Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(22)/2002
Дакументы
Мастацтва

ВОБРАЗ СВЯТОГА МІКАЛАЯ Ў СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ
Проза

ПЕРАКЛІЧКА
У свеце Бібліі
Вандроўкі

TRIDENTUM
Haereditas
Постаці

MEMENTO PATRIAM
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Нашы святыні

ЛЕСВІЦА Ў НЕБА
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Інтэрв'ю

СВОЙ ШЛЯХ ДА БОГА
Проза

AFFECTUS MYSTYCUS
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»

«ПРАСТОРА ТВОРЦЫ»

Ігнат ДАМЕЙКА

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ

Пачатак

Выбіраючыся ў падарожжа па Араўканіі, 43-гадовы Ігнат Дамейка пытаўся ў самога сябе, ці не надакучылі яму вандраванні, ды згадваў пра тое, што вабіла яго ў край араўканцаў, якія больш за 300 гадоў баранілі сваю незалежнасць, — жаданне расказаць пасля, на Бацькаўшчыне, пра наведаныя мясціны і мужных індзейцаў-араўканцаў.

Можна толькі ўявіць, як у Мядзвядцы, Сачыўках, Жыбуртоўшчыне родныя і знаёмыя слухалі Дамейкавы апавяданні пра дзівосны край. За бяседным сталом, пэўна ж, згадвалі і пра іншых вандроўнікаў, бо з гэтай зямлі, што пасярод Еўропы, здаўна плылі «шляхам з варагаў у грэкі» ў далёкі свет крывічы і дрыгавічы, ліцвіны і радзімічы. Згадвалі і традыцыі пілігрымства, закладзеныя знакамітай Еўфрасінняй Полацкай, якая дайшла да Ерусаліма, прадоўжаныя Мікалаем Крыштофам Радзівілам Сіроткам, святарамі і манахамі. А ссівелага філамата турбаваў няўрымслівы ліцвінскі дух. У дачкі, у Жыбуртоўшчыне, вечны вандроўнік праседзеў нядоўга. Не прайшоў і месяц, а Дамейка быў ужо ў Варшаве, адкуль паехаў у Парыж. Напрадвесні 1885 года ён з сынам Гернанам прыехаў у Рым.

1885, сакавік.

...Мы ўжо ў Рыме. Спыніліся ў гатэлі «Мінэрва», што на плошчы каля Пантэона і касцёла Мінэрвы. У гатэлі поўна пілігрымаў багацейшага класу, што прыехалі на Вялікі Тыдзень і Велікодныя дні. Наступны ж дзень пачаў з наведвання базылікі святога Пятра ды слухаў Імшу пры магіле першага з апосталаў, якому Збаўца сказаў: «Пасі мае авечкі». Яшчэ ўваходзячы, быў уражаны веліччу ды прыгажосцю святога гмаху, які ў сярэдзіне пераўзыходзіў памерамі і аздобамі тое, што я ўяўляў сабе з апісанняў і апавяданняў.

Укленчыўшы каля агароджы гробу беднага рыбака, дзе днём і ноччу гараць чырвоным святлом некалькі дзесяткаў лямпаў, не мог сягнуць позіркам скляпення сярэдняга купала, што ўзвышаецца над ім. І калі адышоў ад тых блакітных, зіхоткіх ад золата, напоўненых рэліквіямі святых мучанікаў, чатырох калонаў, якія акружаюць гроб, і пачаў аглядаць будову кожнай асобнай часткі святыні, бакавыя, у выглядзе крыжа складзеныя, капліцы, з якіх кожная — вялікі касцёл, шматлікія скульптуры і роспісы, — не пераставаў здзіўляцца. Аддаў належную пашану Богу за гэтае людское тварэнне, з веры пачатае і выкананае, ды пайшоў, напоўнены асалодаю ў душы і ў сэрцы.

Адна з першых маіх экскурсій была ў катакомбы св. Себасцяна, бо кім жа ў Рыме не авалодае набожная думка і ахвота наведаць гэтыя падземныя лёхі — святы спачын першых мучанікаў Касцёла, ягоную калыску. У мяне з сынам быў за правадніка малады ксёндз, суайчыннік, вельмі набожны; а ў касцёле св. Себасцяна сустрэлі польскіх пілігрымаў. Мы спусціліся перш у падземную капліцу, алтар якой пабудаваны на тым месцы, дзе знайшлі цела св. Пятра; відаць яшчэ пад алтаром дол, з якога гэтае цела дасталі. Наш зямляк правёў Імшу каля гэтага алтара, і мы пайшлі ў катакомбы. Гэта цесныя, нізкія, пакручастыя, высечаныя ў глініста-вапнавай скале калідоры, якія разгаліноўваюцца і невядома як далёка заходзяць ўглыб. Паабапал на сценах засталіся літары і сляды мучаніцтва, дзе-нідзе нішы, з якіх падаставалі рэліквіі. Там-сям засталіся малыя гліняныя лямпачкі, у якіх, відаць, палілі алей. Ёсць і нішы невялікіх памераў, у якія клалі целы закатаваных дзяцей першых хрысціянаў.

Немагчыма апісаць тыя боязь, пашану і набожнае ўзрушанне, якія адчуваеш, ходзячы па гэтым падземным свеце ў паўзмроку, слухаючы бесперапынныя малітвы манахаў, якія вялі нас са свечкамі, не дазваляючы ўзяць на памяць часцінку зямлі з тых святых грабніцаў, такіх убогіх, непрыкметных, пры выглядзе якіх ці ўзнікла б у каго з вяльможных паноў і князёў сённяшняга веку ахвота на шыкоўныя помнікі пасля смерці. Калі падумаць, што з гэтых цёмных, убогіх лёхаў выйшаў трыумф Касцёла і новы лад адначасна з падзеннем магутнасці цэзараў, то здаецца, што глядзіш на тыя Бетлеемскія яслі, з якіх выйшла святло і збавенне для роду людскога.

Набліжаўся Вялікі Тыдзень і свята Уваскрасення: натоўпы пілігрымаў цягнуліся ў Рым. У пальмовую нядзелю я быў на набажэнстве ў касцёле св. Клаўдзія ў нашых айцоў ордэна ўваскрашэнцаў і на казанні генерала гэтага ордэна, айца Семяненкі, майго з эмігранцкіх гадоў (1832—1838) калегі ды сардэчнага прыяцеля. Яму не было і дваццаці гадоў, калі мы пазнаёміліся: быў гэта прыгожы высокі юнак, палымяны ваяр з румяным абліччам і прамяністымі вачыма. Сёння — цяжкі, поўны, хворы тэолаг, сур’ёзны вучоны; маладосць засталася толькі ў ягоных вачах і поўным запалу выразе твару. Я заспеў у тым кляштары яшчэ жывым майго равесніка айца Губі, які ўжо ледзь хадзіў. Іх толькі двое і засталося з гурта нашых эмігрантаў, навернутых да духоўнага жыцця. Калі я ад’язджаў у Амерыку, яны яшчэ не былі высвенчаныя, і толькі пасля заснавалі ордэн уваскрашэнцаў.

Зразумелая справа, што ў Рыме я выбраў для сябе базыліку св. Пятра і хадзіў туды на набажэнствы, якімі ў апошнія дні Вялікага Тыдня каталіцкі свет ушаноўвае мукі і смерць Збаўцы. Цырымоніі не мелі колішняга шыку і велічы. Касцёл жа быў у жалобе з таго часу, калі ў Папы забралі Рым2. Яго Святасць адпраўляў набажэнствы прыватна, у сваёй капліцы, а ў базыліцы св. Пятра ўсе цырымоніі маглі адбывацца толькі ў бакавой вялікай капліцы — пад кіраўніцтвам аднаго з кардыналаў і ў такім парадку, як і ва ўсім свеце.

Хто ж не чуў ад наведвальнікаў Рыма пра вячэрняе набажэнства ў Вялікі Чацвер у святога Пятра. Уся святыня напоўнена людзьмі з усіх краінаў, а шматлікая гурма набожных стаяла ў касцёле (...). Шмат кардыналаў і ўся ватыканская капітула ўдзельнічаюць у псальмах і смутных жальбах. З галерэі даносілася адпаведная харальная музыка. Калі спявалі лямантацыю і гэтае «Jeruzalem, convertere ad Dominum Deum tuum» («Ерусалім, навярніся да Пана Бога свайго»), былі цішыня ды ўсеагульны смутак, нібы гэта быў заклік прарока да няўдзячнага Рыму і няўдзячных каталіцкіх дзяржаваў, каб навярнуліся. А калі ўжо патушылі святло і ў цёмнай капліцы хор пеўчых, без акампанементу інструментальнай музыкі, пачаў спяваць «Мiserere», то хіба хтось без душы не ўчуў бы ў той момант глыбокага жалю, скрухі ды веры ў Божую міласэрнасць.

Пасля заканчэння «Мiserere» пайшла працэсія, і была ўжо ноч, дзесятая гадзіна, калі загучаў нібы гром у купале па-над вялікім алтаром. Увесь люд, што сабраўся каля гробу св. Пятра, упаў на калені, а на адной з чатырох найбліжэйшых да алтара галерэяў з’явіўся святар з святой рэліквіяй цярнёвай кароны, якою быў укаранаваны наш Збаўца, і, перажагнаўшы ёю вернікаў, паказаў з той жа галерэі — тут зноў паўтарыўся гук, такі ж, як і папярэдні, — хустку святой Веранікі з абліччам Сына Божага, а на заканчэнне — трэці раз зрабіў тое самае з рэліквіяй Святога Хрыстовага Крыжа. Люд кленчыў, у скрусе хіліўся да зямлі, маліўся, а каля дзесятай увечары пачаў разыходзіцца.

Вяртаючыся ў гэты час у «Мінэрву», я па дарозе затрымаўся каля манументаў у пяці касцёлах і ўсюды бачыў вялікі рух і набожнасць людзей розных станаў, мужчынаў і жанчынаў, што гарнуліся да ярка асветленых грабніцаў.

У Вялікую Пятніцу быў на вячэрнім набажэнстве ў базыліцы св. Яна Латэранскага, а гадзінай раней — у недалёкім ад гэтай базылікі касцёле ўдзельнічаў у абрадзе, які ў той дзень выконваюць усе набожныя рымляне: узыходзяць на каленях па каменных сходах, якія паводле падання былі прывезеныя з Ерусаліму і паходзяць з дому Пілата.

У першы дзень Велікодных святаў пасля ранняй Імшы ў касцёле св. Клаўдзія мы з сынам і айцец Семяненка пайшлі наведаць і павіншаваць кардынала Ледахоўскага3. Прыняў ён нас вельмі ветліва ў сваім кабінеце. Абаяльная і велічная асоба! Сярэдняга росту, бледнатвары і худы, але з пранікнёным позіркам, выглядаў гадоў на пяцьдзесят, гаварыў павольна, ціхім голасам, відаць было, што шмат нацярпеўся праз сваё набожнае жыццё. Ажывіўся, калі згадаў пра свой побыт у Паўднёвай Амерыцы, дзе выконваў абавязкі нунцыя пры ўрадзе Калумбійскай рэспублікі ў Санта-Фе-дэ-Багота, і на чыстай, без акцэнту, іспанскай мове звярнуўся да майго сына. Засмуціўся і змоўк, калі мы нагадалі пра Польшчу і пераслед там Касцёла. Гутарку перарваў кардыналаў сакратар мансеньёр Манчыньскі, паведамляючы, што ў салоне чакаюць шмат польскіх сем’яў. Кардынал адразу ж устаў, і мы пайшлі за ім у прасторную залу, дзе ўбачылі князя Мацея Радзівіла4, ягонага брата князя Дамініка з маладою жонкаю, графа Плятэра з дачкою і зяцем графам Малятэста5, графа Андрэя Замойскага і паню Кіневічаву6. Весела і ветліва прымаў кардынал віншаванні, да кожнага звяртаўся асобна — па-польску, па-італьянску, па-іспанску, а вядома яшчэ, што ён добра валодае французскай і нямецкай мовамі.

Пасля паўгадзіннай размовы мы развіталіся з кардыналам Ледахоўскім ды пайшлі ўсе да палаца кардынала Чацкага7, але ўжо мінула гадзіна, прызначаная на прыём, і мы пакінулі візіткі.

А першай апоўдні я, запрошаны айцом Семяненкам, вярнуўся ў кляштар айцоў уваскрашэнцаў разгавецца. Гэта было першае свянцонае, якое спажываў праз пяцьдзесят шэсць гадоў майго выгнання. Тут падчас агульнай шчырасці, абдымкаў, слёз прыйшла мне да галавы збавенная думка прасіць айца Семяненку, каб ехаў са мною ў святую пілігрымку ў Ерусалім. Хоць ён быў ужо сталага веку і хваравіты, а здароўе ўсё пагаршалася, айцец генерал ласкава прыняў маё запрашэнне з абмоўкаю, што перш мусіць у ліпені — як і абяцаў — прамовіць некалькі казанняў у Кракаве, то адкладзём наша падарожжа на жнівень.

Пагадзіліся ды вырашылі выстарацца аўдыенцыі ў Святога Айца, каб нас блаславіў ды дазволіў а. Семяненку правесці Імшу дзе-небудзь, на сушы ці на моры, цягам нашай пілігрымкі ў Ерусалім ды на зваротным шляху.

Вялікія была для мяне радасць і шчасце, калі атрымаў ад айца Семяненкі білет з паведамленнем, што ў Праводную Нядзелю Святы Айцец8 прыме яго і мяне з сынам а дванаццатай гадзіне апоўдні. На паўгадзіны раней мы ўжо былі каля ўваходу ў Ватыкан, пад калонамі, дзе стаяць на варце папскія жаўнеры.

Не злічыць прыступкаў мармуровых сходаў да пакояў Льва XIII. І на другім паверсе стаяла варта — апранутыя ў старажытныя строі пунсовых і жоўтых колераў жаўнеры з алебардамі. Трэцяя варта — падобная да іх і, з маладых, як нам казалі, швейцарцаў і рымлянаў — на яшчэ вышэйшым паверсе запыталася ў нас уваходных білетаў, паказаўшы якія, мы ўвайшлі ў аграмадную залу з роспісамі на сценах і на столі.

Я быў ахоплены толькі адной думкай, што праз хвіліну ўпаду да ног Хрыстовага Намесніка, і не мог добра агледзець тое, што мяне акружала, і не здолею таго апісаць. Памятаю толькі, што пасля ўвайшлі ў прасторны салон, дзе нас ветліва прывітаў нейкі саноўнік папскага двара, а пры ім была шматлікая варта ў пунсовых і блакітных строях. Нарэшце расчыніліся падвойныя дзверы ў зялёную залу, прызначаную для агульных аўдыенцый, і з яе нас правялі ў крыху меншую залу, названую троннай, у якой Святы Айцец прымае ўладароў, замежных паслоў і сямейнікаў каранаваных асобаў. Сцены гэтай залы абабітыя чырвоным адамашкам, не зусім новым, з залатымі галунамі. У глыбіні салону, насупраць вакон, на невялікім узвышэнні пад кармазынавым балдахінам стаіць троннае крэсла такога ж колеру. Ніякіх тут дарагіх мэбляў ані ўпрыгожанняў, апроч хіба вялікага гадзінніка на сцяне і двух радоў крэслаў, з якіх першы рад крэслаў таго ж самага колеру, што і адамашкавыя сцены, а ў другім жа радзе каля сцяны — старасвецкай работы, драўляныя, памаляваныя на жоўта.

Тут мы ўбачылі тыя самыя сем’і Радзівілаў, Плятэра і Замойскіх, якіх былі напаткалі ў кардынала Ледахоўскага, ды апроч іх нейкую сур’ёзную англа-амерыканскую сям’ю, што прынесла багатыя дары Папу, і аднаго нямецкага барона.

У гэтай зале прымалі гасцей і з імі размаўлялі прыдворныя шамбаляны ў чорных фраках, з ордэнамі ды знакамі сваёй годнасці. А каля дзвярэй пакою, што вядзе ў прыватную залу Папы, на стражы стаяў малады, высокі, стройны рымлянін (тут Дамейка дапусціў недакладнасць, бо папская гвардыя на працягу ўсяе гісторыі існавання складалася і складаецца са швейцарцаў. — Заўв. рэд.) у багатым афіцэрскім мундзіры, бліскучым шлеме і са шпагай.

Жанчыны-госці ў чорных строях і з чорнымі, накшталт іспанскіх, карункамі на галовах; мужчыны ў фраках, белых гальштуках; на шыі ў князя Мацея — камандорскія знакі св. Яна Ерусалімскага.

Роўна а дванаццатай увайшоў вялікі шамбалян у пунсовай сукні — мансеньёр Мачы, і, пакланіўшыся, павёў у прыватную залу Святога Айца перш сям’ю Радзівілаў. Аўдыенцыя доўжылася восем хвілінаў. Пасля, у такім жа парадку, як прыехалі госці ў Ватыкан, шамбалян уводзіў па чарзе ў тую залу Льва XIII ды выводзіў іх у тронную залу.

Маё сэрца ўжо білася трывожна, і я з боязі даручаў Богу сябе, нявартага такой шчодрай ласкі, якую ён мне пасылаў. Быў момант, які мне падаўся доўгім, — калі мы засталіся толькі з айцом генералам. Уваходзіць нарэшце апошні раз мансеньёр Мачы, сардэчна вітае знаёмага яму айца Семяненку ды вядзе нас за сабою. Уваходзім у малы пакой, каля якога стаяў згаданы афіцэр, і, не затрымваючыся, — у салон, у якім не было ніякой мэблі і нікога, апроч Папы. Леў XIII сядзеў у крэсле, паставіўшы ступні ног на невялікае ўзвышэнне. Мы ўкленчылі перш пры ўваходзе, а другі раз каля ног Святога Айца, пацалавалі ягоную правую нагу і пярсцёнак на руцэ.

Ён глянуў на нас незямным позіркам. Быў апрануты ў белае, так, як яго малююць, бледнатвары, такі, як яго бачым на фотаздымках і лепшых выявах. Але які ж мастак, а тым больш фотаздымак, можа перадаць, выказаць святасць, любоў, пакуты за Касцёл, за чалавецтва, што вымалёўваюцца на гэтым энергічным абліччы.

Мы ўкленчылі, я — леваруч Святога Айца, айцец Пётр — праваруч, а мой сын Гернан — паміж намі. Перш прамовіў па-італьянску айцец Пётр; ён дакладваў пра стан, у якім знаходзіцца ордэн уваскрашэнцаў, генералам якога ён быў абраны. Леў XIII некалькімі словамі выказаў, што цешыцца з іх поспеху, і зноў дазволіў гаварыць Семяненку, які, паказваючы на мяне, сказаў, што я з Амерыкі, з Чылі, адкуль прыехаў пасля 46 гадоў настаўнічання і рэктарства ў тамтэйшым універсітэце, захаваў веру і набожнасць сваіх продкаў ды вяртаюся ў родны край і маю намер зрабіць пілігрымку ў Святую Зямлю.

Святы Айцец глянуў на мяне анёльскім позіркам і па-французску запытаўся, колькі мне гадоў. Калі я яму адказаў, што заканчваю восемдзесят трэці год жыцця і Бог надзяліў мяне здароўем, Папа паклаў святую далонь сваёй правай рукі на мой лоб, а левай сваёй, сціснуўшы маю правую далонь, трымаў яе можа больш за хвіліну, распытваючы пра галіны навукаў, якім я прысвяціў сваё жыццё, пра мае падарожжы, пра рэлігійнае выхаванне чылійскай моладзі.

Паліліся з маіх вачэй слёзы. (...) Ён нас блаславіў ды пасвянціў ружанцы і крыжыкі, якія мой сын паказаў Святому Айцу як прызначаныя для асобаў нашай сям’і двух Светаў. У гэты момант я яшчэ раз асмеліўся прамовіць: «Святы Айцец! Прашу аб блаславенні для маіх дачкі, зяця і малодшага сын». «Ахвотна», —адказаў Папа і пасля блаславення запытаў: «Чаму просіш блаславення для малодшага сына? Колькі ў цябе дзяцей?» І тут айцец Пётр, спахапіўшыся, што не прадставіў Льву XIII майго сына, які ўкленчыў паміж намі, паказаў на яго і сказаў: «Вось старэйшы сын пана Дамейкі, — ды дадаў, — ён хацеў прысвяціць сябе духоўнаму стану, але праз хваробу мусіў пакінуць вучобу ў семінарыі». Пасля гэтых словаў Папа са спачуваннем глянуў на майго спакоранага сына, абняў абедзвюма рукамі ягоныя скроні ды маліўся. То быў цудоўны момант, які вырашыў лёс майго сына. На адыход айцец Пётр прасіў дазволу адпраўляць Імшу падчас падарожжа ў Ерусалім, куды мае намер выправіцца разам са мною і маім сынам, і гэты дазвол атрымаў.

Пятнаццаць ці нават дваццаць хвілін доўжылася наша збавенная аўдыенцыя ў Льва XIII, якая падмацавала мой пажылы век. На майго сына зрабіла больш моцнае ўражанне, чым я мог уявіць. З найвялікшай пашанай і ўдзячнасцю да Святога Айца, з падзякай Богу мы прайшлі праз тронную залу і ў наступнай за ёю прасторнай зялёнай зале ўбачылі каля двухсот асобаў, што чакалі агульнай аўдыенцыі і папскага блаславення.

З польскай мовы пераклаў
і падрыхтаваў да друку
Здзіслаў Сіцька.

Працяг


  1. Пётр Семяненка (1814—1886) паходзіў з беларускай уніяцкай сям’і (засценак Дзяцелава на Беласточчыне), вучыўся ў Віленскім універсітэце. У чэрвені 1831 г. далучыўся да паўстанцкага войска і ў корпусе генерала Ю. Шыманоўскага ўдзельнічаў у баях, пазней быў інтэрнаваны ў Прусы. Жыў у Францыі. З 1837 г. — у Рыме, дзе вучыўся ў Collegium Romanum і ў 1841 г. быў высвечаны на ксяндза. Праз два гады заснаваў з аднадумцамі ордэн братоў уваскрашэнцаў.
  2. Згадка пра падзеі 1870 г., калі італьянскі кароль Віктар-Эмануэль, захапіўшы большую частку папскіх уладанняў, увайшоў у Рым. З таго часу Папа — толькі галава Касцёла.
  3. Меячыслаў Ледахоўскі (1822—1902), арцыбіскуп гнезненска-пазнанскі, выступаў супраць удзелу святароў у выбарах і палітычным жыцці, прапагандаваў у Вялікапольшчы акцыі ў абарону свецкай улады Папы, быў арыштаваны прускімі ўладамі ды зняволены на два гады. Пасля вызвалення выехаў у Рым, дзе быў менаваны кардыналам.
  4. Мацей Юзаф Радзівіл (1842—1907), сын Канстанціна Мікалая, уладальнік маёнтка Паланэчка (цяпер Баранавіцкі раён), шамбалян расійскага імператара (з 1884 г.).
  5. Станіслаў Костка граф Плятар (1823—1890), маёр, інжынер, куратар Дынабургскай (цяпер г. Даўгаўпілс) гімназіі; ягоная дачка Эма (нар. у 1863 г.) замужам за Жыгімонтам графам Малятэста.
  6. Удава Дамейкавага калегі з Віленскага універсітэта.
  7. Уладзімір Чацкі (1835—1888), ватыканскі дзеяч, папскі нунцый у Францыі, з 1882 г. кардынал.
  8. Папа Леў ХІІІ (1810—1903), абраны ў 1878 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY