Якуб Колас, 1908 г. Хата ў Акінчыцах, у якой нарадзіўся Якуб Колас. Мантаж.
Язэп ЯНУШКЕВІЧ

ЗЯМЛЯ ВОЛАТАЎ

«Новая Зямля» ў кантэксце нацыянальнай гісторыі

Юбілей літаратурнага класіка - гэта не проста юбілей аднаго чалавека ці нават асобнай нацыянальнай літаратуры, якім бы доўгім і слаўным ні быў яе шлях. Гэта юбілей народа. Бо з лёсаў лепшых сыноў айчыны складаецца лёс Бацькаўшчыны.

Зямля для народа, як глеба для дрэва. А літаратура кожнай краіны, яе культура - плён гістарычнага развіцця нацыі. Пры ўмове, калі ён назапашваецца, а не марнуецца з веку ў век. Бо толькі на сваёй (роднай!) раллі пачуваешся, як на камлі.

Беларуская зямліца, гэтае, як мовіў наш несмяротны Мацей Бурачок (alias Францішак Багушэвіч; 1840-1900), «зерне ў гарэху» Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай, разарваная грабежніцкімі падзеламі і перадзеламі 1772, 1793, 1795 і 1807 гадоў паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй, апранутая ў ХІХ стагоддзі царызмам у шчыльна зашпілены казённы шынэль (з смеху вартай забаронай называцца «Беларуссю»), прымушаная па першым узмаху палкавога тамбурмажора аддаваць дзяцей у праклятыя рэкруты, сустрэла ХХ стагоддзе славянскай нявольніцай-парабчанкай, не стварыўшы панарамных мастацкіх паэтычных палотнаў на афіцыйна забароненай расейскай імперыяй мове і заставалася ў славянскай сям'і найбяднейшай. Не, не з прычыны абрыдлай да аскоміны ўяўнай беларускай «забітасці»; быццам жылі мы цішэй вады, ніжэй травы. Зусім не! Выпаленая карнымі расейскімі атрадамі ў 1831, 1863-1864 гадах, Беларусь пакрылася чорнымі галавешкамі спаленых засценкаў-маёнткаў і цэлых вёсак, ахінулася вэлюмам жалобы. Анямелая і закатурханая. Так з мінулага над берагамі нашых верных рэк - Нёмана, Дняпра, Дзвіны, Бярэзіны, Віліі, Гайны, Лані, Прыпяці, Росі, Свіслачы, Чорнай Ганьчы, Шчары, Ясельды... ды адзінаццаці тысяч азёраў, дваццаці тысяч рачулак заставалася нашчадкам разам з казкамі і легендамі пераважна іншае: палыновыя прагорклыя папялішчы, сірочыя расстайныя слёзы, апаганеныя магілы. Бегам чарговага змагарнага ХІХ стагоддзя нашых суайчыннікаў у Сібіры апынулася больш, чым іншых прадстаўнікоў еўрапейскіх народаў разам узятых - горкая плата за дзесятак вызвольных паўстанняў-інсурэкцый-рэвалюцый, няспынную дзейнасць шматлікіх патаемных таварыстваў-братэрстваў, скіраваных канкрэтна супраць расейскай акупацыі (1812, 1823-1824, 1830-1831, 1833, 1838, 1846, 1849, 1855, 1863-1864...).

Ссылалі, рэч ясная, лепшых. А насылалі генералаў прыбалдовых, як бліскуча паказаў той самы Францішак Багушэвіч беларускамоўным (выключны для ХІХ стагоддзя выпадак) апавяданнем «Тралялёначка» (Кракаў, 1892). Прыбалдовыя развальвалi эканомiку, марнавалi зямлю («Гаспадарка ў яго там iшла кепска: мы сеем ужо на зiму, а ён сабе касiць зачынае; мы на зiму аром, а ў яго зажынкi...»). Прыбалдовых большала, Радзівілаў менела - вось і ўсе «грамадска-палітычныя змены» на Беларусі апошніх стагоддзяў. У такіх варунках цяжка рэнегераваць звычайны людскі прыплод. А тым больш - таленты. Бо ў выніку шматгадовага паярэмлення пачалася падмена, раскраданне духоўных нацыянальных каштоўнасцяў, спаконвечных традыцый. Адно з нешматлікіх, што пераходзіла да нашчадкаў нязменным, продкаў запавет: «паміраць збірайся, а жыта сей». Таму паленае-перапаленае, патаптанае-ўскапычанае талкавіска ўпарта рэгенеравала. Быццам разумела, як важна палавець коласу, роднаму слову не ў сіберскай адвечнай стыні, не над Сенай ці за Ла-Маншам, не пад Монтэ Касіна або ў чылійскіх Андах, а на ўласнай раллі, дзе такое серабрыстае жыта расце.

Ганна Міцкевіч.
Маці Якуба Коласа.
Нарадзіўшы напрыканцы ХVІІІ стагоддзя славянскага генія Адама Міцкевіча (1798-1855), прынёманскія выбітыя палеткі зачалі і спарадзілі на трэці лістападаўскі адвячорак 1882 года, пасля дня Усіх памерлых (Дзядоў), яшчэ аднаго Міцкевіча: Кастуся, сына Міхала Казімірава і Ганны з Лосікаў (Лёсікаў). Паводле сямейнай легенды тым вечарам ляснік Міхал Міцкевіч упоцемках вярнуўся з абходу, прынесшы з радзівілаўскіх пушчаў парку позніх баравікоў. Яно нядзіва ўпаляваць такое ў дзень святога Губерта, патрона заўзятага племя паляўнічых! Продкі ж паэта - спрадвечныя сяляне. Да слова, каталікі па-мячы і па-кудзелі: пераведзеныя ў праваслаўе ў 1866 годзе; у «мураўёўскай» Беларусі тагачасныя «воссоединения» сялян з «истинной верой» адбываліся цэлымі ваколіцамі; яно мо і лепш «добраахвотна» перайсці, чым усёй вёскай па этапе ў сіберную старану пайсці - разважыла-спанатрыла мікалаеўшчынская грамада.

Вось як пра тое гаворыць дакумент, датаваны апошнім днём ліпеня 1866 г. і скіраваны арцыбіскупу менскаму і бабруйскаму, г.зн. найвышэйшаму мясцоваму праваслаўнаму іерарху Міхалу Галубовічу (зноў да слова, колішняму уніяту).

Его высокопреосвященству высокопреосвященнейшему' Михаилу, архиепископу минскому и бобруйскому и разных орденов кавалеру

Станьковского благочинного
Рапорт

Жители местечка Минского уезда Николаевщины крестьяне-собственники в числе 279 душ мужеского пола и 279 душ женского пола и крестьяне казенные в числе 66 мужеск[ого] и 67 женского, а всего в числе 691 душн, с 15 по 28 текушего июля присоединились к православной церкви и в выданных подписках на непоколебимое пребывание в православии просят, чтобы костел их со всеми годными для православной церкви и вещами и иконами был обращен в православную церковь и при оной открыто было народное училище

Местечко Николаевщизна находится на границе Минского уезда с Игуменским и Слуцким среди населения католического, от м. Новосвержна отстоит в 8 верстах. Костел в нем деревянный, крепкий, построенный престолом на восток, снаружи благолепный, о двух куполах, годный к переделке на православную церковь.

Почтительнейше донося о сем вашему высокопреосвященству, честь имею покорнейше просить милостивейшего архипастыря сделать распоряжение: 1) о самоскорейшем обращении Николаевщинского костела в православную церковь и надлежащем внутреннем устройстве оной, 2) чтобы в м. Николаевщине, где присоединилось к православию 691 душа и не осталось ни одного католика, открыт был православный приход и назначен был священник с надлежащим обеспечением, 3) чтобы ксендзовский дом с хозяйственными службами и костельно[ю] землею отдан был в ведение приходского священника, о присылке которого усильно просят новоприсоединенные прихожане, и 4) чтобы в м. Николаевщине открыто было народное училище.

Благочинный священник Петр Трусковский
№ 429 Июля 30 дня 1866 года.

Рэзалюцыя архіепіскапа, рэч ясная, станоўчая.

У падпісцы вялікай групы мікалаеўцаў ад 26 ліпеня 1866 г. ёсць імёны і прозвішчы продкаў паэта, ягоных найбліжэйшых сваякоў: «Казимир Николаев Мицкевич, мать его Домна, жена Анна, дети их: Ефим, Михаил, Антон, Павел, Магдалина, Каруся и Екатерина». У іншай падпісцы ад 27 ліпеня пералічаны «Матфей Осипов Лосик... Матфея брат Юрий, жена его Констанция, дети их: Петр, Игнатий, Анна и Магдалина». Імя бабкі пісьменніка з боку маці (Канстанцыя) у дакуменце пададзена хіба недакладна. Па іншых звестках, яе звалі Крыстынай. Подпісаў саміх сялянаў у цытаваных дакументах няма. За іх, як непісьменных, распісаліся ў адным выпадку валасны пісар, у другім - нейкі адстаўны юнкер... За ўсім гэтым відавочна паўстае нахабны ціск акупацыйных царскіх уладаў. У адпаведных сялянскіх падпісках пра «далучэнне да праваслаўя», якія захоўваюцца ў архіўным фондзе Мінскай праваслаўнай кансісторыі, «сведкамі» выступаюць найчасцей жандарскія і паліцэйскія чыны, чыноўнікі губернатарскай канцылярыі і г. д.

Коласам жытнёвым тутэйшым, міфічнай птушкай-фенікс гадаваўся пакрыёма ў Радзівілавай Мікалаеўшчыне сын лесніка (у абсалютнай «адзіноце», як згадваў сам паэт пра маленства ў леснічоўках). Ды што ў лесе родзіцца, тое кожнай хаце згодзіцца. У заграбленай беларускай хаціне, выстуджанай жудаснымі секвестрамі і канфіскацыямі, рэкрутчынай і праклятым сібірам не хапала ўласных Міцкевічаў-песняроў, слынных у свеце, здольных «кінуць жальбу нашу ў неба - Няхай неба ўскалыхнецца!» (Якуб Колас. «Месяц»). Паўстагоддзе перад тым, пакутуючы над лёсам тутэйшага забранага краю, слынны фамільят-папярэднік, Адам Міцкевіч, у роспачы звяртаўся да самога Бога: «Odezwij się, bo strzelę przeciw Twej naturze!» Імправізацыя» ў ІІІ частцы «Дзядаў»).

І прынёманскія плодныя палеткі паўтарылі непаўторнае. Зрэшты, гэты край заўсёды быў годны называцца Зямлёй Волатаў.

Якуб Колас. 1950-я гг.
Кожная глеба, дай толькі ёй догляд, «сама сабою родзіць спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе». Так сказана ў адным з біблійных новазапаветаў. Святое пісанне складаецца (у хрысціян) з 50 кніг. Вялікі пясняр Кастусь Міцкевіч, які ў гісторыі беларускай літаратуры застаўся пад біблійным і адначасова зямным псеўданімам Якуб Колас, магчыма, працягнуў бы працу над сваім шэдэўрам - паэмай «Новая зямля», распачатай у царскім астрогу (1911), калі б не трагедыі канца 1920-х - пачатку 1950-х. (Прыгадаем, вялікі Гётэ рупіўся над несмяротным «Фаустам» больш за тры дзесяцігоддзі). Але тады, калі 5 студзеня 1923 г. 40-гадовы пясняр паспеў скончыць сваё паэтычнае палатно пра Зямлю на сімвалічнай ХХХ песні «Смерць Міхала», ён не памыліўся: колішняя асабістая сямейная трагедыя прарочыла агульнанацыянальную. Такі непамысны, на першы погляд, нелагічны фінал ліра-эпічнай паэмы толькі недасведчаным у беларускай гісторыі падасца недарэчным.

Мастацкая інтуіцыя - блізнятка палітычнаму прагнозу. Бальшавікі ўжо рыхтавалі смяротныя выракі для тысяч беларускіх Міхалаў. Таму беларускую Калевалу, ледзьве толькі народжаную, тутэйшыя «камуністыя» сустрэлі ў штыкі, намагаючыся загнаць на музейныя паліцы, адводзячы ёй месца побач з адвечнымі лапцямі, саматканымі посцілкамі ды нікому не патрэбнымі, на нішто няздатнымі (у іх уяўленні) народнымі песнямі.

Тут варта некалькімі штрыхамі аднавіць грамадска-палітычную і літаратурную атмасферу 1923 г., калі выйшаў у свет поўны тэкст беларускага паэтычнага эпасу. Паводле даследаванняў Уладзіміра Конана, афіцыйная прапаганда сустрэла твор прахалодна. Нядзіва. Яшчэ напярэдадні, увосень 1922 г., тагачасны сакратар ЦК КПБ В. Кнорын у шэрагу «звяздоўскіх» артыкулаў называў адраджэнскі пафас Янкі Купалы і яго літаратурнай школы «дробнабуржуазным народніцтвам», а яго носьбітаў - «банкротамі», якія не здолелі «перабудавацца», паколькі для іх застаўся чужым пралетарскі пафас класавай барацьбы супраць «буржуазіі і дробнабуржуазнага» сялянства. Ва ўяўленні бальшавікоў беларускія літаратары былі мерцвякамі, што гарадзілі шлях да светлага камуністычнага заўтра (адзін з кнорынскіх артыкулаў меў загаловак «Мертвый хватает живого»).

Гэтак распачыналася ў нас «напастоўская» крытыка (ад расійскага часопіса «На посту», пазней «На литературном посту», які набыў сумную вядомасць пагромнымі выступленнямі супраць усяго таленавітага ў рускай літаратуры). Беларускі публіцыст Лявон Жыцень (пад гэтым псеўданімам хаваўся заходнебеларускі бальшавік, сакратар Гродзенскага падпольнага камітэта КПЗБ Леапольд Родзевіч) заклікаў да чуйнасці, патрабуючы на узор рускіх «напастоўцаў» заняць пазіцыю «наглядчыка і абаронцы пралетарскай ідэалогіі». I на прыкладзе «Новай зямлі» Якуба Коласа задэманстраваў класавую пільнасць. На ягоную думку, гэты твор адсталы і архіўны «як з ідэёвага боку, так і па форме». Адсюль выснова: назаўжды «развітацца з устарэўшай «Новай зямлёй», прачытаўшы якую, «ставім яе з даволі несамавітым настроем на паліцы для кніг побач з Шэйнам ці Федароўскім - вось так, на ўсякі выпадак». «Крытык-напастовец хацеў спісаць у архіў і народную творчасць і Коласавую народную паэму» (Уладзімір Конан).

Як ідэолага старазапаветнага перажытку, уласніцтва, супраць якога і быў зроблены нядаўні кастрычніцкі пераварот, Якуба Коласа ўжо праз тры гады паспрабуюць укрыжаваць, пабіваючы камянямі абвінавачання па так званай справе Юркі Лістапада на Случчыне. А праз дзесяцігоддзе - чарговае выпрабаванне: «6 лютага 1938 года ў доме Якуба Коласа шукалі зброю, пісьменніка прымусілі ўзняць рукі і стаць тварам да сцяны». Як перад расстрэлам.

Так і жылося. З паднятымі ўгору рукамі, з чаканнем літасці ад гвалтаўнікоў. Аднак, згадваючы мінулае стагоддзе без гучных паўстанняў на нашых землях, мы можам паўтарыць, схіліўшы галаву перад продкамі: Gloria invictis! За створанае ды пакінутае папярэднікамі нам у спадчыну - Слава непераможаным!

Якуб Колас. 1953-55 гг. Фота Міхася Міцкевіча, сына Я. Коласа.
У тыя нялюдскія дзесяцігоддзі Коласава «Новая зямля» ўспрымалася, дастасуючы словы іншага беларускага класіка пра ўласную творчасць, як «пераможны гімн сярод крыжоў, магіл» (Янка Купала). Сярод родных крыжоў і пустых магіл. Успрымалася, нібы біблійная кніга першымі хрысціянамі з выразным «поглядам на Сусвет як на жывы твор Бога» (Уладзімір Конан). Аднак любая рэлігія прагрэсу, камуністычная ў тым ліку, неміласэрная да мінулага. У ХХ стагоддзі па нараджэнні Хрыстовым цэнтурыёны «чырвонай імперыі» імкнуліся ўшчэнт вытруціць не толькі дух - веру продкаў, але паняволіць іх нашчадкаў фізічна, зганяючы падданых у калгасныя камуны. У «неабсяжнай і самай шчаслівай» краіне СССР абясцэньвалася Боскае прызначэнне чалавечага жыцця. А што казаць пра гаспадаранне на ўласным загоне?! Бо ўжо ні палеткі над распалавіненай Рыжскай дамовай (1921) нашай хатняй рэчкай Нёман («Чуў ты смутак горкай долі / Свайго сына-мужыка, / Чуў не раз у пустым полі / Плач і слёзы бедака»), ні, па вялікім рахунку, сама беларуская культура, як і дзесяткі іншых, не патрэбныя былі ў постраманаўскай імперыі: 1/6 частка планеты Зямля, трэцяй па ліку ўдалечыні ад Сонца, круцілася вакол уласнай восі маркса-леніна-сталіна, пракладаючы жахлівы камуністычны троп у Галактыцы зямлянаў. Гэты Крывавы Шлях доўга яшчэ будзе пазнавацца па рэках крыві і мільёнах нявінных ахвяр: «Колькі талентаў звялося, / Колькі іх і дзе ляжыць / Невядомых, непрызнаных, / Не аплаканых нікім, / Толькі ў полі адспяваных / Ветру посвістам пустым!» (Якуб Колас. «Сымон-музыка»). Пазбаўленых паэтавага запавету, як апошняга ўсёдаравальнага «амэн»:

У тваіх палях пазычыць сілу,
У тваёй зямлі сысці ў магілу...

Так у ХІХ-ХХ стагоддзях край волатаў ператвараўся ў зямлю кенатафаў. Мільёны сыноў і дачок не вярталіся на Бацькаўшчыну на апошні спачын... Нездарма на Дзяды пад стрэхамі хацінаў на гэтай забранай зямлі «малітва за памерлых» у вуснах спрацаванага гаспадара прамаўлялася не толькі ў памяць «Дзядоў, прадзедаў, бабак, прабабак, татулек і матулек родных, татулек хросных і матулек хросных» ды «бабулі пупарэзнай». Поруч з сваякамі-крэўнымі ў даўжэзным пашанотным спісе продкі нашыя абавязкова паміналі таксама «зяблых, мёрзлых, у чужую зямлю заведзеных, заключаных, зацюрэмных»... Нават найбліжэйшых сваякоў Якуба Коласа, дзядзьку па-кудзелі Язэпа Лёсіка (слынны беларускі мовазнаўца) ды роднага жончынага брата Алеся Каменскага (швагра забіралі ўначы з 5 на 6 лютага 1938 года ў прысутнасці паэта), - арыштавалі і рэпрэсавалі.

Хто сказаў, быццам пустая труна лягчэйшая, чым з нябожчыкам? Ці сляза падлеткаў, пазбаўленых апошняга бласлаўлення з родных вуснаў, менш прапякае малечыя сэрцы скрухай і роспаччу?

Гэтак сеялася горкае, чарнабыльнае, палыновае зелле звыроднасці. А ведама спрадвеку: што пасееш - тое і пажынацьмеш. Асірачаліся не толькі вёскі, радзіны. Дзічэлі палеткі. Бо без дагляду зямля - круглая сірата. Разам з вёскамі сірацелі загоны, на якія наплывала набрыдзь, не звязаная кроўна з гэтымі палеткамі. Пераважна гультайская. Гультая ж зямля не любіць. Словам, як вырвалася яшчэ на пачатку ХVІІ стагоддзя ў «прамове» смаленскага кашталяна Яна Мялешкі, за сваімі ды чужымі «баламутнямі нашынец выжывіцца не можа». І цяпер мы асуджаны на няўдзячную ролю сведак, калі ў 1990 гады з'явілася магчымасць атрымаць ва ўласнасць надзел, хоць невялікі, ды свой, але ў розных кутках Беларусі прагучала: «А нашто мне гэтая зямля?!». З вуснаў не аднаго і не двух нашчадкаў спрадвечных сялянаў. Якія забыліся, што зямля - камель незалежнасці. Якія быццам ніколі не чыталі ўзвышана-афарыстычных радкоў:

Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля - аснова ўсёй айчыне.

Кола замкнулася. Крывавая чарнабыльная зямля стала непатрэбнай, няўдзячнай. Чаму? Пераемнік мастацкіх традыцыяў Якуба Коласа, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч як летапісец занатаваў у апошні год мінулага веку: «Дзе разбураюцца асновы ладу, / Усталяванага паміж людзьмі, - / Там немінуча ўсё ідзе к распаду». І адказ, выпакутаваны сучасным храністам, да вусцішнага ясны ў сваёй выснове:

«А ўсё таму, што колькі ўжо вякоў,
Як нашу Бацькаўшчыну ў нас забралі».
Ніл Гілевіч.
«Паланэз» Агінскага. 1999.

У такіх грамадска-палітычных і культурных варунках варшаўскі журналіст і літаратар Чэслаў Сэнюх пераклаў на польскую мову энцыклапедыю сялянскага жыцця, дзе ўвасоблены, геніяльна апеты ўвесь жыццёвы шлях беларуса. Ад калыскі да магілы.

Эх, мілы край адвечнай мукі!
Пракляты будзьце, вусны, рукі,
Што на цябе ланцуг кавалі
I ў твар зняважліва плявалі!

Гэтыя і іншыя строфы перакладчык пераасэнсаваў у новым кантэксце на новы лад, робячы Коласаў твор надзённым.

Niech w ogniu gniewu i cierpienia
Na zawsze sczezną poniżenia,
Które od wieków spotykają
Tych, co ojczysty kraj kochają
I calym sercem, calą duszą
O bycie sobą walczyć muszą.
żyj kraju nasz! I niech nadzieja
W sercach twych synów wciąż mocnieje,
że gdy nie oni, to ich dzieci
Ujrzą cię szanowanym w świecie!

Перакласці за 10 гадоў 11 000 радкоў - яно нямала. Невычэрпны вірлівы напор жывіла памятная размова ў лістападзе 1991 года ў коласаўскай Альбуці над Нёманам з народным пісьменнікам Беларусі Янкам Брылём (яшчэ адзін зямляк Міцкевічаў, хоць нарадзіўся ў бежанскай Адэсе ў 1917 г.; род Брылёў паходзіць з Загор'я каля Міра). Прыгадаўшы, што «Пан Тадэвуш» ужо мае некалькі перакладаў на беларускую мову, Брыль папракнуў польскую культуру ў тым, што на той момант духоўны пабрацім «Пана Тадэвуша», паэма «Новая зямля», не была перакладзена на польскую мову.

Такія размовы над Нёманам каштуюць дорага: прымушаюць задумацца над вечным.

Распачатым перакладам Чэслаў Сэнюх дыхаў штодзённа. Колькасць перакладзенага ад ліку 10 963 радкоў беларускага арыгінала паэмы-энцыклапедыі сталася для перакладчыка сэнсавым вымярэннем кожнага пражытага дня. Ужо ў 1992 г. перакладчык адолеў песні: ІІ. («Раніца ў нядзельку») і ІІІ. («За сталом»). Да канца 1995 г. былі гатовыя тэксты: І («Леснікова пасада»), VІ («Каля зямлянкі»), ХХІІІ («Панская пацеха»), VІІ («Дзядзька-кухар»), Х («На панскай службе»), V («Пярэбары»). У 1999 г. скончаны раздзелы: ХХ («Каляды»), ХІІІ («Падгляд пчол»), ХІV («Дарэктар»), ХХV («Летнім часам»), ХХVІІІ («Дзядзька ў Вільні»; дагладжаны 27.06.1999 г. у Менску). Наступныя раздзелы шпарка пераклаліся ў 2000 годзе. Фінал усёй агромністай працы прагучаў 7 чэрвеня 2001 г. перакладам песні ХІХ («На рэчцы»).

Як лірычны герой «Новай зямлі» летуценіў «баравіковымі» снамі, так Чэслаў почасту знаходзіў патрэбную рыфму, хіба, і ў сне, каб ранкам адно занатаваць высненыя, адчаканеныя радкі, у якія адліваліся родныя змалку вобразы і якія не заўсёды ўдавалася выкрышталізаваць у дзённым тлуме «панны Варшавы». Аднолькава, як шматлікія песні велічнай ліра-эпічнай паэмы, высніў Якуб Колас у менскім турэмным «пішчалаўскім замку», калі ад 29-гадовага вязня адрываўся ягоны дух і на захадзе сонца, якое закочвалася ў закратаваным праёме дзесь за Ракаўскім трактам, пакідаў сутоннем каменныя лёхі (хто з айчынных літаратараў толькі не «гасцяваў» у тых скляпеністых «салонах», не ад Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча пачынаючы і не Вацлавам Ластоўскім заканчваючы!) ды крыляў у запаветныя прынёманскія далі. Лепш праз краты. Каб не сутыкацца лішнім разам у калідоры з турэмным наглядчы-кам Пікулікам, які вераскліва падклікаў паэта: «Кін-сцін-цін!». Адкуль было ведаць вязню Міцкевічу, што мройлівыя сны пра родны кут расцягнуцца на чвэрць стагоддзя: 25 гадоў (1915-1940) «я бываў у Мікалаеўшчыне толькі ў мыслях ды ў сне», пачынаючы ад бежанскага «змушанага пераезду ў Маскоўшчыну».

Якуб Колас - першы значны сялянскі паэт Белай Русі. І калі «Пан Тадэвуш» - шляхецкая аповесць ХІХ стагоддзя пра Літву-Беларусь, дык паэма «Новая зямля» - гімн-хваласпеў літвінскаму краю ў наступным ХХ стагоддзі. Спеў пра сялянскі рай. Апошні, зрэшты, мала чым розніўся ад намаляванага першым Міцкевічам, як мала чым розняцца кветкі і дубы, што стагоддзямі пазіраюць у срэбраводную плынь Нёмана. «Пан і мужык у калысцы аднолькава плачуць малымі…», - вывеў формулу агульналюдскога быцця класік суседняй, летувіскай, літаратуры Крысціёнас Данелайціс (1714-1780) у сваім палатне «Поры года» (1765-1775). Нездарма згаданы ўжо вышэй наш сучаснік, беларускі філосаф Уладзімір Конан назваў «Новую зямлю» эпасам, у якім «выяўлены духоўны сэнс беларускага нацыянальнага Космасу». А сучаснік Якуба Коласа, празаік Кузьма Чорны (псеўданім Міколы Раманоўскага, 1900-1944) парываўся адкінуць усе задумы, каб прозай пераказаць «Новую зямлю» - невычэрпную крыніцу нацыянальных мастацкіх вобразаў...

Мой родны кут, як ты мне мілы!.
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
I там душою спачываю…

На чытача з Англіі або Італіі, Нямеччыны ці Іспаніі, нават на нашых суседзяў у Польшчы, Чэхіі, Славакіі твор гэты, хіба, не будзе мець такой моцы ўздзеяння як на нас, з былых калоніяў расейскага царызму, адэпты якога па-ранейшаму упарта стаяць на варце сваіх «горскіх» інтарэсаў. З замілаваннем сустракаючыся на старонках паэмы з ГАСПАДАРОМ - дзядзькам Антосем, - усведамляеш найвялікшае злачынства нечалавечнай сістэмы, сталіншчыны. Яна здзейсніла непапраўнае: перапыніла генетычную памяць цэлых пакаленняў, без якой немагчымы поступ зямной цывілізацыі. Без якой ніякія універсітэты, сельскагаспадарчыя акадэміі не вернуць ведання законаў зямлі, прыроды, што ў сканцэнтраваным выглядзе захоўвалі і перадавалі з пакалення ў пакаленне нашы продкі, Міхалы і Антосі, галоўныя героі «Новай зямлі» - браты Міцкевічы («Снапы ў радочкі палажылі, / Так і дзяды яшчэ вучылі, / Каб каласы ды з каласамі, / А да пярылаў гузырамі»). Якуб Колас паспеў занатаваць для нашчадкаў воблік роднай зямлі перш, чым нам зрабілі ўсё, каб адбіць памяць пра яе. Карміцельку і апошні прыстанак прашчураў. Каб мы згубілі ўяўленне пра «эстэтычную экзістэнцыю беларуса - бескарыслівае ўспрыманне свайго быцця» (Уладзімір Конан). Менавіта ў гэтым таленавіта ўвечненым, назаўжды жывым палатне колішняга «сялянскага раю», ператвораным каланізатарамі ў пустэчу, эпічнасць створанага: былое не прамінула, не адышло ў нябыт. Бо Наша Зямля - гэта айчынная прыгожае пісьменства, нацыянальная культура, якую можа спапяліць адно вечнае (разгневанае) Сонца над намі.

Кніга Якуба Коласа
«Новая Зямля»,
выдадзеная на трох мовах (беларускай, рускай, польскай)
Толькі на такіх пакутных землях, як усходнеславянскія Беларусь-Расія-Украіна мог паўстаць светлы твор, што дачакаўся важкага трохмоўнага выдання пад адной вокладкай - шэдэўр, дзе галоўнай ідэяй пульсуе нязводная мара чалавека пра сваю зямлю, даведзеная ў ХХ стагоддзі на ўсходняй славяншчыне да фантому, міражу ў пустыні, мроі - згадайма пошукі «безкалгаснай зямлі» Мікітам Маргунком у паэме Аляксандра Твардоўскага «Краіна Муравія» (1936; гэты расейскі класік паходзіў з Пачынкаўскага Загор'я на этнаграфічна беларускіх землях Смаленшчыны).

Мала каму з творцаў дадзена за парогам «трэцяй маладосці», на працягу сёмага дзесятка плённага жыцця так паслугаваць роднай зямлі, як Усявышні дазволіў і як распарадзіўся ўласным лёсам перакладчык паэмы Чэслаў Сэнюх. Ён нарадзіўся 9 ліпеня 1930 года на той самай прынёманскай Наваградчыне, зямлі Міцкевічаў, легендарнай зямлі волатаў (маці Стафанія, з уніяцкіх Смыкаў, паходзіла з наднёманскай вёсачкі Ваўкарэзь, за сем кіламетраў ад Сэнюхавай радзімай Любчы; бацька Станіслаў, родам з Украіны, памёр увесну 1941-га ў канцлагеры пад Новасібірскам). Незгасальнай марай перакладчыка жыве прага, каб ягоная Беларусь перажыла чарнобыльскую навалу ды стала ў ХХІ стагоддзі Новай Зямлёй у зорным суквецці іншых, Богам створаных народаў. «І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю; бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі... І абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх...» (Апакаліпсіс; ХХІ). Новая Зямля - гэта і новая беларуская літаратура. Тое, што ніхто не зможа паланіць і захапіць, застаецца нам у спадчыну. Зноў жа, як паводле Боскага запавету, - Неба і Зямля мінуцца, а Словы Мае не мінуць...

Калі ў пачатку 2002 года да шырокага чытача ўпершыню выйшаў польскі пераклад «Новай зямлі» (завершаны 7 чэрвеня 2001 г.; бадай, першы паўнавартасны пераклад коласаўскага шэдэўра, бо чытаць па-польску ўмеюць не адны палякі, гэтаксама як ацаніць «вартасці» расейскага калектыўнага перакладу 1934-1949 гг. змогуць адначасова не толькі рускамоўныя, але і іншыя дасціпныя чытачы) - нам цяпер застанецца прычакаць заканчэння ў Лондане яшчэ аднаго - ангельскага перакладу спадарыні Веры Рыч.

Таму несмяротная паэма, якая да 120-годдзя Якуба Коласа выйшла адначасна на трох мовах (і 13-ы раз асобным выданнем за ўсю сваю 80-гадовую гісторыю напісання) - наша паэтычная Біблія, візітка беларускай паэзіі ХХ стагоддзя. А Чэслаў Сэнюх, ганаровы сябра беларускага ПЭН-цэнтра - наш Францішак Скарына ў Польшчы, адзін з годных працаўнікоў, народжаных на абкарнанай беларускай зямлі. Лёс польскага перакладчыка Коласава шэдэўра - з тых рэдкіх выпадкаў, калі, страціўшы рэпатрыянта паваеннай Наваградчыны, 14-гадовага падлетка з Любчы над Нёманам, Беларусь прыдбала Чэслава Сэнюха ў ХХІ стагоддзі. На стагоддзі. Здзейсненаму ім перакладу жыць вякі. Як і самому коласаўскаму гімну пра зямлю.

Кожнае чарговае перастварэнне паэтычнага шэдэўра на іншыя мовы будзе яскравым мастацкім адкрыццём. І далёкаму чытачу стане хоць трохі зразумела, з якой літвінскай старонкі пад ахоўнымі буслінымі крыламі паходзілі Агінскі, Стравінскі, Твардоўскі, Шастаковіч, Апалінэр, Гедройць, Дастаеўскі, Касцюшка, Манюшка, Міцкевічы... Яна была зямлёй Элады. На жаль, ужо шмат у чым міфічнай, як Атлантыда. І... вечнай, як духовы скарб.

Непаўторна адметнай часцінкай створанага нашымі, далёка не ўсімі пералічанымі, волатамі на плодных палетках людской душы застанецца «Песня Песняў» беларускага народа, неўміручая «Новая Зямля» Якуба Коласа - валадара паэтычнага мастацкага слова.

Нашчадка незвычайнага літвінскага роду Міцкевічаў.

Сына звычайнага наднёманскага селяніна Міхала Казімірава Міцкевіча.

У афармленні публікацыі выкарыстаны матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску і з асабістага архіва перакладчыка Чэслава Сэнюха (Варшава).

Дадатак да матэрыялу: Аўтаграфы.