Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(20)/2002
Мастацтва
Юбілеі (Да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы)
Пра самае важнае
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ

АПАВЯДАННІ
Мастацтва
У свеце Бібліі
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

ЗАБОЙЦА АНЁЛА
Постаці

ПРАЛАТ СТАНІСЛАЎ ШАНТЫР
Культура
Пра самае важнае

Ігнат ДАМЕЙКА

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ

Да 200-годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі
Фрагменты дзённіка

Пачатак

З Англіі ў Паўднёвую Амерыку Дамейка вырушыў 9 лютага на паштовым караблі. Шчасліва вытрымаўшы шалёныя буры вядомай усім маракам Біскайскай затокі (толькі з пазнейшага запісу ў дзённіку даведаемся, як Дамейка быў удзячны Богу за ацаленне), карабель прыстаў да выспы Мадэйра. Падарожныя сышлі на бераг у горадзе Фуншал і з прыемнасцю адчулі пад нагамі цвёрдую зямлю.

«...Па дарозе з прыстані на гару, праз пару гадзінаў ходу, убачылі прыгожы касцёл Найсвяцейшай Панны дэль-Монтэ, куды набожны люд прыходзіць на набажэнствы. Дарога да таго касцёла, выкладзеная дробнымі каменьчыкамі, вядзе праз сады і вінаграднікі. Ішлі мы гэтай дарогай уверх аж да касцёла.

Касцёл Найсвяцейшай Панны дэль-Монтэ з дзвюма вежамі, з глыбокай крухтай наперадзе, на базальце і з базальтавай ці трахітавай скалы збудаваны, даволі прыгожай архітэктуры, а перад ім цудоўныя каменныя сходы і тэраса, абнесеная жалезнымі кратамі. У сярэдзіне — багаты алтар Найсвяцейшай Панны і праваруч ад уваходу другі, таксама прыгожы. Карціны, крыху пашкоджаныя і прыцемненыя гадамі, падаюцца творамі неблагога майстра іспанскай школы. Лаваў у касцёле няма, толькі збоку невялікая галерэя для багацейшых. Казалі нам, што падчас адпусту ў гэты касцёл прыходзіць шмат народу, далёкія нават начуюць у гаях...»

4 сакавіка (была якраз першая нядзеля посту) Дамейка любаваўся выспай Тэнерыфе, разглядаў яе складаную геалагічную будову, а ў порце Санта-Круз, дзе прыпыніліся толькі на некалькі гадзінаў, зайшоў у мясцовую святыню.

«...Пасярод горада стаіць прыгожы касцёл, хораша ўбраны, а ў ім некалькі абразоў, намаляваных невядомым майстрам. Характэрнасць іспанскай школы ўдаецца заўважыць нават у простых карцінах, як у гэтым касцёле, таксама і ў касцёлах, якія бачыў на Мадэйры...»

27 сакавіка Ігнат Дамейка ўбачыў берагі Амерыкі, а 7 красавіка цешыўся выглядам найпрыгажэйшай у свеце затокі ды забудовамі горада Рыа-дэ-Жанэйра: скальная гара Галава Цукру, замак Святога Крыжа, магутны кляштар бенедыкцінцаў, некалькі касцёлаў, палац імператара, велічныя пальмы, парослая лесам гара Карвакаду (на яе вяршыні праз шмат гадоў узнімецца велічная, 60-метровая статуя Езуса Хрыста). У гэты горад Дамейка завітае яшчэ раз, калі будзе вяртацца на Радзіму. Але і ў 1838 годзе ён пражыў там чатыры незабыўныя — мяркуйце самі — дні.

«...8 красавіка. На заўтрашні дзень выпадала вялікае касцёльнае свята, адно з найпрыемнейшых, свята Вербніцы, а тут, у краіне пальмаў, называюць яго Пальмавай нядзеляй. Ужо ў суботу, надвячоркам, малыя дзеці, чорныя і белыя, бегалі па вуліцах з доўгім пальмавым лісцем і нейкімі трубамі, зробленымі з зялёнай кары. Ужо ад рання ўсе касцёлы былі напоўнены людам, а там — прыемная прахалода, шмат зеляніны, свежа ўбраныя алтары, пах кветак і дзіўны супакой. Ішоў сюды з трывожным сэрцам, бо бачыў яшчэ гэты чорны люд, які так цяжка працуе, пагарджаны і пакрыўджаны нават самой прыродай. Але як толькі пераступіў касцёльны парог, расплюшчыліся мае вочы і лягчэй зрабілася на душы. Тут прапала розніца колеру, розніца расы, сілы, розуму і багацця. Чорныя і белыя, усе разам кленчаць, нікому не выдзяляецца асобнае месца, за выключэннем малой перагародкі па баках для жанчын. Тут усе браты, дзеці аднаго Бога: радыкальная роўнасць. Гэтыя афрыканскія галовы, якія праз школьную эрудыцыю прывык быў параўноўваць з малпавымі чарапамі, падаліся мне цяпер такімі ашляхетненымі праз простую, спакойную набожнасць, што нягледзячы на тое, як дорага і цяжкай працай гэтыя людзі выкупляюць вялікае святло, якое ім праз белых пасылае Бог, дзякаваў я Богу за тое, што прывёў у касцёл столькі нашых братоў, вызнаўцаў аднаго і таго ж, што і мы, Айца. Пасля Імшы ксяндзу падалі пукі доўгіх прыгожых зялёных пальмаў, і ўвесь люд рушыў да алтара, а ксёндз раздаваў пальмы. Глянуў у вочы аднаго мурына, які браў асвенчаную пальму: было ў іх штосьці вышэйшае, глыбейшае, шляхетнейшае за ўсю філасофію гэтага стагоддзя; гэты нізкі лоб, здавалася, узнімаўся, асалода, лагоднасць і вырачэнне адбіваліся на ягоным абліччы, а колер ягоны быў нібы цень ад заслоны, якая аддзяляла яго ад яшчэ вышэйшага святла. Трэба было бачыць, як гэты рознакаляровы люд імкнуўся да алтара і з якой ціхай радасцю разыходзіўся.

Вялікая гэта асалода — за пару тысячаў міль ад дому ўбачыць тыя самыя абрады, што і ў нас святым Касцёлам заведзеныя. Як мне апавядаў мой знаёмы бразілец, таксама шмат звычаяў, падобных да тых, што і ў нас выконваюцца перад Вялікаднем, захоўваецца да гэтага часу ў сямейным жыцці. Фарбаваныя на чырвона яйкі прадавалі на вуліцах, а ў дамах рыхтаваліся да святочнага снедання, і шчаслівыя сем’і збіраліся правесці разам свята. Гэтыя звычаі асабліва развітыя ў вёсках; у гарадах жа, абсмяяныя французамі і англічанамі, зніклі, падобна як і ў нашых мястэчках...»

25 красавіка паштовы карабель завітаў у Мантавідэа.

«...Адзіная аздоба гэтага горада — касцёл, адмыслова пабудаваны на галоўным пляцы. У гэтым касцёле бачыў некалькі прыгожых абразоў, а ўсе алтары чыстыя і старанна дагледжаныя...»

Пра побыт у Буэнас-Айрасе Дамейка пакінуў скупыя радкі:

«Ледзь толькі чалавек дакрануўся сухой зямлі, забыўся пра цяжкасці ды невыгоды плавання… Пайшоў сама перш падзякаваць Богу за шчасліва скончанае марское падарожжа…»

З Буэнас-Айрасу ў Чылі ўжо быў пракладзены Галоўны камунікацыйны шлях праз малалюдныя стэпы Аргенціны — славутую Пампу. 29 красавіка падарожныя рушылі па ім на конях, далучыўшыся да паштароў, а таму і прыпыняліся на паштовых станцыях ды карысталі з гасціннасці простых людзей.

«...Ветлівы і вельмі разважны гаспадар пошты апавядаў нам увечары пра напады індзейцаў, пра іх звычаі і зацятасць супраць хрысціянаў. Тая зацятасць, — гаварыў, — усё больш расце, набірае смеласці, гардыні, а нам усё цяжэй і цяжэй ад іх бараніцца. «Які ж спосаб маеце?» — запытаў. «Няма спосабу, — адказаў, — апроч вайны; ці таксама — дадаў праз хвіліну, — быў даўней адзін спосаб; гэта былі мужы, называліся езуіты! Яны скарылі іх любоўю і супакоем, навярнулі да веры і прымусілі працаваць; гэта былі вельмі вучоныя людзі, sabios. Кажуць, што цяперашні ўрад пасяліў нядаўна ў Буэнас-Айрасе некалькі езуітаў з Еўропы; але хто ведае, ці такія самыя, як былі перад гэтым...»

Пра індзейцаў ды езуітаў Дамейку гаварыў консул з Мантавідэа яшчэ на караблі:

«...Век забабонаў і цемрашальства даўно мінуў. Што ж тыя езуіты выраблялі ў свой час. Паглядзі, пане, недалёка адсюль, там, у Парагваі, пачынаюцца тыя місіі, заснаваныя тымі фанатыкамі езуітамі яшчэ ў часы неасвечанасці і варварства. Аграмадныя вёскі індзейцаў, як і даўней, у цямноце і забабонах; а народ працавіты, спакойны, апрацоўвае палі, мае цудоўныя плантацыі; што ж, калі фанатычна набожны люд. Яшчэ да гэтага часу, калі надыходзіць Вялікі Тыдзень, гэты люд успамінае пакуты Езуса, ладзіць пост, і ёсць такія, якія, нібы ўвасабляючыся ў Езуса, паддаюцца на катаванні і здзекі».

Тады Дамейка запытаў у консула:

«Відаць, у вашай вольнай краіне, рэспубліцы, маеце шмат аселых і вольных індзейцаў, якія ўрабляюць зямлю, але больш цывілізаваныя, чым тыя індзейцы з місій?»

Але консул адказаў, што іх няшмат, і расказаў, як былі амаль цалкам вынішчаныя індзейцы даліны ракі Уругвай. Праз некалькі гадоў Дамейка наведаў краіну індзейцаў-араўканцаў, якія больш за трыста гадоў баранілі сваю незалежнасць і засталіся свабоднымі, ды заступіўся за іх, пераканаўшы чылійскі ўрад не пачынаць заваяванне Араўканіі.

Набліжалася зіма, а такой парою Кардыльеры непраходныя. Таму ўсе 15 дзён падарожныя ляцелі галопам. Далей давялося ехаць на мулах. З Божай дапамогай удалося адолець засыпаныя снегам цясніны і высечаныя ў скалах лядэры (вузкія сцежкі па-над прорвай); удалося вытрываць мароз і шалёную завіруху на вяршыні хрыбта Кардыльераў. 17 мая Дамейка ступіў на чылійскую зямлю, а 3 чэрвеня прыехаў у Какімба. 18 верасня там святкавалі Дзень незалежнасці.

«...Ужо цэлую гадзіну званілі званы на касцёльных вежах і час ад часу ўзляталі ракеты. Афіцыйны строй усіх, хто належаў да почату інтэнданта, быў чорны, толькі скарбнік (гэтак названы мытны міністр) меў на сабе мундзір, гафтаваны срэбрам, а інтэндант, як цывільны і вайсковы начальнік, меў генеральскі мундзір і вялікую трохколерную стужку, што азначала інтэнданцкую пасаду.

Быў амаль поўдзень, калі рушылі ад палаца. Наперадзе па двое ішлі студэнты, за імі ў такім жа парадку прафесары, кляштарныя пралаты, муніцыпальныя радцы, некалькі афіцэраў гарнізона і нацыянальнай гвардыі, суддзя, ад’ютанты і інтэндант. Перад гэтым апошнім неслі вялікі сцяг. Кожны вышэйшы чыноўнік, раднік і інтэндант мелі ў руках цукровую чараціну, апошні чараціну з кутасом, як да таго абавязваў іспанскі звычай.

Ля дзвярэй касцёла нас спаткаў ксёндз з крапідлам; увесь касцёл быў убраны трохколернымі харугвамі; пасля чытання Евангелля выступіў францішканскі прыёр з патрыятычным казаннем.

Не апісаць, што гэты прыёр навярзеў і навыдумваў на іспанцаў у сваім патрыятычным казанні. Пачаў з пампезнай пахвалы. «Мантэсума, той князь, — сказаў, — лагодны, шляхетны, абагаўлёны сваімі падданымі, стаўся ахвярай варвараў, готаў, якія напалі на краіну, да таго шчаслівую, і забілі караля. Добрае тое было жыццё на ўлонні прыроды; людзі ўзаемна любіліся, былі вольныя, панавала роўнасць, так, нават цывілізацыя была не з апошніх! Дзівілася Еўропа на тыя манументы, на срэбраны і залаты посуд, на аздобы з пер’я і гэтак далей, якімі поўніліся кірмашы, а той жа вадавод, каналы, гарады; хто ж не ведае, што індзейцы ўмелі выплаўляць срэбра, золата і медзь. Звычаі іх былі лагодныя. Праўда, — дадаў нібы між іншым, — іх рэлігія была недарэчная, але ўзнёсласць, шляхетнасць і г. д., і г. д. — усё гэта знікла з прыходам готаў, крывасмокаў; гэта яны затрымалі прагрэс цывілізацыі, увялі няволю...»

Больш-менш такімі словамі вёў казанне прыёр, а меў твар белы, чыстай кастыльскай расы, высокі лоб, блакітныя разумныя вочы; і прамаўляў да паноў радцаў і грамадзянаў, у якіх пераважаў выраз іспанскай фізіяноміі, і толькі ў некаторых ледзь давалася заўважыць невыразныя прыкметы амерыканскай расы: вузкі лоб, жорсткія чорныя валасы, шырокія скроні і смуглявая скура. Слухалі спакойна, без узрушэння, сур’ёзныя, з такой абыякавасцю, нібы ксёндз гаварыў пра дапатопных людзей. І дзеялася гэта ў касцёле перад багата асветленым алтаром, на зямлі, дзе перад прыходам тых белых варвараў, якія з сабой прынеслі крыж, людзей палілі на ахвяру, елі рабоў і не было іншай веры, як у злога духа ці ў сонца.

Мала таго. Пасля палкага панегерыка Атахульпу і араўканцам, калі прамоўца дайшоў да вызвалення амерыканцаў ад іспанскага ўладарання, перапала і Папу за яго дэмаркацыйную булу — раздзел партугальскай ды іспанскай Амерыкі; закончылася ж казанне пампезнай пахвалой героям вайны за незалежнасць: О’Хігінсу, Фрэйеру, Сан-Марціну ды іншым.

Успацелы прыёр, усміхаючыся, сышоў з амбоны, а ўся ўрадавая асістэнтура, ад інтэнданта да студэнтаў, сядзела спакойная і нібы абыякавая, думаючы, відаць, больш пра вечаровае ігрышча, чым пра сваіх продкаў, дзядоў і прадзедаў, якіх прамоўца неміласэрна збэсціў. А трэба ведаць, што сам ксёндз і тыя, хто яго слухаў, палічылі б самай вялікай абразай, калі б каго-небудзь з іх, хоць бы з самым медным абліччам, хтосьці адважыўся назваць індзейцам.

Сам ксёндз, як пасля даведаўся, не быў такім разгневаным на іспанцаў, як удаваў, не меў такога высокага меркавання пра Мантэсуму і Атахульпу, як магло падацца з прамовы. Ён баяўся, каб не вярнуліся пераследы манахаў за першыя гады рэвалюцыі, калі той самы Фрэйер, Пінта ды іншыя пачыналі ўжо рабаваць і прадаваць касцёльныя ўладанні, пустошыць кляштары. Хутка заўважылі, да чаго гэта вядзе; больш разважныя людзі, як Прыэта, Парталес, Такарналь стрымалі тыя першыя памкненні чылійскіх, французскай школы, лібералаў. Сёння святарства трымаецца кансерватыўнага ўраду, але баіцца вяртання так званых папіёляў (лібералістаў), а найбольш баязлівыя паддаюцца такому практычнаму правілу — як гэта кажуць — Пана Бога хвалі, але і чорта не абражай...»

Падчас канікулаў Ігнат Дамейка ладзіў экскурсіі ды экспедыцыі ў розныя куткі Чылі. Ён цікавіўся і духоўным жыццём рудакопаў, як, прыкладам, у мястэчку Аркуэрас, славутым капальнямі срэбра.

«...Сутонела, калі мы прыехалі на пляц і затрымаліся каля адной, крыху большай за іншыя, хаціны, дзе стаяла грамада мужчын і жанчын. Як толькі мы ўвайшлі ў гэтую хаціну, падобную на нашае гумно, расступіліся шахцёры і мы ўбачылі ў куце прыбраны алтар з абразом Найсвяцейшай Панны Кармеліцкай, чылійскай апякункі; стаялі там запаленыя свечкі і таца для ахвяраванняў. Тут жа быў і закрыстыян, ініцыятар малітвы ружанцовай, побач сядзела шмат жанчын, прыбраных кітайскімі шаўковымі кармазыновымі хусткамі, і некалькі мажардомаў з шахтаў. У другім канцы гэтай будыніны прадавалі персікі, вінаград, кавуны і рознае печыва…

Грамада ўжо ўладкоўвалася перад алтаром Найсвяцейшай Панны: жанчыны і дзеці — наперадзе, за імі старэйшыя, а маладыя шахцёры ў дзвярах і на двары, бо для ўсіх не хапала месца.

Ксяндза не было і, уголас перажагнаўшыся, ініцыятар ружанца пачаў малітву; уся грамада ўкленчыла і пачала прамаўляць пацеры. Маліліся з вялікай пашанай і ўвагай, нібыта ў касцёле, а пад канец ружанца пачалі пускаць ракеты. Тады люд пачаў разыходзіцца, і калі мы выйшлі, убачылі шмат шахцёраў, якія спакойна гулялі ў карты, седзячы на зямлі каля раскладзеных вогнішчаў; адны адным не перашкаджалі ні бавіць час, ні маліцца. Іх арыгінальныя, яркіх колераў строі, медныя абліччы, разагрэтыя гульнёй і засяроджаныя картамі, чорныя вочы, чырвоныя ярмолкі, разнастайныя купкі постацяў, міготкае святло распаленых вогнішчаў, зорнае неба і магутныя горы навокал — вось дзіўна маляўнічая карціна, у якую я з асалодай углядаўся. Тут жа хадзіў шахцёр з просьбай ахвяраваць на будаўніцтва касцёла ў недалёкай вёсцы Лос-Молес, дзе да гэтага часу захаваўся даўні індзейскі могільнік з паганскіх часоў і адкуль менавіта прыехаў той пажылы ініцыятар ружанца з алтаром і шкаплерамі...»

Вядома ж, Дамейка ўсюды заўважаў сляды дзейнасці каталіцкіх ордэнаў.

«...Адразу пасля выезду з Какімба ўвагу падарожнага звяртае ладны фальварак Ля-Кампанія, былая ўласнасць айцоў езуітаў. Час, бязладдзе і людская нязгода да гэтай пары не змаглі знішчыць тое, што зрабілі першыя спакойныя і працавітыя гаспадары. Фальварак пабудаваны на ўзвышшы; ад пустой ужо капліцы застаўся з даўнейшых часоў вялікі звон, які вісіць на дрэве...»

Цікавіў яго і лёс напатканых людзей.

«...Там сустрэлі іншага гаспадара, старога шахцёра, які да позняй ночы распавядаў нам пад пагодным небам пра свае прыгоды: як пасля шматлікіх гадоў працы і няўдачы Бог дазволіў яму знайсці багатую жылу меднай руды, і ён быў упэўнены, што стане панам. Склікаў пляменнікаў і ўзяліся за працу. За некалькі тыдняў сабраў грошы, каб сплаціць доўг і дазволіць сабе ўсё неабходнае; калі ж раптам цяжка захварэў, некалькі месяцаў пакутаваў ад жудаснага болю і чакаў смерці. Пакінулі яго пляменнікі і сябры; толькі жонка з малымі дзецьмі засталася, хоць не было чаго есці і не было ніякага паратунку ў гэтай пустыні. Хто б выпадкова ні затрымаўся, уцякаў адсюль як ад заразы; амаль канаючы, чуў толькі плач галодных дзяцей і бачыў жонку ў роспачы, але ні на момант не спускаў вачэй з Бога і свайго Збаўцы. Сам не ведае, якім цудам выжылі ён і ягоная сям’я, нічога не ведае і нічога не разумее, ведае толькі, што ацаліў яго Бог. І як толькі акрыяў, пайшоў у сваю шахту, але не знайшоў у ёй і следу таго, што пакідаў і што давала падставу марыць пра багацце. Пляменнікі выбралі ўсё; з той паўтаралокцевай жылы меднай руды нічога не засталося; вывезлі ўсё, разбурылі штольню і завалілі ўваход у шахту, так што цяжка было ўвайсці ў сярэдзіну і пераканацца пра нягодны чын пляменнікаў. «Вярнуўся, — дадаў, уздыхнуўшы, — дамоў, і з таго часу ўжо не мару запанець і жыву спакойна...»

У 1840 годзе Дамейка падарожнічаў па абшарах самай вялікай пустыні Паўночнага Чылі — Атакама. Затрымаўся ён і ў горадзе Кап’япа, сталіцы гэтай багатай на медзь і срэбра правінцыі. Тамтэйшыя ж жыхары гаварылі, што адзін дзень дажджу варты адкрыццю вялікай капальні срэбра або золата.

«...Але галоўнай бядою гэтага месца з’яўляюцца землятрусы, больш частыя і мацнейшыя, чым у іншых кутках Чылі. Некалькі разоў гэты горад ужо быў зруйнаваны, і тут мяркуюць, што кожныя 20—23 гады паўтараюцца, нібы перыядычна, вялікія зрухі зямлі. Апошні землятрус здарыўся ў 1818 годзе, не залічваючы ў шэраг вялікіх тыя землятрусы, якія штогод некалькі разоў паўтараюцца і надаюць страху жыхарам. З даўніх часоў адна толькі капліца, пабудаваная 180 гадоў таму, засталася не разбураная землятрусамі; яна мае некалькі дзесяткаў ступняў у даўжыню, але яе сцены, таўшчынёю больш за метр, яшчэ маюць дамураваныя звонку квадратныя, не менш тоўстыя, цагляныя падпоры на добрых падвалінах, так што каб сабраць у адно ўсе гэтыя падпоры і да іх далучыць сцены, то агульны іх аб’ём раўняўся б сама менш палове ўнутранай плошчы капліцы, якая — як і тыя, што ў той час муравалі, — нізкая, вузкая і доўгая. Усе іншыя дамы навейшай забудовы вымураваны на месцы колішніх дамоў, што не перашкаджае таму, каб іх жыхары, занятыя здабываннем грошай, жылі ў іх спакойна, нібы на скале, і толькі як уздрыгне зямля і пачнуць рыпець бэлькі ды вагацца падлога, то б’юць рукамі ў грудзі, хрысцяцца і ўцякаюць з дому...»

У 1844 годзе закончыўся тэрмін кантракту і Дамейка збіраўся вяртацца ў Еўропу. Ён паехаў у Сант’яга развітацца з генералам Алдунатэ, з ініцыятывы якога выпускнік Парыжскай горнай школы і трапіў у Чылі. Ды ў Сант’яга застаўся надоўга. Пра гэты горад, дзе Ігнат Дамейка знайшоў і асабістае шчасце, у «Дзённіку» чытаем:

«...Ужо шмат тут касцёлаў, шмат кляштараў — усе колішніх, з першых гадоў адкрыцця Амерыкі, фундацыяў, багата забяспечаных канкістадорамі. На месцы, дзе цяпер сталіца, жыло шматлікае насельніцтва індзейцаў, самае ваяўнічае на ўсім узбярэжжы Вялікага Акіяна. Пэдра Вальдзівія, муж, напэўна, самы вялікі пасля Калумба і Картэса з усёй грамады першых іспанскіх захопнікаў, выбраў менавіта гэтае месца для горада. Заснаваў шпіталь, касцёл і капліцу Святой Люцыі на аднайменным скалістым узвышшы.

А дзевятай раніцы, калі выйшаў на галоўную плошчу дэ-Армас, або дэ-Індэпэдэнцыя, відаць было ўжо шмат руху і жыцця. Мноства велізарных вазоў з кавунамі і дынямі, мулы і муліцы з паклажай збожжа і гародніны; пані і служанкі, апранутыя ў чорнае, з шырокімі вэлюмамі (называюцца мантас), з-пад якіх відаць толькі іх чорныя вочы; сціжма сялянаў у яскравых понча, на прыгожых конях вершнікі з цяжкімі, на чвэрць локця даўжынёю астрогамі; у доўгіх, да зямлі, плашчах кабальера, якія ішлі на Імшу або вярталіся з касцёла. А дзесятай, калі, стоячы на гэтым пляцы, прыглядаўся да гэтага новага для мяне свету, прагучаў з катэдры звон і ў імгненне вока супыніўся ўвесь рух; вазы, коні і мулы сталі як укопаныя; мужчыны паздымалі капелюшы і схіляюць галовы, жанчыны б’юць кулаком у грудзі, жагнаюцца, кожны з хвіліну стаіць на месцы; звон змаўкае, і зноў — рух, грукат, гамана, кожны ідзе сваёй дарогай. Быў гэта момант «Узнясення» падчас вялікай Імшы ў катэдры; тут захаваўся іспанскі звычай, каб штодня, у адну і тую ж пару, паміж дзевятай—паловай дзесятай, падчас «Узнясення» ў катэдры, калі загучыць звон, кожны, хто жывы, ідзе пешшу ці едзе конна або на возе, на вуліцы, на плошчы, нават у бліжэйшых крамах, мусіць затрымацца, зняць капялюш, пакланіцца і памаліцца. Тое ж самае і ўвечары, на змярканні, на «Angelus», мужчыны і жанчыны затрымоўваліся ў тым месцы, дзе хто пачуў звон. Можна было ўжо паводле шкалы набожнасці вызначаць навейшую цывілізацыю: гэты перажагнаўся, зняў капялюш, прыкленчыў, маліўся; той зняў капялюш, не затрымаўся, але перажагнаўся, іншы ж толькі паправіў на галаве капялюш ды прыспешыў хаду, а некаторы ішоў, не зважаючы ні на каго, ды, увайшоўшы ў першую лепшую краму, кпіў з фанатызму.

Таксама яшчэ і ноччу стражнікі, сэрэнас, гукаюць «Ave Maria Purissima!», хаця ўжо крыху цішэй і радзей, чым у Какімба ды іншых правінцыйных гарадах, і збіраліся ўжо ў міністэрстве адмяняць гэты звычай…

…У раскошнай катэдры з часанага парфіравага каменя аглядаў багатыя на срэбра і золата алтары і закрыстыі: помнікі шчодрасці, набожнасці, мастацтва, велічы іспанцаў ды цяпер запыленыя харугвы, здабытыя ў апошняй вайне за незалежнасць. У касцёле св. Аўгустына — статуя Хрыста з цярновай каронай на шыі. Было гэта на пачатку XVII стагоддзя, вялікі землятрус зруйнаваў горад; разбурыліся амаль усе дамы і касцёлы; касцёл св. Аўгустына ацалеў, але цярновы вянец Хрыста спаў яму з галавы на шыю. І з таго часу ніхто не можа ўзняць вянец на галаву, каб ляжаў на скронях. Так і застаўся праз дзвесце гадоў, як яго землятрус паклаў, а штогод 12 траўня, у дзень таго землятрусу, выходзяць з касцёла ды ідуць па горадзе ў вялікай працэсіі арцыбіскуп, капітул, муніцыпальныя раднікі, войска, ксяндзы і тысячы мяшчанаў, нясуць статую Хрыста з Ягонай цярновай каронай на шыі — упрошваюць Тварца аберагчы горад ад землятрусу. Сапраўды, ад той няшчаснай эпохі мінулі два стагоддзі, а, нягледзячы на шматлікія землятрусы, якія за гэты час некалькі разоў руйнавалі Кансепсьён, Вальдзвію, Тальку ды іншыя, сталіца засталася непашкоджанай.

Наведаў таксама колішні езуіцкі калегіум і пры ім былы езуіцкі касцёл з купалам такой формы і архітэктуры, як і ўсе тым працавітым ордэнам вымураваныя касцёлы. Тут нахлынулі сумныя ўспаміны мінуўшчыны.

Езуіты, як вядома, былі першымі ў іспанскай Амерыцы заснавальнікамі школаў. Тутэйшы калегіум быў адчынены больш чым сто гадоў таму; меў шматлікіх прафесараў і каля 80 вучняў у канвікце, багатую бібліятэку, капліцу і касцёл. Навучалі перш лаціне, філасофіі, грамадзянскаму (рымскаму і іспанскаму) і кананічнаму праву. Тое, што на той час было вядомае фізіцы і касмаграфіі, уваходзіла ў сферу філасофіі; матэматычная навука была не ў пашане; затое рэлігія, гісторыя свету і тэалогія дамінавалі. З той школы ў Сант’яга выходзілі на адвакатаў, суддзяў, раднікаў; з яе выйшаў славуты сваім аскетычным творам Луканца і натураліст Маліна. Студэнты насілі сутаны, як у нас семінарысты; выхоўваліся ў пакоры ды пашане да ўлады. Школа была маральным апірышчам каланіяльнага ўраду і аберагала моладзь ад новых бязбожна-ліберальных уплываў. Адначасна езуіты займаліся гаспадаркай, земляробствам, засноўвалі вялікія фальваркі. Маючы дастаткова людзей падрыхтаваных, адных дзеля навучання, другіх для вытворчасці, для наладжвання прамысловасці, падданыя адной волі, моцнай і энергічнай, грунтоўна даследавалі прыроду краю і да яе стасавалі свае чыны і практычныя спосабы. З самай ранняй эпохі іспанскаага панавання выбіралі сабе на палях і абшарах, што не мелі ўладальнікаў, самыя прыдатныя для гаспадарання мясціны; стварылі шмат маёнткаў, якія сёння абагачаюць не аднаго лайдака, і ўсюды былі апекунамі гэтак названых энкаменідас, г. зн. вёсак, населеных індзейцамі; усюды ставілі капліцы, рэкалекцыйныя дамы, шпіталі, апекаваліся насельніцтвам.

І не дзіўна, што праз суровую і мудрую ўнутраную арганізацыю, праз працавітасць і вышэйшую адукацыю заслужылі любоў і прыхільнасць мясцовага люду ды былі багатыя не капіталамі, бо што ім прыносіла маёмасць, тое ўкладалі ў пашырэнне гаспадаркі, вытворчасці, дзеля далёкіх місіяў, на шпіталі, набожнае выхаванне моладзі; але былі багатыя на маёнткі, што самі заснавалі, а таксама на касцёлы і кляштары. Менавіта гэта прывабіла лакомых, падупалых духам і верай каралёў ды іх дворню, а вайна, якую вялі гэтыя верныя свайму прызванню рыцары супраць бязбожжа і самавольства філосафаў, вольных каменшчыкаў і рэвалюцыянераў, пратэстантызму, схізмы і ерасі, памнажала ім зацятых непрыяцеляў на ўсім зямным шары.

Дык вось і з гэтага куточка ў свой час сакрэтным загадам каталіцкага караля выгналі езуітаў. Адзін шаноўны амаль дзевяностагадовы жыхар Сант’яга расказваў мне, што аж да апошняй гадзіны ніхто ў сталіцы не ведаў пра той запячатаны загад. А дванаццатай гадзіне ночы, паводле даты на канверце, старшыня ўраду адкрыў яго ў прысутнасці рэгента трыбуналу і адразу той жа ноччу абудзілі ксяндзоў і прачыталі ім дэкрэт. Ксяндзы пайшлі ў касцёл, а чыноўнікі апячаталі ўсе келлі, бібліятэку, склады. Ніхто з езуітаў не хацеў секулярызавацца; усіх з касцёла выслалі ў Вальпараіса, дзе іх чакаў іспанскі карабель, каб вывезці невядома куды. Назаўтра здзіўленыя жыхары са страхам глядзелі на пусты кляштар, зачынены касцёл, апячатаныя келлі; студэнтаў адправілі дамоў. Не было хвалявання, але горш чым хваляванне — праз пяцьдзесят гадоў ужо не было караля; толькі калі кароль подла, у цёмную ноч, баязліва выгнаў безабаронных ксяндзоў, то яго, узброенага, у белы дзень, мужна і адважна выгнаў узброены народ. Езуіты вернуцца, ён ніколі не вернецца.

Толькі адно заслугоўвае ўвагі, што на нягодны ўчынак злыя людзі шукаюць заўсёды ночы; урад ці зладзеі — усё роўна; расійскі імператар праз шэсцьдзесят гадоў пазней апаўночы выгнаў езуітаў з Полацка (Аляксандр І загадам ад 15 сакавіка 1820 г.). Сабралі іх у касцёл, апячаталі келлі, бібліятэку, склады; з касцёла марознай ноччу, толькі з малітоўнікамі, па двое садзілі іх у сані, і яны рушылі ў цішыні, молячыся за сваіх ганіцеляў.

Пасля выгнання езуітаў з Сант’яга каралеўскі ўрад заснаваў у пакінутым імі кляштары канвікт для дзяцей шляхты, і стараліся ў ім захаваць тыя самыя навукі, той лад і дысцыпліну, якія былі падчас езуітаў. Але дарма; захавалі толькі суровую жорсткасць. Калі каралю можна было выгнаць ксяндзоў, то чаму ж студэнтам нельга было высмейваць іх, жартаваць з Касцёла, не давяраць ягонай беспамылковасці. Білі хлопцаў, а пад свіст дысцыпліны ўзрасталі непаслухмянасць, упартасць, нейкі дух кпінаў, цяга да свавольства і супраціўлення ўсялякай уладзе. Знаў ужо шмат такіх, што вучыліся ў тым канвікце і былі вальтэрыянцамі. Той дух захапіў ужо і патрыётаў, калі дайшло да першай маніфестацыі супраць каралеўскага ўладання ў 1811 годзе.

Адразу ж пасля вайны за незалежнасць нацыянальны ўрад заснаваў у тых жа самых, былых езуіцкіх, мурах Інстытут...»

Менавіта гэты Інстытут (тут атрымоўвалі і пачатковыя веды, і вышэйшую адукацыю) і прапанавалі рэарганізаваць нашаму суайчынніку. Паводле ягонага праекту і быў створаны першы Чылійскі універсітэт, рэктарам якога шмат разоў абіралі дона Ігнацыа Дамейку.

У той час у Сант’яга часта наладжвалі рэкалекцы. Пра гэты даўні каталіцкі звычай у «Дзённіку» чытаем:

«...Грамада, вулічны натоўп тут, як і ўсюды, цёмны, схільны да п’янства, да распусты; пушчаны на волю, сам не ведае, што робіць, але не траціць веры. Што з таго, што ў нядзелю пойдзе ў касцёл, калі-нікалі паслухае казанне, на Вялікдзень выспаведаецца, калі гэта ўсё як гарох ад сцяны: пакуль жыве на бруку, заўсёды ў гэтым самым пыле, раб цела і матэрыяльных уцехаў. Гэта іспанцы ўвялі і пакінулі тут тое, што, напэўна, з даўніх часоў было ў каталіцкіх дзяржавах: звычай зачыняць на дзевяць дзён рэкалекцыі людзей рознага стану і веку, якія праз намову або з прапановай пробашчаў дабравольна на гэта згаджаюцца. Імкнуцца да гэтага і ў Сант’яга, бо таксама недалёка ад горада ёсць вялікія дамы, у якіх выгодна можа змясціцца 250—300 асобаў. Даюць ім добрую ежу і паслугу; часта вялікія паны і пані прыходзяць прыслужваць каля стала бедным, расчуленым парабкам. Нічога асаблівага не адбываецца, але грэшнік, які раскаяўся, на дзевяць дзён перарывае зносіны з усімі, хто яго ведае, нават з сям’ёй. З раніцы да вечара адпраўляюць Імшу, найлепшыя прамоўцы, спавядальнікі навучаюць, спавядаюць і рыхтуюць да споведзі. Жывуць, так скажу, з людзьмі, якіх стараюцца спазнаць, суцешыць і ўмацаваць сваімі парадамі, тлумачаць веру. Ёсць і гадзіны адпачынку, шпацыру па вялікіх калідорах і дзядзінцах. У апошнія дні, калі разважаюць пра сумленне, начамі, больш заўзятыя прысягаюць кантраляваць сябе, а на дзесяты дзень — Камунія, разгавенне; сябры і родныя чакаюць каля дзвярэй, вядуць іх дамоў. Ёсць асобныя рэкалекцыі для мужчын, асобныя для жанчын, асобна і без ніякай аплаты — для простага люду, асобныя — з аплатай, якая часткова выкарыстоўваецца на ўтрыманне гэтых дамоў, — для багацейшых. Пасля гэтых рэкалекцый часта надараюцца яднанні сужонкаў, вяртанне прысвоеных рэчаў; п’яніцы ўстрымліваюцца ад напояў, шулеры — ад картаў, велікасвецкія асобы — ад распусты і непрыстойных забаваў. А што пасля, як папракаюць вальнадумцы, не адзін небарака ўпадае ў рэцэдыў, дык гэта наша слабасць, і не варта зайздросціць ці напамінаць яму, што меў хоць некалькі дзён, год ці нават шмат гадоў мае аблягчэнне, і, перанасычаны нядобрай ежай, якою атручваў сабе сэрца, пакаштаваў здаровага харчу і суцешыў душу...»

Сорак гадоў пражыў Ігнат Дамейка ў Сант’яга і непасрэдна спрычыніўся да ягонага росквіту. Менавіта яму, хіміку і мінеролагу, прапанавалі адшукаць крыніцу пітной вады для чылійскай сталіцы. Пра станоўчы вынік ягоных пошукаў ці не лепш сведчаць такія радкі «Дзённіка»:

«...Горад падвоіў сваё насельніцтва: 150 тысяч жыхароў; 200 вуліц, што крыжуюцца пад прамым вуглом, агульнай даўжынёй 40 міляў; у цэнтры забудаваны вялікімі трох і чатырохпавярховымі цаглянымі палацамі, на якія выдавалі штогод ад двух да трох мільёнаў піястраў. Касцёлы адноўленыя; новы касцёльны гмах дамініканаў будуецца ўжо 20 гадоў, кожная мармуровая калона ў ім каштуе тысячу піястраў; другі новы, цудоўны езуіцкі касцёл закончаны, а каля доміка Пэдра Вальдзівіі, заснавальніка горада і нацыі, — прыгожая капліца, у якой партрэт гэтага героя — дар іспанскай каралевы Ізабэлы. Аграмадны гмах семінарыі з новым касцёлам і пляцам, якога ніводная еўрапейская семінарыя не мае; новыя, з капліцамі, кляштары сясцёр закону Святых Сэрцаў Езуса і Марыі ў двух месцах, сясцёр Святога Пастыра, сясцёр Міласэрных Паннаў, якія прыслужваюць у вялікіх шпіталях, што змяшчаюць да тысячы хворых; новы прыгожы касцёл і кляштар італьянскіх капуцынаў на новым прадмесці Іунгэй, дзе калісь на лузе пасвіліся каровы, а цяпер дванаццаць тысяч жыхароў. Усе гэтыя ордэны і шмат іншых кангрэгацый прыбылі за тыя 30 гадоў з Еўропы, пераважна з Францыі, жывуць спакойна, вольна і карыстаюцца пашанай.

У цэнтры горада, на месцы колішняга езуіцкага калегіума, будуецца цудоўны палац на дзве палаты, дэпутатаў і сенатараў (congreso, capitolium), што мае па перыметры больш за 500 метраў, на тры паверхі, а той, які пры ім стаяў, паезуіцкі касцёл, што з ім сталася! Ах! Балючыя ўспаміны! Найперш, праз студэнцкую дурасць — выпусцілі лехузу (мясцовая сава) з прывязанай да хваста запаленай свечкай — загарэлася драўляная вежа і згарэў касцёл. Былі засталіся муры, якія нанава адрэстаўравалі, і паўстаў яшчэ больш прыгожы касцёл, у якім збіраліся самыя набожныя святары, самыя набожныя жыхары горада, менавіта жанчыны, ды з паказной пыхай, урачыста адпраўлялі набажэнствы — асабліва ў вялікія святы — да Найсвяцейшай Панны. Казанні, споведзь, адпушчэнне грахоў; нічога не забываліся. Гадоў з дзесяць таму правілі навэнну Незаганнага пачацця, і ў апошні дзень, 8 снежня, на свята Найсвяцейшай Панны, быў нешпар. Запалілі тысячы свечак, пад столлю гарэла шмат — не злічыць — лямпаў з парафінам; усе алтары знізу да верху ўбраныя былі штучнымі і жывымі кветкамі, а па-над галавой Найсвяцейшай Панны была агромністая арка з рознакаляровых агнёў. А шостай увечары адчынілі касцёл, дзверы галоўныя і двое дзвярэй бакавых; за хвілін пятнаццаць тысячы людзей, што чакалі на пляцы, уціснуліся і запоўнілі касцёл, — дзе, паводле тутэйшага звычаю, не было лаваў, і ўсе кленчаць на падлозе. Жанчыны так цесна стаялі, як у нас сяляне падчас вялікіх адпустаў. Закрыстыян яшчэ запальваў свечкі каля галоўнага алтара, ксяндзы рыхтаваліся да набажэнства; тут жа ад той аркі над галавой Н.Панны ўсчынаецца агонь і ў імгненне вока — увесь алтар у полымі; ад алтара — па гзымсах і скляпенні, пэнкаюць лямпы, і парафін — гаручы — пырскае ва ўсе бакі струмені агню. А праз адчыненыя вокны ў высокім сярэднім купале ўтвараецца цяга паветра — нібыта раптоўная плынь у рэверберавым коміне, — узбуджае і раздзімае пажар. За пяць, дзесяць хвілін праз трое вялікіх дзвярэй набожныя людзі маглі б выйсці з касцёла, на бяду, спяшаючыся, падаюць перапалоханыя жанчыны на парогах, на іх валяцца іншыя і праз пару хвілінаў утвараюцца копы — нібы грэблі — трупаў, якімі заваленыя ўсе дзверы. Зачыненымі ў дыме, полымі і ў гарачай парафінавай пары засталося паўтары тысячы няшчасных жанчын; яшчэ некаторыя, паўзучы па трупах і з дапамогай адважнейшых мужчын, што прыбеглі на дапамогу, уратаваліся. З тых, што засталіся ўнутры касцёла, ніводная не ацалела, а ў касцёльных дзвярах утварыліся кучы трупнага вугалю. Жудаснае зарава свяціла над горадам і асвятляла плошчу, на якую выцягвалі напаўжывых, пакалечаных ахвяраў; на некаторых яшчэ гарэла адзенне. І ў гэты жалю годны момант — сярод жаночага енку і дзіцячага віску — валіцца з палаючай вежы вялізны звон і апошні раз падае свой страшны пахавальны голас. Не прайшло і дзесяці хвілінаў, а блізу дзвюх тысячаў жанчын рознага стану згарэла ў касцёле. Шмат якія з першых сем’яў, заможныя пані Ларэн, Аваль і інш. са сваімі дзецьмі загінулі ў тым пажары, у тым скопішчы нельга было апазнаць іх трупы, шкілеты, нельга было адрозніць ад іншых, а згарэла больш за восемсот бяднейшых жанчын і служанак. Два наступныя дні складвалі трупы і пачарнелыя косці ды пахавалі ўсіх разам, у адной магіле, на якой і сёння ляжыць халодны камень з надпісам: «Тут пахаваныя дзве тысячы жанчын, што згарэлі ў дзень Незаганнага Пачацця Н. Панны ў касцёле de la Campania». Жалоба была ўсеагульная; згадвалі, што яшчэ падчас іспанскага ўладарання гэты самы касцёл згарэў; вырашылі збурыць мур, які застаўся на пажарышчы, чым шмат месяцаў было занята мноства людзей. Цяпер на тым месцы вялікі, шырокі пляц; пасярэдзіне — чорны бронзавы помнік, велічная статуя Боскай Панны з узнятымі ў неба рукамі...»

У 1845 г. Дамейка, як ужо згадвалася, вырушыў у падарожжа па Араўканіі. На больш працяглы час ён затрымаўся ў горадзе Касепсьён, сталіцы аднайменнай правінцыі, знакамітай сваім развіццём і прагрэсам. Падарожны запісаў свае развагі ды ўспамін пра мясцовы калядны звычай:

«...Непакоіцца толькі трэба, каб пры гэтым — як называюць — прагрэсе не астыла ў людзей вера і набожнасць іх продкаў канкістадораў; шмат хто з патрыётаў, што бралі ўдзел у вайне за незалежнасць, не паказалі прыклад, нібы меркавалі, што нягожа ліберальнаму чалавеку быць набожным. Маладыя ўжо пахваляюцца бязбожнасцю, іншыя — абыякавасцю да рэлігійных спраў. Толькі просты люд, ніжэйшае мяшчанства і клас рамеснікаў пад уплывам святарства трымаецца веры. Жанчыны, можна сказаць, яшчэ на варце кляштараў і касцёлаў. Шмат рэлігійных звычаяў і абрадаў захавалася і ў сем’ях.

Быў менавіта час гэтак названых nacimientos, што тут святкуюць ад Божага Нараджэння да Трох Каралёў, — падобных да нашых ясляў і батлейкі. Даўней на наладжванне — так казалі — Божага Нараджэння (Nacimiento) упрыгожвалі залы вялікіх палацаў, цяпер дзеля гэтага выкарыстоўваюць дамы на прадмесцях. У Кансепсьёне наведаў тры такія nacimientos, даволі цудоўныя.

Уявіце сабе, калі ласка: увесь дом асветлены, упрыгожаны кветкамі, свежымі галінамі мірту і лаўру. Каля ўваходу невялікія крамкі, ласункі, у сярэдзіне — вялікі ярка высвечаны салон, дзверы і вокны — расчыненыя; пасярод салону — вялізны стол, на якім мноства фігурак: з воску, з дрэва, з фарфору; з іх некаторыя — постаці святых або анёлаў, але побач іх зусім іншыя, свецкія, і нават заганныя; таксама і фігуркі птушак, коней, быдла. Адзін з аматараў прыроды, англійскі консул, пазычыў на гэтае nacimiento ўсю сваю калекцыю птушак і кузурак, а таксама мінералаў, ракавінаў і змеяў. Пасярод усяго гэтага было паўстаўлена ў шафцы за шклом гэтак названае Nacimiento: Дзіцятка ў ясельках, Найсвяцейшая Панна і Св. Юзаф...»

Заканчэнне


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY