Баннер
   
20-годдзе аднаўлення дзейнасці кармэлітаў босых у Беларусі

20 снежня ў парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбыўся сімпозіум «Духоўная скарбніца Кармэля ў дзейнасці яго дзяцей», прымеркаваны да 20-годдзя аднаўлення дзейнасці кармэлітаў босых у Беларусі і аднаўлення набажэнстваў у мядзельскім касцёла Маці Божай Шкаплернай.

Сімпозіум адкрыў прывітальным словам пробашч парафіі а. Павел Ляліта OCD, а цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў віцэ-правінцыял Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых а. Мар’ян Станкевіч OCD (Польшча). Пасля Імшы а. Раман Новак OCD прадставіў даклад на тэму: «Гісторыя, духоўнасць і харызма Кармэлю». Потым з дакладам на тэму «Дзейнасць кармэлітаў босых у Беларусі ў 1989–2009 гг.» выступіў а. Аркадзь Куляха OCD, духоўны айцец навучэнцаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Апоўдні распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой дзеці і моладзь парафіі ў Мядзелі дзякавалі Богу за тое, што было зроблена кармэлітамі за 20 год дзейнасці ў нашай краіне, а таксама прасілі благаслаўлення на іх далейшы шлях.

Пасля адарацыі ўдзельнікі святкавання сустрэлі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які прыбыў у Мядзел, каб падзяліць радасць свята з кармэлітамі і парафіянамі. Архіпастыр узначаліў урачыстую Эўхарыстыю падзякі за дар юбілею. Мітрапаліт узгадаў у гаміліі жах «атэістычнага палігону», які некалі панаваў на нашай зямлі, і падкрэсліў цудадзейнасць Божага Провіду і ласкі, якая нават самы жахлівы палігон зла можа ператварыць у аазіс духоўнага жыцця. Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на ролю кармэліцкага паклікання ў жыцці Касцёла на Беларусі, а таксама выказаў словы ўдзячнасці манахам і манахіням ордэна за вялікі ўнёсак у будаўніцтва Божага Валадарства ў нашай Айчыне праз малітву, катэхізацыю, удзяленне сакрамэнтаў і сведчанне веры.

 
Паказаць поўны тэкст