Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(10)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да юбілею 2000 Года

«НАПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА...»
Кантакты

Біблія

КНІГА, РОЎНАЯ СУСВЕТУ
Мастацтва

«І НАРАДЗІЛА СЫНА СВАЙГО...»
Нашы святыні

ФАТОГРАФ І ДАСЛЕДЧЫК
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Проза

QUO VADIS
Культура

ГОСЦЯ З ІНШАГА СВЕТУ

Тамара ЛІХАЧ

КАТАЛІЦКІЯ КЛЯШТАРЫ
І РАЗВІЦЦЁ МУЗЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ

Пачатак

Дамініканцы

Музычнае мастацтва з’яўлялася прадметам асаблiвай увагi з боку ўладаў дамiнiканскага ордэна1. Розныя раздзелы Канстытуцыi, пастановы генеральных капiтулаў ордэна, а таксама фундушавыя запісы асобных кляштараў падрабязна рэгламентавалі самыя розныя бакі музычна-літургічнай практыкі: ролю званоў у жыццi кляштара, спосаб выканання асобных спеваў падчас набажэнстваў, спецыфіку навучання навіцыяў2 харальнай практыцы.

Зацікаўленыя адносiны іерархаў ордэна прапаведнiкаў да музычнага мастацтва былi абумоўлены разуменнем яго важнай функцыi ў набажэнстве. Аднак амаль з пачатку iснавання ордэна можна заўважыць некаторую рыгарыстычнасць, нават суровасць у дачыненні да музыкі. Афіцыйныя асобы спрабавалі дакладна акрэсліць, што дазволена i што забаронена ў дамiнiканскiх кляштарах, дбайна ахоўвалі кананічныя, асвячоныя векавымі традыцыямі літургічныя формы. Натуральна, у музыцы найбольш высока ацэньваўся старажытны харальны спеў, спалучаны з гучаннем, напэўна, найбольш архаічнага музычнага інструмента хрысціянскай святыні – званоў.

Iдэал касцёльных спеваў у «Суме канстытуцый ордэна прапаведнікаў» акрэслены так: «Боскi афiцый павiнен спявацца пабожна, з пэўнай прывабнасцю i прыемнасцю галасоў; не цвёрда цi груба; не надта высока, а сярэднiм голасам; коратка, што значыць раздзельна, плаўна i без занадта дробязнай прыдзiрлiвасцi»3. Раздзел XXIV — «Аб касцёлах i кульце» — патрабаваў выканання рашэнняў Трыдэнцкага сабору. З касцёлаў была выгнана «тая музыка, якая цi ў арганнай iгры, цi ў спевах прымешвае нешта гульлiвае альбо нячыстае», разам з «бязбожнымi размовамi, прагулкамi [па касцёлу], шумам i воклiчамi» [7; c. 60, 44]. Пастановы Генеральнай капiтулы ў Балоннi 1615 г. звярталі ўвагу кiраўнiкоў кляштараў на неабходнасць пiльнага адбору музыкантаў для касцёла: «Строга прадпiсваем, даручаючы гэта сумленню пралатаў, каб музыканты ў нашых касцёлах былi найразважнейшыя, i каб iм не дазвалялi ў будзенныя днi насуперак звычайным нашым прадпiсанням скарачаць цi змяняць богаслужэннi» [7; c. 421, 452]. Цікава, што ў якасці крытэрыя прыдатнасці музыкантаў адзначаны маральныя якасці (разважнасць) і зноў жа, чыста па-дамініканску, прыхільнасць да традыцыі.

Спецыяльная ўвага аддавалася псалмодыі — традыцыйнай касцёльнай рэчытацыі розных кананiчных тэкстаў адпаведна васьмі касцёльным тонам, па спецыяльных меладычных формулах. У раздзеле «Аб касцёльным чытаннi» Канстытуцыi дамiнiканцаў пытанне аб паўзах у псалмодыі разглядаецца асобна: «Прыгажосць афiцыя — у паўзах, яго ж псаванне — у паспешлiвасцi i беспарадку, якiя маюць сваёй прычынай выдаленне паўзаў... У святочныя днi афiцый павiнен адпраўляцца з большымi паўзамi, паколькi браты меней занятыя працай i чытаннем, а свецкiя людзi ў азначаныя днi павiнны больш сыходзiцца ў касцёл, бо іх мы павiнны больш прысвячаць Богу; дзеля гэтага i былi ўстаноўлены святы. Таму афiцый у названыя днi трэба спяваць пабожна, з ахвотой i ўрачыста. У iншыя днi служыць можна менш урачыста i з меншымi паўзамi, аднак ўсё ж такi павольна, выразна i пабожна» [7; c. 60]. Гэтыя словы Канстытуцыi амаль лiтаральна паўтараюць думку аднаго з першых дамiнiканскiх тэолагаў Альберта Вялiкага, выказаную iм у «Summa theologiae»: паколькi прыгажосць сусвету складаецца з антытэзiсаў, то калi ў музыцы «ў харавое спяванне ўводзяцца паўзы, яно становiцца прыемней, чым пастаяннае гучанне» [6; т.I, c. 215].

Даследчыкi гісторыі музыкі адзначаюць, што ў XIII—XIV стст. традыцыйны харал у прапаведнiкаў выконваўся прасцей, менш віртуозна, чым у iншых ордэнах i ў Касцёле наогул. У нотных кнiгах дамiнiканцаў скарачалiся працяглыя мелiзмы, музычны бок манодыi больш строга падпарадкоўваўся тэкставаму [3; c. 271]. Генеральная капiтула ордэна ў Балоннi ў 1242 г. забаранiла дамiнiканцам уводзiць шматгалосую музыку, а Лонданская 1250 г. нават забаранiла дыскантаванне4. Абедзве пастановы былi дадаткова пацверджаны на капітуле 1306 г. у Парыжы. Цесна звязаная з беларускімі землямі Польская правiнцыя ордэна ў 1603 г. сваім рашэннем паўторна забаранiла карыстацца шматгалосай музыкай, зрабiўшы выключэнне для кракаўскага, познаньскага, вiленскага, люблiнскага, сандамiрскага, пжэмыскага i пётркаўскага кляштараў [8; N 4, c. 10].

Асаблiва суровымi былi патрабаваннi да музыкi ў жаночых кляштарах ордэна. Манахiням-дамiнiканкам «фiгуральная» (шмтгалосая) музыка наогул забаранялася, дазвалялiся выключна спевы «firmus» («цвёрдыя», г. зн. харальныя); ім нельга было ўжываць ніякіх музычных iнструментаў, за выключэннем арганаў.

Нядбайнасць у чытаннi альбо спевах у касцёле лiчылася для манаха грахом: лёгкi грэх — «калi хто чытанне ў вызначаны час не падрыхтуе; калi хто саманадзейна прачытае цi спяе iншае, чым тое, што адобрана агульным звычаем». Такая правiннасць для манахiняў была ўжо не лёгкiм, а сярэдняй цяжкасцi грахом [7; cc. 351, 429].

Агульнае для ўсіх дамiнiканцаў патрабаванне абавязковага штодзённага спявання харавога афiцыя пацвярджалася i канкрэтызавалася адпаведна мясцовым умовам на правiнцыйных сiнодах. Напрыклад, Генеральная капiтула Лiтоўскай правiнцыi дамiнiканцаў 1646 г. прысвяцiла значную частку сваiх пастановаў рэгуляванню практыкi касцёльных спеваў у ордэнскiх кляштарах. У ёй нават патрабуецца, каб «нiкога не ўзводзiлi ў ранг святара, калi ён недастаткова навучаны грамаце i не ведае харальных спеваў». Прычым тым прыёрам, якiя б пайшлi насуперак гэтай пастанове, пагражала звальненне з пасады [1]. Паколькi рашэннi капітулы 1646 г. дазваляюць добра ўявiць сабе ролю i месца спеваў у штодзённым жыццi дамiнiканскiх кляштараў, працытуем асноўныя з iх:

    1. Неабходна клапаціцца, «каб ва ўсiх нашых кляштарах Боскi афiцый вымаўляўся аднолькава не толькi ў рубрыках, але i ў спяваных частках належных урачыстасцяў; акрамя таго, каб усе ведалi, што спяваецца, а што чытаецца, i каб кожны быў напагатове...

    2. Прымаем рашэнне, каб кожны дзень спявалiся, даўжэй цi карацей (у залежнасцi ад таго, будзённыя гэта днi цi святочныя, калi можна разлiчваць на вялiкую колькасць народу), наступныя службы афiцыя: кананiчная гадзiна, якая непасрэдна папераджае манастырскую Імшу; нешпары; камплеторый; «Salve Regina».

    3. Акрамя прадпiсанага вышэй «Te Deum laudamus», трэба спяваць таксама «Benedictus» i раздзел, калi ён выпадае на гэты час, у наступныя днi: у простыя святы; панядзелак святога Анёла-ахоўнiка; аўторак святога Дамiнiка, айца нашага; у сераду святога Гiяцынта; у чацвер Божага Цела; у суботу Дзевы Марыi; у тыя днi, калi трэба выконваць афiцый.

    4. У падвоеныя i падобныя да iх святы заўсёды спяваецца iнвiтаторый5 службы хваленняў (laudes) цалкам, а таксама дзве кананiчныя гадзiны, якiя непасрэдна папераджаюць Імшу.

    У святы, што адпраўляюцца для народа, i ў святы апосталаў, акрамя ўсяго прадпiсанага вышэй, спяваюцца астатняе чытанне з яго рэспансорыямi i ўсе кананiчныя гадзiны. ...

    6. Акрамя таго, спяваюцца трэцi накцюрн ютранi, цi, у велiкодны перыяд, уся ютрань у святы патронаў ордэна, а менавiта: св. Раймунда, св. Вiнцэнта-пакутнiка, св. Пятра-пакутнiка, святых Антонiя i Вiнцэнта спавядальнiкаў, св. Амброзiя, св. Кацярыны Сенэньскай, св. Агаты, св. Марыi Магдалены, св. Кацярыны, панны i пакутнiцы.

    7. Увесь начны i дзённы афiцый спяваецца ў найбольшыя святы, а менавiта: Нараджэння Хрыстова, Ахвяравання Пана, Велiкодную Сераду i наступныя два днi, Вялiкдзень, Унебаўшэсце, Пяцiдзесятнiцу, Божага Цела, Наведання, Асумпцыi, Нараджэння Багародзiцы, Святога Ружанца, св. Анёла-ахоўнiка, св. айца нашага Дамiнiка (4 жнiўня) i св. Тамаша Аквiнскага (15 верасня), св.Гiяцынта, Усiх Святых, у Задушны дзень, у агульных маленнях i ў саракагадзiннае набажэнства. У час ютранi i да яе ў трэцюю кананiчную гадзiну, калi народ падымаецца i можа прысутнiчаць, адчыняецца касцёл i звоняць вялiкiя званы. Калi ж дзе-небудзь так служыць не змогуць, няхай утрымлiваюць традыцыйныя звычаi».

    11. ... каб штодзённа падчас чытання ў хоры верша з псальма «Sanctum et terribile nomen eius» усе браты кланялiся, як i на словах «Nomen Domini benedictum»...

    14. Строга папярэджваем кiраўнiкоў кляштараў, каб яны не дазвалялi адсутнiчаць тым, хто павiнен прысутнiчаць у хоры, i каб нiхто не выходзiў аж да заканчэння афiцыя» [1].

Некалькi пастановаў капiтулы 1646 г. прысвечаны ўвядзенню ў афiцый дадатковых спеваў падчас асобных касцёльных святаў: так, лiтанii да Найсвяцейшай Панны, якiя звычайна спяваюцца па суботах, павiнны таксама спявацца пасля «Salve Regina» ў камплеторыi падчас усiх Марыйных святаў; у суботы ж перад другой нядзеляй месяца лiтанii да Дзевы Марыi трэба замяняць на лiтанii да Iмя Езуса, як i ў свята Ахвяравання Пана. Праз дваццаць гадоў Лiтоўская капiтула 1674 г. патрабавала дадаваць да вышэйпамянёных суботнiх Марыйных лiтанiй прозу (секвенцыю) «Inviolata intacta» з вершам i звычайную малiтву; у асобныя ж днi памяцi пасля камплеторыя святому Гiяцынту замест антыфоны «Confessor Domini» спяваць «Ave florum flos Hyacinthe» [1; 2].

Асаблiвае значэнне Марыйнай антыфоны «Salve Regina» для дамiнiканцаў адзначалася ўжо ў Канстытуцыi ордэна: «Salve Regina» трэба пабожна спяваць у знешнім касцёле пасля камплеторыя, падчас працэсiйнага шэсця братоў, як гэта рабiлася з пачатку гісторыі ордэна; гэта трэба рабiць у час, выгодны для людзей» [258; c. 57]. Лiтоўская капiтула 1646 г. прысвяцiла нават асобны пункт паводзiнам манахаў падчас выканання антыфоны:

«У час «Salve Regina», што спяваем пасля камплеторыя, усе павiнны прысутнiчаць, нягледзячы нi на ранг, нi на стан i нi на якiя-небудзь iншыя прычыны. Выключэнне дазваляецца толькi з-за хваробы. Калi ж хто-небудзь пасля снедання мае звычай выходзiць з кляштара i не прысутнiчаць з-за гэтага на антыфонах, дык спачатку няхай яго павучаюць, каб вяртаўся i прысутнiчаў. Калi ж і гэта не дапаможа, дык няхай на працягу месяца нiкуды не выходзіць з кляштара; калi ж зноў не выправіцца, дык не даваць дазволу на выхад з кляштара пасля снедання больш нiколi. У час, калi спяваецца гэтая антыфона, на словах «Eja ergo advocata nostra» браты, павярнуўшыся тварамi да галоўнага алтара, няхай схiляць каленi, як i на словах «Misericordes oculos ad nos converte»» [1].

Генеральная капiтула Лiтоўскай правiнцыi 1697 г. спецыяльна пацвярджала першыя 7 загадаў капiтулы 1646 г. «для больш крэпкай памяцi i дакладнага ходу Боскага афiцыя ў нашых касцёлах», а таксама дадаткова напамiнала, што «ўсе, звольненыя ад штодзённага ўдзелу ў хоры, не павiнны распаўсюджваць сваё звальненне на святочныя днi, нядзелi i на днi, прысвечаныя святым ордэна; але ў Бозе прадпiсваецца, каб не ленавалiся асабiста ўшаноўваць у хоры афiцый, якую б пасаду нi займалi» [1; 2]. Дазвалялася трохi зменшыць колькасць спеваў у тых кляштарах, дзе малая колькасць братоў: у простыя i меншыя святы спяваць толькi «Te Deum laudamus», нешпары i камплеторый; у святы ж падвоеныя i падобныя да iх — iнвiтаторый, гiмн, 9-ы рэспансорый, «Te Deum», «Benedictus», нешпары i камплеторый.

Кiраўнiкам дамiнiканскiх касцёлаў таксама наказвалася актыўна прапагандаваць уведзены св. Дамiнiкам Ружанец, прычым спяваць яго павiнен быў народ, а не законнікi (гл. пункт 2 капiтулы 1674 г.).

Як бачна, роля спеваў у штодзённым жыццi дамiнiканскiх кляштараў была вельмi значнай. Адсюль i пастаянная ўвага ўладаў ордэна да навучання музыцы. Вывучэнне псальмодыi i касцёльных спеваў было адной з галоўных задач перыяду навiцыяту. Так, XXVII раздзел «Сумы» — «Аб адпраўленнi Імшы» — падкрэслiваў: «Усе цырымонii, якiя запiсаны ў нашых звычайных правiлах аб служэннi ля алтара i ў іншых Боскiх службах, трэба старанна захоўваць i настаўляць юнакоў у iх вывучэннi i практыкаваннi». Раздзел XVII другой часткi — «Пра настаўленне навiцыяў у год прабацыi адносна духоўнага» — яшчэ раз акцэнтаваў неабходнасць вывучэння богаслужбовай практыкi:

«Няхай навiцыi руплiва вывучаюць у час прабацыi псальмодыю i Боскую службу. Капiтула ордэна ў Барчыноне ў 1574 г. пастанавiла, каб навiцыi ў першую чаргу настаўляліся ў правiлах малiтвы i ў практыцы [набажэнства], у спевах i iншых набожных звычаях ордэна... На працягу года прабацыi навiцыi не дапушчаюцца да вывучэння навук, але ўвесь гэты год няхай будзе прысвечаны набожнасцi, засваенню цырымонiй, рубрык, Боскай службы, касцёльных спеваў i да таго падобных рэчаў. Так пастаноўлена ў Парыжы ў 1611 г.» [7; cc. 49, 115—116].

Падобныя патрабаваннi былi абавязковымi i для жанчын, якiя жадалi ўступiць у ордэн. Раздзел XXVII, «Аб навучэннi навiцыятак», зазначаў, што навiцыяткi i iншыя здольныя да гэтага сёстры павiнны руплiва вывучаць псальмодыю i Боскую службу. Выключэнне з правiла — канверскi6, якiм трэба было толькi ведаць абавязковыя тэксты кананiчных гадзiн, астатнi ж свой час яны прысвячалi працы на карысць кляштара [7; c. 421].

Паводле Канстытуцыі, на пасаду магiстра навiцыяў трэба было вылучаць тых айцоў, якiя не толькi адзначалiся пабожнасцю, сталасцю, сур’ёзнасцю i добрым iмем, але i абавязкова былі «вопытнымі ў спевах i цырымонiях» [7; c. 60].

Акрэслены час для заняткаў харальнымi спевамi вызначала Лiтоўская капiтула ордэна 1646 г.: «пасля снедання няхай некаторы час практыкуюцца ў спевах з братамi i маладзейшымi святарамi ў прысутнасцi айца субпрыёра i айца магiстра навiцыяў, штодзённа ў залежнасцi ад свята». Аднак, напэўна, штодзённыя практыкаваннi былi вельмi цяжкімi, таму ўжо Лiтоўская капiтула 1674 г. абмяжоўвала заняткi «любой серадой тыдня цi iншым вольным днем»7. Акты Лiтоўскай капiтулы 1690 г. зноў патрабавалі ад прыёра штодзённых практыкаванняў кляштарнай моладзi ў спевах, асаблiва там, дзе «квiтнее навiцыят». Прыёр таксама абавязаны клапацiцца пра лiтургiчныя кнiгi, «асаблiва харальныя, мартыралогii i канстытуцыi ордэна» — як бачым, «харальныя» кнiгi стаялі ў пералiку на першым месцы. Галоўнаму прапаведнiку правiнцыi Паўлу Валiньскаму кангрэгацыя 1646 г. даручала, каб ён перапiсаў харальныя кнiгi, якiх не хапала ў кляштарах [1; 2].

Канкрэтныя кляштары, акрамя прадпiсаных генеральнымi i правiнцыйнымi капiтуламi ордэна набажэнстваў, павiнны былi таксама служыць дадатковыя, звязаныя з разнастайнымi ахвяраваннямi дабрадзеяў. На жаль, падобных звестак пра дамiнiканскiя кляштары Беларусi вельмi мала. Напрыклад, гродзенскiя дамiнiканцы ў iнвентары ад 4.08.1804 г. указвалі на свае дадатковыя лiтургiчныя абавязкi: «Iмшы, што служацца за фундатараў i дабрадзеяў: 1) у тыдзень 33; 2) у месяц 11; 3) у год 41; 4) спяваных экзэквiяў 12» (344; л.2). Фундатар Забелаў, аднаго з самых багатых дамiнiканскiх кляштараў Беларусi Ежы Шчыт (1716 г.), патрабаваў спяваць за яго родзічаў 3 месы ў тыдзень i чытаць 20 «сухiх»; кожны дзень адпраўляць Ружанец. Яго ўдава ў 1730 г. зменшыла колькасць штотыднёвых месаў да 12. З 1797 г. дамiнiканцы зноў служылi 26 месаў у тыдзень [4; cc. 284, 290]. Аляксандр Бушкоўскi запiсаў у 1683 г. 10.000 злотых пiнскаму кляштару з абавязкам у панядзелак, сераду i суботу служыць па 3 месы, 2 са спевамi i 1 «сухую», за душы фундатараў i iх родных; у пятнiцу — за душы у чысцы [5; c. 295].

Працяг


  1. Буйныя кляштары дамініканцаў знаходзіліся ў Забелах,Гродна, Дзярэчыне, Наваградку, Нясвіжы, Шклове, Пінску і г.д.
  2. Навіцый (ад лац. novicius «навічок») – той, хто выказаў жаданне уступіць у манаскі ордэн і праходзіць падрыхтоўку ў спецыяльнай афіцыйнай установе – навіцыяце. Навіцыяты звычайна ствараліся пры найбольш вялікіх і заможных кляштарах ордэна.
  3. Усе пераклады з лацінскай мовы зроблены аўтарам.
  4. Спевы актавай вышэй.
  5. Інвітататорый (ад лац. invito «запрашаю») – першы спеў ютрані і некаторых іншых службаў афіцыя.
  6. Канверсы (ад лац. conversus «схілены»), ці браты-лаікі – адна з формаў манаства. Канверсы даюць традыцыйныя манаскія зарокі, аднак не маюць пасвячэння. Звычайна ім даручаецца ўсялякая ручная праца.
  7. Цiкава, што ў 1674 г. за гэтымi практыкаваннямi разам з субпрыёрам павiнен быў сачыць «айцец кантар», што сведчыць пра iснаванне асобнай пасады кантара ў дамiнiканскiх кляштарах.

ЛІТАРАТУРА:

  1. Acta intermediae congregationis Congregationum Lithuanae S. Angeli Custodis ordinis Praedicatorum. Anno Domini 1646. Die 23. Septembris, celebratae. – Vilnae, 1646.
  2. Acta intermediae congregationis Provinciae Lithuanae S. Angeli Custodis sacri ordinis Praedicatorum. Anno 1697 die 18.Junii celebratae. – Vilnae, 1697.
  3. Geschichte der katholischen Kirchenmusik / Hrsg. v. K. G. Fellerer. Band I. Von den Anfangen bis zum Tridentium. Kassel-Basel-Tours-London, 1972.
  4. [Gizycki J. M.] Wiadomości o dominikanach prowincji Litewskiej. Zebral Wolyniak. Poprzedzil przedmową O. Woroniecki O. P. Część I. — Kraków: Nakładem OO. Dominikanów, 1917. — YII; 323 s.
  5. [Gizycki J. M.] Wykaz klasztorów dominikańskich prowincji ruskiej. Zebral Wolyniak. Część II. — Kraków: Nakładem OO. Dominikanów, 1923. — 400 s.
  6. The new Grove dictionary of music and musicians / Ed. by Stanley Sadie. Vol. 1—20. — London, 1980.
  7. Summarium constitutionum, declarationum, et ordinationum, pro regimine sacri ordinis praedicatorum. — Parisiis, 1619.
  8. Swiętochowski R. Tradycje muzyczne zakonu kaznodziejskiego w Polsce // Muzyka. — 1963 (Rok VIII). — Nr 1—2 (28—29); Nr 4 (31).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY