Баннер
   
Бэтлеемскі агонь асвятляе шлях маладым

19 снежня ў мінскую архікатэдру Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе праходзіла традыцыйнае адвэнтавае чуванне моладзі з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прыбыў агонь з Бэтлеема. А 9-й гадзіне ўвечары, калі чуванне распачалося святою Імшою, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, адбылося ўрачыстае ўнясенне агню ў святыню. У прывітальным слове, якое архіпастыр скіраваў да маладых вернікаў, ён нагадаў, што «гэты агонь быў запалены там, дзе сапраўднае святло прыйшло ў свет».

«Тое, што Бэтлеемскі агонь перадаецца з адной краіны ў другую, з’яўляецца сімвалам таго, што Хрыстус яднае ўсіх людзей у адну хрысціянскую сям’ю, — адзначыў арцыбіскуп. — Няхай гэты агонь як сімвал Езуса Хрыста, адзінага Збаўцы, падчас сённяшняй малітоўнай сустрэчы, а таксама кожны дзень дапамагае нам дакрануцца да Збаўцы, а мы дазволім Яму асвятліць нашае жыццё, каб кожны з нас быў святлом, якое свеціць у цемры нашых дзён».

У сваёй гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў да плённага перажывання апошняга тыдня Адвэнту, каб здолець адкрыць дзверы свайго сэрца Хрысту, які народзіцца. «Часам у нашым хрысціянскім жыцці мы шукаем рэчаў, якія прывабліваюць нас прыгожай упакоўкай, але забываемся, што ўвагу неабходна звяртаць на змест», — падкрэсліў арцыбіскуп. Напрыканцы літургіі ён падзякаваў беларускім скаўтам, дзякуючы якім у Мінск быў дастаўлены агонь з Бэтлеема.

Пасля святой Імшы адбылася сустрэча Мітрапаліта з моладдзю, падчас якой удзельнікі чування абмяняліся добрымі пажаданнямі і падзяліліся аплаткай.

 
Паказаць поўны тэкст