Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(11)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

ГЭТА МЕСЦА — СВЯТОЕ
Мастацтва

«MAESTRO ВАЛЕНЦІ»

«І ПАЧУЛА ГОЛАС...»

«ПЕРАКАЗАНАЯ ПАМЯЦЬ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні
Проза

ПІСЬМЕННІК ІГНАЦЫЁ СІЛОНЭ
Да юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Постаці

ДАРОГА АПОСТАЛЬСТВА
Погляд збоку

Ігнацыё СІЛОНЭ

ЗДАРЭННЕ З БЕДНЫМ ХРЫСЦІЯНІНАМ

Урывак з рамана

Дзейныя асобы:
Брат П’етро Анджалерыё
(Чалясціно V, П’ер Чалясціно).
Матэо з Пратолы (ткач).
Канчэта (яго дачка).
Дон Канстанціно (сульмонскі пробашч).

Брат Барталамей з Трасака,
Брат Анжэло з Карманіка,
Брат Тамаш з Сульмоны,
Брат Людвік з Мачэраты

(маранэскія манахі).

Брат Вэрардо з Пэннэ,
Брат Тамаш з Атры,
Брат Клемянцін з Атры,

(духоўныя браты).
Кардынал Бенедэто Каэтані
(Баніфацый VIII).

Вайсковы памочнік
караля Неапаля Карла ІІ.

Сакратар Чалясціна V Джаакін.

Неапалетанскія клерыкі,
пасля — маранэскія паслушнікі
Лука.
Бальдзіў Сульмоны.
Жандарм.
Бальдзіў біскупа,
малады маранэскі манах,
некаторыя пралаты,
народ.

ІІІ

Неапаль, кастрычнік 1294.

Адмова блаславіць вайну

Гук званочка абвяшчае аб прыбыцці Чалясціно V. Брат Анжэло і клерык спяшаюцца пайсці. Папа займае месца ў фатэлі за сталом, у той час як брат Барталамей запальвае свячу на кандэлябры і падае папу паперы, што прынёс клерык.

Чалясціно V: Памочніка караля яшчэ няма?

Брат Барталамей: Яшчэ не. (Паказвае папу паперы, перададзеныя колькі хвілін таму клерыкам). Ёсць тэрміновая просьба біскупа з Марсі аб атрыманні прывілею для новага касцёла Святой Марыі Вікторыі ў Скурколе Марсіканскай.

Чалясціно V: Святой Марыі Вікторыі? Дзеля чыёй перамогі ўхваляецца Маці Хрыста?

Брат Барталамей: Гаворка, безумоўна, ідзе пра перамогу Карла Анжуйскага над Карадзінам Гагенштаўфенам. Некалькі гадоў таму адбылася вялікая бітва паміж французамі і звевамі ў нашых мясцінах, між Скурколам і Тальякоцца.

Чалясціно V: Маці Хрыста ўдзельнічала ў бітве? Яе бачылі французы?

Брат Барталамей: Жартуеце? Аднак французы былі пакліканы папам.

Чалясціно V: Вядома ж, не Маці Хрыстовай. (Раздражнёна адсоўвае пергамент, падрыхтаваны да подпісу.)

Брат Барталамей: Вось памочнік караля.

З правага боку прыадчыняюцца дзверы каля дзвярэй кляўзуры і ўзнікае Памочнік караля, які застывае ў вайсковым вітанні.

Чалясціно V: Праходзьце і сядайце.

Памочнік займае месца за сталом побач з ім. Брат Барталамей выходзіць.

Памочнік: Дзякую Вашай Святасці за гэтую аўдыенцыю. Я баяўся, што ў часе нашай апошняй сустрэчы пакінуў па сабе найгоршы ўспамін сваімі рэзкімі выказваннямі.

Чалясціно V: Наадварот. Я аддаю перавагу адкрытай і простай размове вайскоўцаў, а не вытанчаным фразам юрыстаў і тэолагаў.

Памочнік: Пастараюся не выпрабоўваць вашае цярпенне. Пачну з паведамлення, якое мяне вельмі хвалюе. Яго Вялікасць кароль адчувае глыбокі боль з тае прычыны, што заўважыў у Вашай Святасці значныя змены ў адносінах да яго.

Чалясціно V: Мая любоў да Яго Вялікасці не змянілася, у гэтым можаце яго запэўніць. Ад таго часу, як я пазнаёміўся з ім асабіста, я шчыра яго люблю і кожны дзень за яго малюся. Мне шкада, што цяпер ён расчараваны маёю дзейнасцю першасвятара. Не кажу, што кароль не мае на гэта прычыны, аднак ён не мае рацыі, калі лічыць яе капрызнай або прадыктаванай непрыязнасцю.

Памочнік: Ці нельга аднавіць шчаслівае супрацоўніцтва, якое напачатку абяцала столькі добрага? Яно было б на радасць і Каралеўству, і Касцёлу.

Чалясціно V: І Касцёлу таксама? Цяпер я ў гэтым сумняваюся. Вы ведаеце, што я падарыў каралю дзесяціны Англіі і Францыі; я прызначыў некаторых кардыналаў, згодна з яго пажаданнямі, у спадзяванні паменшыць уладу некаторых магутных рымскіх родаў; і зрабіў для яго іншыя паслугі, у якіх цяпер я менш упэўнены.

Памочнік: Вы шкадуеце аб гэтым? Чаму? Вы дазволіце мне сказаць адкрыта?

Чалясціно V: Я заклікаю вас да гэтага.

Памочнік: Сёй-той мармыча пра благі ўплыў кардынала Каэтані на Вашую Святасць; кардынал выступае супраць караля, але адначасова не застаецца лаяльным і да Вашай Святасці. Сапраўды, ён ужо рыхтуе сабе месца вашага наступніка на сакрэтных сходках. Я магу паведаміць вам дэталі.

Чалясціно V: Яны мяне не цікавяць. Павінен вам сказаць, што вельмі паважаю кардынала Каэтані за яго культуру і незалежнасць. Аднак нашае разуменне Касцёла супрацьлеглае. Ён - за палітычнае першынства папства, мне здаецца гэта не сакрэт, у той час як мяне, калі хочаце ведаць, палітычная ўлада не цікавіць.

Памочнік: Я буду мець гэта на ўвазе і дзякую вам за тлумачэнне. Вы маеце рацыю, трэба пакінуць Цэзару Цэзарава. Аднак Касцёл можа мець патрэбу ў свецкай руцэ супраць ерасяў. З другога боку, ніводная дзяржава не будзе ў стане падтрымліваць грамадскі парадак, калі падначаленыя перастануць адчуваць свяшчэнную баязлівасць перад пеклам, і гэтая функцыя адпаведна датычыцца Касцёла. Трон і алтар такім чынам...

Чалясціно V: Пакіньце, прашу вас. І вы, вайсковец, таксама схіляецеся да рыторыкі?

Памочнік: Я хацеў падвесці да гэтага заключэння. Калі вы не падзяляеце палітычных амбіцый кардынала Каэтані, то я не разумею, чаму вы не можаце ўзнавіць тое паразуменне, што ўсталявалася з каралём у Сульмоне.

Чалясціно V: Я прызнаюся вам з усёй шчырасцю. Вось што са мною здарылася, і калі вы лічыце гэта патрэбным, то можаце паведаміць каралю. Мяне абралі папам, як ведаеце, крыху менш як два месяцы таму, але першыя тыдні я быў агаломшаны ад тысячы другасных турботаў. У пэўным сэнсе я паступова раблюся папам і баюся, што ніколі ім не стану ў поўнай меры. Можа і немагчыма цалкам быць папам, інакш кажучы, вікарыем Хрыста. Калі падумаць, то гэта страшэнна цяжкае даручэнне. Тым не менш, пэўныя дзеянні і ўчынкі першых тыдняў пасля абрання цяпер я б не змог паўтарыць; больш за тое, зрабіў бы наадварот.

Памочнік: Я глыбока расчулены, Ваша Святасць, такімі сур'ёзнымі прызнаннямі. Маё захапленне Вашай Святасцю, і без таго вялікае, узрасло яшчэ больш... Калі цяпер, з вашага дазволу, асмелюся дадаць некалькі словаў, дык толькі, каб паведаміць пра шэраг падзей іншага кшталту. Вы, несумненна, ведаеце пра перамовы наконт Сіцыліі вашага папярэдніка Нікало IV з каралём Карлам і з Якабам Арагонскім. Тут трэба аберагчы гістарычную пераемнасць. Перш за ўсё Сіцылія знаходзіцца пад феадальнай уладай папскага трону.

Чалясціно V: Мой найпершы абавязак, як папы, аберагаць іншую пераемнасць, пераемнасць хрысціянскай веры. Калі б я цяпер задаволіў некаторыя патрэбы караля, то здрадзіў бы ёй.

Памочнік: Вы маеце на ўвазе запрашэнне блаславіць войска, што адпраўляецца на Сіцылію?

Чалясціно V: Вы адгадалі.

Памочнік: Вы ведаеце, што гэта законная экспедыцыя. Вы настойваеце на вашай адмове?

Чалясціно V: Чаго б гэта ні каштавала. Паўтараю вам раз і назаўсёды: я не магу блаславіць ніводнага ваеннага прадпрыемства. Ведаеце ў чым сэнс духоўнага вучэння Хрыста? Вы павінны ведаць, бо абвяшчаеце сябе хрысціянінам; але я нагадаю, калі раптам вы пра гэта забылі. Сэнс яго ў адным слове: любіце. Любіце блізкага, і ворагаў таксама. Мы, людзі, усе дзеці аднаго Айца.

Памочнік: Святасць, ніхто не мае намеру правяраць вашыя думкі і пачуцці падчас блаславення. Але для караля, як і для войска, важна, каб яно адбылося. Яно будзе мець значэнне і для іншых кіраўнікоў Еўропы.

Чалясціно V: Пастарайцеся мяне зразумець, прашу вас. Нават калі ў момант слабасці я дазволіў бы даць блаславенне, якога вы просіце, то фізічна не здолеў бы здзейсніць яго. Чаму? Сын мой, няцяжка гэта ўявіць. Знак хрысціянскага блаславення ёсць Крыж. Вы ведаеце, што такое Крыж, праўда? І словы блаславення такія: у імя Айца і Сына і Святога Духа. Калі я правільна зразумеў, то вы мне падказваеце даць блаславенне салдатам, гатовым выправіцца на вайну, думаючы пра іншае. Вы пажартавалі? Гэта было б жудаснае святатацтва. Знакам Крыжа і імем Тройцы можна блаславіць хлеб, поліўку, алей, ваду, віно, прылады працы, калі хочаце, плуг і матыку селяніна, гэблік цесляра, і гэтак далей, але не зброю. Калі вы маеце абсалютную патрэбу ў выкупляльным абрадзе, пашукайце каго-небудзь, хто зробіць яго ў імя Сатаны. Менавіта Сатана выдумаў зброю.

Памочнік: Вы ведаеце, што іншыя папы, да вас, бласлаўлялі войны.

Чалясціно V: Не мне судзіць іх. Я магу толькі маліць Бога аб міласці да іх.

Памочнік рэзка ўстае, стрымана аддае вайсковы салют і, спяшаючыся, ідзе прэч. На сцэну апускаецца цемра.

.........................................

Вялікая адмова

На сцэну вяртаецца святло. Браты Барталамей, Анжэло і Людвік рыхтуюць пакой для кансісторыі. Брат Анжэло вельмі далікатна ўскладае на стол чырвоную мантыю, эпітрахіль і тыяру, якія папа апране падчас урачыстага звароту да кардыналаў. Брат Барталамей і Брат Людвік непадалёк ад уваходу ў залу ставяць фатэль на ўзвышэнне, быццам трон. Дзеянне адбываецца ў цішыні; выгляд у трох манахаў сур'ёзны і занепакоены. У праёме дзвярэй узнікае першы клерык, які прыладжвае столачкі.

Першы клерык (брату Анжэло): Куды трэба ставіць столачкі?

Брат Анжэло: Не сюды, трэба паставіць іх у зале ў шэраг, гэта для кардыналаў.

Першы клерык: Можа спатрэбіцца побач з тронам Святога Айца?

Брат Анжэло: Ён сказаў, што на гэты раз хоча бачыць каля сябе толькі давераных асобаў, такім чынам - ніякіх кардыналаў. «Будзьце побач са мной вы ўтрох, - сказаў ён, - і, калі захочуць, таксама двое служкаў».

Подбегам з'яўляецца другі клерык, твар якога выказвае моцную трывогу і хваляванне.

Другі клерык: Праўда, што Святы Айцец хоча адмовіцца ад папства?

Яму ніхто не адказвае. Клерык робіць выснову, што сумная навіна пацвярджаецца, і пачынае ўсхліпваць.

Першы клерык (падыходзіць да яго, каб гаварыць шэптам): Ведаеш, нічога ўжо не зробіш, потым я табе растлумачу.

Другі клерык: Як гэта магчыма? Звар'яцець можна. Нічога падобнага ніколі не было.

Першы клерык: Ты маеш рацыю, ніколі. І тым не менш, кардыналы не выкажуць пярэчанняў, пабачыш.

Другі клерык: Кардыналы не, але добрыя хрысціяне? Святы Айцец нас пакідае. Як гэта магчыма? Ці гэта не ўцёкі?

Брат Людвік (які пачуў гарачы пратэст клерыка): Не, сын мой, гэта не ўцёкі, гэта праява смеласці, жэст лаяльнасці да сябе самога і да іншых.

Другі клерык: Нічога падобнага ніколі не здаралася.

Брат Людвік: Гэта не зусім так. У гісторыі Касцёла слова ніколі недарэчнае. Усё, што з пункту погляду чалавека можа адбыцца, ужо адбылося. Адзіны звышчалавечы факт той, што Касцёл дагэтуль існуе.

Другі клерык: Ёсць адно пытанне, якое я ўжо чуў ад іншых: абраны Святым Духам можа адмовіцца ад трону? Значыць, Святы Дух памыліўся?

Брат Людвік: Не, Ён - непахісны. А чаму не дапусціць, што і гэтая адмова цяпер натхняецца Ім?

У пакой уваходзіць вайсковы Памочнік караля і, паколькі прысутныя не заўважаюць яго, гучна звяртаецца да ўсіх.

Памочнік: Я пасланы Яго Вялікасцю, каб запрасіць Святога Айца на тэрміновую размову ў каралеўскім палацы або тут, згодна з прэферэнцыяй Яго Святасці.

Брат Анжэло: Найвышэйшая просьба будзе данесена да ведама Яго Святасці як мага хутчэй.

Памочнік: Яго Вялікасць чакае неадкладнага адказу.

Брат Анжэло: Ён будзе неадкладным, як толькі Яго Святасць прыме яго.

Брат Анжэло рашуча накіроўваецца да кляўзаравай келлі, але брат Людвік загароджвае яму праход.

Брат Людвік: Папярэджваю Вас, што мы не вітаем гвалту.

Пасля хвіліннай развагі Памочнік у вялікай спешцы вяртаецца туды, дзе быў раней. Праз праём дзвярэй тым часам відаць некалькі пралатаў і іншых асобаў. Яны таксама збегліся, каб атрымаць пацвярджэнне ці абвяржэнне ашаламляльнай навіны пра акт адрачэння, але брат Барталамей прытрымлівае іх і перашкаджае праходу ў пярэдні пакой. Сярод шуму, які далятае адтуль, можна разабраць некалькі асобных воклічаў.

Галасы: «Але як гэта магчыма? Падобнага скандалу ніколі не было».

«Значыць, гэта праўда? Езус, Езус, у які час мы жывём».

«Святы Дух памыліўся ў Перуджы, ці памыляецца цяпер? Ой-ёй-ёй, адсюль не ўцячэш. Канец, канец».

«Апошняе слова, пабачыце, скажа Сарбона».

Брат Анжэло(брату Людвіку): Вось будучы папа. Ён заручыўся падтрымкаю Арсіні і такім чынам мае ўжо большасць галасоў Святой Калегіі. Наступны канклаў будзе, у адрозненне ад таго, што адбываўся ў Перуджы, адным з самых кароткіх у гісторыі Касцёла.

Кардынал Каэтані (праходзіць у пярэдні пакой і кліча да сябе брата Людвіка і брата Анжэло): Святы Айцец у сваёй келлі?

Брат Анжэло: Так, але мы не можам турбаваць яго.

Кардынал Каэтані: Гэта правільна. Ён як ніколі мае патрэбу засяродзіцца і супакоіцца.

Брат Людвік: Не турбуйцеся, мы ніколі не бачылі яго такім спакойным, як у гэтыя дні.

Кардынал Каэтані: Тым лепш. Дык скажаце яму, ад майго імя, не баяцца ніякіх пярэчанняў кансісторыі. Большасць за маўклівае прыняцце той дэкларацыі, якую мы разам узгаднілі.

Брат Анжэло: А меншасць што скажа?

Кардынал Каэтані: Меншасць у нерашучасці, разгубленая і таксама прамаўчыць. Сапраўдная небяспека знаходзіцца па-за кансісторыяй.

Брат Анжэло: Кароль папрасіў Святога Айца аб тэрміновай размове.

Кардынал Каэтані: Спадзяюся, што ён адмовіцца ад яе, па меншай меры да заканчэння цырымоніі. Перад здзейсненым фактам раней ці пазней кароль скарыцца, не зважаючы на тое, што некаторыя дарадцы падказваюць яму неразумныя рэчы.

Брат Людвік: Якія дарадцы і якія рэчы?

Кардынал Каэтані: Пасля першай весткі пра адрачэнне лагер сям'і Калонна прыйшоў ў стан сапраўднай істэрыі. Яны, самі ведаеце, авантурысты без далікатнасцяў, здольныя на любое запланаванае злачынства. Хтосьці з іх абвясціў сябе тэолагам і балбоча, што адрачэнне нічога не значыць і новы канклаў не будзе законным. Пад прыкрыццём захавання рэлігійнага міру ў каралеўстве яны пакуль што папрасілі караля перашкодзіць гэтаму сілай.

Брат Людвік: Кароль згодны?

Кардынал Каэтані: Яшчэ не. Ён папрасіў парады ў Парыжы, і гэта можа мець сур'ёзныя наступствы.

Брат Людвік: Але ж не для нашага Чалясціно, які ад сённяшняга вечара будзе па-за гульнёй.

Кардынал Каэтані: Не стварайце сабе ілюзій. Неатрыманае прызнанне французскімі біскупамі адрачэння выкліча раскол. Мы будзем мець два папы, Чалясціно V і таго, хто будзе абраны новым канклавам.

Брат Анжэло: Не варта асцерагацца, што наш Чалясціно да гэтага спрычыніцца.

Кардынал Каэтані: Вы не ведаеце французаў, яны могуць абысціся і без яго згоды. Могуць завалодаць ім, ізаляваць і завесці ў Ліён ці яшчэ куды, трымаючы ў няведанні пра наступствы.

Брат Анжэло: Вам не здаецца, што такі погляд мае шмат «калі б»?.. Калі б кароль Неапаля... Калі б французскія біскупы... Калі б наступны канклаў... У той час як мы маем дастаткова прычынаў для турботаў наконт дня сённяшняга.

Кардынал Каэтані: Маеце рацыю. Аднак не зарана думаць і пра тое, куды пойдзе Чалясціно сёння вечарам ці заўтра, пакідаючы гэтую сядзібу. Пустэльнік можа спаць і пад мастом, але не папа і нават не былы папа...

Брат Анжэло: Мы падумалі, што...

Брат Людвік (перабівае яго, падштурхнуты недаверам да кардынала). Мы пакуль пра гэта не падумалі.

Кардынал Каэтані: Скажыце яму, што мой дом у Ананьі да яго паслугаў. Там ён адчуе сябе пад аховаю і будзе ўсім забяспечаны. У любым выпадку, каб пазбегнуць вялікіх непрыемнасцяў, з гэтага моманту нам варта дзейнічаць зладжана і разумна.

Брат Анжэло: Зразумела, я перадам Святому Айцу кожнае вашае слова.

З залы далятаюць неразборлівыя галасы і шум.

Кардынал Каэтані: Пачынаюць збірацца кардыналы. Не дазваляйце нікому іншаму заходзіць у гэты пакой.

Два манахі кароткім паклонам развітваюцца з кардыналам, які вяртаецца ў залу.

Брат Людвік: З неабходнай перасцярогай думаю, што мы дамовіліся: ні Ананьі, ні Ліён.

Брат Анжэло: Зразумела, з агню ды ў полымя. Наш план наконт Чалясціно застаецца нязменным.

З плошчы далятае і ўзмацняецца людскі гоман, у якім да святых гімнаў далучаюцца крыкі abbasso i evviva. Манахі і клерыкі падбягаюць да балкону.

Брат Барталамей: Што гэта? Што адбываецца?

Першы клерык: Павінна быць працэсія Святой Лючыі, сёння 13 снежня.

Другі клерык: Працэсія Святой Лючыі ніколі не праходзіла тут, як ні дзіўна.

Значэнне незвычайнага маршруту працэсіі робіцца больш выразным, як толькі яна пачынае набліжацца да рэзідэнцыі папы. У рэшце рэшт здаецца, што крыкі далятаюць з глыбіні палацу. Дзверы справа ад пярэдняга папскага пакою, прызначаныя для караля ды іншых высокіх асобаў двара, раптоўна адчыняюцца. На імгненне паяўляецца памочнік караля, які адразу адступае, каб вызваліць шлях групе абарваных прадстаўнікоў народу, што, сціскаючы харугву з выяваю Святой Лючыі, нечакана прасунулася за парог дзвярэй. Асобы, прысутныя ў зале, адразу ўтвараюць бар'ер перад уваходам у кляўзуру; адначасова, з супрацьлеглага боку, з'яўляецца кардынал Каэтані, які, коратка акінуўшы залу позіркам і зразумеўшы, што адбываецца, адступае і зачыняе за сабою дзверы. Чалавек, які трымае харугву, робіць крок наперад і крычыць:

«Віва Святая Лючыя, віва папа, віва кароль».

Крык падхопліваецца яго спадарожнікамі, што кідаюць угору свае шапкі. Нехта надае крыку варыяцыю, якую паўтараюць іншыя:

«Віва папа і прэч кардыналаў».

Дзверы кляўзуры адчыняюцца, і ўзнікае высокая і ўрачыстая фігура папы. Прысутныя вітаюць яго кароткім кіўком галавы; толькі двое клерыкаў застаюцца на каленях. Папа, здаецца, пакутуе, аднак ён спакойны; павольна рухаецца ў цэнтр залы і спыняецца каля групы простых людзей. Чалавек з харугваю ўздымае яе і паўтарае хорам са сваімі спадарожнікамі:

«Віва Святая Лючыя, віва папа, віва кароль».

Чалясціно V (стомленым і нязвыклым голасам): Хто вас прывёў ажно сюды? Як вы прайшлі праз дзверы, прызначаныя толькі для караля?

Чалавек з харугваю: Святы Айцец, мы гаворым з вамі ад імя народу, заставайцеся з намі. Не пакідайце нас, не пакідайце статку ваўкам.

Другі чалавек: Адпраўце прэч кардыналаў і заставайцеся з народам і з каралём.

Трэці чалавек: Кардыналы разбураюць Касцёл, як бароны разбураюць Каралеўства. Не пакідайце нас.

Людзі (хорам): Святы Айцец, вызваліце Касцёл ад рымскай курыі.

Чацверты чалавек: Калі вы нам іх выдадзіце, Святасць, то мы вызвалім вас ад ілгуноў-кардыналаў.

Чалясціно V: Як вы асмеліліся вымавіць словы гвалту ў прысутнасці папы? (Паўза.) Паслухайце мяне. Калі чалавек мае гангрэну рукі ці нагі, то яго можна выратаваць, адрэзаўшы хворую частку цела. Але калі хвароба ўвайшла ў многія з іх, то ўсё адрэзаць немагчыма.

Чалавек з харугваю: Што трэба рабіць у такім выпадку?

Чалясціно V: Памолімся разам. Паўтарайце за мной кожную фразу. Я буду лаканічным. (Са складзенымі рукамі папа пачынае малітву) Ойча наш, каторы ёсць у небе, на зямлі і на кожным месцы....

Людзі і прысутныя вернікі: Ойча наш, каторы ёсць у небе, на зямлі і на кожным месцы....

Чалясціно V: Хай прыйдзе Валадарства Тваё...

Тыя ж: Хай прыйдзе Валадарства Тваё...

Чалясціно V: Цяпер я бласлаўлю вас. (Праваю рукою робіць у паветры знак крыжа, у гэты час усе жагнаюцца.) А цяпер, калі ласка, ідзіце з Богам і старайцеся быць добрымі.

Людзі адыходзяць, і брат Барталамей спяшаецца зачыніць за імі дзеры. Папа заўважае, што абодва служкі засталіся на каленях і аднаму з іх нават не ўдаецца схаваць слёзы.

Чалясціно V: Дарагія мае, устаньце. Спадзяюся, што гэтае здарэнне не расхвалявала вас (нахіляецца, каб дапамагчы ім падняцца).

Другі клерык (ледзь стрымліваючы ўсхліпы): Святы Айцец, нават калі гэтыя людзі выказаліся груба, яны перадаюць пачуцці большасці вернікаў. Паслухайце народ, Ваша Святасць, vox populi - vox Dei.

Гоман натоўпу, што сабраўся пад вокнамі, нарастае з новаю сілаю, можа таму, што была атрымана вестка пра безвыніковасць перамоваў яго прадстаўнікоў з папам.

Чалясціно V (двум клерыкам): Я люблю народ, але не сляпою любоўю. Я таксама паходжу з народу і добра яго ведаю. Народ лёгка падмануць, расхваляваць, спакусіць. Вы запыталіся, хто паведаміў гэтаму натоўпу пра маё рашэнне? Якімі словамі? Хто даў загад павярнуць працэсію Святой Лючыі з традыцыйнага шляху і прывесці яе пад мае вокны? Не, няпраўда, што голас народа ёсць голас Божы. Не забывайцеся, што менавіта народ папрасіў вызвалення Варавы і ўкрыжавання Хрыста. Што можа ведаць народ пра пакутлівыя выпрабаванні сумлення, якія мне давялося перажыць у мінулыя дні? Трэба любіць народ, але ніякі гоман натоўпу не павінен пераважаць над голасам сумлення. Безумоўна, дзеці мае, мне шкада адыходзіць далёка ад вас і ніколі вас больш не ўбачыць.

Першы клерык: Вазьміце нас з сабою.

Другі клерык: Не пакідайце нас. Дазвольце нам рушыць следам за вамі.

Чалясціно V: Рушыць куды? Той кароткі час, што мне застаецца, дзеці мае, я хацеў бы правесці ў спакоі ў якой-небудзь пячоры Маэлы, далёка ад інтрыгаў, суперніцтва, зайдрасці, прадажнасці... Я не жадаю нічога, апроч спакою.

Брат Анжэло: Святы Айцец, я паклапачуся пра гэтых нашых маладых сяброў.

Папа згаджаецца і, паколькі гоман натоўпу не аціхае, робіць знак брату Барталамею зачыніць дзверы на балкон і апусціць шторы. Сціхаюць знешнія гукі, і на імгненне становіцца амаль цёмна. Брат Анжэло і брат Людвік запальваюць свечкі на некалькіх кандэлябрах. У прыцемку крыпты адбываецца рытуал апранання пантыфіка, які хутка рухаецца наперад. Папе дапамагаюць брат Барталамей і брат Анжэло, што падаюць яму пярсцёнак, чырвоную мантыю, эпітрахіль і мітру.

Чалясціно V: Браты мае, не будзем больш губляць часу, я гатовы.

Брат Людвік прыадчыняе дзверы, што выходзяць у залу, дзе сабраліся кардыналы, і папа займае месца на троне. Брат Барталамей і брат Анжэло ўкленчваюць па баках; брат Людвік і два клерыкі стаяць крыху ззаду. Пануе абсалютная цішыня. Твар папы асветлены моцным святлом, што выпраменьваецца з залы.

Чалясціно V (на поўны голас). Супакой з вамі.

Кардыналы (вельмі гучна): І з духам тваім.

Чалясціно V: Памолімся.

Пасля заканчэння маўклівай малітвы папа жагнаецца.

Чалясціно V: Браты мае ў Хрысце, вы ўжо ведаеце прычыну склікання гэтай незвычайна важнай кансісторыі. Таму не патрэбна ўступнае слова, я скажу толькі самае неабходнае. Дык ведайце, што я прамаўчу наконт глыбіннай сутнасці пытання, наконт таго, што думаю, інакш кажучы, наконт становішча Касцёла ў сучасным свеце, таму што немагчыма змяніць яго сёння, і тым больш ні я не знайшоў магчымасці яго адолець, ні вы не ў стане вырашыць гэтую праблему. Я не бачу нікога іншага сярод людзей, хто б мог яе вырашыць. Такім чынам, я буду гаварыць з вамі пра мяне і пра той акт, які я збіраюся здзейсніць, і прашу вас выслухаць мяне ў цішыні і ўстрымацца ад пытанняў, каментараў, пратэстаў і заклікаў. Прынамсі падчас нашай апошняй сустрэчы будзем імкнуцца да міласэрнасці і лаяльнасці паміж намі.

Брат Анжэло падае папу тэчку, у якой запісана формула адмовы.

Голас з залы: Святы Айцец...

Чалясціно V: Я папрасіў вас выслухаць мяне, пазбягаючы пытанняў.

Той самы голас: Гэта не пытанне, гэта падказка, як уключыць ваш учынак у кананічнае права.

Чалясціно V: Хто вы?

Голас: Матэо Арсіні.

Чалясціно V: Кажыце.

Матэо Арсіні: Найсвяцейшы Айцец, паколькі вы цвёрда настойваеце на вашай прапанове, няхай здзейсніцца вашая воля. Аднак, калі вы хочаце, каб вашая адмова была непахіснаю і абгрунтаванаю, вызначце перш за ўсё асобнаю пастановаю ўладу папы на законных правах адмаўляцца ад папства і ўладу кардыналаў прымаць адмову.

Чалясціно V: Няхай будзе так. Вы самі сфармулюйце гэты новы прынцып, што міласцю ўлады, якою валодаю ў гэты момант, я прымаю і абвяшчаю. (Адкрывае тэчку, перададзеную братам Анжэло, гучна і павольна чытае.) Слухайце: «Я, Чалясціно, натхнёны важнымі прычынамі, дзеля пакоры, маральнага ўдасканалення, абавязку сумлення, а таксама з-за фізічнай немачы, недасканаласці дактрыны і ліхадзейнасці свету, з мэтаю вярнуць мір і суцяшэнне майго папярэдняга жыцця, са шчырай душою і добраахвотна вызваляю сябе ад пантыфікату, ад пашаны, цяжару і гонару, даючы з гэтага моманту Святой Калегіі кардыналаў поўную і вольную магчымасць абраць кананічным шляхам новага Пастыра паўсюднага Касцёла».

Пасля заканчэння чытання з залы даносіцца мармытанне і воклічы, на якія энергічна шыкае большасць прысутных. Вызвалены папа сыходзіць з трону і на вачах прысутных здымае з сябе пярсцёнак, тыяру, эпітрахіль і мантыю, кладучы іх на падлогу побач з сабою. З дапамогаю брата Людвіка апранае ізноў грубую сутану пустэльніка. Пасля гэтага брат Барталамей зачыняе дзверы і Чалясціно ў цішыні ідзе ў сваю келлю.

Брат Анжэло (брату Людвіку): Цяпер мы можам сказаць, што сталі сведкамі канца адной дзіўнай падзеі.

Брат Людвік: Я баюся, што гэта пакуль не канец. (Звяртаецца да публікі.) Яшчэ крыху цярпення. Гэта яшчэ не канец.

Цемра.

Аксана ДАНІЛЬЧЫК. ПІСЬМЕННІК ІГНАЦЫЁ СІЛОНЭ


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY