Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(10)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да юбілею 2000 Года

«НАПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА...»
Кантакты

Біблія

КНІГА, РОЎНАЯ СУСВЕТУ
Мастацтва

«І НАРАДЗІЛА СЫНА СВАЙГО...»
Нашы святыні

ФАТОГРАФ І ДАСЛЕДЧЫК
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Проза

QUO VADIS
Культура

ГОСЦЯ З ІНШАГА СВЕТУ

ВЫСТУПЛЕННІ НА ПРЭСКАНФЕРЭНЦЫІ Ў ФРАЙЗІНГУ

На здымку: а.Хіленгас, кардынал Мэйснэр, Т.Мазавецкі і інш.
Айцец Ойген ХІЛЕНГАС SJ
Выканаўчы дырэктар «Renovabis»

Вось ужо ў трэці раз «Renovabis» праводзіць міжнародны кангрэс. Я рады, што за такі кароткі час кангрэс ператварыўся не толькі ў форум, які добра наведваецца, але і ў прызнаны форум спецыялістаў.

Пазітыўнае развіццё ў першую чаргу адлюстроўваецца, безумоўна, у лічбах.

Упершыню мы пераадолелі мяжу ў 300 чалавек у складзе запрошаных гасцей. На ўдзел у канферэнцыі падалі заяўкі 340 прадстаўнікоў Царквы, палітычных і грамадскіх колаў - гэта на 80 чалавек больш, чым было ў мінулым годзе. Мы рады гэтаму росту цікавасці.

Удзельнікі прыехалі з 22 краінаў.

Кожны трэці ўдзельнік - з краінаў Цэнтральнай, Паўднёва-Усходняй і Усходняй Еўропы.

Яшчэ адна выдатная тэндэнцыя: з Усходняй Еўропы да нас прыехалі не толькі рэферэнты і ўдзельнікі, але і ў значнай ступені вашыя калегі з прэсы. У газетах і часопісах, па радыё і тэлебачанні сваіх краінаў яны паведамяць пра кангрэс. Мы ўдзячныя Богу за тое, што ствараецца міжнародны форум, які праз сродкі масавай інфармацыі аказвае ўплыў на развіццё краінаў, з якімі мы працуем, і садзейнічае рэальнаму абмену думкамі.

Міжнародны склад удзельнікаў прапаноўвае аптымальныя ўмовы для правядзення кангрэса, які павінен стаць міжнароднай «платформай абмену». Павелічэнне колькасці ўдзельнікаў выразна сведчыць пра тое, што патрэба ў сустрэчах і дыялогу паміж людзьмі ў краінах Заходняй і Усходняй Еўропы па-ранейшаму вялікая. Гэтым кангрэсам «Renovabis» ажыццяўляе таксама важную рабочую задачу акцыі - і на інтэлектуальным узроўні таксама - устанаўленне дыялогу паміж Захадам і Усходам і паміж Усходам і Захадам.

Сваім кангрэсам «Renovabis» рады задаволіць гэтую патрэбу і жадае даць удзельнікам гэтую магчымасць для абмену думкамі і сумеснага дыялогу. Да паловы дня ў суботу падчас дакладаў, подыумных дыскусіяў, размоваў за круглым сталом і ў рабочых групах мы будзем абмяркоўваць тэму цяперашняга кангрэса: «Час пераменаў: як хрысціяне пераўтвараюць Еўропу?»

У гэтыя дні спаўняюцца гадавіны тых падзеяў, якія вызвалілі шлях для збліжэння і аб'яднання Еўропы. І вось, праз 10 гадоў, мы знаходзімся ў цэнтры гэтага еўрапейскага працэсу аб'яднання.

Мы, заходнія еўрапейцы, 50 гадоў жылі ў свабодзе, дэмакратыі і дастатку. Людзі ў Цэнтральнай, Паўднёва-Усходняй і Усходняй Еўропе 50 гадоў, а то і больш, чакалі гэтага. Таму ў гэтым ім не павінна быць адмоўлена. Доўгатэрміновая інтэграцыя краінаў Цэнтральнай, Паўднёва-Усходняй і Усходняй Еўропы павінна па-ранейшаму заставацца важнай мэтай, калі неабходна, каб еўрапейскі дом быў стабільным.

Аднак трэба казаць не толькі пра стратэгіі, рынкі і валюту. Безумоўна, аб'яднанне Еўропы - гэта таксама пытанне грошай, аднак менавіта «таксама». Перш за ўсё, гэта пытанне духу. Працэс пераўтварэнняў у галовах людзей адбываецца марудна. Але менавіта для хрысціянаў гэта ўяўляе сабой асаблівае выпрабаванне і шанц.

Хрысціянская вера аб'ядноўвае людзей і народы і садзейнічае дыялогу. З усведамлення гэтай ідэі можа вырасці партнёрства - жывое хрысціянскае партнёрства. Мне хацелася б, каб слова «партнёрства» стала ключавым для Еўропы ў ХХІ стагоддзі.

Нямецкія католікі вельмі рана зразумелі гэта і падтрымліваюць акцыю салідарнасці немцаў-католікаў з часу яе ўзнікнення, і мы ўдзячныя ім за гэта. Год за годам пры дапамозе сродкаў з падаткаў на Касцёл, штодзённага збору добраахвотных узносаў на Тройцу і за кошт ахвяраванняў нам удаецца аказваць прамую дапамогу ў 27-і цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх краінах. З 1993 года нямецкія католікі праз акцыю «Renovabis» сабралі каля 270 мільёнаў нямецкіх марак для больш чым 4.800 пастырскіх сацыяльна-творчых праектаў, скіраваных на палітыку развіцця.

Многія праекты «Renovabis» робяць магчымымі кантакты і сустрэчы паміж людзьмі. Пры гэтым яны, напрыклад, знаёмяцца з невядомымі ім дагэтуль культурамі, вучацца ставіцца да іх з павагай, а таксама разумець іх - альбо хаця б быць талерантнымі ў адносінах да іх. Менавіта прадстаўнікі краінаў Усходняй Еўропы ўпершыню на ўласным вопыце знаёмяцца з хрысціянскай супольнасцю.

У мінулым хрысціяне ў многіх месцах праяўлялі свой актыўны ўдзел. На кангрэсе вы зможаце атрымаць аб гэтым уяўленне: сёння вечарам і заўтра мы пагаворым аб мностве такіх прыкладаў, і вы, мае шаноўныя спадары і спадарыні, у якасці карэспандэнтаў прэсы, радыё і тэлебачання зможаце даведацца, што на працягу мінулых гадоў хрысціяне выступалі за грамадскую хрысціянскую салідарнасць.

Гэта замацоўвае ў нас надзею на тое, што хрысціяне і далей будуць удзельнічаць у будаванні будучыні тут, у Еўропе, і гэта мацуе нашую ўпэўненасць у тым, што гэтая будучыня Еўропы будзе і застанецца хрысціянскай.

Кардынал Ёахім МЭЙСНЭР
старшыня рады «Renovabis»

«Renovabis» папрасіў мяне выступіць на прэс-канферэнцыі на тэму мэтаў гэтага кангрэса.

«Час пераменаў» ці «Мяжа часоў» - гэтая гульня слоў сустракаецца сёння паўсюль. Той факт, што праз некалькі месяцаў надыдзе зусім асаблівы год, служыць падставай для шматлікіх меркаванняў і тлумачэнняў.

Калі кангрэс «Renovabis» закранае гэтую тэму, паўстае пытанне, ці сапраўды хрысціяне змянілі Еўропу і калі так, то як?

З часу т.зв. «пералому» - перыяду пераменаў і палітычных пераўтварэнняў у 1989 г. - прайшло ўжо 10 гадоў, наступствы ягоныя відавочныя і цяпер. У любых пераўтварэннях ёсць магчымасць надзеі, аднак яны хаваюць у сабе таксама і шмат расчараванняў, страхаў і небяспекі. Часам мне здаецца, што пасля падзення бачнай сцяны ў сэрцах многіх людзей была зноў узведзеная ўжо нябачная сцяна.

Эканамічнае аб'яднанне, па- сутнасці, прайшло хутка. Палітычнае расце паволі.

Сацыяльнае і культурнае - наадварот, яшчэ даволі цьмянае.

У часе прэсканферэнцыі
У цэлым мы адчуваем пэўны страх і нават агрэсію. Людзі, а ў іх ліку і хрысціяне, занепакоеныя, здаецца, тым, што ўвогуле згубілі веру. У той час як пасля пераменаў, якія адбыліся ва Усходняй Еўропе, атэізм страціў там сваё першапачатковае значэнне, на Захадзе і тут, у Германіі, таксама - адчуваецца, як расце ягоная роля.

Інакш немагчыма растлумачыць актуальныя працэсы і тэндэнцыі, якія адбываюцца ў сучасным свеце. У наш час Бог, здаецца, перастаў быць тэмаю для сур'ёзных разважанняў і выцеснены ў прыватную сферу. Як на Захадзе, так і на Усходзе Еўропы. Вось толькі некалькі прыкладаў.

Сродкі масавай інфармацыі паведамляюць нам пра карупцыю, «адмыццё» грошай, мафіёзных і да іх падобных структурах у краінах Усходняй Еўропы. Аднак не забывайцеся пра тое, што часта і ля дзвярэй нашага ўласнага дома пануюць бязладдзе і ашуканства, марнуюцца грашовыя сродкі. Не трэба абвінавачваць у такіх выпадках Усходнюю Еўропу і не заўважаць пры гэтым аналагічных фактаў у сваёй уласнай краіне.

Прынамсі, адрозненне паміж Усходам і Захадам не такое ўжо і вялікае, як аб гэтым пастаянна гаворыць прапаганда.

Нам здаецца, што ў нас мала прычынаў для надзеі на лепшае. Мы спакойна дазваляем расчараванню і страхам завалодаць сабой. Аднак ёсць прыкметы надзеі на пазітыўныя змены, над якімі нядаўна працавалі хрысціяне і якім у будучыні давядзецца прыняць у гэтым яшчэ большы ўдзел.

Падзенне «жалезнай заслоны» робіць магчымым устанаўленне прамога кантакту з цэнтральна- і ўсходнееўрапейскімі краінамі. Мы радуемся магчымасці без асобых праблемаў і цяжкасцяў падарожнічаць на Усход. Некалькі тыдняў таму я быў у Казахстане, а пасля ў Сібіры ці вось нядаўна сумесна з саветам святароў Кёльнскай архідыяцэзіі - у Літве. Штораз мы набывалі новыя ўражанні і вопыт, сустракалі шчырую гасціннасць.

Мы на Захадзе ахвотна знаёмімся з традыцыямі і разнастайнай культурай Усходу. З Усходу ж на Захад прыязджае па-ранейшаму невялікая колькасць турыстаў, паколькі большасць проста не ў стане сабе гэта дазволіць. (...)

Еўрапейскі працэс аб'яднання паскараецца шляхам увядзення адзінай валюты. Гэта нясе ў сабе як пэўны шанц, так і небяспеку. Гегемонія фінансавай эканомікі можа паслужыць прычынай для новага падзелу Еўропы: краіны са стабільнай валютай і краіны - менавіта на Усходзе - грашыма, якія не канвертуюцца. Але валютны саюз можа таксама стаць шанцам для лепшай стабілізацыі і забеспячэння эканамічнага развіцця ў глабальным маштабе. У якасці інструмента абмену крок за крокам ён можа прывесці да прагрэсу, які неабходны для пастаноўкі надзённых і асноўных задачаў.

Аднак пры гэтым мне здаецца, варта задумацца над тым фактам, што ўсё больш палітыкаў не маюць фактычнай сувязі з Касцёлам і хрысціянствам. І гэта зусім не служыць гарантам захавання хрысціянскіх каштоўнасцяў.

За мінулыя гады людзі ва Усходняй Еўропе былі расчараваныя ў многіх сваіх спадзяваннях. Існавала ілюзія, што дэмакратыя прыйдзе адначасова з багаццем, дабрабытам і дастаткам. Замест гэтага тысячы людзей апынуліся ў беднасці. Толькі ў Расіі ў цяперашні час 60% насельніцтва жыве ніжэй за ўзровень беднасці. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу многіх хрысціянаў і хрысціянскіх дабрачынных таварыстваў былі арганізаваныя цэнтры сацыяльнай падтрымкі і бясплатнай раздачы ежы. Людзі вучацца браць на сябе адказнасць за жыццё іншых і аказваць сацыяльную дапамогу.

Менавіта ў царкоўнай сферы, дзякуючы адкрыццю межаў, сапраўды з'явілася магчымасць устанаўлення грамадскіх кантактаў. На разнастайных узроўнях стала рэальнай арганізацыя сумесных сустрэчаў у розных таварыствах, аб'яднаннях і саюзах, сустрэчаў партнёрскіх груп і проста сярод асобных людзей; асабліва гэта датычыцца работы з моладдзю. На з'ездах, канферэнцыях і кангрэсах, у рэшце рэшт, няма больш спецыяльна падабраных «ўзорнапаказальных» ці «фармальных» гасцей - на іх прысутнічаюць удзельнікі, якія адкрыта і беспакарана могуць выказваць сваё меркаванне.

Менавіта хрысціяне памятаюць пра сваю асаблівую адказнасць і дзейнічаюць у духу салідарнасці. Дапамога афрыканскім краінам, краінам Азіі і Лацінскай Амерыкі не мае аналагаў.

У многіх Цэрквах на Усходзе канстатуецца ўсплёск катэхізацыйнай і літургічнай актыўнасці. У некаторых краінах адкрываецца магчымасць для неаевангелізацыі, у іншых рост колькасці духоўных прафесіяў дае падставы для спадзяванняў. У Расіі ў г.Санкт-Пецярбурзе ў гэтым годзе на Тройцу ўпершыню з часоў Кастрычніцкага перавароту прынялі святарскія пасвячэнні каталіцкія святары. У касцёлах ізноў праводзяцца службы, і мы адзначаем рост колькасці тых, хто звярнуўся да рэлігіі і хрысціянскай веры - нават калі пры гэтым і не абыходзіцца без некаторых праблемаў.

Я прывёў прыклады, якія паказваюць, што здаровы рэалізм у поўнай ступені можа служыць саліднай, трывалай асновай для будучыні.

Падзел Еўропы пераадолены, і з гэтага часу мы павінны вучыцца ставіцца адзін да аднаго як партнёры ва ўмовах свабоды.

Будучыня патрабуе ўзаемнага абмену, супрацоўніцтва, узаемнага знаёмства і ўзаемнага даверу. (...)

Абмен і дыялог паміж прадстаўнікамі Касцёла, палітыкі і грамадства магчымы і на гэтым кангрэсе «Renovabis». Я жадаю вам удачы і, разам з тым, выказваю надзею, што гэты кангрэс дасць імпульсы для развіцця ідэй аб тым, як людзям стаць «памочнікамі надзеі» ў трэцім тысячагоддзі.

Тадэвуш МАЗАВЕЦКІ
экс прэм'ер-міністр Польшчы, старшыня Камісіі польскага парламента па пытаннях еўрапейскай інтэграцыі

Пераломны этап пачаўся ў Польшчы менавіта ў 1989 годзе, яшчэ да падзення сцяны. Перамены былі падрыхтаваныя і ажыццяўляліся пад уплывам руху «Салідарнасць». Ён абапіраўся на хрысціянскія каштоўнасці. Г.зн. палітычныя пераўтварэнні прайшлі без прымянення насілля - без усялякага кровапраліцця. Значэнне Касцёла і Папы Яна Паўла ІІ у развіцці гэтых працэсаў неацэннае.

У рэшце рэшт, надышоўшыя перамены прывялі да польска-германскага прымірэння, якое для людзей у абедзвюх краінах па-ранейшаму ўяўляе сабой адну з задачаў, што патрабуюць далейшай увагі.

Інтэграцыйны працэс у Еўропе - уключна з краінамі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы - адкрые для ЕС новыя перспектывы. Гэты працэс патрабуе вялікай салідарнасці і паразумення не толькі паміж урадамі, але і непасрэдна паміж народамі гэтых краінаў. Завяршэнне драмы на Балканах, у сваю чаргу, таксама патрабуе салідарнасці.

Еўрасаюз шукае больш эфектыўныя спосабы функцыянавання сваіх структураў і большага дэмакратычнага прызнання. Але сёння Еўропа таксама занятая пошукам - пошукам сумеснай духоўнай базы. Гэта самая істотная праблема, якую належыць вырашыць хрысціянам у Еўропе.

Кардынал Франц КЁНІГ

ЕЎРОПА І

ХРЫСЦІЯНЕ: КАТАЛІЦКАЯ ПЕРСПЕКТЫВА

Я выступаю перад вамі як хрысціянін-католік з глыбокім асабістым перакананнем, што ўсе мы, так ці інакш падзеленыя гісторыяй, павінны бачыць важную экуменічную задачу ў тым, каб разам дапамагчы Еўропе знайсці «душу». Таму я з усёй упэўненасцю заяўляю: хрысціяне павінны разам дапамагчы больш дакладна выдзеліць хрысціянскія рысы ў гісторыі папярэдняй Еўропы, бо культура і мастацтва, гісторыя і сучаснасць Еўропы яшчэ нясуць у сабе настолькі моцныя рысы хрысціянства, што цалкам дэхрысціянізаванай Еўропы не існуе. (...)

Ян Павел ІІ у Вене ў сваёй Еўрапейскай прамове (20 чэрвеня 1990 года) сказаў: «Ад нас, хрысціянаў, не ў апошнюю чаргу будзе залежаць, замкнецца Еўропа ў сабе і ў сваім эгаізме, у сваіх часовых памкненнях, адмовіўшыся пры гэтым ад свайго паклікання і сваёй ролі ў гісторыі, альбо яна адшукае сваю душу ў культуры жыцця, любові і надзеі».

Абуджальны сігнал такога ж кшталту паступіў ад таго ж Яна Паўла ІІ падчас ягонага паломніцтва ў Сант'яга-дэ-Кампастэла: «Я, Ян Павел, сын польскай нацыі, якая заўсёды, зыходзячы са свайго паходжання, сваіх традыцыяў, сваёй культуры і сваіх жыццёва важных сувязяў, лічыла сябе еўрапейскай - славянскай сярод лацінянаў і лацінскай сярод славянаў - ...я з усёй любоўю ўсклікаю да цябе, старая Еўропа: знайдзі сябе ізноў, стань ізноў сама сабою, успомні пра сваё паходжанне, вярні да жыцця свае карані! Пачні ізноў жыць тымі сапраўднымі каштоўнасцямі, якія праславілі тваю гісторыю... аднаві сваё духоўнае адзінства ў атмасферы поўнай павагі да ўсіх рэлігіяў і сапраўдных свабодаў... ты ўсё яшчэ можаш быць маяком цывілізацыі і правадніком прагрэсу для ўсяго свету. Іншыя кантыненты пазіраюць на цябе і спадзяюцца пачуць ад цябе ў адказ словы Якуба, якія ён сказаў Езусу Хрысту: «Я змагу».

1. (...) Давайце ў экуменічнай перспектыве не будзем забываць таго факту, што на працягу тысячы гадоў існавала адзіная хрысціянская Еўропа. Яна распасціралася ад Візантыі да Рыму пасля таго як Рымская імперыя ўжо доўгі час была падзеленая на ўсходнюю і заходнюю часткі. І гэтая Еўропа расла і мацнела, абапіралася на спадчыну Рымскай імперыі сіламі рымскіх, германскіх і славянскіх народаў з лацінскай, грэцкай і царкоўнаславянскай мовамі. Тады еўрапейскі фундамент закладваўся як фундамент хрысціянскі хрысціянскімі місіянерамі, мучанікамі часоў заняпаду Рымскай імперыі. Але і германскія рысы гэтай юнай Еўропы таксама пранікалі ў сферы дзяржаўнага і царкоўнага жыцця. Апекунамі гэтай новай Еўропы былі такія ідэалы хрысціянства, як Марцін фон Турз, Бенедыкт Нурсійскі, ірландскія, шатландскія і англасакскія місіянеры, такія, як Калумбэн і Баніфацый з Захаду, Кірыл і Мятод з Усходу. І перш за ўсё св.Бенедыкт, які жыў у часы вялікага перасялення народаў. Статутамі свайго манаскага ордэну, сваім жыццёвым укладам, сваім прынцыпам «Ora et labora» (Малітва і праца - лац.) і абумоўленай тым самым раўнавагаю паміж чалавекам і грамадствам ён зрабіў у фармаванні хрысціянскіх рысаў Еўропы значна больш, чым звычайна прынята лічыць. Гэта было хрысціянскае летазлічэнне і адзначаліся хрысціянскія святы з рымскай літургіяй, якія паступова сфармавалі еўрапейскую культурную прастору.

Пазней еўрапейскі кантынент быў у грамадскім і палітычным плане зменены раз'яднанымі канфесіямі, але магчыма, што ён не страціў пры гэтым сваёй хрысціянскай першаструктуры. Бо вялікі духоўнаінтэлектуальны інтарэс, тэхнічныя веды, якія выхоўваліся схаластычнымі школамі і новымі універсітэтамі, паступова пераўтварыліся ў хрысціянскі вобраз чалавека і навакольнага свету з рэлігійна абгрунтаванай этыкай і правапарадкам.

Аднак ні палітычна матываваныя рэлігійныя войны XVI і XVII стагоддзяў, ні развіццё гуманізму ў кірунку секулярызацыі ў выніку асветніцтва не змаглі цалкам завуаляваць хрысціянскія рысы Еўропы.

Ідэі французскай рэвалюцыі аб свабодзе, роўнасці і братэрстве ў к. XVIII ст. надалі абліччу Еўропы новыя і адначасова старыя рысы. Той жа варожа настроены ў адносінах да рэлігіі і Касцёла лібералізм ХІХ стагоддзя быў няздольны знішчыць асноўныя рэлігійныя ідэі. І ўжо ў наш час дзякуючы дынаміцы развіцця Еўропы ўзнікла сфера ўплыву, якая ахапіла ўвесь зямны шар. Аднак пры гэтым не будзем забываць аб уплыве юдаізму і ісламу, які таксама датычыцца і Еўропы.

Давайце пры гэтым не будзем забываць, што на працягу стагоддзяў паміж Еўропай і хрысціянскім светам існавала зменлівая і працяглая сувязь. Невыпадкова стагоддзямі Касцёл амаль атаясамліваўся з Еўропай. Гэта датычыцца таксама і каталіцкага Касцёла, які, здавалася, меў выключна еўрапейскія рысы. Місіянеры былі тымі людзьмі, якія прынеслі вобраз Касцёла ў еўрапейскай вопратцы на іншыя кантыненты. Спатрэбілася шмат часу, пакуль у самім каталіцкім Касцёле выспела ўсведамленне таго, што Касцёл Езуса Хрыста са сваёй задачай «Ідзіце на ўвесь свет!» ёсць нечым большым, чым толькі еўрапейскі Касцёл.

2. Экуменічны дыялог у Еўропе

Калі хрысціянству ў цяперашні час давядзецца праявіць у дзеянні сваю гістарычную інфраструктуру, беручы такім чынам удзел у працы па станаўленню новых духоўных арыенціраў Еўропы ў перыяд карэнных пераўтварэнняў, гэта не зможа адбывацца без унутранай згоды. Гэта значыць, што неабходныя новыя меры, якія б выклікалі давер усіх бакоў. І я адношу сюды, у прыватнасці, працяг і пашырэнне экуменічнага дыялогу ў еўрапейскай перспектыве. Нарэшце, тым самым адкрыюцца магчымасці хрысціянскай рэлігіі, якая выходзіць за рамкі межаў.

Экуменічны рух, імкненне адрадзіць страчанае адзінства хрысціянаў узнікла на заходнееўрапейскай зямлі, таксама як і двухразовае разбурэнне адзінства хрысціянаў адносіцца да еўрапейскай гісторыі.

Каталіцкі Касцёл толькі на ІІ Ватыканскім Саборы цалкам выступіў за экуменічны дыялог і экуменічны рух. Ён па сваім перакананні пачаў супрацоўніцтва з Сусветным Саветам Цэркваў (World Council of Churches) і сістэматычна працягваў пашыраць гэтае супрацоўніцтва. Непасрэдна Саборам 21 лістапада 1964 г. пры 2137 галасах «за» і 11 «супраць» быў прыняты ўласны «Дэкрэт аб экуменізме», пасля з'явіліся палажэнні аб удзеле ў экуменічным руху; тым самым католікаў заахвочвалі ўдзельнічаць у ягонай працы. У выніку быў заснаваны «Папскі савет садзеяння хрысціянскаму адзінству».

Наколькі глыбокія сёння карані экуменічнага дыялогу ў Еўропе, паказвае створаная пратэстанцкім бокам ў 1959 годзе «Канферэнцыя Цэркваў Еўропы» (КЕК); яна цесна супрацоўнічае з каталіцкай «Канферэнцыяй Еўрапейскіх Біскупскіх Канферэнцый» (ССЕЕ). Першым вынікам такіх сумесных намаганняў сёння лічыцца «Першы Еўрапейскі Экуменічны Сход», які адбыўся ў 1989 г. у Базэлі. Гэтая знамянальная экуменічная падзея атрымала свой працяг у канцы ліпеня 1997 г. у Грацы, дзе адбыўся «Другі Экуменічны Сход», які вітаў вялікую колькасць маладых удзельнікаў з усёй Еўропы і, перш за ўсё, з Усходу.

Значэнне такога роду сустрэчаў і дыялогаў для ўзнікнення новай еўрапейскай свядомасці відавочнае.

Да ўсяго гэтага мне хацелася б сёння дадаць, што Біскуп Рыма Ян Павел ІІ у сваім лісце «Ut unum sint» падкрэсліў наступную думку: «З Другім Ватыканскім Саборам каталіцкі Касцёл незваротна павінен пачаць шлях пошуку эйкумены і тым самым прыслухацца да Духу Пана, які вучыць нас уважліва чытаць «знакі часу». У канцы гэтага ліста ён гаворыць наступныя словы: «Калі я ўрачыста клянуся, што для мяне як Біскупа Рыма экуменічныя намаганні з'яўляюцца адным з пастырскіх прыярытэтаў майго пантыфікату, то пры гэтым я думаю пра тую цяжкую перашкоду, якую ўяўляе сабой раз'яднанасць для распаўсюджвання Евангелля». І яшчэ: «На самай справе, лёс евангелізацыі, безумоўна, цесна звязаны з тым словам Божым пра адзінства, якое нясе Касцёл».

3. Міжрэлігійны дыялог у каталіцкай перспектыве

Калі ўзнікненне экуменічнага руху мае дачыненне да гістарычнага мінулага Еўропы, то ў будучым Еўропе давядзецца выказваць асаблівую цікавасць да міжрэлігійнага дыялогу, гэта значыць да дыялогу з юдэямі і мусульманамі на базе монатэізму. Бо ў будучай Еўропе ва ўсё большай ступені хрысціянскія канфесіі павінны будуць жыць сумесна з нехрысціянскімі рэлігіямі. Для гэтага спатрэбіцца цярплівы і вольны ад усялякіх нараканняў міжрэлігійны дыялог (...).

Наўрад ці ў якой-небудзь іншай галіне калі-небудзь патрабавалася і патрабуецца цяпер ачыс-ціць прастору ад такой вялікай колькасці «бруду», як у тым, што датычыць сумеснага пражывання хрысціянаў і габрэяў. Віной таму служыць як антыюдаізм, так і больш позні антысемітызм, асабліва сярод хрысціянаў-католікаў. Стан напружанасці і крывавыя канфлікты (...) і цяпер з'яўляюцца часткай еўрапейскай гісторыі, а іх наступствы праяўляюцца дагэтуль. Рашучы паварот у гэтай справе вызначыў Другі Ватыканскі Сабор артыкулам № 4 у Дэкларацыі пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігіяў, Nostra aetate, дзе, у прыватнасці, гаворыцца: «У асэнсаванні сумеснай з габрэямі спадчыны Касцёл, які адмаўляе ўсялякія ганенні супраць якіх-небудзь людзей, усе праявы нянавісці, антысеміцкія пераследы і маніфестацыі, якія калі-небудзь і з якога б ні было боку былі скіраваныя супраць габрэяў, з жалем шкадуе». Ян Павел ІІ выдатным чынам працягваў гэтае прызнанне каталіцкага Касцёла і падчас свайго візіту ў габрэйскую сінагогу ў Рыме (13 красавіка 1986 года), сказаўшы літаральна наступнае: «Габрэйская рэлігія не з'яўляецца для нас чымсьці знешнім, а належыць... да ўнутранай складовай нашай рэлігіі. Мы тым самым маем з ёю сувязь як з ніякай іншай рэлігіяй. Вы ёсць нашыя бліжэйшыя браты і, можна сказаць, некаторым чынам, нашыя старэйшыя браты». У сваёй ужо згаданай Еўрапейскай прамове ў Вене ён у сувязі з гэтым дадаў і падкрэсліў літаральна наступнае: «Прымірэнне з габрэямі належыць да першачарговага абавязку ўсіх хрысціянаў Еўропы. Таму задачай усіх хрысціянаў - і асабліва хрысціянаў-католікаў - ёсць неабходнасць атрымаць урок з трагічнай гісторыі юдаізму ў Еўропе і заставацца пільнымі ў будучыні. Хрысціяне і габрэі звязаныя паміж сабой агульным рэлігійным духоўным фундаментам, г.зн. монатэізмам; гэта змяшчаецца ў Біблейскай запаведзі пра любоў да Бога і да свайго бліжняга як у Старым, так і ў Новым Запавеце».

Адносіны паміж хрысціянствам і ісламам - у гістарычным ракурсе - таксама маюць шмат цяжкіх момантаў. Іслам усталяваўся ў Еўропе многія пакаленні таму. У гісторыі Іспанія і Сіцылія былі крыніцамі высокаразвітай ісламскай культуры. З VII па XVII стагоддзе хрысціянскі свет Еўропы бачыў у атачэнні ісламам смяротную пагрозу свайму існаванню. Адна з асноўных прычынаў цяжкага дыялогу паміж хрысціянамі і мусульманамі заключаецца ва ўзаемным неакрэсленым пачуцці страху. Мусульмане баяцца Захаду. Ісламская самасвядомасць усё яшчэ пакутуе ад балючых успамінаў пра крыжовыя паходы. Пазней заходні каланіялізм яшчэ мацней замацаваў перавагу заходняга і секулярызаванага свету і паставіў ісламскія народы ва ўсё большую залежнасць ад Захаду. Усё гэта адыграла сваю ролю ў абарончай варожай пазіцыі ісламу ў адносінах - як часам даводзіцца чуць - да бязбожнага Захаду.

Але і ў Еўропе хрысціяне таксама адчуваюць дыскамфорт, баяцца мусульманаў. Гэты недавер з боку хрысціянаў звязаны з успамінам аб адносінах да хрысціянскіх меншасцяў як да «апекаваных», якія толькі шляхам уплаты свайго роду падаткаў маглі вызваліцца ад неабходнасці пераходзіць у іслам. Еўрапейцу, які ўспрымае ўсё з дэмакратычных пазіцыяў, перш за ўсё цяжка зразумець, што рэлігія і дзяржава ў ісламе ўтвараюць непарыўнае адзінства. Таму «экуменічна-хрысціянскай сусветнай супольнасці» неабходна будзе прадумаць магчымасці, каб сумеснымі намаганнямі ў якасці адной з еўрапейскіх задачаў падрыхтаваць міжрэлігійны дыялог таксама і з мусульманамі. Размова ідзе не пра канкурэнтныя адносіны, а пра сумесную задачу пошуку новых шляхоў да грамадскай і культурнай разнастайнасці формаў і ладу жыцця, якія паслужаць узаемнаму разуменню і павазе да чалавечых каштоўнасцяў і, у рэшце рэшт, міру.

Так у 1986 г. у Еўропе, у Асізі, упершыню адбылася ініцыяваная Папам Янам Паўлам ІІ сумесная малітва аб міры на Зямлі, у якой удзельнічалі прадстаўнікі буйных рэлігіяў з усяго свету. Важнае значэнне гэтай падзеі, якая адкрывае шырокія перспектывы на будучыню, заключаецца ў тым, што, па-першае, запрашэннем з боку Папы каталіцкая рэлігія ўпершыню азнаменавала, наколькі важнай задачай яна лічыць спрыянне згодзе сярод рэлігіяў і людзей. Падзея, якая адбылася ў Асізі, (...) адсунула ў бок мноства гісторыка-рэлігіязнаўчых, рацыяналістычных і тэарэтычных дыскусіяў і тлумачэнняў, блок пытанняў з боку рэлігіязнаўства другой паловы ХІХ, а таксама першай паловы ХХ стст. і за-мест гэтага скіравала моц рэлігійнага веравучэння з новай свядомасцю на пабудову будучыні людзей.

Паколькі рэлігія складае аснову існавання чалавека, як відавочна паказвае гісторыя, - і не толькі гісторыя рэлігіі - важная задача хрысціянаў у экуменічным адзінстве заключаецца ў тым, каб выразней выдзеліць хрысціянскія рысы былой Еўропы і прыкладам свайго жыцця і сваіх учынкаў паказаць, што дэхрысціянізаванай Еўропы не існуе.

Мітрапаліт Серафім (Румынія)

ЕЎРОПА І ХРЫСЦІЯНЕ: ПРАВАСЛАЎНАЯ ПЕРСПЕКТЫВА

(...) Тое, што менавіта Еўропа звяртаецца таксама і да праваслаўных, каб спытацца пра іх пункт погляду, іх перспектыву, - ніякім чынам не само сабой зразумелае. Зусім нядаўна аўстрыйскі міністр фінансаў Ёханес Франляйтнер сказаў, што Еўропа заканчваецца там, дзе пачынаюцца праваслаўныя цэрквы, а пасля здзіўленых перапытанняў з боку аўстрыйцаў-католікаў і пратэстантаў ён яшчэ раз з упэўненасцю паўтарыў свае словы. Самі праваслаўныя грэкі, калі збіраюцца ехаць, напрыклад, у Германію, кажуць: «Мы едзем у Еўропу» - гэта грэкі, якія заклалі асновы еўрапейскай дэмакратыі. (...)

Ва ўсялякім выпадку мы, праваслаўныя, усім сэрцам адчуваем сваю прыхільнасць да Еўропы і сваю адказнасць перад ёю. Гэта выдатна выявілася падчас візіту Папы ў Румынію.

Мы, праваслаўныя?

Назва «orthodox» - «праваслаўны» - замацавалася некалькі стагоддзяў таму за цэрквамі, якія па веравызнанні сваім - каталіцкія, аднак атрымалі хрысціянства з усходняй часткі Рымскай імперыі і якія сёння не прымаюць сучаснага трактавання ролі Біскупа Рыма.

Праваслаўныя цэрквы ў Еўропе амаль усе з'яўляюцца членамі-заснавальнікамі альбо проста членамі Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў КЕК і Экуменічнага Савету Цэркваў у Жэневе.

Праваслаўныя адчуваюць сябе членамі праваслаўнага адзінства, аднак па структуры свайго кіравання яны незалежныя адзін ад аднаго аўтаномныя, аўтакефальныя, як мы гаворым, - так, напрыклад, ёсць Руская праваслаўная Царква, Сербская праваслаўная Царква, Румынская праваслаўная Царква. А таксама, напрыклад, Армянская праваслаўная Царква, якая займае асобае становішча. Усе гэтыя цэрквы ёсць не толькі ва Усходняй Еўропе, яны маюць вялікія біскупствы і ў Заходняй Еўропе; у Германіі, напрыклад, я толькі адзін з не менш чым 18 праваслаўных біскупаў!

Праваслаўныя заўсёды былі ў Еўропе. 20 гадоў таму румынскі філосаф Канстанцін Нойца сказаў, што Еўропа ўзнікла ў 325 годзе на Саборы ў Нікеі. Эўзебіус Цэзарэйскі кажа: «Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх цэркваў, з усёй Еўропы, з Лівіі і Азіі».

Еўропа будуецца на сінтэзе элінізму, хрысціянскай духоўнасці, рымскай цывілізацыі - і немалая частка з самага старажытнага прыйшла да нас праз ісламскіх вучоных. Рухаючай сілай, рошчынай гэтага росту Еўропы было хрысціянства, гаворачы словамі Іва Конгара, «Еўропа была створаная хрысціянствам. Сучасная Еўропа не можа быць пабудаваная без хрысціянства».

Гэтыя словы здаюцца нам такімі знаёмымі. І ўсё ж я ведаю, што вы, дарагія сябры, часта адчуваеце цяжкасці, калі гаворыце аб гэтым з праваслаўнымі. Часам віной таму дрэннае веданне мовы альбо той факт, што праваслаўныя штораз адчуваюць страх і комплекс непаўнавартасці з нагоды такіх выказванняў, як ужо згаданыя вышэй словы міністра Франляйтнера: «Еўропа заканчваецца там, дзе пачынаюцца праваслаўныя цэрквы». (...)

На працягу стагоддзяў Захад развіваў культуру і эканоміку, якая стала ўзорам для ўсяго зямнога шара. Усходняя Еўропа пры турэцкім панаванні і пры камунізме не магла развіць сваю ўласную мадэль, хіба што ў рэлігійным мастацтве і літаратуры. Святыя Кірыл і Мятод з Тэсалонікаў з'яўляюцца таму прыкладам, ва ўсялякім выпадку, сімвалам.

Святыя Кірыл і Мятод 20 гадоў таму былі далучаныя да апекуноў Еўропы, разам са святым Бенедыктам. Бенедыкту ставяць у заслугу вялікія дасягненні Захаду, у тым ліку адукаванасць, духоўнае развіццё, матэрыяльнае багацце і ўладу. Кірыла і Мятода ўслаўляюць за багаты духоўны пачатак Усходу, які мы па-ранейшаму ахвотна раскрываем перад Захадам. Ікона - адзін з прыкладаў гэтага.

Можа быць, ніколі не будзе магчымым дасягнуць адзінства і роўнасці ў Еўропе. Аднак духоўным адзінствам - вось чым можа і павінна стаць Еўропа. Я цытаваў словы Эўзебіуса з нагоды Сабору ў Нікеі. Там жа ён сказаў наступныя словы: «Воляю Пана ўсеагульнай Царкве належыць быць адзінай для цэлай імперыі. І нават калі члены яе раскіданыя па розных месцах, то ўсе яны жывуць адным Духам». А таму хрысціянская Еўропа - гэта «communio».

І таму я вельмі ўважліва слухаю, як прэзідэнт Еўрапейскай Камісіі Жак Дэлор гаворыць аб «пошуку душы для Еўропы», а Жак Сантэр і Рамано Продзі паўтараюць за ім і падкрэсліваюць, што для станаўлення Еўропы недастаткова эканамічных і палітычных разважанняў і магутнасць або моц рынку не можа быць адзінай аб'яднаўчай функцыяй для Еўропы.

Таму праваслаўныя цяпер ахвотна ўдзельнічаюць у гэтай справе разам з астатнімі ў царкоўных прадстаўніцтвах пры ЕС у Бруселі. Існуе цэлы шэраг такіх царкоўных прадстаўніцтваў:

-некалькі прадстаўніцтваў з боку пратэстанцкай Царквы: адно ад EKD, адно ад «Дыяканішэс Верк» (Diakonisches Werk), адно ў супрацоўніцтве з КЕК, Канферэнцыяй Еўрапейскіх Цэркваў, членамі якой таксама з'яўляюцца праваслаўныя цэрквы ад Польшчы да Арменіі і Грузіі, ад Грэцыі да Фінляндыі;

-некалькі прадстаўніцтваў з боку каталіцкага Касцёла: прадстаўніцтва Біскупскіх Канферэнцый з ліку краінаў ЕС, адно ад езуітаў, адно ад «Кёльпінг», адно з боку манаскага ордэну дамініканцаў;

-некалькі з боку праваслаўнай Царквы: з 1995 года прадстаўніцтва экуменічнага патрыярхата Канстанцінопаля ў Істамбуле - з 1999 года прадстаўніцтва праваслаўнай Царквы Грэцыі, таксама з 1999 года прадстаўніцтва праваслаўнай Царквы Расіі.

Прэзідэнтам каталіцкага прадстаўніцтва Біскупскіх Канферэнцый у Бруселі з'яўляецца Хільдэсхаймскі біскуп д-р Ёзаф Хамайер. Ён часта наведвае праваслаўныя цэрквы ва Усходняй Еўропе, агітуе і выступае ў Бруселі пры ЕС за сумесны дыялог з праваслаўнымі. Менавіта па гэтай прычыне ў 1999 годзе ён наведаў Мінск і Белград, на студзень 2000 года ў праграме біскупа Ёзафа запланаваныя паездкі ў Афіны і да румынскага патрыярха ў Бухарэст.

«Было б абсурдна сцвярджаць, што праваслаўны свет супраціўляецца Еўропе», - сказаў аднойчы экуменічны патрыярх Барталамей.

У 1994 годзе ён быў у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу і сказаў тады: «Дзіўна, наколькі нашая традыцыйная праваслаўная царкоўная структура можа служыць прататыпам для структуры Еўрапейскага Саюза. Праваслаўныя цэрквы арганізаваныя па дэмакратычным прынцыпе, з вялікай адміністратыўнай аўтаноміяй і кіраваннем праз мясцовых біскупаў, патрыярхаў аўтакефальных Цэркваў, але з большым адзінствам ў абрадзе Эўхарыстыі. У Еўропе яны перанялі гэта пад назвай «прынцып субсідыярнасці». Чыста палітычны саюз, адарваны ад цывілізацыі, г.зн. саюз, які адышоў ад глыбокага сэнсу чалавечых адносінаў, ніколі не зможа прывесці да адзінства ў Еўропе. Адзінства, на якое спадзяюцца народы Еўропы, зыходзіць з адзінства камуніі, з агульнага разумення каштоўнасці жыцця, з агульнай мэты ўсіх чалавечых адносінаў і сувязяў».

Як хрысціяне могуць змяніць Еўропу?

Пераходжу да другой часткі сваёй перспектывы. Я назаву ў якасці прыкладу восем ці дзевяць пунктаў высноваў з таго, што праваслаўныя могуць прыўнесці ў Еўропу, якім вопытам яны могуць падзяліцца.

Па-першае, гэта глыбокае разуменне сутнасці чалавечай натуры, асобы, якое заключае ў сабе адзінства і адрознасць, накшталт Святой Тройцы.

Праваслаўная тэалогія робіць дакладнае адрозненне паміж «асобай» і «індывідуумам», тут мы, праваслаўныя, маглі б што-небудзь прыўнесці ў культуру, якая, мяркуючы па ўсім, пабудаваная на індывідуалізме. У якасці прыкладу возьмем Канстытуцыю ЗША: карысць індывідуума, правы індывідуума. Першародны грэх - боязь іншага чалавека і адмежаванне ад іншага чалавека - хавае характар асобы (як вобраз і аблічча Бога) і паніжае яго да ўзроўню індывідуума. Індывідуум ізаляваны, аддзелены ад іншых, сканцэнтраваны на сабе, з эгаістычнай мэтай аб індывідуальным шчасці, самарэалізацыі. Асоба - гэта сувязь, для яе ўсе астатнія з'яўляюцца анталагічнай складовай уласнай ідэнтыфікацыі. Уладзімір Лоскі гаворыць пра гэта даволі жорсткай фразай: «Індывідуум - гэта асоба на нізшай ступені свайго існавання».

Андрэа Сафія Яннуш у часе практычнага семінару для прадстаўнікоў з Беларусі.
Па-другое, Еўропа ў структуры сваёй можа абапірацца на культуру святой камуніі - «communio», у якім асоба, а не індывідуум, з'яўляецца вышэйшай мэтай. Камунія павінна абавязкова прыходзіць разам з іншым, праз выпрабаванне Крыжа Пана, праз адданне самога сябе на дабро бліжняга - праз тры дні пасля свята Узвышэння Крыжа гэта прыўносіць радасць у нашыя душы. Тут праваслаўе можа прапанаваць усё сваё аскетычнае містычнае багацце, вопыт духоўнай барацьбы, якая мае свае заканамернасці (апостал Павел дакладна апісвае іх у сваім Першым пасланні да карынцянаў (9, 24-27)). Пры гэтым размова ідзе не пра забіванне плоці, а страсцяў і, такім чынам, здабыванне ўнутранага адзінства. Аскетызм у імя вызвалення ад залежнасці ад матэрыі.

Па-трэцяе, хрысціяне Усходу могуць падзяліцца вопытам, як хрысціянству выжыць пры, здавалася б, нават сяброўскім і ў той жа час пераважаючым па сваёй сіле націску з боку грамадства альбо дзяржавы ці эканомікі, раскрыюць шанцы для захавання духоўнай незалежнасці, вельмі гнуткія ў залежнасці ад абставінаў. Прыклад незалежнасці - здаровы недавер да прэсы, радыё, тэлебачання, сродкаў масавай інфармацыі, які сфармаваўся на працягу 40-70 гадоў.

Па-чацвёртае, хрысціяне Усходу могуць падзяліцца стратэгіяй захавання царкоўных, духоўных, філасофскіх, агульначалавечых, метафізічных каштоўнасцяў у варожым матэрыялістычным грамадстве. У гэтым руская і румынская Цэрквы маюць вялікі вопыт. Прайшло амаль 40 гадоў з таго часу, калі Хрушчоў пачаў працэс дэсталінізацыі і пазбавіў Рускую праваслаўную Царкву хоць бы тых мінімальных магчымасцяў, якія Сталін зноў даў ёй падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1960 г. Хрушчоў заявіў, што пакажа па тэлебачанні апошняга рускага святара яшчэ да таго, як прыйдзе наступнае пакаленне тых, хто жыве пры сацыялізме, а пасля адправіць гэтага апошняга праваслаўнага ў музей.

Па-пятае, усходнія Цэрквы даражылі і даражаць каштоўнасцямі, якія выцясняюцца з грамадскай сферы, такімі, як медытацыя і малітва, і містычным вопытам тысячагоддзяў. У кожнай усходняй Царкве штодзённа праводзяцца сумесныя ранішні і вечаровы малебны, у Расіі таксама кожны дзень праводзіцца Св. Імша - адсюль паўната асабістага ўдзелу і багацце ініцыятывы хрысціянаў у сацыяльнай сферы без дзяржаўных законаў, а з часоў пералому - і ў грамадскай сферы таксама.

Па-шостае, праваслаўныя могуць навучыць Еўропу, як рацыянальна звязаць поўнамаштабнае адзінства Еўропы з акцэнтаваннем тых ці іншых рэгіянальных асаблівасцяў. (...)

Па-сёмае, у той час як сёння мы на Захадзе запіхваем веру і Царкву ў цалкам прыватную сферу, Усход яшчэ зыходзіць з неабходнасці наяўнасці светапогляду для асэнсавання жыцця ў тым ці іншым грамадстве. Калі светапогляд становіцца манаполіяй і яму нешта навязваецца, ён абавязкова рушыцца. Усходнія Цэрквы ведаюць, што прыўнясуць у свет сваю царкоўнасць. У іх ёсць дзівоснае адзінства сакральнага і свецкага. (...)

Па-восьмае, гэта вопыт жыцця сумесна з ісламам. (...)

Па-дзевятае, я скончу свае тэзісы пра тое, што маглі б прыўнесці праваслаўныя, на вельмі актуальнай для Захаду тэме: экалогія.

Абыходжанне з навакольным асяроддзем, з тварэннем Бога - гэта не сучаснае хобі, яно заснаванае на стварэнні, на касмалогіі Айцоў Царквы, на галістычным1 падыходзе выдатных рускіх тэолагаў гэтага стагоддзя. (...)

Прафесар д-р Ірэна ЛІПОВІЧ Варшава

ХРЫСЦІЯНСТВА І ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ Ў ЕЎРОПЕ ПАДЧАС АБ'ЯДНАННЯ

(...) Прынята лічыць, што істотны пералом у еўрапейскіх поглядах на пытанні дзяржавы і права зрабіла французская рэвалюцыя і звязанае з ёю памкненне «паставіць асобны індывідуум у цэнтр увагі, зрабіць яго альфай і амегай», а з ягонай свабоды і магчымасці самаразвівацца - асноўную катэгорыю сучаснасці. Катэгорыя нацыі замест традыцыі і рэлігіі, у якасці новага сувязнога кампанента для «асобных індывідуумаў».

Іншы прыклад звяна, што звязвае разрозненыя індывідуумы і адмяжоўваецца ад рэлігіі, - гэта катэгорыі працы і капіталу. Фактычны канец марксізму пасля адчайнай спробы вяртання да ваяўнічага нацыяналізму на Балканах. Якой быць новай аб'яднанай Еўропе?.. Мадэль дэмакратычнай прававой дзяржавы, калі грамадзянская супольнасць мае фактычны ўплыў на палітычнае жыццё, і свабода індывідуума гарантаваная.

«Ніводны грамадскі лад не будзе стабільным без моцных маральных сувязяў, і менш за ўсё стабільная дэмакратыя», - сказаў Оуэн Чэдвік.

Відавочная эрозія «моцных маральных сувязяў» у сучасным грамадстве (агульная шкала разводаў, страта сацыяльнага кантролю над індывідуумам, рост злачыннасці і нарказалежнасці). Дэмакратыя ў небяспецы? Аднак, парадокс: пры усім гэтым правы чалавека ў якасці маральных каштоўнасцяў шануюцца сёння як ніколі раней, яны з'яўляюцца асновай у дзеяннях міжнароднай супольнасці.

Тое, што палітычнай элітай той ці іншай краіны разглядаецца як асноўная перавага дэмакратыі - пастаянны выбар - з'яўляецца для многіх грамадзянаў крыніцай расчаравання і бездапаможнасці, нерашучасці. Прыклад Польшчы: прайшло 10 гадоў балючых рэформаў, і цяпер большасць рэспандэнтаў у сённяшніх апытаннях адзначаюць, што дэмакратычны лад у цэлым лепшы, чым папярэдні т.зв. «рэальны сацыялізм».

Дэмакратыя з пачуццём судачынення, супольнасці, а не тыранія большасці. Рашэнні ўладаў не павінны:

- знаходзіцца ў супярэчнасці з асноўнымі патрэбамі супольнасці (небяспека, справядлівасць, пражыццёвы мінімум);

- супярэчыць маральным патрабаванням меншасці;

- падрываць сацыяльныя ўстоі грамадства ў цэлым.

Сучасная эрозія пачуцця судачынення. Хрысціянская рэлігія ў якасці важнейшага сувязнога элемента больш не дамінуе ў антыклерыкальных грамадствах Захаду. Пад пытаннем традыцыйны канон маральных каштоўнасцяў ХІХ стагоддзя.

«Маральныя перакананні меншасці» вельмі супярэчныя і адмаўляюцца легіслатурай грамадства. Грамадская думка як аснова грамадзянскай супольнасці не ахоплівае тую частку моладзі, якая жыве сваёй моладзевай субкультурай. Доўгачасовыя беспрацоўныя лічаць сябе «адасобленымі» ад палітычнага класу і выказваюць гэта часам у даволі эмацыянальнай (агрэсіўнай) манеры.

Прынцыпова новае адкрыццё, пра якое гавораць сёння спецыялісты ў галіне дзяржаўнага права, а таксама вучоныя, занятыя вывучэннем гісторыі грамадскіх фармацыяў, заключаецца ў тым, што грамадзянская супольнасць з'яўляецца нечым іншым, чым дзяржава, што яна можа адмовіць дзяржаўным структурам у сваёй падтрымцы і што яна, як трывалая сетка шматлікіх грамадскіх арганізацыяў, установаў, аб'яднанняў, фондаў, асацыяцый, саюзаў і таварыстваў, можа дзейнічаць дастаткова аўтаномна. Грамадзянская супольнасць узнікла аднойчы і працягвае ўплываць на настрой у грамадстве, яна з'яўляецца, такім чынам, палітычным фактам. У краінах Цэнтральнай Еўропы, якія паступова ўваходзяць у ЕС, гэтае адкрыццё ў гістарычным маштабе было зроблена толькі нядаўна і аказвае прынцыповы ўплыў на стыль і вынікі кіравання сёння.

Грамадзянская супольнасць як прастора паміж дзяржавай і сям'ёй патрабуе сёння запаўнення недахопаў у грамадскіх інстытутах. Яна з'яўляецца нечым асаблівым ў параўнанні з урадам і імкнецца разарваць «грамадскую дамову», якая ўжо сфармавалася ў выніку свабодных выбараў. І калі на захадзе Еўропы мы маем багатае на грамадскія інстытуты, сталае і не вельмі актыўнае ў паўсядзённым жыцці грамадства, то ў краінах - кандытатах у ЕС мы назіраем здольнасць да імгненнай мабілізацыі палітычнай актыўнасці пры даволі вялікай пасіўнасці ў штодзённым жыцці.

Які ж выхад, прымаючы пад увагу ўсё вышэй сказанае, бачыцца ў дадзенай сітуацыі, калі адчуваецца пэўнае расчараванне ў магчымасцях грамадзянскай супольнасці? Ці сапраўды адбудзецца прынцыповае маральнае абуджэнне на Усходзе і Захадзе Еўропы?

Ці трэба хрысціянскім Цэрквам і Касцёлу падтрымліваць лад, да якога яны адносна нядаўна знайшлі «ключ»? Падтрымліваць і дапамагаць будаваць грамадзянскую супольнасць як фундамент дэмакратыі ці пакінуць усё на волю лёсу ў пэўным сэнсе як рэванш за адасабленне Касцёла ад дзяржавы? Касцёл называецца сярод тых інстытутаў, якія складаюць сутнасць грамадзянскай супольнасці. Ён з'яўляецца спецыфічным элементам «суіснавання незалежных меркаванняў», ён падтрымлівае кантакт з органамі дзяржаўнай улады і адміністрацыі. Пры гэтым Касцёл уяўляе сабой самую інстытуалізаваную частку грамадзянскай супольнасці і ў той жа час, у выпадку пагрозы, выступае на яе баку ў адносінах да дзяржавы. Каталіцкі Касцёл па сваёй сутнасці не дэмакратычны, аднак ён абараняе дэмакратыю і часта - як гэта было ў Польшчы і на Філіпінах - становіцца яе сапраўдным абаронцам, яе павераным. Г.зн. ён у стане патэнцыялізаваць палітычную самасвядомасць і ўзяць на сябе стварэнне шэрагу аўтаномных інстытутаў. Нават замяніць сабой грамадзянскую супольнасць і стаць адзінай даступнай прасторай паміж сям'ёй і дзяржавай.

Дэмакратычная дзяржава і грамадства не надта падтрымліваюць Касцёл, калі ўвогуле не змагаюцца з ім.

Дэмакратыя са сваім плюралістычным грамадствам, як здаецца на першы погляд, хутчэй пагражае Касцёлу, чым дае яму шанц. У ёй нараджаецца ўсё больш - у тым ліку і ідэалагічных - прапановаў у адносінах да гэтага грамадства і яго членаў, расце антыклерыкалізацыя грамадскага жыцця. Жыццё пры дэмакратыі азначае для Цэркваў нялёгкае партнёрства.

Ці з'яўляецца еўрапейская інтэграцыя большай пагрозай для хрысціянскай традыцыі чымсьці асобныя магутныя нацыянальныя дзяржавы? Парадаксальным чынам Еўропа да Буга толькі сёння, праз тысячу гадоў, вяртаецца да палітычнага адзінства. Відавочна, што адзінай хрысціянскай Еўропы сёння не існуе. Аднак дастаткова кантакту з іншымі кантынентамі, каб свядомы еўрапеец мацней адчуў сваё еўрапейства і ягоныя карані. Гэтая новая Еўропа будзе падзеленая не толькі па рэлігійных прыкметах, але і па моўных - нягледзячы на пераможны марш англійскай мовы - і па палітычных - нягледзячы на заклік т.зв. «містэра Еўропа» быць спікерам сумеснай знешняй палітыкі і ўсяго працэсу еўрапейскай інтэграцыі. Аднак яна больш не падзеленая на два блокі, як гэта было ў часы халоднай вайны, і гэта значыць, што паступова яна стане адзінай.

Становішча Касцёла ў грамадзянскай супольнасці таксама мяняецца. Паралельна з ім існавалі, напрыклад, палітычныя партыі, якія выступаюць на хрысціянскіх пазіцыях, а таксама цэлы шэраг хрысціянскіх аб'яднанняў, арганізацыяў, харытатыўных установаў. Касцёл доўгі час з недаверам ставіўся да дэмакратыі і пры гэтым сваёй формай дзейнасці і ўдзелу ў грамадскім жыцці ён адначасова ўяўляў сабою важную яго частку. Прыняцце Касцёлам на сябе многіх дабрачынных функцыяў і вызваленне ад гэтага дзяржавы прывяло да некаторага «адзяржаўлення» касцёльных структураў. Але адчуваюцца перамены. Крызіс хрысціянска-дэмакратычнай партыі ў Італіі, дыскусіі аб ступені «хрысціянскага» ўнутры хрысціянска-дэмакратычных партыяў ставіць пад пытанне ўдзел у жыцці грамадзянскай супольнасці.

Ці трэба хрысціянскім Цэрквам, і ў прыватнасці каталіцкаму Касцёлу, актыўна выступаць у абарону дэмакратыі? Тым больш што яны перажылі многія віды разнастайных грамадскіх фармацыяў, калі яны (Цэрквы) адыгрывалі большую ролю. Што ж у цяперашні час аб'ядноўвае хрысціянства і грамадзянскую супольнасць ў аб'яднанай Еўропе? Што вымушае нас выступаць у падтрымку і абарону цяперашняга і будучага еўрапейскай супольнасці?

Дагэтуль можа было дакладна прасачыць канкрэтныя поспехі натхнення хрысціянскімі ідэямі пры вырашэнні істотных праблемаў у Еўропе. Гэта не толькі т.зв. «сумны працэс паступовай антыклерыкалізацыі, адыхода ад Касцёла, у працэсе якога хрысціянскія сімвалы выцясняюцца з грамадскай прасторы».

Спробай адказу на пытанне аб уплыве хрысціянскіх ідэяў у сучаснай Еўропе служыць знакамітае слова «салідарнасць». Аднак у Польшчы ёй давялося замяніць практычна ўсю палітычную і прафсаюзную сістэму, у той час як у Германіі для многіх яно стала сінонімам т.зв. «кампенсацыйнага налога» для новых федэральных земляў на ўсходзе Германіі. Салідарнасць як ідэя ўяўляе сабой не да канца выкарыстаны Еўропай духоўны шанц.

Не будзе адкрыццём, таксама як і пустым суцяшэннем сцверджанне пра тое, што, нягледзячы на многія іншыя ідэалагічныя прапановы, фактычнае і эфектыўнае рашэнне штодзённых пытанняў у пасляваеннай Еўропе суадносіцца з натхненнем менавіта хрысціянскімі ідэямі.

Калі мы прызнаем слушнымі папярэднія адказы і пры гэтым поўнасцю ўсвядомім пастаўленыя перад намі новыя задачы ў новай адзінай Еўропе, то гэта дазволіць нам справіцца з многімі няўдачамі ў эканамічнай і сацыяльнай палітыцы. Упершыню ў нас узнікла сітуацыя, калі кіруючыя палітыкі еўрапейскай сацыял-дэмакратыі спрабуюць праз прапанову «трэцяга шляху» сфармуляваць сумесны адказ на пытанні сучаснасці. Пры гэтым характэрна, што гэта ўяўляе сабой не толькі выключна еўрапейскі, але і трансатлантычны адказ.

Якія ж патрабаванні сучаснасці, з якімі мы сутыкаемся ў тэорыі і на практыцы? Па словах Лотара Рооса, які ў сваіх працах спрабуе сістэматызаваць асноўныя еўрапейскія каштоўнасці, галоўны выклік нашаму часу заключаецца перш за ўсё ў адмежаванні палітыкі ад этыкі, эканомікі ад этыкі, этычных патрабаванняў ад сям'і. Многія аўтары пацвяржаюць негатыўныя наступствы такога падзелу на палітычнае, эканамічнае і грамадскае жыццё, але не робяць пры гэтым канчатковых высноваў. (...)

Грамадства адчувае небяспеку карупцыі, нігілізму, бесцырымоннасці і грубасці ў сацыяльным, эканамічным і палітычным жыцці, але яно толькі патрабуе ў сувязі з гэтым хуткай і рашучай рэакцыі дзяржавы. Улада, адміністрацыя, маўляў, павінны эфектыўна змагацца з эканамічнымі злачынствамі, карупцыяй і злачыннасцю сярод моладзі. Юстыцыя, на думку многіх, павінна заняць больш трывалыя і рашучыя пазіцыі там, адкуль пайшла мараль.

Як паказвае літаратура, часта чакаюць, што еўрапейскія Цэрквы будуць займацца непрыемнымі бакамі жыцця: беднасцю, хваробамі, адзінотай і смерцю, - тым часам, як тэлебачанне і рэклама занятыя хутчэй прыемнымі яго бакамі.

Час патрабуе адказу на пытанне, як у плюралістычным, антыклерыкальным грамадстве забяспечыць некаторым чынам адзіныя маральныя прынцыпы для заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Як можна зноў аднавіць парваную сувязь паміж этыкай і палітыкай, паміж этыкай і эканомікай. (...)

Нявінныя выказванні тыпу «блат», «сувязі», «не падмажаш - не паедзеш» паказваюць шырокія рамкі таго, наколькі грамадства «прызвычаілася» да гэтай з'явы. І гэтая праблема з'яўляецца не толькі прадуктам камунізму ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе (як гадамі было прынята лічыць), гэтая праблема, як аказваецца, з'яўляецца агульнаеўрапейскай і паралельна з паступовым паслабленнем эканомікі яна толькі расце - нават у дзяржавах са здаўна закладзенай, стабільнай дэмакратыяй, а таксама ў еўрапейскіх структурах. Гэтая праблема мае глыбокія карані. Яна актуальная. Эрозія паняцца «грамадская сфера» здаецца даволі сур'ёзнай. Яна знаходзіцца ў кантрасце з тым, што ад улады чакаюць выключна добрай працы і эфектыўнасці. Чаму так адбываецца?

Адказ заключаецца ў феномене інфармацыйнага грамадства і прагрэсуючай камп'ютэрызацыі грамадскай і прыватнай сферы. Яно перакульвае з ног на галаву папярэднюю інфармацыйную піраміду, сканструяваную Веберам, піраміду іерархічнага супадпарадкавання і - адпаведна - піраміду крыніцаў права. Большую частку свайго ўплыву дзяржаўная ўлада чэрпала з адпаведным чынам апрацаванай інфармацыі. Адміністрацыя выдавала не толькі загады і забароны, але і - атрымліваючы інфармацыю па адпаведным чынам сфармалізаваных камунікацыйных каналах - уплывала на іх аб'яднанне. Дзяржаўная ўлада не толькі дыктавала паводзіны людзей, але і «ведала больш». Пашырэнне інфармацыйных каналаў і развіццё буйнамаштабных сетак, такіх, як Інтэрнэт, - разам з развіццём тэлебачання - змянілі гэтае становішча. Грамадзянін адчувае сябе - нават калі на самой справе гэта не зусім так - добра ці нават лепш інфармаваным, чым адміністрацыя, ён не схільны прызнаваць зыходзячую з гэтай крыніцы перавагу.

Выканаўчая ўлада хутка навучылася, што стымуламі, прапанаваннем умоваў, скідак можна дасягнуць больш, чым шляхам простых загадаў і забаронаў.

Якія высновы можна зрабіць пасля ўсяго вышэйсказанага?

У той час як раней грамадзянская супольнасць выразна адрознівалася сваім «няўрадавым характарам» і адрозненні паміж дзяржаўным і грамадскім былі вельмі яскравымі, сёння ў працэсе т.зв. торгу, закліку да падтрымкі ўрадавых сродкаў у грамадскіх мэтах гэтая мяжа пачынае сцірацца. З аднаго боку, дапамога дзяржавы для грамадскай сферы надзвычай каштоўная, аднак, з другога боку, грамадзянская супольнасць пэўным чынам губляе сваю аўтаномнасць і незалежнасць, калі размова ідзе пра ацэнку дзяржулады, яна, некаторым чынам, «купляецца».

У той час як у заходняй частцы Еўропы існуе мноства матэрыяльна незалежных арганізацыяў, ва ўсходняй яе частцы недзяржаўныя арганізацыі, фундамент грамадзянскай супольнасці ў большай ступені залежаць ад фінансавання альбо частковага фінансавання дзяржавай.

Нядаўняе новае адкрыццё паняцця «грамадская сфера», новае раздзяленне «чалавека» і «дзяржавы, улады» можа закрануць непасрэдныя асновы дэмакратычных паўнамоцтваў дзяржаўнай улады, яна можа быць чымсьці большым, чым далейшай акцыяй па «маральным абнаўленні» палітыкаў. Тут грамадзянская супольнасць у сваёй рэгулятыўнай, крытычнай функцыі можа расчараваць нас, бо праз мноства сумесных праектаў яна стала ўдзельнікам у сістэме дзяржаўнай улады. Разам са шматлікімі пазітыўнымі бакамі, гэта - негатыўны бок удзелу грамадзянаў у кіраванні, каардынаванні і супрацоўнітве з дзяржаўнай уладай.

Нядаўняе новае адкрыццё паняцця пэўнай дыстанцыі паміж дзяржавай, з аднаго боку, і грамадзянскай супольнасцю, з другога, - дыстанцыі, якая служыць таксама лепшым ведам і ацэнцы, - можа стаць адказам на надзённыя пытанні нашага часу. Блізкасць «дзяржулады» і «грамадзяніна», якая гадамі лічылася ідэальнай, таксама мае свае слабыя бакі. Хрысціянскія Цэрквы бралі на сябе большую частку такога - часам занадта абмежаванага - узаемадзеяння. Магчыма, надышоў час вызначыць мінімальную дыстанцыю паміж дзяржаваю і грамадзянскай супольнасцю, каб лепш і па-новаму вызначыць свой уласны твар.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY