пілігрымку з недалёкага Слесіна, быў месцам яго духоўнага ўзрастання.

Ужо 10 гадоў Уладзіслаў Блін з’яўляецца біскупам Віцебскай дыяцэзіі, на тэрыторыі якой, у Друі, знаходзіцца першы кляштар беларускіх марыянаў, заснаваны ў 1923 г. благаслаўлёным біскупам Юрыем Матулевічам-Матулайцісам, аднавіцелем Закона. На тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі знаходзіцца таксама санктуарый айцоў марыянаў у Росіцы — на месцы, дзе ў 1943 г. бласлаўлёныя а. Антон Ляшчэвіч і а. Юрый Кaшыра прынялі пакутніцкую смерць, несучы пастырскае служэнне і дапамагаючы вернікам падчас вайны.

 
Паказаць поўны тэкст