Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(12)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да Юбілею 2000 Года
Рэха пілігрымкі

SURSUM CORDA!
Мастацтва
Кантрапункт

НАДЗВЫЧАЙНАЕ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Постаці
Проза

Сэльма ЛАГЕРЛЁФ

СВЯТАЯ ВЫЯВА Ў ГОРАДЗЕ ЛУКА

Ілюстрацыя Ул. Вішнеўскага.

Даўным-даўно ішлі аднойчы бедны селянін і ягоная жонка па галоўнай вуліцы Палерма. Жанчына вяла асла, нагружанага двума кошамі з гароднінай, а яе муж крочыў услед з дубцом і падгянаў жывёліну. Раптам яны ўбачылі манаха, які стаяў на рагу вуліцы і прамаўляў казанне. Яго атачыў вялікі натоўп, з якога раз-пораз чуліся выбухі рогату.

- Даражэнькі, давай спынімся на хвілінку ды паслухаем гэтага Божага чалавека, - сказала жанчына. - Ён, здаецца, жартун, а я не супраць скончыць дзень смехам.

- Сапраўды, і я таксама, - згадзіўся з ёю муж. - Працу мы на сёння ўжо скончылі. Няма прычыны адмаўляць сабе ў невялічкай забаве, да таго ж бясплатнай.

Яны праціснуліся праз натоўп. Але як толькі апынуліся дастаткова блізка, каб разглядзець рысы твару прамоўцы, застылі ад здзіўлення. Гэта быў ніякі не блазан, як яны спачатку падумалі. Той стаяў і казаў з сапраўдным урачыстым выглядам. Аднак гэта не замінала ўсім, хто слухаў яго, паміраць са смеху.

- Нешта тут не вяжацца, - здзівілася старая. - Гэты манах выглядае так багавейна. Чаму ж тады ўсе рагочуць з яго?

Нехта з атачэння звярнуў увагу на словы жанчыны.

- Не здзіўляйцеся, што мы смяемся, - сказаў ён. - Гэта манах з гораду Лука ў Італіі, і ён просіць грошай на алтарную выяву, якая, маўляў, знаходзіцца ў тым горадзе. Ён сцвярджае, што выява такая магутная, што адплоціць стакроць любы дар, які ёй складуць. Што яшчэ больш смешнае можна ўявіць сабе?

- Я толькі непісьменны селянін, - прашаптаў стары сваёй жонцы, - відаць, таму не магу зразумець, чаго яму так смешна.

Яны праціснуліся яшчэ бліжэй і ўжо маглі на ўласныя вушы пачуць, як манах запэўніваў, што хто б ні склаў дар, дарослы або дзіця, на алтарную выяву Укрыжавання, якая захоўваецца ў саборы Лукі, таму вернецца ў сто разоў больш.

Манах запэўніваў усіх з вельмі пераканаўчым выглядам, але гараджане ніяк не маглі ўцяміць, што ён не падсмейваецца з іх. З кожным яго словам рогат разлягаўся ўсё мацней, а здзек станавіўся ўсё нахабней.

- Я сапраўды не магу зразумець гэтых гараджан, - сказала старая. - Няўжо да іх не даходзіць, што гэта цудоўная прапанова? Я хацела б штосьці мець, каб даць на гэтую цудоўную выяву.

- Ты сапраўды маеш рацыю, - пагадзіўся стары. - Паглядзі на манаха! Гэта ж шчыры і варты даверу чалавек, які ведае, што кажа. Калі б я быў багатым, як некаторыя ў горадзе, то не сумняваўся б, а аддаў бы на выяву ўсю маю маёмасць, каб атрымаць назад у сто разоў больш.

- Даражэнькі, даражэнькі мой, - выгукнула старая, - падумай добра, што ты кажаш? Не такія ўжо мы і бедныя. Ці не маем мы агарод, хату і нашага старога асла? Не надта вялікая сума будзе, калі мы прадамо гэта. Але падумай - аднойчы стакроць усё нам вернецца! Мы, зразумела, станем такімі заможнымі, што хлеба нам хопіць да смерці.

- Ты проста зрываеш словы ў мяне з языка, - адказаў стары. - Мы ж пра гаспадарку дбалі ды працавалі ўсё жыццё, а не зарабілі нічога. А тут настае такі час, што хутка самі сябе ўжо не пракормім. Трэба нам выкарыстаць такую магчымасць і забяспечыць сабе бесклапотную старасць.

Так і вырашылі. Назаўтра падаліся яны да суседа, гаспадарлівага і кемлівага селяніна, ды спыталі, ці не хоча ён купіць у іх хату, агарод і старога асла.

Багаты гаспадар даўно ўжо марыў завалодаць малым кавалкам зямлі, што межаваў з ягоным дваром, і ўзрадаваўся такой прапанове. Але перш чым заключыць здзелку, захацеў ён, як пасавала добраму суседу, даведацца, з чаго старыя збіраліся жыць пасля продажу маёмасці.

- Гэта праўда, - усхвалявана гукнуў ён, даведаўшыся, куды яны збіраліся ўкласці свае грошы, - што я даўно хацеў набыць ваш маёнтак, каб пракласці дарогу ў гэтых мясцінах. Але я не хачу несці адказнасці і выкарыстоўваць вашае наіўнае жаданне. Вы былі маімі суседзямі больш за трыццаць гадоў, і я не хачу спрыяць вашаму няшчасцю.

Старыя зноў запэўнівалі яго, што чулі, як манах казаў пра святую выяву, якая валодае моцай стакроць вяртаць падоранае.

- А чаму ж тады не ў тысячу разоў? - спытаў сусед. - Так кажуць усе манахі адно са старой звычкі ды й самі не спадзяюцца, што нехта паставіцца да гэтага сур'ёзна.

Селянін выпрабаваў усе аргументы, вартыя сумленнага чалавека ў такім выпадку. Толькі тады, калі старыя прыгразілі прапанаваць сваю маёмасць каму іншаму з наваколля, ён саступіў. Купіў у іх усё за трыццаць фларынаў, якія адлічыў, выняўшы са скураной магалейкі.

- Ну, глядзіце! - сказаў ён. - Вось грошы, але потым не прыходзьце і не вінавацце мяне, калі ўсё скончыцца, а ў вас не будзе іншага выйсця, як толькі ісці жабраваць!

- Даражэнькі сусед, - сказала старая, - калі ты ўбачыш нас зноў, у нас будзе ў сто разоў больш фларынаў, чым цяпер. Навошта ж нам тады вінаваціць каго або прасіць міласціну?

- Э, - сказаў селянін і засмяяўся, - дык вы зусім ашалелі. Няма сэнсу і размаўляць з вамі. Скажыце толькі, з чаго вы думаеце пачаць?

- З чаго думаем пачаць? - паўтарыў бядняк. - Але ж, сусед, што нам яшчэ рабіць? Пойдзем у Луку з нашым дарам ды пакладзем яго перад святой выявай.

- А я думаю, што той манах проста чараўнік, які затуманіў вам галовы, - рэзка сказаў селянін. - Як гэта вы ўяўляеце, што святая выява можа выплаціць вам усе да апошняга гроша? Ды й чаму вам прыпадзе такая цудоўная дапамога? Што, вы лепшыя за іншых? У мяне ёсць дачка, якая больш за год ляжыць хворая. Каб вы ведалі, колькі, ахвяраваў за яе і святой Разаліі ў Палерма, і іншым святым? І, думаеце, атрымаў дапамогу? Не, скажу я вам, ніхто са святых не паварушыў за яе й пальцам. Хутка яна пакіне мяне, і тады не будзе мне больш радасці ў жыцці.

Сказаўшы гэта, багач махнуў рукой на развітанне і паспяшыў дахаты, бо ледзь стрымліваў слёзы.

Беднякі пастаялі хвіліну, гледзячы яму ўслед.

- Сапраўды, нікога не абмінае гора, - сказала старая і выцерла вочы. - Давай жа будзем памятаць, мой дарагі, што трэба папрасіць святую выяву зміласцівіцца над нашым любым суседам, малітвы якога не былі пачутыя. Ён жа добры чалавек і заслугоўвае, каб ягонае любае дзіця засталося з ім.

Пара старых пяшчотна развіталася са сваім верным аслом. Нічога ўжо не звязвала іх з родным кутом і можна было вырушыць у дарогу, у горад Луку.

Тым часам, не хочучы як бы ні было выдаткоўваць трыццаць фларынаў, яны мусілі ўсю дарогу ісці пешкі. А каб пад'есці і пераначаваць, не было іншага выйсця, як толькі жабраваць. То было нялёгкае падарожжа, але без асаблівых прыгодаў прыбылі яны ў Мэсіну, дзе трэба было на чаўне пераплыць праз пратоку, што аддзяляе Сіцылію ад мацерыка. У гавані яны адразу прыкмецілі човен, прызначаны для падарожнікаў, што ішлі пешкі і не мелі шмат клункаў. Яны намерваліся ўжо ступіць на борт, але былі спынены весляром, бедалагам-галернікам, прыкаваным цяжкімі ланцугамі да свайго судна.

- Не, не, добрыя хрысціяне! - сказаў ён. - Ніхто не ступіць на борт, пакуль не заплоціць паўфларына за пераправу.

Ён выпрастаўся як толькі мог на лаве і недобразычліва зыркнуў на пабожных падарожнікаў, бо яны прыйшлі на човен якраз сярод нясцерпнай паўдзённай спёкі, калі спыняецца ўвесь рух. А ён меў права на пару гадзін адпачынку.

- Дарагі дружа, - адказаў бядняк, - я разумею, што ты лічыш нас жабракамі, якія хочуць пакарыстацца тваёй працай, нічога не заплаціўшы за яе. Але гэта не той выпадак. Наадварот, мы на шляху ў Італію, каб прыбыткова ўкласці там свае грошы. А калі мы будзем вяртацца, то, напэўна, будзем такімі багатымі, што зможам заплаціць табе нават пяць фларынаў. Толькі дапамажы нам гэты раз пераправіцца праз пратоку без аплаты і потым не пашкадуеш аб гэтым.

Галернік прыўзняў галаву, прыгледзеўся да іх прыжмуранымі вачыма і ўлёгся ямчэй.

- Падобна на тое, што вы маеце грошы, якія хочаце ўкласці ў прыбытковую справу? - сказаў ён.

- Клянуся жыццём! - сказаў бядняк. - У мяне ў кесцы не менш як трыццаць фларынаў, але я не хачу чапаць іх. Бо яны прызначаны таму, хто аплочвае стакроць тое, што даеш яму. Дык зразумей, што я не хачу зменшыць твой кошт, а заплачу табе, калі буду вяртацца назад.

Вясляр узняў галаву, прыкметна зацікаўлены.

- А хто ж гэта такі, што адплочвае стакроць? - спытаў ён.

- Хто ж як не святая выява ў горадзе Лука? - выгукнуў бядняк.

Галернік зайшоўся ад рогату.

- Я вам вось што скажу, - прамовіў ён. - Я, што праўда, маю загад ад уладаў патрабаваць па паўфларыны з кожнага, каго перапраўляю праз пратоку. Але цяпер у мяне перапынак, дык я маю права перавезці вас дарма. Не трэба мне дзякаваць, бо было б якраз большым спачуваннем не перавозіць вас. А я не маю аніякай ахвоты спачуваць, таму не марудзьце - у дарогу на Італію. Апынецеся на тым беразе, можа і да Лукі дабярэцеся. А ўжо там пераканаецеся, як вас ашукалі.

Ён кіўнуў ім, каб заходзілі ў човен. Падчас перавозу ён не сказаў ані слова. Але калі дасягнулі Рэджыо на італьянскім беразе, пачаў зноўку наракаць.

- Калі вы ўжо так упэўненыя, што тая выява дапаможа вам, дык я скажу, што ніхто больш за мяне, прыкаванага да гэтых вёслаў, не звяртаўся з малітвай да неба. І я маю патрэбу ў дапамозе, таму што сяджу я тут не за ўчыненае злачынства, а з прычыны несправядлівага прысуду. Усемагутныя на нябёсах мусілі б паслаць паратунак у такім выпадку. Але нешта я не заўважаю, каб нехта з іх як-небудзь паклапаціўся пра мяне.

Калі беднякі выйшлі з чоўна і пасунуліся па адхоне, старая заўважыла, што свет больш багаты на смутак і няшчасце, чым можна было сабе ўявіць.

- Так, - сказаў стары, - сапраўды, свет поўны няшчасных. Не забудзься, дарагая жонка, нагадаць, каб мы спыталі ў магутнай выявы, чаму гэта малітвы таго чалавека не пачутыя ды сам ён не вызвалены ад пакуты?

Яны доўжылі падарожжа, якое заняло ім тыдні і месяцы. Урэшце надвячоркам дасягнулі яны гораду, дзе ім сказалі, што гэта і ёсць Лука.

- Даражэнькі мой, - сказала старая, калі яны праходзілі праз гарадскую браму, - як жа я рада, што мы блізка да мэты нашага падарожжа! Калі ты не супраць, хадзем адразу ж у сабор. Не хачу я ані есці, ані піць, пакуль не ўбачу святую выяву.

- Ты, пэўна, маеш рацыю, - сказаў стары. - Але, калі мы хочам паднесці наш дар выяве сёння, то мусім спяшацца. Ужо вечарэе, і нельга марудзіць. Хутка скончацца набажэнствы ў касцёлах, і дзверы іх пазачыняюцца.

Стомленыя пасля цэлага дня хады, яны ўсё ж прыспешылі крок. А калі прайшлі так далёка, што ўжо бачылі муры сабору, пусціліся бегма. Але ўсё роўна прыпазніліся: стараста, які апекаваўся саборам, ужо стаяў на прыступках і засоўваў цяжкую звязку ключоў за пас.

- Ах, пане стараста, пане стараста! - залямантавала старая, бо менавіта яна дабегла першая. - Змілуйцеся над намі ды ўпусціце ў касцёл хоць на пару хвілін! Вы й не ведаеце, як жа здалёк мы прыйшлі. Мы ідзем ад самага Палерма, каб паднесці дар святой выяве, якая знаходзіцца тут.

- Пане стараста! - закрычаў стары, перапыняючы жонку. - Мы не жабракі. Вось бачыце, тут кеска з трыццацю фларынамі. І мы збіраемся паднесці яе цудатворнай выяве, бо ведаем, што яна адплоціць нам стакроць.

Іхняя ўзбуджанасць насцярожыла старасту: выглядала на тое, што гэта двое вар'ятаў.

- Што гэта вы? - крыкнуў ён. - Касцёл ужо сёння зачынены. Ніякай Імшы да заўтрашняй раніцы не будзе.

- Дарагі дружа, - сказала жанчына, - у нас на Сіцыліі дастаткова святароў і касцёлаў, так што няма патрэбы нам ісці на Імшу так далёка. Мы прыйшлі адно толькі дзеля таго, каб паднесці трыццаць фларынаў вашай святой выяве. Бо ведаем, што яны адплочвае стакроць за ўсе дары, якія ёй падаюцца.

Бедная жанчына казала з большым перакананнем, чым звычайна, бо яна дасягнула месца, дзе была пэўная, што яе зразумеюць. Але стараста дзівіўся ўсім яе ссловам.

- Дарагі пане стараста, - сказала жанчына, - дык я давяду вам, як усё здарылася. Адзін манах з вашага гораду распавёў у нас у Палерма пра выяву.

- Кажу вам, сябры, што нічога не ведаю, - сказаў стараста, - і што не разумею ані слова з таго, што вы кажаце. Будзе лепш, калі вы мне раскажаце ўсё, што тычыцца гэтай справы. Вы выглядаеце як разумныя і кемлівыя людзі, а паслухаць вас, дык быццам вар'яты.

Пакуль яны распавядалі сваю гісторыю з самага пачатку, стараста думаў:

"Калі гэтыя людзі такія мэтанакіраваныя, што прайшлі ад Палерма да Лукі, каб паднесці грошы святой выяве, то не варта адмаўляць ім і не пускаць у касцёл. Нічога не здарыцца, калі я адчыню ім дзверы".

І ён зняў звязку ключоў з паса, каб ужо адчыняць дзверы касцёла. Але ўсё ж зрабіў апошнюю спробу, каб адгаварыць іх.

- Ах, сябры мае! - казаў ён, пракручваючы тугія засаўкі. - Сапраўды, у гэтым касцёле ёсць старая выява Укрыжавання, але яна ў вельмі занядбаным стане. Яна непрыкметна вісіць на пілоне, і звычайна ніхто, зайшоўшы ў касцёл, не моліцца да яе. Я магу паклясціся, што за дваццаць пяць гадоў майго стараства ў саборы яна не тварыла ніякіх цудаў.

Старых вельмі ўразілі гэтыя словы.

- Ах, сябры мае, - працягваў стараста, - калі б выява мела такую моц, як апісваеце вы, то прынамсі мусіла б дапамагчы кусту ружаў, што расце каля касцёльных муроў. Найвялікшай маёй радасцю было глядзець, як ён красаваў раней. Як апранаў прыгожымі ружамі муры да самай вежы. А колькі гадоў таму перастаў квітнець. Я паліваю яго і даглядаю, як магу, і ён свежы і зялёны на выгляд, але не магу зразумець, чаму ён не квітнее.

Стараста глыбока, заклапочана ўздыхнуў, а падарожнікі запэўнілі яго, што як толькі яны ўстануць перад святой выявай, то спытаюць, чаму куст ружаў больш не красуе. Але стараста не надаў увагі іх абяцанню.

- Толькі паспяшайцеся, - сказаў ён, расчыняючы дзверы касцёла, - а я пастаю ды пачакаю вас. Выяву знайсці няцяжка, бо яна вісіць на пілоне, што бліжэй да запаленай лампады.

Старыя былі відавочна збянтэжаныя ягонымі тлумачэннямі, але іх вера не пахіснулася. І як толькі яны ўбачылі, што дзверы расчыніліся, паспяшаліся ў касцёл. Але, увайшоўшы, спыніліся, таму што ў старажытнай святыні, якая мела вельмі мала вузкіх вокан, ужо панавала суцэльная цемра. Аднак далёка наперадзе зіхацеў маленькі чырвоны агеньчык. Ды яны не ведалі, як ім прайсці туды, каб не наткнуцца на пілоны.

Старая зрабіла крок, але ледзь не ўпала з прыступкі і спынілася, напалоханая.

- Даражэнькі, - сказала яна мужу, - вось дык сапраўды не шанцуе. Ведаем, што святая выява знаходзіцца за пару крокаў ад нас, а прайсці да яе не можам.

- Давай пастаім колькі хвілін, пакуль вочы звыкнуцца з цемрай. - прашаптаў стары. Яго скарыла святасць гэтага месца, і ён не рашаўся гаварыць голасам.

І раптам ім падалося, што маленькі чырвоны агеньчык, што ззяў дзесьці наперадзе пасярод касцёла, раскалоўся. Адна частка пачала гайдацца там і сям па касцёле. І паўсюль, дзе яна з'яўлялася, адразу ж запальваліся свечкі на алтары і свечніках. Так што цемра хутка рассейвалася.

- Ах, дарагі мой, - сказала старая, - бачыш, нехта запаліў святло наперадзе? Так лягчэй будзе дабрацца да святой выявы.

- Ведаеш, - адказаў стары, - стараста аказаўся больш ветлівы, чым мы меркавалі. Ён прайшоў праз закрыстыю, каб запаліць некалькі свечак і дапамагчы нам прайсці.

- Я толькі не разумею, навошта ён дзеля нас прыкладае такія намаганні. Некалькіх свечак цалкам бы хапіла. А ты бачыш, ён запаліў іх не толькі на галоўным алтары, але і ў бакавых навах, і ў свечніках пад скляпеннямі.

Сапраўды, гэтак і было. Увесь касцёл зіхацеў святлом. Старыя тым часам былі так занятыя думкай пра цудатворную выяву, што не здзіўляліся вялікай колькасці запаленых свечак ды й таму, хто іх мог запаліць.

- Мабыць, тут адзначаецца дзень нейкага святога, - сказала старая. - Як бы ні было, я рада, што запалілі свечкі. Я заўсёды адчуваю падвоеную ўрачыстасць, калі бачу ў касцёле шмат свечак. Ведаеш што? Хацелася б, каб і арган зайграў.

Як толькі яна гэта сказала, пачуўся слабы подых гукаў з хораў.

- Не можа быць, ты толькі паслухай! - сказаў стары. - Здаецца, сёння ты маеш усё, чаго толькі пажадаеш. А як жа прыгожа гучыць мелодыя ў гэтым касцёле! Такой цудоўнай музыкі я не чуў нават у саборы ў Палерма.

- Так цудоўна, што можна ўявіць сабе, нібыта гэта анёл грае, - сказала старая. - А я і не чакала, што будзе інакш у гэтым касцёле. Цяпер толькі хочацца, каб усё напоўнілася кадзілам, бо духмянае воблака каджэння заўсёды нагадваее мне, што я знаходжуся ў Божай святыні.

Як толькі жонка вымавіла гэта, стары выгукнуў узрушаным голасам:

- Ты калі-небудзь удыхала такі цудоўны водар? Гэта найтанчэйшы, найдалікатнейшы і найцудоўнейшы водар, які я калі-небудзь удыхаў.

Яны не бачылі чалавека, што махаў кадзілам, гэтак жа як не заўважалі арганіста за арганам. Але й не імкнуліся даведацца, адкуль гэта ўсё ўзялося. Яны жылі адной думкай аб святой выяве. Яны пасунуліся да яе, але ішлі вельмі павольна праз галоўную наву, бо ім здавалася, што няёмка было прыспешваць крокі.

Калі яны наблізіліся прыкладна да сярэдзіны касцёла, ім падалося, што нехта ідзе насустрач праз наву. Гэта была высокая і прыгожая Жанчына, апранутая ў сінюю вопратку і чырвоную мантыю. На галаве ў Яе была невялікая карона з пэрламі і каштоўнымі камянямі і багатыя ўпрыгожанні на руках і шыі.

Яна ішла да іх з ветлівай усмешкай, проста як гаспадыня, якая сустракае шаноўных і жаданых гасцей. Спытала, чаго яны шукаюць у касцёле так позна.

- Вельмі шаноўная Пані-Каралева! - сказала старая з радасцю ў голасе, бо такога добрага і прыўкраснага твару яна ніколі не бачыла. - Мы прыйшлі сюды, я і мой муж, каб паднесці нашае ахвяраванне святой выяве Укрыжавання, якая, нам паведамілі, вісіць на адным з пілонаў касцёла.

І зноў пачалі старыя, як і для ўсіх, распавядаць сваю гісторыю ад самага вечара, калі яны пачулі казанне на галоўнай вуліцы Палерма, да сустрэчы са старастам на ганку касцёла.

Незнаёмка глядзела на іх усё гэтак жа прыязна. Але ім падалося, што чым далей яны распавядалі, тым Яе твар станавіўся больш і больш заклапочаным.

- Ах, - сказала Яна, даслухаўшы іх да канца, - не мне вырашаць, ці будуць задаволены вашы спадзяванні. І Я баюся горшага. Няма нічога больш рэдкага, чымсьці выкананне Богам пажаданняў людзей. Іх пакуты могуць быць ускладзеныя на іх як пакаранне за грахі.

- Ну вось паглядзіце на гэтага старасту! - працягвала яна. - Ён наракае, што дарагі яму куст ружаў больш не квітнее. Але не падумае, што гэта ёсць напамін яму самому. Ужо шмат гадоў ён не рупіцца аб святых выявах, якія вы бачыце навокал. А яны занепадаюць. Ён і не думае паднавіць пазалоту на іх каронах або направіць пашкоджанні, якія яны пацярпелі падчас працэсій. Ён лічыць жорсткім, што Бог не дапамагае яму вярнуць былую радасць. А спярша яму б трэба зразумець, што ён, жадаючы, каб Бог на ягоную просьбу ўпрыгожыў куст ружамі, сам не павінен занядбаць выяваў Святых Божых, якія знаходзяцца пад ягонаю апекаю ва ўсёй сваёй велічы і красе.

- Ах, так, - уздыхнулі старыя. - Мы мусілі б уявіць сабе, у чым уся справа. Напэўна, мы грашылі больш за яго. Але прыйшлі сюды ў спадзяванні на абяцанне, што было нам дадзена.

Бровы прыгожай Жанчыны крыху прыўзняліся, але Яна гаварыла ўсё тым жа пяшчотным голасам.

- Цвёрдая вера - гэта добра, але недастаткова, каб Бог пачуў вашы малітвы. Вы з лёгкасцю можаце пажадаць штосьці, што будзе вам самім на шкоду.

Вы толькі што распавялі мне пра бедалагу галерніка, які перавозіць чоўнам з Мэсіны ў Рэджыо, - працягвала Яна. - Колькі гадоў таму ён быў багатым гандляром, да таго ж добрым чалавекам, які не прыносіў шкоды нікому. Але ён быў гэтак апантаны раскошай і мірскімі пацехамі, што даўно б ужо стаўся ахвярай страшных хваробаў і, напэўна, памёр бы, каб Бог не паслаў яму няшчасце. Дык вось, нейкі злодзей скраў упрыгожаную каштоўнымі камянямі карону, што вянчала выяву Марыі ў саборы. А каб пазбегнуць падазрэнняў, злодзей выламаў адзін каштоўны каменьчык з кароны і паклаў яго ў торбу багача. Камень у яго знайшлі, абвінавацілі ў выкраданні кароны Мадонны і, нягледзячы на ягоныя запэўніванні ў невінаватасці, прысудзілі быць пажыццёва прыкаваным да чоўна і перавозіць падарожнікаў цераз пратоку. Не было нічога лягчэйшага, як дапамагчы яму, бо злодзей схаваў карону ў закутку касцёльнага паддашка. У тое ж імгненне, калі б гэта высветлілася і была прадэманстраваная невінаватасць гандляра, яго б вызвалілі. Але як жа мог Бог дапусціць гэта, перш чым чалавек не змяніў свае думкі? Калі б ён атрымаў дапамогу раней, то адразу ж кінуўся б назад у гультайства, на непазбежную пагібель.

- Дарагая, міласцівая Пані! - сказаў стары. - Мы рады, што менавіта з гэтай прычыны той чалавек павінен пакутаваць ад несправядлівага прысуду. Мы і самі думалі, што ў гэтым уся справа. Што да нас, то мы зусім не ведаем, ці наша пажаданне будзе нам на карысць або на шкоду. Мы спадзяваліся толькі на дадзенае нам абяцанне.

Зноў прыўкрасная Жанчына прыўзняла бровы, нібыта здзіўляючыся іх упартасці. А потым звярнулася да іх голасам, што гучаў яшчэ пяшчотней:

- Моцная вера - гэта добра. Але няма пэўнасці, што Бог пачуе вашы малітвы. Можа стацца й так, што ён спачатку навучыць вас задавальняцца тым добрым, што ўжо выпала на вашу долю.

У гэтай сувязі Я думаю пра вашага суседа, багатага селяніна з-пад Палерма, - працягвала Яна. - Акрамя дачкі, што ляжыць хворая, ён мае яшчэ адну. Але яна непрыгожая і інвалід, таму ён заўсёды абыходзіўся з ёю кепска. Але ж яна і разумная, і добрая, і працавітая, ва ўсім яму была дапаможніцай. Яе пакуты кранулі Бога настольі, што Ён наслаў хваробу на яе сястру. А пазбавіцца ад напасці было б вельмі лёгка, бо выклікаў яе атручаны грэбень, куплены ў зласлівай арабскай жанчыны. І яна, мабыць, памерла б ад гэтага, калі бацькі не навучыцца любіць абедзвюх сваіх дачок аднолькава моцна. Хворая толькі павінна не прычэсвацца больш небяспечным грэбенем і выздаравее паціху. Але гэтак не станецца, пакуль бацька не навучыцца цаніць добры дар, увасоблены Богам у ягонай дачцэ-інвалідзе.

- Сапраўды! - выгукнула старая. - Чым больш я Вас слухаю, шляхетная Пані, тым больш пераконваюся ў мудрасці і справядлівасці Боскай. Напэўна ж мы, старыя, шмат разоў забываліся падзякаваць яму за ўсе Ягоныя дабрадзействы. А ўсё ж мы спадзяемся на абяцанне, дадзенае нам.

Калі прагучалі гэтыя словы, высакародны твар Жанчыны асвятліўся найпяшчотнейшай усмешкай, і Яна, паклікаўшы рукой беднякоў ісці за Ёю, сказала:

- Я папярэдзіла вас, сябры мае, але бачу, што немагчыма прымусіць вас адступіцца. Падумайце ж яшчэ раз пра тое, як цяжка дамагчыся, каб малітва была пачутая, перш чым ахвяруеце свае фларыны!

Яна не чакала ад іх адказу, а падвяла да пілона і падняла руку. Там, пад самымі скляпеннямі вісеў вялікі крыж з пацямнелага дрэва, а да яго была прымацаваная выява Хрыста, так непадобная да іншых выяваў Укрыжавання, якія старыя бачылі дагэтуль. Яны нават абярнуліся да сваёй Суправаджальніцы, каб даведацца, ці на патрэбным яны месцы.

- Гэтая скульптура вельмі старажытная, - сказала Тая, - і вельмі кепска захавалася. Але не сумнявайцеся, на ёй выява Майго Сына, Укрыжаванага Збаўцы.

Старыя з такім захапленнем разглядалі святую выяву, што ў тое імгненне не зразумелі Яе словаў. Сэнс дайшоў да іх ужо потым.

- Мужанёк, - зашаптала старая, - Хрыстус там уверсе палохае мяне сваімі шырокімі бровамі і глыбока запалымі вачыма. Я баюся, бо Ён там без барады. Проста не пазнаю Яго.

Іх здзіўляла таксама, што Збаўца на выяве быў аперазаны кароткаю набедранаю павязкаю з нейкай чорнай тканіны з поясам і меў драўляныя сандалі на нагах. Да таго ж скульптура пакрылася пылам. Пэўна, правісела там дзесяцігоддзі, а ніхто й не падумаў паклапаціцца пра яе.

- Вы, безумоўна, вельмі ўсхваляваліся, - сказала Суправаджальніца. - Вы чакалі, што Усемагутны, які павінен дапамагчы вам, мае зусім іншы выгляд.

- Дарагая, шляхетная Пані-Каралева, - сказаў стары, - мы так не думаем. Мы рады, што не адразу пазналі Яго. Ведаем, што калі Ён прыйшоў на зямлю, то таксама меў звычайны выгляд. І людзі не адразу зразумелі, што Ён - Сын Божы.

Усмешка зноў асвятліла твар Незнаёмкі.

- Падносьце яму свой дар! - сказала Яна.

- О, Хрыстус, Сыне Божы, - казалі яны, - прымі наш дар і пачуў нашу малітву! Тут трыццаць фларынаў, што мы атрымалі, прадаўшы наш агарод, нашу хату і старога асла! Мы прыбылі сюды з далёкай Сіцыліі, бо ведаем, што Ты вяртаеш кожны паднесены Табе дар стакроць. Не дай пахіснуцца нашай веры, а пашлі нам столькі, каб мы мелі бесклапотную старасць!

Сказаўшы гэта, стары адчапіў кеску з фларынамі ад пояса і паклаў яе каля пілона, на якім вісеў крыж.

Яны паўтарылі яшчэ раз тыя ж словы, не падымаючы галоваў. І раптам пачулі над сабой трэск. Узняўшы вочы, яны ўбачылі, што драўляная скульптура вызваліла адну руку і адну нагу ад цвікоў, якія пранізвалі іх.

Старая моцна ўчапілася ў руку мужа, але ніхто з іх не вымавіў ані слова. Іх сэрцы біліся ў багабоязным чаканні.

А выява Хрыста рэзкім рухам вызваліла драўляную сандалію з нагі, і тая ўпала перад багамольцамі. Потым выява заняла сваё звычайнае становішча і глядзела на іх са свайго ўкрыжжа з тым жа строгім і пакутлівым выглядам.

Наогул усё адбылося ў адно імгненне, і яны не паверылі б, што ўбачылі гэта, калі б не сандалія, што ляжала перад імі на падлозе.

То была звычайная сандалія з драўлянай падэшвай і скуранымі раменьчыкамі. На ёй не было ані камянёў, ані якой іншай аздобы. Простая рэч, што зусім не мела каштоўнасці. Здавалася, што шляхетная Пані, якая ўсё яшчэ была побач з імі, заўважыла расчараванне беднякоў, спадзяванні якіх не споўніліся.

- Ах! - сказала Яна са спачуваннем. - Сандалія - кепская плата за ваш вялікі дар. Але яшчэ не трэба абурацца. Няхай яна ляжыць тут, а вы атрымаеце вашы фларыны.

Старыя глядзелі на яе амаль дакорліва.

- Аб чым гэта Вы, дарагая, шляхетная Пані? - казалі яны. - Святая выява, напэўна, дала нам столькі, колькі магла ў сваёй нэндзы. Яна стварыла цуд, паслаўшы гэтую сандалію, вартую ў тысячу разоў больш за нашы мізэрныя фларыны.

Калі прагучалі гэтыя словы, твар высокай Жанчыны асвятліўся найпяшчотнейшай усмешкай.

- Вы - сапраўдныя слугі Майго Сына, - сказала Яна. - І не будзеце падманутыя ў вашым даверы. Бог заўсёды выконвае шчырыя пажаданні багабоязных людзей.

Як толькі Яна сказала гэта, адразу асвятлілася такім ясным ззяннем, што старыя мусілі заплюшчыць вочы. Калі яны зноў расплюшчылі вочы, у касцёле панавала цемра, свечкі згаслі, арган змоўк, а Жанчына, што ў ззянні стаяла перад імі, знікла.

Але яны не паспелі здзівіцца змене. Стаялі самотныя не даўжэй за секунду. Дзверы рэзка расчыніліся, і ў касцёл убег стараста.

- Дарагія, багаславенныя пілігрымы, - ускрычаў ён, - які цуд! Я ўсё бачыў. Я сядзеў на прыступках і чакаў вас. А калі вы ўсё не вярталіся і не вярталіся, узняўся і зірнуў у замочную адтуліну. Я ўбачыў, як вы ідзеце ў промнях незямнога святла, а Святая Маці Божая, якая звычайна царуе на галоўным алтары, сышла да вас і павяла за сабой. А потым я ўбачыў, як Укрыжаваны нахіліўся да вас, каб падарыць вам сандалію. Хадземце ж са мной да Ягонай светласці эксцэленцыі, да нашага біскупа.

Ён павёў іх да біскупа, які сядзеў у капітуле ў атачэнні канонікаў.

Стараста ўсё распавёў ім. І старыя распавялі, і ўрэшце багабоязнаму спадарству стала ясна, які вялікі цуд адбыўся.

Біскуп хутчэй паклікаў скарбніка.

- Дружа, - сказаў ён, - я хацеў бы заплаціць за сандалію, якую добрыя людзі такім цудоўным чынам атрымалі ад святой выявы, тры тысячы фларынаў. Калі яны згодныя аддаць яе мне. Не хачу, каб яна пакідала Луку.

Калі грошы пералічылі і паклалі ў рукі старога, біскуп сказаў:

- Перш чым вы пакінеце Луку, запрашаю вас і ўсіх прысутных быць пры пераносе святой выявы на годнае для яе месца ў галоўным алтары. А потым паспяшайцеся ў зваротны шлях, якім вы ўжо прайшлі сюды. Ды распавядзіце ўсё, што перажылі ў падарожжы, кожнаму, хто гатовы слухаць. Я радуюся, што з вашай дапамогай галернік будзе вызвалены ад свайго ланцуга, і дачка вашага добрага суседа выздаравее. Я ўпэўнены, што й стараста ўбачыць, як красуе куст ружаў каля касцёла.

Ён памаўчаў імгненне, а потым узняў рукі над старымі.

- Вы - мудрыя, а мы ўсе - цёмныя, - сказаў ён. - І мы верым, што Бог усемагутны, але хто з нас рашаецца паспадзявацца на Ягоную помач? Слава Богу, што даў вам дар веры! Гэта ёсць найвялікшая яго ласка.

Selma Lagerlof. Troll och manniskor. Stockholm, 1960.
Пераклаў са шведскай Валеры Буйвал.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY