Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

ПАКУТЫ ЮРАВІЦКАГА КАСЦЁЛА

Юравічы. Малюнак ХІХ ст.

Як вядома, касцёлы езуітаў у Расійскай імперыі аднымі з першых трапілі пад канфіскацыю 1832 г. і толькі некаторыя захавалі каталіцкую прыналежнасць да 1863 года, у прыватнасці, юравіцкі. Першыя звесткі пра рэзідэнцыю езуітаў у Юравічах адносяцца да 1673 года і звязаны са з’яўленнем тут абраза Маці Божай, які неўзабаве праславіўся цудамі і карыстаўся ў ХІХ ст. вялікаю пашанаю ў навакольнага насельніцтва. Гэты абраз і прыцягнуў да сябе ўвагу духоўных і грамадскіх уладаў, тым болей, што ў 1857 г. у Мінску была перавыдадзена гісторыя яго з’яўлення і цудаў. У вялікім томе царкоўна-будаўнічых дакументаў Мінскай губерні адлюстраваная барацьба за касцёл у Юравічах адразу пасля разгрому паўстання 1863 г.

У 1864 г. архіепіскап Мінскі і Бабруйскі звярнуўся адносна юравіцкага касцёла да М. Мураўёва, той зрабіў запыт да мінскага губернатара – па пытаннях: а) калі, кім і з чыйго дазволу быў адчынены касцёл; колькі там парафіянаў і ці нельга іх прылічыць да навакольных касцёлаў, як далёка яны знаходзяцца; б) апрача спакушэння праваслаўных прыхажанаў у лацінства, ці не прымалі кcяндзы гэтага касцёла ўдзелу ў паўстанні, а таксама ў рэвалюцыйных маніфестацыях і спяванні гімнаў, пачынаючы з 1861 года. Губернатар звярнуўся да начальніка Мазырскага павету і той падаў неабходную матывацыю. Ён напісаў, што касцёл пабудаваны езуітамі ў 1746 годзе, але «паводле падання перароблены з праваслаўнай царквы, адтуль жа ўзяты і абраз Маці Божай, які там знаходзіцца. У 1831 годзе кляштар зачынены за ўдзел у мецяжы, але ў 1840 г. касцёл вернуты католікам. Парафіяне – толькі навакольныя памешчыкі, іх аканомы і прыслуга, патрэбы ў касцёле няма ніякай… Ксяндзы і цяпер не прапускаюць нічога, што магло б прынізіць рускую царкву і прыцягнуць народ да іх; у мястэчку, дзе амаль усё насельніцтва праваслаўнае, руская царква наведваецца вельмі мала і збірае ў год усяго дзесяць рублёў, у той час як касцёл запаўняецца і тысячы рублёў трапляюць у маёмасць ксяндзоў. Хоць няма юрыдычных фактаў аб тым, што ксяндзы ўдзельнічаюць у мецяжы, але агульная думка прымушае моцна падазраваць іх у палітычнай ненадзейнасці»1.

Губернатар Шалгуноў, ведаючы цану паліцэйскай інфармацыі, звярнуўся па гістарычныя звесткі ў Мінскую рыма-каталіцкую кансісторыю. Адтуль паведамілі, што пасля езуітаў парафіяй кіравалі капуцыны, у 1787 г. на іх месца прышлі дамініканцы, а ў 1799 г. па загадзе біскупа Дадэркі — бернардынцы. Тады ж імператар Павел І прызначыў ім на штогадовае ўтрыманне 112 руб. 50 кап. срэбрам. У 1831 г. парафія не зачынялася, а цяпер налічвае 1077 душ. Такія ж звесткі змешчаны ў рапарце мінскаму біскупу А. Вайткевічу ад кс. Гадэцкага, які спасылаўся на кнігу «Krynice іask cudownych…» і паведамляў, што, калі ў 1832 г. касцёл быў зачынены, парафія існавала пры капліцы на могілках, а ў 1841 г. адчыніўся касцёл, а кляштар аддалі пад плябанію. Парафія налічвае 1077 чалавек, з іх 742 – сяляне. Навакольныя касцёлы далёка: Мазыр – 23 вярсты, Кімбараўка – 19, Хойнікі – 35, Астраглядавічы – 502.

На паўторны запыт Мураўёва Шалгуноў адправіў кампіляцыю з абедзвюх даведак, здаецца, не без іроніі ўказаўшы 1077 паноў, аканомаў і прыслугі ў адной парафіі. Але лёс касцёла быў прадвызначаны ад самага пачатку, і віленскі дыктатар прытрымліваўся толькі бюракратычнай працэдуры. 11 лістапада 1864 г. Мураўёў падпісаў загад аб закрыцці касцёла, таму што «ён ператвораны з праваслаўнай царквы, ужо закрываўся за мяцежныя дзеянні ксяндзоў і быў вернуты толькі па хадайніцтве некаторых памешчыкаў. Паводле дакладу сапраўднага стацкага саветніка Старажэнкі, у касцёле ў час нядаўніх беспарадкаў навакольныя памешчыкі і шляхта спявалі рэвалюцыйныя гімны, і апрача таго, гэты касцёл… вельмі шкодны для праваслаўя», а таксама і «ў палітычных адносінах». Для падтрымкі працэдуры перадачы касцёла праваслаўным Мураўёў накіраваў штаб-ротмістра Самарына, але прасіў мінскага губернатара «соблюсти благопристойность и осмотрительность», а таксама пакінуць у царкве цудатворны абраз. 27 лістапада 1864 г. касцёл быў зачынены і перададзены ў веданне паліцыі, а літургічная маёмасць – мазырскаму і рэчыцкаму дзекану. Аднак аўцюцевіцкі благачынны адмовіўся пераносіць іканастас са старой царквы ў былы касцёл3.

Праект перабудовы фасада юравіцкага касцёла, які так і не быў ажыццёўлены.
Цяперашні выгляд фасада юравіцкага касцёла.
16 снежня 1864 г. мітрапаліт рыма-каталіцкіх касцёлаў у Расіі Станевіч атрымаў з Юравічаў скаргу на скасаванне касцёла і разбурэнне яго інтэр’ера. Парафіяне аспрэчвалі аргументы Мураўёва («са 1127 парафіянаў у адных Юравічах налічвалася 250 сялянаў»), сцвярджалі, што не ўдзельнічалі ў паўстаннні, і кс. Гадэцкі не меў да яго дачынення (некалькі вобыскаў у яго не далі ніякіх доказаў). Касцёл ніколі не быў царквою, некалькі гадоў стаяў зачынены, але паколькі заўсёды быў парафіяльным, то ў 1840 г. імператар Мікалай Паўлавіч дазволіў яго адчыніць. Жыхары з Юравічаў, Тульгавічаў і Паташні, (33 мяшчаніны і каля 120 сялянаў), якія падпісалі скаргу, прасілі заступіцца перад царом і высокімі ўладамі4. Пісалі яны таксама ў Міністэрства ўнутраных спраў і да самога манарха, але згодна з бюракратычнай сістэмай іх скаргі адсылаліся губернскім уладам. Каб супакоіць насельніцтва, улады дазволілі адпраўляць Імшу ў капліцы на могілках, а паліцыя пачала расследаваць, хто адважыўся турбаваць асобу імператара. Ад падпісаўшых петыцыю дамагаліся пісьмовай адмовы, а селяніна Язэпа Луцкевіча за яе напісанне пасадзілі пад арышт. Жыхары зноў напісалі скаргу, але і на гэты раз безвынікова. Больш за тое, 19 ліпеня 1865 г. зачынілі і капліцу на могілках, перадаўшы старую алтарную ікону ў астраглядавіцкі касцёл (ці не «Маці Божую Снежную»?).

Першы праект, распрацаваны ў 1865 г. памочнікам архітэктара Іванова, быў адхілены губернскім архітэктарам Скуратавым, які сцвярджаў неабходнасць новага праекта, таму што «касцёл у Юравічах з пункту гледжання памераў, прыгажосці, рэлігійнага рангу і становішча над суднаходнай Прыпяццю заслугоўвае таго, каб яго перабудавалі на выдатную царкву без вымушаных абмежаванняў» (у выдатках – А. Я.). Скуратаў сам распрацаваў два варыянты перабудовы: першы – коштам 4430 руб., з купалам на сярэдзіне даху; другі – коштам 8467 руб., апрача купала меркавалася паставіць дзве вежы ззаду, што разам з дзвюхвежавым фасадам стварала б неабходнае для праваслаўнага храма пяцікупальнае завяршэнне.

Аднак пакуль што гэта заставалася на паперы. За два тыдні павысілі падлогу ў прэзбітэрыі, разламаўшы старую каменную; абсеклі выступы ў алтарных пілонах і бакавых алтарах, каб паставіць іканастас; адбілі і затынкавалі некаторыя дэталі бакавых алтароў. Галоўны алтар пры сцяне ў асноўным ацалеў, зламалі толькі бакавыя сходы і галерэі, якія вялі да высока размешчанага цудатворнага абраза (накшталт Вастрабрамскай капліцы). Дубовы іканастас выразаў мінскі майстар Антон Саковіч, ён жа скапіраваў у мінскім катэдральным саборы 21 абраз на дошках з залатымі фонамі, «Спас» і «Маці Божую» меўся прыслаць з Пецярбурга Бацюшкаў5. 8 верасня 1865 г. царкву высвяцілі пад назвай Нараджэння Багародзіцы пры вялікім людскім зборы, а цудатворны абраз Маці Божай быў змешчаны ў іканастасе.

Знешні выгляд храма застаўся без зменаў. Епархіяльныя архітэктары ці праваслаўныя заказчыкі як быццам не адважваліся сапсаваць цудоўны барочны сілуэт езуіцкага касцёла. Касцёл, асвечаны ў 1746 г. Феліксам Тавянскім, уяўляў сабою трохнававую базыліку даўжынёй 36,5 м і шырынёй 20,5 м з двухвежавым фасадам. У паўднёвай вежы віселі званы, у паўночнай – гадзіннік. У 1819 г. касцёл быў накрыты жалезам. У 1821 г. яшчэ існаваў «старасвецкі» галоўны алтар, напэўна, той самы, што быў выразаны Тарасам Аршыцкім у 1729 г. і пазалочаны ў 1732 г. Стэфанам Пятроўскім. У ім знаходзіўся цудатворны абраз, а з бакоў далучаліся праз ляпніну абразы «Звестванне» і «Ахвяраванне Езуса ў святыні». Няясна, ці ацалеў ён да 1865 г. Дзесяць бакавых алтароў былі мураваныя, аздобленыя штукавай ляпнінай: Францішка Серафіцкага, Беззаганнага Пачацця, Міхала Арханёла, св. Юзафа, Францішка Ксаверыя, св. Дамініка, св.Антонія, Укрыжаванага Езуса, св. Сям’і, св. Яна Непамука6. Архітэктурныя структуры васьмі з іх былі захаваныя пры перабудове.

Сучасны выгляд юравіцкага касцёла.
У 1865 г. з’явіўся чацвёрты праект перабудовы верху, які склаў сапраўдны стацкі саветнік Бацюшкаў. Усе чатыры былі перададзены на зацверджанне ў Міністэрства ўнутраных спраў, і тэхнічная камісія на іх падставе склала новы праект, смета якога была распрацаваная ў 1874—1876 гг. Цікава, што праваслаўны архірэй не дазволіў разбурыць восем бакавых штукавых алтароў. Праект тэхнічнай камісіі прадугледжваў: 1) захаваць старую форму купалоў над фасаднымі вежамі; 2) каб не перагрузіць скляпенне, было вырашана не ставіць купалы на сярэдзіне царквы, а зрабіць каменны купал над алтаром. На даху меркавалася паставіць дзевяць маленькіх купалаў, каб агульная іх колькасць склала дванаццаць; 3) у бакавых навах было вырашана змяніць лучковыя вокны як «не адпаведныя характару царквы». Кіраваў работамі губернскі архітэктар Іваноў.

Але, на жаль, у савецкі час святыню чакаў больш сумны лёс, які давёў яе да стану руіны. Так выглядае яна і сёння.


  1. НДАБ, ф. 43, воп. 1, адз. зах. 88, л. 3.
  2. НДАБ, ф. 1781, воп. 32, адз. зах. 112.
  3. НДАБ, ф. 43, воп. 1, адз. зах. 88, л. 23.
  4. НДАБ, ф. 1781, воп. 32, адз. зах. 112.
  5. НДАБ, ф. 43, воп. 1, адз. зах. 88, л. 64—94.
  6. НДАБ, ф. 1781, воп. 27, адз. зах. 375, л. 1—3.