Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні

ПАКУТЫ ЮРАВІЦКАГА КАСЦЁЛА
У свеце Бібліі
На шляху веры

ЯК ЗНАЙСЦІ ЧАС ДЛЯ БОГА?
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПАДРЭЗАНЫЯ КРЫЛЫ
Архіўная старонка

НА СУСТРЭЧУ З МІНУЛЫМ
Haereditas
Пераклады

ПЕРАСЦЯРОГІ ЗБАВЕННЫЯ

МАРАЛІТЭ НА СЦЭНЕ ПРЫДВОРНАГА ТЭАТРА

БЕЗРАЗВАЖЛІВЫ СУДДЗЯ
Мастацтва
Проза

ЧЫРВОНАЯ БРАМА
Юбілеі

НОЧЧУ НА ХУТАРЫ
Проза

МАЛІТВА МАЦІ
Нашы святыні

ВАЧЫМА ФАТОГРАФА
Музыка

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

НА СУСТРЭЧУ З МІНУЛЫМ

З гэтага нумару рэдакцыйная рада «Нашай веры» мае намер весці сталую рубрыку «Архіўная старонка». Грунтам для яе паслужаць дакументы з таго колішняга агромністага пласту, што заставаўся ад дзейнасці кожнай з каталіцкіх святыняў, гвалтоўна пабураных за савецка-бальшавіцкім часам. Услед за знішчэннем саміх святыняў ішло знішчэнне і іхніх архіваў. Аднак панішчылася не ўсё. Паколькі ў мінулым Касцёл (гэтак, як і Царква) заставаўся адзінай інстытуцыяй, дзе вёўся ўлік хросту, смерці, шлюбу (доказ сваяцтва) і г.д. дакументы такога кшталту, патрэбныя для выдачы пасведчанняў «савецкім грамадзянам», былі звезены ў адпаведныя ўстановы (найперш у ЗАГСЫ). На жаль, іх лёс падчас апошняй вайны на нашых землях склаўся нешчасліва. Але не для ўсіх.

Дакументы пра духоўнае каталіцкае жыццё захаваліся ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) пераважна ў фондах:

1) Фонд 937 — Менская рыма-каталіцкая духоўная кансісторыя (561 адзінка захавання за 1499—1887 гг.);

2) Фонд 1781 — Магілёўская рыма-каталіцкая духоўная кансісторыя (55697 адзінак захавання за 1688—1922 гг.). Стакроць большую колькасць ацалелых тут спраў можна вытлумачыць тым, што магілёўскаму рыма-каталіцкаму біскупу пры расейскім царызме падпарадкоўваліся ўсе каталіцкія парафіі на ўсход ад Магілёва. Бо ў выніку паэтапнай (1772, 1793, 1795, 1807) акупацыі адбываўся адваротны супраціў, засведчаны шэрагам славутых паўстанняў, пачынаючы ад паўстання на чале з Тадэвушам Касцюшкам. Але «лагічным працягам» шматлікіх супраціваў-паўстанняў нашых суродзічаў, духоўных нашчадкаў Вялікага Княства Літоўскага, станавілася выгнанне гэтых змагароў і іх родных на нямераныя абшары расейскай імперыі, дзе сваім чародам паўставалі каталіцкія святыні. Таму можна зразумець захаванасць у Менску рарытэтных дакументаў, такіх як: «Исповедная роспись 3-го Округа отдельного корпуса Внутренней стражи Архангельской, Вологодской и Олонецкой губ. римско-католических приходов»; «Исповедная роспись Нерчинского, Оренбургского, Петербургского, Томского, Тамбовского, Казанского, Иркуцкого, Красноярского приходов»; Спіс парафіянаў Масквы и Маскоўскай губ.; Пецярбургскага дэканата Пецярбургскай губ. (пераважна ХІХ стагоддзя), касцельныя метрычныя кнігі... Апошнія фіксаваліся, як правіла, у трох асобніках: 1) найперш вяліся ў саміх парафіях; 2) копіі выпісак дасылаліся ў дэканаты; 3) адзін абавязковы справаздачны асобнік накіроўваўся ў рыма-каталіцкую кансісторыю.

Таму, апроч гэтых двух асноўных фондаў на дзесяткі тысяч ацалелых спраў, утвараліся дзесяткі іншых (фонд 736 — Бабруйскі дэканат, 7 адз.зах. за 1800-1907 гг.; фонд 1115 — Мазырскі дэканат Менскай духоўнай кансісторыі; м. Мазыр, 8 адз.зах. 1823,1826 гг.) і г.д. і г.д. Часам фонд захаваўся з адной-адзінай справай (ф. 960 — юравіцкі парафіяльны касцёл, м. Юравічы Рэчыцкага пав.).

Але і гэта яшчэ не ўсё. Дакументы пра каталіцкіх святароў можна сустрэць у такіх "нечаканых" фондах, як «Канцылярыя менскага цывільнага губернатара». Але яны «нечаканыя» толькі на першы погляд, бо губернатарам, прызначаным па загадзе расейскіх цароў, цалкам падпарадкоўвалася ўсё жыццё губерні. А рытм гэты задаваўся маніфестамі-загадамі «прыблудаў з-пад Нявы крывавай» (Янка Купала).

Да чаго часам даводзілі царскія «загады», чытач можа даведацца з дакументаў, якімі і распачынаецца гэтая рубрыка.

Што ж, Божым часам у добры шлях — на сустрэчу з мінулым.

Язэп Янушкевіч


295, 1, 2240. Справа канцылярыі мінскага губернатара. Пра звальненне з пяршайскага касцёла адміністратара ксяндза Аляксандра Наркевіча і вікарнага ксяндза Серафіма Сыруновіча ад службовых пасадаў з утрыманнем у нясвіжскім дамініканскім кляштары. Пачалася 5 красавіка 1871 г. Завершана 6 чэрвеня 1871 г.

Арк. 1. Канфідэнцыяльна.
Яго Правасхадзіцельству
пану мінскаму губернатару
мінскага павятовага спраўніка

Рапарт

Падаючы пры гэтым адносіну дзекана па Мінскім павеце ксяндза Аляхновіча ад 14 сакавіка за № 105 пра дзеянне ксяндзоў пяршайскай парафіі Наркевіча і Сырановіча*, маю гонар данесці Вашаму Правасхадзіцельству, што па сабраных мною звестках пробашч пяршайскага касцёла ксёндз Наркевіч, хоць і прызнаў малітоўнік для адпраўлення набажэнства на рускай мове [...], аднак не выконвае гэтага, і набажэнства да гэтага часу адбываецца на польскай мове. Яго вікарый, ксёндз Сырановіч, не жадаючы прызнаць малітоўніка, падаў прашэнне аб звальненні ад службовай пасады. Фанатычныя дзеянні гэтых ксяндзоў не толькі шкодна ўплываюць на парафіянаў пяршайскага касцёла, што пацвярджаецца пададзенымі імі прашэннямі пану начальніку Паўночна-Заходняга краю і міністру ўнутраных спраў, але і на парафіянаў суседніх касцёлаў.

А таму, прызнаючы ксяндзоў Наркевіча і Сырановіча ненадзейнымі ў палітычных адносінах і прызнаючы хадайніцтва дзекана Аляхновіча пра выдаленне гэтых ксяндзоў з Пяршайскай парафіі [...] абставіны [...] маю гонар рапартаваць.

Арк. 2. Дзекана па Мінскім павеце. № 105. 14 сакавіка 1871 г. Мястэчка Камень. Пану мінскаму павятоваму спраўніку.

Пасля прыезду з Узды ў Пяршаі прызначаны адміністратар ксёндз Наркевіч, нягледзячы на ўсе мае заўвагі адносна карыстання выдадзенага ў мінулым 1870 годзе малітоўніка Rifuate Sacramentorum з заменаю ў ім польскага тэксту на рускі і адпраўленне набажэнства за Імператарскі дом на рускай мове, паводле складзенай у мінулым годзе сялянамі Пяршайскай воласці дамовы, упарта адмовіўся ад выкарыстання згаданага малітоўніка і гэтым учыніў нямала хваляванняў паміж парафіянамі даручанай мне парафіі, дзе руская мова ўжо ўведзеная ў дадатковае набажэнства, так што гэтыя апошнія з некаторага часу перасталі наведваць каменскі рыма-каталіцкі касцёл і ў многіх сваіх духоўных патрэбах не звяртаюцца да мяне.

Мала таго, названы адміністратар ксёндз Наркевіч з вікарным пяршайскага рыма-каталіцкага касцёла Сыруновічам запрашаюць да сябе парафіянаў даручанай мне парафіі, асабліва жыхароў мястэчка Івянец, якія вызначаюцца здзіўляльным фанатызмам і маюць прадузятую перакананасць супраць усяго рускага, на споведзь і дапускаюць да Святой Камуніі.

Паставіўшы сябе ў такія блізкія адносіны з парафіянамі даверанай мне парафіі, ксёндз Наркевіч на споведзі можа рабіць супраць мяне розныя падбухторванні з-за ўвядзення мною рускай мовы ў дадатковае набажэнства і нанесці вялікую шкоду нават у палітычных адносінах.

Таму лічу абавязкам давесці пра выкладзенае вышэй да ведама Вашага Высокаблагароддзя і пакорліва прасіць хадайнічаць перад кім належыць пра выдаленне ксяндза Наркевіча з пяршайскай парафіі, а таксама і вікарнага гэтай парафіі ксяндза Сыруновіча як ненадзейных і шкодных для рускай справы ў мясцовым краі.

Дзекан па Мінскім павеце
каталіцкі святар Міхал Аляхновіч.

Арк. 4.

Упраўленне Віленскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі. 12 красавіка 1871 года № 555. г. Вільня.
Яго Правасхадзіцельству
пану мінскаму губернатару

На водгук ад 7 красавіка за № 1783 маю гонар данесці Вашаму Правасхадзіцельству, што пра звальненне з пяршайскага касцёла адміністратара ксяндза Аляксандра Наркевіча і вікарнага ксяндза Серафіма Сыруновіча ад службовых пасадаў са змяшчэннем іх у нясвіжскі дамініканскі кляштар пад пільны нагляд прыёра кляштара мною было зроблена адпаведнае распараджэнне.

Але з прычыны вялікага недахопу ксяндзоў [...], што застаюцца [...] барысаўскі вікарны ксёндз Маркевіч адмаўляецца ад прызначэння ў Докшыцы з-за хваробы, і я зусім не маю каго прызначыць у пяршайскую парафію, а таму лічу сваім абавязкам аддаць гэтую справу на разгляд Вашага Правасхадзіцельства.

Кіраўнік дыяцэзіі,
афіцыял пралат прапазіт Жылінскі
Сакратар Лянкшэвіч [?]

Арк. 8.
Яго Правасхадзіцельству
пану мінскаму губернатару

Прыёру нясвіжскага
дамініканскага кляштара


Рапарт

Вашаму Правасхадзіцельству маю гонар данесці, што 14 мая ў давераны мне кляштар прыбылі два ксяндзы: Аляксандр Наркевіч, адміністратар пяршайскага касцёла, і Серафім Сыруновіч, вікарны таго ж касцёла, вызваленыя ад пасадаў і прызначаныя для ўтрымання ў мясцовым кляштары адпаведна з прадпісаннем кіраўніка Віленскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі ад 12 красавіка № 552.

Настаяцель нясвіжскага дамініканскага кляштара кс. Ануфрый Батулевіч.[?]

№ 86. 15 мая 1871 г. г. Нясвіж.

Арк. 7. № 157 21 мая 1871 г. Мястэчка Камень.
Яго Правасхадзіцельству
пану мінскаму губернатару

дзекана па Мінскім павеце
каталіцкага святара
Міхала Аляхновіча


Рапарт

Кандыдата на месца настаяцеля пяршайскага рыма-каталіцкага касцёла ў даручаным мне дэканаце не маецца, пра што, адпаведна з адносінамі Вашага Правасхадзіцельства ад 21 красавіка за № 2050, маю гонар данесці.

Дзекан па Мінскім павеце
каталіцкі святар
Міхал Аляхновіч.

Публікацыя Язэпа Янушкевіча.
Пераклад тэксту дакументаў
з рускай мовы Л. К.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY