Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(17)/2001
Рэха пілігрымкі
Пра самае важнае
Постаці
Мастацтва
Хрысціянская думка
На кніжнай паліцы
Святло слова
Нашы святыні
Сведчаць архівы
Проза

ПЕКЛЫ. Апавяданне
Паэзія

ВЕРШЫ
Кантрапункт


Ксёндз Ян Крэміс нарадзіўся 16 жніўня 1972 г. у вёсцы Варанцы Глыбоцкага р-на. У 1996 г. скончыў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю і 7 снежня 1996 г. атрымаў святарскія пасвячэнні. У 1996–1998 гг. працаваў вікарыем у касцёле святых Сымона і Алены і ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У 2000 г. скончыў Люблінскі каталіцкі універсітэт. Магістр, кандыдат тэалагічных навук. Віцэ-рэктар Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску.
 
Кс. др. Ян КРЭМІС

Маральны абавязак святкавання нядзелі

Нядзеля – дзень Божага культу

Хрыстус кожную нядзелю збірае сваіх вернікаў каля стала Слова і Эўхарыстыі, адзначаючы сваё Уваскрэсенне. Так, як у Ізраілі святым днём быў шабат – успамін старэння, знак свабоды, а таксама прабывання ў Запавеце, так для хрысціянаў нядзеля з'яўляецца днём, прысвечаным Пану. Чалавек, слухаючы Божае слова, спажываючы Цела і Кроў Пана, дзякуе Богу за справу збаўлення1.

У цэнтры святкавання нядзелі знаходзіцца пасхальная таямніца Хрыста, якую Касцёл згадвае і ўшаноўвае падчас справавання Эўхарыстыі. Эўхарыстыя (грэц. eucharistein – падзяка) – цэнтральны акт хрысціянскага культу, праз які згадваецца пасхальная таямніца Хрыста і найбольш поўна выяўляецца хрысціянскае жыццё як выкананне запаведзі любові Езуса2. Яна бярэ свой пачатак у Вячэры Панскай, якую Хрыстус спажываў з вучнямі перад сваёю мукаю. Евангелісты, а таксама св. Павел амаль адназначна гавораць аб устанаўленні Эўхарыстыі:

  • Мц 26, 26–29: «І калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб і паблагаславіўшы, паламаў і даваў вучням ды казаў: прыміце і ешце, гэта ёсць Цела Маё. І, узяўшы келіх і аддаўшы хвалу, падаў ім і сказаў: піце з яго ўсе, бо гэта ёсць кроў Мая новага запавету, якая ліецца за многіх дзеля даравання грахоў. Кажу ж вам, што адгэтуль не буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў валадарстве Айца Майго».
  • Мк 14, 22–25: «І калі яны елі Езус, узяўшы хлеб, благаславіў яго ды, паламаўшы, даў ім і казаў: вазьміце, ешце, гэта ёсць Цела Маё. І, узяўшы келіх і аддаўшы хвалу, падаў ім: і пілі з яго ўсе. І сказаў ім: гэта ёсць кроў Мая новага запавету, што за многіх праліваецца. Сапраўды кажу вам: ніколі ўжо не буду піць ад плоду вінаграднага ажно да таго дня, калі піць буду новае віно ў валадарстве Божым».
  • Лк 22, 19–20: «І, узяўшы хлеб і аддаўшы хвалу, паламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсць Цела Маё, што за вас даецца; рабіце гэта на ўспамін аба Мне. Таксама і келіх пасля вячэры, кажучы: гэты келіх ёсць новы запавет у Маёй крыві, што за вас праліваецца».
  • 1 Кар 11, 23–25: «Бо я ад Пана прыняў, ды тое і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб і, аддаўшы хвалу, паламаў і сказаў: прыміце, ешце, гэта ёсць Цела Маё, за вас ламанае, рабіце гэта на ўспамін аба Мне. Таксама і келіх пасля вячэры, кажучы: гэты келіх ёсць новы запавет у Маёй крыві, гэта рабіце, калі будзеце піць, на успамін аба Мне».
Эўхарыстыя, якая называецца «Вячэраю Панскаю», «Ламаннем хлеба», «Святой Імшою», – багатая на сімволіку і значэнне. Аднак яна перш за ўсё падзяка. У часе Апошняй Вячэры Хрыстус складаў падзяку Богу, якая з'яўлялася не толькі напамінам пра вялікія справы, раней здзейсненыя Богам, але стала падзякаю за збаўленне свету, якое адбылося праз Яго смерць і ўваскрашэнне і якое цяпер згадваецца ў сабранай супольнасці вернікаў3. «Нядзельная Эўхарыстыя, якая звязана з абавязкам удзелу ў ёй усёй супольнасці і якая вызначаецца асабліва ўрачыстым характарам менавіта таму, – піша Святы Айцец, – што справуецца ў «дзень, у які Хрыстус перамог смерць і даў нам удзел у жыцці вечным», яна асабліва выразна ўказвае на свой эклезіяльны характар і паўстае як першакрыніца іншых эўхарыстычных літургій»4. Нядзеля – гэта дзень падзякі, яна з'яўляецца днём культу, які чалавек аддае Богу, дзякуючы за справы, здзейсненыя Богам у Езусе Хрысце. Хайнц заўважае, што той, хто ў школе нядзелі, галоўнай падзеяй якой ёсць справаванне Эўхарыстыі, вучыцца штотыдзень праўдзіваму жыццю, вучыцца жыць з Богам і праз Бога5.

Пасхальны характар нядзелі падкрэслівае таксама асперсія альбо акрапленне свянцонаю вадою, прадпісанае ў гэты дзень. Малітва на пасвячэнне вады нагадвае пра прыняты хрост, а таксама падкрэслівае, што нядзеля – гэта Дзень Панскі6.

З першых стагоддзяў у свядомасці хрысціянаў было перакананне, што нядзеля з'яўляецца днём выключным, прысвечаным Пану і ў Пане. Пра гэта сведчаць выказванні Айцоў Касцёла. «У Дзень Пана, у нядзелю, – гаворыць Дыдахэ, – збірайцеся разам, каб ламаць хлеб і складаць падзяку, і вызнавайце, акрамя таго, вашыя грахі, каб ахвяра ваша была чыстая»7.

Айцы Касцёла, навучаючы, што неабходна рабіць у Дзень Пана, выкарыстоўваюць азначэнні «нядзеля» і «Дзень Пана» як узаемазамяняльныя. Святы Ісідор з Сівіліі называе Дзень Панскі рэлігійнаю ўрачыстасцю: «Таму гэты дзень называецца Днём Панскім, каб мы яго прысвячалі службе Божай і ўстрымліваліся ад спраў зямных і грахоў свету, ушаноўваючы гэты дзень з увагі на надзею змёртвыхпаўстання, звязаную з ім. Бо як наш Езус Хрыстус уваскрос на трэці дзень, так і мы, як верым, уваскрэснем у будучыні»8. Хрыстус, усведамляючы блізкую смерць і ўваскрэсенне, пакінуў сваім вучням як будучым сведкам сакрамэнт Эўхарыстыі. Апошняя Вячэра не была звычайнай развітальнай вячэрай, а рэлегійнай цэлебрацыяй таямніцы Смерці, якая па волі Хрыста павінна паўтарацца Яго вучнямі9.

У Лісце «Аб таямніцы і кульце Эўхарыстыі» Папа звяртае ўвагу на два сталы Панскія: стол Божага слова і стол Хлеба Панскага10. У Лісце «Аб святкаванні нядзелі» Святы Айцец таксама падкрэслівае, што сустрэча з уваскрослым Хрыстом адбываецца праз удзел у гасціне Слова і гасціне Хлеба жыцця11. Трэба аднак памятаць, што цэлебрацыя Эўхарыстыі не з'яўляецца выключна пачэснаю цырымоніяй, паўтарэннем пэўных рытуалаў, акрэсленых дзеянняў, гэта своеасаблівае навучанне, якое праз слова і жэсты фармуе правільнае стаўленне да жыцця, адносіны да таго, што з'яўляецца звышнатуральным12.

Святы Аўгустын піша пра Эўхарыстыю, якая выяўляе ўдзячнасць і праз якую чалавек далучаецца да падзякі, што ўзносіцца праз Хрыста Богу, падкрэсліваючы, што яна вучыць не толькі ўдзячнасці Богу, але таксама ўзаемнай удзячнасці паміж людзьмі13. Ён гаворыць, што ўдзячнасць, якой вучыцца чалавек праз удзел у Эўхарыстыі, уносіць дух маладосці, свежасці ў жыццё, становіцца крыніцаю далікатнасці і чуласці. Адным словам, «Эўхарыстыя, будучы вялікаю падзякаю, можа стаць для кожнай любові паміж людзьмі крыніцаю адкрыцця патрэбы ўзаемаўдзячнасці і ўдзячнасці Богу»14.

«Штотыднёвы збор ёсць нагодаю, – піша Ян Павел ІІ, – ахапіць удзячнаю памяццю падзеі апошніх дзён, прачытаць іх у Божым святле, дзякаваць Створцу за шматлікія дары, праслаўляючы Яго «праз Хрыста, з Хрыстом, у еднасці Духа Святога»»15. Для чалавека вельмі важна спыніцца, паглядзець на сябе, але зрабіць гэта ў святле Божай ласкі. Святочная нядзельная атмасфера паказвае, што Эўхарыстыя ў Дзень Панскі выяўляецца выразней, чым у астатнія дні тыдня. Яна ёсць вялікаю падзякаю, праз якую Касцёл, яднаючыся з Хрыстом, поўны Духа Святога, звяртаецца да Айца, становячыся просьбаю ўсяго чалавецтва16.

Катэхізіс Касцёла называе Эўхарыстыю крыніцаю і вяршыняю хрысціянскага жыцця, бо ў Ёй заключаецца ўсё духоўнае дабро Касцёла, сам Хрыстус17. У Энцыкліцы «Redemtor Hominis» Папа растлумачвае, што значыць, што Эўхарыстыя ёсць крыніцаю і вяршыняю жыцця Касцёла. Ён звяртае ўвагу на тое, што Эўхарыстыя – гэта «цэнтр і вяршыня сакрамэнтальнага жыцця, праз якія кожны хрысціянін спазнае збаўчую сілу Адкуплення, пачынаючы ад таямніцы святога хросту, праз якую мы акунаемся ў смерць Хрыста, каб стаць удзельнікамі Яго Уваскрэсення»18. Эўхарыстычная літургія справаваная паводле структуры, перададзенай нам праз стагоддзі самім Хрыстом. Складаецца яна з літургіі слова і эўхарыстычнай літургіі. «Дзякуючы першай, – піша Святы Айцец, – вернікі знаходзяць разуменне гісторыі збаўлення, і асабліва пасхальнай таямніцы, якую вучні атрымалі ад самога ўваскрослага Хрыста: гэта Ён сам прамаўляе, бо прысутнічае ў сваім Слове, «калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне». Другая – ажыццяўляе рэальную, субстанцыйную і пастаянную прысутнасць уваскрослага Пана на ўспамін пра Яго муку і ўваскрэсенне, складаючы ў ахвяры Хлеб жыцця, які ёсць задаткам будучай хвалы»19.

ІІ Ватыканскі Сабор і Папа Ян Павел ІІ падкрэсліваюць патрэбу шырэйшага адкрыцця біблійнай скарбніцы20. Касцёл тады жыве праўдзівым жыццём, калі вызнае і абвяшчае міласэрнасць Бога-Створцы і Адкупіцеля, а таксама набліжае людзей да Крыніцы гэтай Міласэрнасці. У гэтым кантэксце вялікае значэнне мае ўдзел у Эўхарыстыі і разважанне над Божым словам21. Літургічнае абвяшчэнне Божага слова з'яўляецца дыялогам з Богам, які аб'яўляе чалавеку праўду аб збаўленні і нагадвае аб абавязках, што вынікаюць з Запавету. Касцёл адчувае сябе пакліканым да дыялогу з Богам праз складанне падзякі і праслаўленне, а таксама праз вернасць і няспыннае навяртанне22.

У святле гэтых разважанняў і абвяшчэнне Божага слова падчас нядзельнай Эўхарыстыі, і сама Эўхарыстычная ахвяра маюць урачысты характар, а ў выніку – культавы. Нядзеля становіцца для хрысціянаў днём Божага культу. У Старым Запавеце супольнасць Ізраіля, аднаўляючы Запавет і складаючы ахвяры, пацвярджала вернасць і паслухмянасць Богу і Яго наказам. У Новым Запавеце хрысціяне збіраюцца разам на нядзельную Эўхарыстыю, каб таксама пастаянна нанова ўсведамляць сабе, што «ўсё было створанае Хрыстом (пар. 1 Клс 1, 16; Ян 1, 3), а таксама, што ў Ім, які прыйшоў як слуга, каб прыняць і адкупіць наша чалавецтва, – усё было нанова паяднана (пар. Эф 1, 10), каб стаць ахвяраю, складзенаю Богу Айцу, з якога ўсё бярэ пачатак і жыццё»23. Культавы характар нядзелі быў выразна падкрэслены таксама ва ўводзінах у Рымскі Імшал, дзе запісана, што з увагі на асаблівае значэнне нядзеля саступае сваё першынство толькі ўрачыстасцям і святам Панскім24. У апошнім раздзеле Ліста «Dies Domini» таксама гаворыцца пра нядзелю як найгалоўнейшае свята, праз якое аб'яўляецца сэнс часу25.

Згадаем, што да ІІІ стагоддзя не сустракалася дакладных выказванняў Касцёла адносна абавязку святкавання нядзелі. Магчыма, гэта звязана з глыбокім унутраным перакананнем першых хрысціянаў, што Хрыстус уваскрос у першы дзень пасля шабату, і гэты дзень павінен быць асаблівым чынам прысвечаны Пану. Але ўжо ў ІV стагоддзі ўнутраны абавязак паступова набывае характар загаду. Святы Эфрэм піша, што «бяда таму, хто не ўшаноўвае Дзень Панскі»26. Сінод у Эльвіры гаворыць аб пакаранні тых, хто прапускае нядзельную Эўхарыстыю. «Калі хтосьці ў горадзе тры разы не прыйдзе ў Касцёл у нядзелю, няхай на пэўны час застанецца паза [супольнасцю вернікаў], каб было вядома, што ён пакараны»27. Неабходнасць малітвы ў нядзелю падкрэслівае таксама св. Грыгоры Вялікі. «У нядзелю трэба ўстрымлівацца ад зямных заняткаў і прысвяціць час разнастайнай [гэта значыць прыватнай і публічнай] малітве, каб занядбанні, учыненыя на працягу шасці дзён, кампенсаваць малітвамі ў дзень Уваскрэсення Панскага»28.

У канцы Сярэднявечча святочны наказ увасобіўся ў двайным абавязку: удзеле ў Эўхарыстыі, а таксама ўстрыманні ад працы, што ў выніку прывяло да пытання аб «неабходным мінімуме» для выканання абавязку. Перыяд казуістыкі – гэта новы этап у разуменні абавязку святкавання Дня Панскага, аднак надалей няма яшчэ адказу пра неабходны мінімум, а таксама ўдакладнення таго, што ў такім выпадку з'яўляецца грахом29.

Касцёл заўсёды памятаў пра абавязак святкавання нядзелі, нягледзячы на тое, што спачатку не лічыў неабходным выдаваць канкрэтныя прадпісанні. Толькі Кодэкс Кананічнага Права 1917 года ўключыў гэты ўнутраны абавязак ў форму паўсюднага права30. Пералічваючы абавязковыя святы, Кодэкс у першую чаргу назваў нядзелі, а таксама падкрэсліў, што іх святкаванне абавязковае»31. Падобнае напісана ў Кодэксе Кананічнага Права 1983 года: «Нядзеля, у часе якой ушаноўваецца пасхальная таямніца, на падставе апостальскай традыцыі павінна адзначацца ва ўсім Касцёле як прадпісаны, самы старажытны святочны дзень. [...] У нядзелю, а таксама ў іншыя прадпісаныя дні, вернікі абавязаны прымаць удзел у Святой Імшы [...]. Наказ удзелу ў Святой Імшы выконвае той, хто прымае ў ёй удзел, дзе яна цэлебруецца ў каталіцкім абрадзе»32.

ІІ Ватыканскі Сабор у Канстытуцыі аб літургіі сцвярджае, што «веруючыя павінны збірацца разам, каб слухаць Божае слова і ўдзельнічаць у Эўхарыстыі»33. Наказ удзелу ў Святой Імшы Кодэкс акрэслівае словамі: «Выконвае абавязак той, хто ўдзельнічае ў ёй». Гэта вынікае з таго, што размова ідзе не пра звычайнае «слуханне Імшы», але пра нешта большае – пра ўдзел у ёй. Але што значыць удзельнічаць у Святой Імшы?

Адказ дае Святы Айцец у Лісце «Dies Domini», пішучы, што трэба прыкласці ўсе намаганні, каб прысутныя на Святой Імшы адчувалі свой асабісты ўдзел у ёй, а таксама даць магчымасць ім далучыцца да гэтых формаў удзелу. Яны павінны ўсведамляць, – падкрэслівае Папа, – што ў сілу паўсюднага святарства, атрыманага ў часе сакрамэнту хросту, яны ўдзельнічаюць у справаванні Эўхарыстыі. Нягледзячы на рознасць заданняў, яны таксама складаюць Богу ахвяру, а разам з ёю саміх сябе. Як праз складанне ахвяры, так і праз Святую Камунію ўсе прымаюць удзел у адпаведных літургічных дзеяннях, чэрпаючы з іх святло і сілу, патрэбныя хрысціяніну, каб ён мог рэалізаваць хрысцільнае святарства, даючы сведчанне сваім сапраўды хрысціянскім жыццём34.

Катэхізіс Касцёла 1992 года адназначна сцвярджае, што той, хто дабравольна занядбае абавязак удзелу ў нядзельнай Эўхарыстыі, учыніць цяжкі грэх35. Такое папярэджанне грунтуецца на Божай запаведзі «памятай дзень святы святкаваць»36, а таксама на касцёльных запаведзях: «у нядзелю і святы з належнай пашанаю ўдзельнічаць у Святой Імшы» і «ўстаноўленыя Касцёлам святочныя дні святкаваць»37.

Паколькі ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі для вернікаў з'яўляецца абавязкам, а пропуск яе без сур'ёзнай прычыны – грахом, Касцёл дазваляе выконваць гэты абавязак ужо ў суботу вечарам. Кодэкс Кананічнага Права гаворыць, што той, хто ўдзельнічае ў Святой Імшы ў гэты святочны дзень альбо вечарам папярэдняга дня, выконвае абавязак святкавання38. Аднак трэба памятаць, што цэлебраваная ў суботу вечарам Святая Імша не можа азначаць для тых, хто прымае ў ёй удзел, пачатак Дня Панскага. Яна з'яўляецца толькі апярэджваннем нядзелі адносна абавязку ўдзелу ў нядзельнай Эўхарыстыі39. Аднак Папа, нягледзячы на гэта, нагадвае, што пастыры абавязаны зрабіць усё, каб гарантаваць вернікам рэальную магчымасць выканання нядзельнага абавязку, ад якога іх можа вызваліць толькі сур'ёзная перашкода40.

Папа ў лісце «Dies Domini» не паглыбляецца ў казуістычныя разважанні пра тое, якія перашкоды вызваляюць ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай Эўхарыстыі. Ён звяртае толькі ўвагу на феномен радыё– і тэлеперадач. Звернемся да даслоўнага выказвання Папы, у якім ён падкрэслівае, з аднаго боку, важнасць удзелу ў нядзельнай супольнасці вернікаў, затое з другога, – у нейкай ступені ўхваляе тэле– і радыёперадачы нядзельнай Эўхарыстыі: «У многіх краінах тэлебачанне і радыё дазваляюць яднацца з эўхарыстычнай цэлебрацыяй у той самы момант, калі яна справуецца ў святых месцах. Гэтага роду трансляцыі самі па сабе, безумоўна, не дазваляюць выканаць нядзельнага абавязку, бо гэта вымагае ўдзелу ў супольнасці братоў, якія сустракаюцца ў вызначаным месцы, з чым звязана таксама магчымасць эўхарыстычнай камуніі. Аднак тым, хто па розных прычынах не можа ўдзельнічаць у Эўхарыстыі і гэтым самым вызвалены ад нядзельнага абавязку, тэле– або радыётрансляцыя аказвае каштоўную дапамогу, асабліва, калі яе суправаджае ахвярная паслуга незвычайных цэлебрантаў Эўхарыстыі, якія прыносяць яе хворым, а разам з ёй прывітанне і салідарнасць усёй супольнасці. Такім чынам гэтыя вернікі могуць выкарыстоўваць багатыя плёны нядзельнай Святой Імшы, а таксама перажываць нядзелю як сапраўдны «Дзень Панскі» і «Дзень Касцёла»41.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што нядзеля, галоўнае месца ў якой займае Эўхарыстыя, з'яўляецца днём Божага культу. Эўхарыстыя, будучы вялікаю падзякаю Богу за Яго збаўленчую справу, здзейсненую ў Езусе Хрысце, становіцца таксама перапрашэннем за ўчыненае зло і просьбаю аб Божай дапамозе ў штодзённым жыцці. Абавязак святкавання нядзелі, які быў вызначаны ў форме паўсюднага права, павінен быць глыбокім унутраным абавязкам, які вынікае з патрэбы сэрца.

Трэба сказаць, што канчатковы сэнс наказаў і загадаў заключаецца ў абароне канкрэтных каштоўнасцяў. Паколькі чалавек з'яўляецца найвышэйшаю каштоўнасцю сярод стварэнняў, Касцёл, звяртаючыся да наказаў і загадаў, не робіць нічога супраць чалавека і яго свабоды, а якраз наадварот дзейнічае ў абарону яго годнасці42. Літургія нядзельнай Эўхарыстыі – гэта не толькі дзейнасць самога Бога, яна мае дыялагічны характар. Праўда, сакрамэнты дзейнічаюць «ex opere operato» ці на моцы здзейсненых сакрамэнтальных дзеянняў, аднак іх плённасць і эфектыўнасць залежыць ад падрыхтоўкі і найперш ад веры таго, хто іх прымае. Таму «збаўчы аспект Бога і аспект праслаўлення і хвалы чалавека складаюць у літургіі адну непадзельную падзею»43. Культ ушанавання Бога поўны тады, калі ён унутраны і знешні, калі ахоплівае ўсяго чалавека і звязаны з маральнасцю чалавека, а таксама мае ўплыў на яго жыццё44.

Нядзеля – дзень адпачынку і асвячэння сябе

Недахоп веры ў Бога, спажывецкі падыход да жыцця, звыклая практыка адпачынку прывялі да таго, што чалавек, нават маючы час, не заўсёды ўмее святкаваць. Нягледзячы на ўспрыманне нядзелі як асаблівага дня Божага культу, які найбольш выяўлены ў Эўхарыстыі, нядзеля і надалей застаецца днём адпачынку і асвячэння.

«На працягу некалькіх стагоддзяў, – піша ў Лісце «Dies Domini» Ян Павел ІІ, – хрысціяне перажывалі нядзелю выключна як дзень культу, затое яны не маглі звязаць яе з адпачынкам, які складае істотны сэнс шабату»45. З першага стагоддзя найважнейшым святочным днём для хрысціянаў быў дзень пасля шабату – нядзеля. Хоць і быў гэта дзень, калі збіраліся разам на малітву і ламанне хлеба, але спачатку ён не быў часам адпачыку, бо пачатак тыдня паводле габрэйскага календара быў працоўным днём46. Толькі ад эдыкту Цэзара Канстаніціна Вялікага хрысціяне атрымалі магчымасць святкаваць Дзень Панскі без перашкодаў47.

Нядзеля, якая святкуецца ў сённяшнім свеце як дзень культу і дзень адпачынку, мае дзве розныя крыніцы першаснага паходжання, – заўважае Купка. Першай лічыцца тэалагічны фундамент альбо святкаванне Уваскрэсення Езуса, другой – прававая аснова, якая выяўляецца ў рэгуляванні развіцця гаспадарчага жыцця48. У святле гэтых адрозненняў больш зразумелым становіцца выказванне Папы, якое падкрэслівае выключнасць нядзелі. «У краінах, дзе хрысціянаў няшмат і дзе святочныя прадпісаныя дні ў афіцыйным календары не прыпадаюць на нядзелю, яна, нягледзячы на ўсё, застаецца Днём Панскім, у які вернікі ўдзельнічаюць у сваёй эўхарыстычнай супольнасці49.

Адпачынак – гэта супрацьлегласць працы, аднак людзі парознаму разумеюць іх сэнс. Касцёл у Кодэксе Кананічнага Права 1983 года вучыць, што ў нядзелю хрысціяне абавязаны ўстрымлівацца ад выканання той працы і заняткаў, якія перашкаджаюць аддаваць пашану Богу, і адначасова яны павінны скарыстаць з належнага духоўнага і фізічнага адпачынку50, які прыводзіць да натуральнай суразмернасці нашы штодзённыя заняткі і клопаты51. Кодэкс не вызначае, якую працу можна выконваць, а якую не, ён гаворыць толькі аб устрыманні ад тых заняткаў і працы, што перашкаджаюць аддаваць Богу пашану.

Разуменне сэнсу нядзельнага адпачынку мае абгрунтаванне ў таямніцы Уваскрэсення Хрыста, памяткай якой ёсць нядзеля. Гэты дзень павінен перажывацца ў святле свабоды, якую Хрыстус прынёс кожнаму чалавеку. Аднак нельга трактаваць яго толькі як своеасаблівы перапынак у штодзённай працы. Ён павінен быць дапамогаю ў пошуку сапраўднай мэты жыцця, аднаўленні духоўных сілаў і пошуку самога сябе52. Кожную нядзелю хрысціянін павінен вяртацца да таямніцы паўторнага стварэння ў Змёртвыхпаўсталым Хрысце, удзельнічаючы таксама ў таямніцы Яго адпачынку53. Нядзельны адпачынак мае сувязь з Уваскрэсеннем Хрыста, ён абумоўлены яго перажываннем і ўзбагачаны элементамі рэлігійнай радасці і супакоем54. Яго трэба разумець не толькі як наказ, але як патрабаванне, якое вынікае з патрэбы аддаваць пашану Богу, слухаючы Яго Слова, а таксама ўдзельнічаючы ў Эўхарыстыі55.

Нядзеля павінна быць таксама днём асвячэння сябе. Ян Павел ІІ піша: «Калі пасля шасці дзён працы (якія на самай справе зведзеныя да пяці) чалавек шукае час, каб адпачыць і больш паклапаціцца пра іншыя аспекты свайго жыцця, то гэта вынікае з сапраўднай патрэбы, цалкам згоднай з візіяй, вызначанай евангельскім заклікам. Таму хрысціянін павінен задавольваць патрэбу, спалучаючы яе з індывідуальнымі і супольнымі формамі перажывання веры, якая выяўляецца ў адзначэнні і святкаванні Дня Панскага»56. Нядзеля, нягледзячы на тое, што складаецца з многіх элементаў святкавання, павінна застацца перш за ўсё днём збаўлення. Яна павінна быць днём, які паўтараецца штотыдзень, які падтрымлівае і развівае хрысціянскае жыццё57. «Хрысціяне павінны прыкласці намаганні, каб таксама пры ўсіх асаблівасцях нашай эпохі свецкае заканадаўства прымала пад увагу іх абавязак святкавання нядзелі»58. Незалежна ад таго, ці было б гэта магчыма, ці не, яны абавязаны «так запланаваць нядзельны адпачынак, каб удзельнічаць у Эўхарыстыі, устрымліваючыся ад працы і заняткаў, што не адпавядаюць наказу святкавання Дня Панскага, які павінен прыносіць асаблівую радасць і даваць неабходны адпачынак душы і целу»59. Адсюль вынікае, што ў планаванні і рэалізацыі нядзельнага адпачынку галоўную ролю адыгрывае ўдзел у Эўхарыстыі. Літургія – гэта свята веры, яна паказвае, што той, хто ўдзельнічае ў ёй, прагне жыць, наследуючы Хрыста60.

Удзел у Эўхарыстыі з'яўляецца сэрцам нядзелі, аднак не трэба лічыць, што ў гэтым увесь абавязак святкавання. Святы Айцец заўважае, што хоць сёння складаней практыкаваць традыцыйную форму святкавання Дня Панскага, аднак Касцёл, які ўвасабляе сілу Уваскрослага Хрыста, не задавольваецца частковай формай перажывання веры, але заклікае рабіць і дапамагае рабіць хрысціянам тое, што найбольш прыемнае Богу61.

Нядзеля павінна быць асаблівым днём разважання над Божым словам, а таксама днём супольнай альбо індывідуальнай малітвы. У Лісце «Dies Domini» Папа пытаецца: «Ці можна ў праграму нядзелі ўключыць спецыфічныя формы малітвы, такія, як урачыстыя нешпары, альбо вызначыць які-небудзь час на катэхезу?»62.

Як адказ можна згадаць прадпісанне Касцёла праводзіць там, дзе гэта магчыма, галоўныя часткі Літургіі гадзінаў супольнасцю вернікаў, да якіх у першую чаргу залічаны парафіяльныя супольнасці63. Сабор у Канстытуцыі «Sacrosanctum Concilium» заахвочвае душпастыраў, каб яны стараліся ў нядзелю і ўрачыстасці чытаць у касцёлах разам з вернікамі галоўныя часткі з брэвіярыя, сярод якіх асаблівай ўвагі заслугоўваюць нешпары64.

Катэхізіс Касцёла вучыць, што «хрысціянская малітва ёсць сувяззю запавета паміж Богам і чалавекам у Хрысце. Гэта дзейнасць Бога і чалавека: яна паходзіць ад Духа Святога і ад нас і цалкам скіраваная да Айца ў паяднанні з чалавечай воляй Сына Божага, які стаўся чалавекам»65. Асаблівая спецыфіка Літургіі гадзінаў заснаваная на тым, што яна асвячае ўсе поры дня і ночы, асвячае чалавека, а таксама праслаўляе Бога66. Праз літургію Бог прамаўляе да свайго люду, а люд адказвае Богу спевам і малітваю67.

Своеасаблівае значэнне для святкавання Дня Панскага, а таксама асвячэння чалавека маюць набажэнствы: майскія, чэрвеньскія, ружанцовыя (злучаныя альбо не злучаныя з культам Эўхарыстыі), а таксама пакутныя: Крыжовы шлях, Песні жальбы, Гадзінкі. Існуюць таксама набажэнствы, звязаныя з асаблівымі нагодамі, гэтак як і нядзелі, прысвечаныя павелічэнню пакліканняў, місійнай справе, малітвам у канкрэтных інтэнцыях. Папа заўважае, што сёння нанова адкрываецца каштоўнасць ранейшых праяваў рэлігійнасці. Ён гаворыць гэта ў кантэксце выкарыстання нядзельнага часу на пілігрымкі, аднак гэта можна аднесці і да вышэй згаданых пабожных практык. Святы Айцец падкрэслівае, што час, праведзены ў касцёле, становіцца больш глыбокім выпрабаваннем веры, хвілінамі, напоўненымі асабліваю ласкаю68.

Нядзельны адпачынак – гэта таксама час для паглыблення ведаў пра Бога праз вывучэнне Святога Пісання. Дагматычная канстытуцыя аб Аб'яўленні Божым «Dei Verbum» падкрэслівае, што «Касцёл заўсёды ўшаноўваў Біблію», таму што Божае слова, як крыніца Праўды, павінна быць даступным для ўсіх людзей, – гаворыцца далей у Канстытуцыі, – трэба адпаведна і сцісла апрацаваць пераклады на розныя мовы69. Касцёл клапоціцца, каб усе людзі маглі паглыбляцца ў таямніцу Божай праўды, чытаючы Святое Пісанне. Аднак нельга абмяжоўваць іншага пазнання толькі слуханнем Божага слова падчас Святой Імшы, трэба шукаць Божую праўду праз разважанне над Святым Пісаннем індывідуальна альбо ў групах, для чаго найлепшы час – нядзеля. Эўхарыстычная цэлебрацыя не заканчваецца ў святыні, бо хрысціяне пакліканыя быць у штодзённым жыцці евангелізатарамі і сведкамі. «Шчаслівыя, хто чуе Божае слова і выконвае яго» (Лк 11, 28).

Такім чынам, адпачынак, хоць і з'яўляецца супрацьлегласцю працы, не заўсёды азначае спыненне актыўнасці. Нядзельны адпачынак дадзены для глыбейшага прачытання свайго жыццёвага паклікання, што можна разумець не толькі як набіранне фізічнай сілы, але найперш як пошук сілаў душы. Чалавек асвячае сябе праз удзел у Эўхарыстыі, якая ёсць цэнтрам нядзельнага адпачынку, ён пакліканы прывесці сваё штодзённае жыццё ў адпаведнасць з атрыманым дарам.

Нядзеля – дзень будавання супольнасці

Няма аднаго універсальнага для ўсіх рэцэпта на адпачынак. Кожны павінен знайсці на гэта свой спосаб. Для таго, каб нядзельны адпачынак не стаў звычайнай бяздзейнасцю, якая цягне за сабою пачуццё нуды, ён павінен служыць духоўнаму ўзрастанню чалавека, гарантаваць большую свабоду, а таксама спрыяць братняй супольнасці70.

«Супольнасць (гр. kainonia; лац. communio) – гэта саюз паміж асобамі, які абапіраецца на трывалыя унутраныя сувязі (крыві, традыцыі, культуры, перакананнях, любові)». У класічную супольнасць залічаны сужэнства і сям'я, а таксама ўсе людзі. Супольнасцю з'яўляецца і Касцёл як супольнасць веравызнаўцаў Хрыста, злучаная адзінствам веры, надзеі і любові71.

Саборавая Канстытуцыя «Lumen gentіum» вучыць: «Богу падабалася асвячаць і збаўляць людзей не паасобку, выключаючы ўсялякую узаемасувязь паміж імі, а зрабіць з іх народ, які пазнаваў бы Яго ў праўдзе і пабожна Яму служыў»72. Касцёл – гэта супольнасць люду Божага, якая праяўляецца ў нядзельным зборы. Збіраючыся разам, хрысціяне ўсведамляюць сабе, а таксама свету, што яны – народ збаўлены73.

Літургічнага збору нельга замяніць іншымі спосабамі збірання. Парафіяльная супольнасць павінна чэрпаць з літургічных збораў сілы для фармавання супольнага жыцця і ўмацавання еднасці74. Справаванне нядзельнай Эўхарыстыі «павінна спрычыніцца да будавання і ўмацавання парафіяльнай супольнасці Касцёла, адначасова памятаючы, што сапраўдным месцам ажыццяўлення Касцёла з'яўляецца чалавек, паколькі ён адкрываецца на Божую дзейнасць, якую спазнае ў літургіі»75. У гэтым кантэксце Дзень Панскі паўстае як дзень чалавека. «Хрысціяне перажывалі штотыднёвы дзень уваскрослага Пана спачатку як дзень радасці, – піша Ян Павел ІІ у Лісце «Dies Domini», – а крыху пазней як дзень адпачынку»76. Хрыстус перад сваёй мукаю гаварыў пра смутак, які заменіцца радасцю (пар. Ян 16, 20). Гэта радасць – з прычыны Яго Уваскрэсення, на ўспамін якой хрысціяне збіраюцца разам кожную нядзелю. Чалавек, прымаючы ўдзел у Эўхарыстыі, нагадвае сабе праўду аб тым, што ён падабаецца Богу, і Бог яго любіць і гарантуе яму збаўленне77.

Ян Павел ІІ перасцерагае, што «радасць нельга блытаць з імгненным спазнаннем заспакоенасці і прыемнасці, якія часта захапляюць розум і пачуцці, аднак пазней пакідаюць у сэрцы незадаволенасць, а часам горыч. Радасць, разуметая па-хрысціянску, найбольш трывалая і прыносіць глыбокі спакой: паводле сведчання святых, яна зможа ператрываць нават цёмную ноч цярпенняў і ў пэўным сэнсе з'яўляецца «цнотаю», якую неабходна развіваць»78...

Трэба нанава адкрываць сэнс хрысціянскага быцця, каб больш поўна зразумець сэнс хрысціянскай нядзелі. Чалавек не можа толькі ў нядзелю памятаць, што ён хрысціянін, а ў астатнія дні жыць так, як бы Бога не было. Папа вучыць, што «няма ніякіх супярэчнасцяў паміж хрысціянскай радасцю і сапраўднымі чалавечымі радасцямі. Наадварот, гэтыя апошнія знаходзяць сваю поўню і найглыбейшы фундамент менавіта ў радасці праслаўленага Хрыста»79.

Нядзеля – гэта час, які чалавек павінен ахвяраваць супольнасці ў імя любові. Евангеліст Мацвей піша: «Адзін у вас Настаўнік, усе ж вы браты» (23, 8). Нядзеля паўстае як дзень салідарнасці. «Плёнам Эўхарыстыі, – піша св. Аўгустын, – павінна быць большая чуласць да людзей, якія патрабуюць нашай любові, бо наша чалавечая любоў павінна прывесці іх да Божай любові80. Удзел у радасці ўваскрослага Хрыста абавязвае хрысціянаў служыць братам. «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых братоў маіх, вы зрабілі Мне» (Мц 25, 40). «Нядзельная Эўхарыстыя зусім не вызваляе вернікаў ад абавязкаў міласэрнасці, але наадварот, – падкрэслівае Святы Айцец, – яшчэ больш заахвочвае іх распачынаць вялікія справы любові, пабожнасці і апостальства, каб яны ясна сведчылі, што хоць хрысціяне не з гэтага свету, усё ж яны з'яўляюцца святлом свету і праслаўляюць Бога сярод людзей»81. Сакрамэнтальная сустрэча з Богам наказвае несці праўду аб Хрысце Адкупіцелі іншым людзям, робіць чулым да патрэбаў іншага чалавека, фармуе пазіцыю бескарыснага служэння82.

«Вучні Хрыста, – вучыць Папа, – павінны імкнуцца, каб таксама іншыя падзеі дня, якія не маюць літургічнага характару: сустрэчы ў коле сям'і альбо сяброў, разнастайныя формы забаваў вызначаліся пэўным стылем, які дапамагае выяўляць сярод звычайнага жыцця спакой і радасць Уваскрослага»83. Сустрэчы ў коле сям'і маюць вялікае значэнне ў выхаванні чалавека для жыцця ў супольнасці. З дапамогаю слоў, а найперш асабістага прыкладу, бацькі становяцца для сваіх дзяцей першымі сведкамі веры84.

Сустракаючыся з сябрамі, прымаючы ўдзел у забавах, трэба памятаць, што хрысціянін павінен пазбягаць навязвання іншаму таго, што было б перашкодаю для яго ў святкаванні Дня Панскага. «Сярод разнастайных формаў культуры чалавека і забаваў, якія прапануе грамадства, – падкрэслівае Святы Айцец, – вернікі павінны выбіраць тыя, якія найбольш адпавядаюць жыццю, згоднаму з наказамі Евангелля»85. Затое, калі звычаі, спорт альбо забавы патрабуюць працы ў нядзелю, вернікі абавязаны несці адказнасць за тое, каб мець дастаткова часу на адпачынак86. «Сёння хрысціяне павінны рэагаваць на націск культуры, якая хоць і дазваляе выкарыстоўваць дабрадзейнайсці адпачынку і вольнага часу, але часта, – перасцерагае Папа, – перажывае яго павярхоўна, часам выкарыстоўвае забавы сумніўных маральных каштоўнасцяў»87. Хрысціянін павінен быць салідарным з іншымі людзьмі, бо таксама як і яны выкарыстоўвае штотыднёвы дзень адпачынку, хоць усё ж павінен быць глыбока перакананы ў навізне і арыгінальнасці нядзелі як дня, у які мусіць будаваць супольнасць, святкуючы збаўленне сваё і ўсяго чалавецтва88.

Трэба сказаць, што нядзеля, як дзень будавання супольнасці, мае сваю крыніцу ў Эўхарыстыі. Яна садзейнічае таму, што чалавек, напоўнены любоўю і радасцю, прагне дзяліцца гэтым з іншымі. Звяртаючыся да вучэння Папы, можна сказаць таксама, што паколькі нядзеля ёсць днём радасці, хрысціянін павінен паказваць гэта праз канкрэтныя паводзіны, бо ён не можа быць шчаслівым «без іншых»89. Такія паводзіны праяўляюцца ва ўчынках міласэрнасці, сустрэчах у коле сям'і і сяброў, а таксама ва ўдзеле ў розных забавах. Адным словам, нядзеля як дзень будавання супольнасці – гэта дзень, у які вернікі абавязаны перажываць радасць, уласцівую Дню Панскаму90.


Спіс скарачэнняў
DD– Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст «Dies Domini» (1998)
DiM– Ян Павел ІІ. Энцыкліка «Dives in misericordia» (1980)
DM– ІІ Ватыканскі Сабор. Дэкрэт аб місійнай дзейнасці Касцёла «Ad gentes divinitus» (1965)
KKK– Kатэхізіс Каталіцкага Касцёла (1992)
KL– ІІ Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя аб святой літургіі «Sacrosanctum Concilium» (1963)
KO– ІІ Ватыканскі Сабор. Дагматычная Канстытуцыя аб Аб'яўленні Божым «Dei Verbum» (1965)
OWLG– Ogólne Wprowadzenie do Liturgii Godzin. Poznań (1982)
RH– Ян Павел ІІ, Энцыкліка «Redemptor hominis» (1979)
ST– Słownik Teologiczny. Red. A. Zuberbier. Katowice (1998)
  1. Пар. Niedzielna służba Boża. Red. S. Czerwik. Kielce 1992, s. 223
  2. Пар. A. Zuberbier. Eucharystia. W: ST, s. 160.
  3. Пар. A. Zuberbier. Eucharystia. W: ST, s. 161; DD 42.
  4. DD 34.
  5. Пар. Heinz s. 128; DD 36.
  6. Пар. C. Krakowiak. Eucharystia a dzień Pański. W: Jezus eucharystyczny. Red. M. Rusecki, M. Cisło. Lublin 1997, s. 205.
  7. Didache. W: Eucharystia, s. 193.
  8. Św. Izydor. W dniu Pańskim Pan nasz zmartwychwstał. W: Eucharystia, s. 232.
  9. Пар. A. Nowicki. Ostatnia Wieczerza. Eucharystia – Kościół. Kongresowi Eucharystycznemu naprzeciw. Wrocław 1996, s. 25.
  10. Пар. Ян Павел ІІ, Ліст «Аб таямніцы і кульце Эўхарыстыі», н. 10–11.
  11. Пар. DD 39.
  12. Пар. Nowicki, s. 27.
  13. Пар. J. Augustyn. Życie i Eucharystia. Kraków 1996, s. 55–56; DD 45.
  14. Тамсама, s. 60.
  15. DD 42.
  16. Пар. DD 42.
  17. Пар. KKK 1324.
  18. RH 20.
  19. DD 39.
  20. Пар. KL 62; DD 40.
  21. Пар. DiM 13.
  22. Пар. DD 41.
  23. DD 42.
  24. Пар. Wprowadzenie do Mszału Rzymskiego. Red. K. Dynarski. Poznań 1986, s. 92–93.
  25. Пар. DD 74–80.
  26. Пар. Św. Efrem. Biada temu, kto nie szanuje dnia Pańskiego. W: Eucharystia, s. 234.
  27. Synod w Elwirze. Jeśli ktoś w mieście. W: Eucharystia, s. 235.
  28. Św. Grzegorz Wielki. W niedzielę. W: Eucharystia, s. 235.
  29. Пар. Trigo, s. 79–81.
  30. Пар. DD 47.
  31. Пар. Grabowski, s. 494.
  32. KPK 1246–1248.
  33. KL 106.
  34. Пар. DD 51; Пар. B. Nadolski. Liturgika Tom IV: Eucharystia. Poznań 1992, s. 106–113.
  35. Пар. KKK 2181.
  36. Пар. KKK 2168–2188.
  37. Пар. KKK 2042–2043.
  38. Пар. KPK 1248 § 1.
  39. Пар. Lempa, s. 196.
  40. Пар. DD 49.
  41. DD 54.
  42. J. Mizak. Msza święta pierwszych chrześcijan. W: Eucharystia, s. 42.
  43. Пар. W. Miziołek. Duszpasterstwo Eucharystyczne. Kongresowi Eucharystycznemu naprzeciw. Wrocław 1996, s. 16–17.
  44. J. Janicki. Kult. W: ST, s.255.
  45. DD 64.
  46. Kupka s. 52–53.
  47. Пар. DD 64.
  48. Пар. Kupka s. 53.
  49. Пар. DD 64.
  50. Пар. KPK 1247.
  51. Пар. DD 67.
  52. Пар. Kupka, s. 66.
  53. Пар. Nagy, s. 23.
  54. Тамсама
  55. Пар. Trigo, s. 93.
  56. DD 67.
  57. Пар. Nagy, s. 25.
  58. DD 67.
  59. DD 67.
  60. K. Rychter. Liturgia ośrodkiem życia wspólnoty parafialnej. “Liturgia Sacra” 5:1999 nr 1(13), s. 36.
  61. Пар. DD 52.
  62. Пар. DD 52.
  63. Пар. OWLG 21.
  64. Пар. KL 100.
  65. KKK 2564.
  66. Пар. OWLG 10–13; Kunzler, s. 519–526.
  67. Пар. KL 33; C. Krakowiak. Parafia jako centrum życia liturgicznego. W: Veritatem facientes. Księga pamiątkowa ku czci Księdza Profesora Franciszka Greniuka. Red. J. Nagórny, J. Wróbel. Lublin 1997, s. 438–439.
  68. Пар. DD 52.
  69. Пар. KO 21.
  70. Пар. DD 68.
  71. Пар. A. Zubierbier. Wspólnota. W: ST, s. 648.
  72. KK 9.
  73. Пар. DD 31.
  74. Пар. Kamiński, s. 178–179.
  75. Krakowiak, s. 440.
  76. DD 55.
  77. Пар. B. Nadolski. Kultyczny wymiar Eucharystii. W: Jezus eucharystyczny, s. 197.
  78. DD 57.
  79. DD 58.
  80. Пар. Augustyn, s. 94.
  81. DD 69.
  82. J. Kopeć. Liturgia źródłem i szczytem duchowego życia parafii. W: „Liturgia Sacra” 5:1999 nr 2 (14), s. 337.
  83. DD 52.
  84. Пар. W. Kawecki. Piękno życia chrześcijańskiego. Kraków 1999, s. 66.
  85. DD 68.
  86. Пар. KKK 2187.
  87. DD 82.
  88. Пар. DD 82.
  89. Пар. DD 72.
  90. Пар. KPK 1247.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY