Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(3)/1997
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

ЗАГАДКАВАЯ І СТАРАЖЫТНАЯ
Навяртанне
Да юбілею 2000 года
Мастацтва

АПОСТАЛ ДУХОЎНАСЦІ

«Я ЎКЛАНІЎСЯ ЯМУ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Пра самае важнае

ПАНЕ, НАВУЧЫ НАС МАЛІЦЦА...

КРЫЖ ПРЫДПРОЖНЫ
Жыццё ў законе

НА ВЕРНАСЦЬ ХРЫСТУ
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПУНКЦІРЫ ЦЯРНІСТАГА ШЛЯХУ
З жыцця Касцёла

Ірына ЖАРНАСЕК

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ

Аднаактовая п’еса ў адзінаццаці карцінах

У п’есе бяруць удзел:

    Княгіня Вішнявецкая.
    Князь Вішнявецкі.
    Аліцыя – іх дачка, гадоў 18.
    Магда, Зося – служанкі княгіні Вішнявецкай.
    Кулеша – падхарунжы князя Вішнявецкага.
    Айцец Рамуальд – айцец-езуіт, духоўнік княгіні Вішнявецкай.
    Крыштаф Ласецкі – правінцыял езуітаў.
    Брат Вінцэнты – езуіт.
    Пракоп – закрыстыян касцёла.
    Ганец.
    Група мясцовых сялян.
    Валачобнікі.
    Казак.
    Дзяўчынка-нямко.

1710 год. Піншчына. Край руйнуюць і крывавяць падзеі Паўночнай вайны, закалоты паміж войскамі Рэчы Паспалітай і казацтвам. Жорсткі пераслед за веру церпяць католікі.

 
КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Дзея адбываецца ў пакоях княгіні Вішнявецкай. Паўзмрок. На вокнах прыспушчаны цяжкія шторы. На сцяне – вялікі партрэт князя Вішнявецкага. У куце перад абразамі гараць свечкі, у букетніцы – галінкі зеляніны.

Княгіня Вішнявецкая сядзіць у фатэлі, закрыўшы рукамі твар. У дзвярах з’яўляецца служанка Магда з падносам у руках, на якім стаіць прыбор для гарбаты. Убачыўшы княгіню, яна пастаяла і ціхенька выйшла, так і не паставіўшы на стол. Праз нейкі час заходзіць служанка Зося, але таксама не адважваецца азвацца да княгіні і выходзіць. У дзвярах з’яўляецца Аліцыя: ціхенька, на дыбачках уваходзіць у пакой, аглядаецца, падыходзіць да абразоў, кленчыць, жагнаецца і мяняе свечкі, якія ўжо амаль што згарэлі. Усё гэта – у поўным маўчанні. Раптоўна ў пакой убягае служанка Зося.

Зося (гукае). Шляхціц Кулеша! Прыехаў шляхціц Кулеша! Просіць дазволу...

Княгіня Вішнявецкая (адрывае рукі ад твару). Прасі хутчэй сюды!

Аліцыя, прыціснуўшы далоні да шчок, застывае ў нерухомасці. Убягае Кулеша. Ён апрануты па-дарожнаму, у ботах, адно што скінуў верхнюю вопратку.

Кулеша. Рады вітаць, вельмішаноўная княгіня.

Вішнявецкая (імкліва падымаецца). Я таксама радая цябе бачыць, шляхціц Кулеша. Чакала. Што... новага ты прывёз нам з... Глухава? Якія... весткі?..

Кулеша. На жаль, шаноўная княгіня, не маю пакуль што чым парадаваць.

Княгіня адразу сядае ў фатэль, быццам у яе прыслаблі ногі. Аліцыя адыходзіць да вакна і застывае там у чаканні.

Кулеша (паспешліва). Не-не, нічога благога не здарылася. Усё як і раней. На жаль. Князь Вішнявецкі ўсё яшчэ сядзіць у фартэцыі. Врта да яго прыстаўленая вельмі моцная. Мне ўсё ж удалося перадаць яму ад княгіні ліст. Але князь не змог напісаць да княгіні – вельмі ж ужо пільная варта. Казак, з якім мне ўалося наладзіць стасункі, трапіў пад падазрэнне. Прынамсі, яго адхілілі ад варты. (Княгіня закрывае рукамі твар.) Ды мне ўсё ж удалося навесці звесткі пра здароўе князя. (Княгіня адрывае рукі ад твару і з надзеяй глядзіць на Кулешу.) Няхай княгіня не хвалюецца – князь жывы і здаровы.

Вішнявецкая. Калі толькі можна быць здаровым пасля сямі месяцаў палону!

Кулеша (разводзіць рукамі). Ды ўсё ж, княгіня... Мне пашчасціла разгаварыць яшчэ аднаго казака ў карчме. Дык ён здзіўляўся, што іхні палонны за столькі часу не страціў гонару.

Вішнявецкая (сурова). Халопы! Разбойнікі! Бандыты! Яны яшчэ штосьці плятуць аб ягоным гонары! Сем месяцаў трымаць у палоне і пасля здзіўляцца! Вядома, ім такога не зразумець!

Аліцыя (падбягае да маці). Мама! Прашу, не хвалюйся гэтак!

Зося прыносіць на падносе шклянку вады. Княгіня п’е паволі, маленькімі глыткамі.

Вішнявецкая. Яны яшчэ дзівяцца! Яны, якія прынеслі столькі няшчасця на гэтую зямлю! У крыві яе патапілі! Яны яшчэ дзівяцца! Не! Князь будзе на волі! Будзе! І тады яны здзівяцца яшчэ больш (Да Кулешы.) Ідзі. Адпачывай.

Кулеша. Слухаю, яснавяльможная княгіня. (Ідзе да дзвярэй.)

Вішнявецкая (наўздагон). Пачакай.

Кулеша спыняецца, паварочваецца.

Кулеша.  Што, яснавяльможная княгіня?

Вішнявецкая. Скажы мне, шляхціц Кулеша, вельмі цешацца казакі, што маюць князя сярод палонных?

Кулеша. Ах, княгіня!.. (Хвіліну маўчыць.) Вядома ж, цешацца! Бо калі яны простым мужыкам сякуць галовы – ім жа тады менш радасці, чымсьці тады, калі ў іхнія лапы трапляе пан альбо ксёндз.. А тут... князь...

Вішнявецкая (порстка падымаецца). Ім яшчэ адбаляць нашыя слёзы! Яны яшчэ пашкадуюць аб пралітай крыві! Яны яшчэ адплачуць за кожны дзень князевай няволі!

Аліцыя падбягае да маці, абдымае яе за плечы.

Аліцыя. Ох, мама! Хутчэй бы ўсё так і было, як ты кажаш!

Вішнявецкая (адхінае голаў, углядаецца ў доччын твар). А ты што, сумняваешся?

Аліцыя. Не, мама не сумняваюся. Я толькі малюся, каб гэта хутчэй здарылася.

Вішнявецкая. Маліся, дачка! Маліся...

Кулеша кланяецца і ціха выходзіць. Аліцыя ідзе да абразоў, нейкі час стаіць прад імі, потым паволі апускаецца на калені. Княгіня назірае за ёй, потым і сама набліжаецца і стомлена, цяжка таксама апускаецца на калені.

Вішнявецкая (ускідвае рукі да абразоў). Езус! Марыя! Злітуйцеся над князем! Ратуйце яго з казацкага палону!

Плечы Аліцыі ўздрыгваюць.

Вішнявецкая. Не плач, дачка! Маліся! Прасі ў Бога заступніцтва.

Аліцыя. Я малюся, мама. Шмат малюся. Бачу, як і мама ўдзень і ўначы кленчыш прад абразамі. Ды штосьці не слухае нас Бог!

Вішнявецкая. Не грашы, дачка! Бог слухае ўсіх: і жабракоў, і князёў. Толькі... Толькі на ўсё свой час!

Аліцыя (плача). Так, мама. (Паварочваецца, бярэ матчыну руку, цалуе яе.) Так, мама... Я сёння да споведзі пайду... Заўтра ж ужо Вялікі Чацвер.

Вішнявецкая (гладзіць дачку па галаве). Вялікі Чацвер... Вось і Вялікдзень надыходзіць... А князя ўсё няма... У вязніцы князь... (Нейкі час яшчэ моліцца, жагнаецца, потым падымаецца з каленяў. Хвіліну счакаўшы падымаецца і Аліцыя.) Пойдзем, дачка. Я таксама пайду сёння да споведзі.

Выходзяць.

 
КАРЦІНА ДРУГАЯ

У касцёле. Паўзмрок. Людзей няма. Толькі перад алтаром кленчыць княгіня Вішнявецкая. Аліцыя спавядаецца. У канфесіянале – айцец Рамуальд. Ад канфесіяналу далятаюць асобныя словы.

Аліцыя. ...прызнаю сваю віну...

Айцец Рамуальд. Маліся, сястра...

Зноў ціха. Княгіня закрывае твар далонямі.

Вішнявецкая. Езу, літасці!..

Айцец Рамуальд. ...і не губляй надзеі, сястра...

Аліцыя штосьці паспешліва шэпча.

Айцец Рамуальд (сцішана). Усё ў руках Божых.

Аліцыя (паспешліва). Ведаю... Усё разумею... Згаджаюся... І ўсё ж, ойча, як навучыцца...

Паўза.

Айцец Рамуальд. Маліся да Езуса Укрыжаванага... І не губляй надзеі, сястра... Не бойся аддацца волі Божай...

Удзяляе разграшэнне. Аліцыя, апусціўшы галаву і выціраючы вочы хусцінкай, адыходзіць ад алтара, кленчыць, нейкі час моліцца. З каленяў падымаецца княгіня Вішнявецкая і паволі ідзе да канфесіналу. Жагнаецца, апускаецца на калені.

Вішнявецкая. Няхай будзе праслаўлены Езус Хрыстус!

Айцец Рамуальд. На векі вечныя. Амэн.

Сцішаная гаворка. Аліцыя падымаецца, паволі выходзіць з касцёла.

Айцец Рамуальд. Бяда твая вядомая, сястра. Набярыся мужнасці. У Бога шукай падтрымкі, на Яго спадзявайся і атрымаеш жаданае суцяшэнне.

Вішнявецкая (адчайна і даволі гучна). Маю вялікі грэх, ойча! Я пачала губляць надзею! Малюся ўдзень і ўначы, але ўжо слаба веру, што Бог чуе мае малітвы. Я пачынаю наракаць на Яго, ойча...

Айцец Рамуальд. Прасі найперш у Бога, сястра, памнажэння сваёй веры. Найперш гэтага, сястра!

Вішнявецкая. Мне страшна, ойча! Часам здаецца, што пачынаю траціць розум. Трымаюся з усіх сіл, але вельмі баюся, што яны ўрэшце могуць скончыцца. Ужо сем месяцаў...

Айцец Рамуальд. Так, сем месяцаў. А князь Вішнявецкі жывы! Так, у палоне. Але жывы! Падзякуй за гэта Богу, сястра! Навучыся дзякаваць Богу! Узгадай, колькі людзей напаткала смерць у гэтай жудаснай вайне. Узгадай, якой нялюдскай смерцю паміраюць наўкола людзі. А твой князь жывы! Дык маліся, сястра, прасі Бога і надалей не пакідаць цябе і князя, ахвяруй за гэта свае слёзы, цярпенні, свой боль. Не бойся ахвяраў, сястра!

Вішнявецкая. Яшчэ хачу сказаць... Ужо каторую ноч мне сніцца адзін і той жа чалавек у чорным. Ён увесь час кліча да сябе. «Прыйдзі да мяне – і знойдзеш суцяшэнне», – кажа. А сёння яшчэ дадаў: «Не гняві Бога».

Айцец Рамуальд. Дык і не гняві, княгіня. Не наракаў на лёс. Бачыш, Бог табе нават у снах пасылае падтрымку.

Вішнявецкая (з надзеяй). Думаеш, ойча, гэта падтрымка? Я таксама хачу ў гэта верыць, але і страшна чагосьці... Чаму ён кліча да сябе?

Айцец Рамуальд. Ну, гэтага я ўжо ведаць не магу. Але думаю, што калі ягонымі вуснамі гучыць папярэджанне не гнявіць Бога, то чалавек гэты не злы. Хто ведае, можа гэта хтосьці з айцоў нашых пакутнікаў асцерагае цябе... Зямля паліта пакутніцкай крывёй. А мы ўсе – адно: жывыя і мёртвыя. Не забывай аб гэтым. Можа, гэта да цябе айцец Сымон Мафон, замучаны казакамі, з’яўляецца. А можа яшчэ хтосьці з нашых айцоў, што таксама прынялі смерць ад казакаў за веру Хрыстову. А можа пакутнік Андрэй Баболя... Шмат людзей цяпер сцвярджаюць, што дапамагае ім пакутнік Баболя. З таго свету заступаецца за іх. Маліся да яго, прасі ў яго літасці...

Вішнявецкая (ажывілася). Так, ойча... Я таксама... Я таксама думала, што гэта Баболя, але паверыць баялася...

Айцец Рамуальд. Не бойся, сястра. Даверся Богу! Даверся Укрыжаванаму, Ягоным ранам, Ягонай крыві, пралітай за нас. Разняволь сваё сэрца! Маліся, спадзявайся і... чакай... І памятай: нічога на свеце не дзеіцца без волі Божай. На ўсё ёсць яна, магутная і ўсёўладная воля Божая! Толькі не пускай у сэрца сумненняў, сястра! Змагайся з імі ўсімі сіламі. І няхай табе дапамогуць у гэтым Езус Хрыстус і святая Марыя, святыя заступнікі нашы і пакутнікі за праўду і веру. У нялёгкі час нам выпала жыць, княгіня, але хто ведае, можа, гэты час, асвечаны пакутамі нашымі, прынясе яшчэ славу і паратунак гэтаму краю? Мацуйся, сястра! Ды не пакіне цябе Бог!.

Сцішаная гутарка, затым айцец удзяляе разграшэнне.

 
КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Пакой княгіні Вішнявецкай. Усё, як і раней: паўзмрок, гараць свечкі перад абразамі. Княгіня сядзіць у фатэлі і, счапіўшы рукі на прыполе, глядзіць у адну кропку. Уваходзіць Аліцыя.

Аліцыя. Хрыстус з мёртвых паўстаў! Хрыстус з мёртвых паўстаў! Хрыстус з мёртвых паўстаў

Вішнявецкая. Праўдзіва з мёртвых паўстаў! Праўдзіва з мёртвых паўстаў! Праўдзіва з мёртвых паўстаў!

Аліцыя падыходзіць, сядае побач з маці, цалуе яе ў шчаку. Маўчаць. Уваходзіць Магда.

Магда. Няхай мне даруе княгіня, але куды збіраць на стол: сюды альбо ў гасцёўню?

Вішнявецкая (пераводзіць на яе пагляд, нейкі час маўчыць, быццам не разумее, што ў яе пытаюць, затым сама перапытвае). У гасцёўню? Не, Магда, не трэба ў гасцёўню. Лепш сюды, да мяне. (Магда выходзіць.) Мінуліся нашыя госці. Гэта раней на Вялікдзень у нас заўсёды было шмат гасцей, а цяпер...

Аліцыя. Мамачка, усё яшчэ будзе. Вось вернецца тата і...

Вішнявецкая (неспадзявана ўсміхаецца). Вядома, вернецца. Я ўпэўнена ў гэтым, Аліцыя! Вернецца князь Вішнявецкі ў свой дом!

Зося з Магдай порстка збіраюць на стол, папярэдне заслаўшы яго белым абрусам. Пасярэдзіне стала ставяць талерку з чырвонымі яйкамі.

Аліцыя (каб толькі не маўчаць.) Сёння ў касцёле так холадна было... Я нават у футры замерзла.

Вішнявецкая. Так. Было холадна. (Задуменна сама да сябе.) А яму як там? Таксама ж, напэўна, холадна... (Перацепвае плячыма.) Ну, усё гатова? Можам і разгавецца? (Разам з Аліцыяй падыходзіць да стала, княгіня моліцца.) Блаславі, Пане Божа, нас, якія сабраліся за велікодным сталом, і ўсё, што стаіць на гэтым стале. (Памаўчаўшы.) Блаславі, Пане Божа, таксама і тых, каго няма сёння з намі і па кім сумуюць нашыя душы. Учыні, каб і яны мелі смачнае яйка... на сваім стале. (Голас яе пачынае дрыжэць.) Праз Хрыста, Пана нашага.

Аліцыя. Амэн.

Сядаюць за стол. Бяруць па яйку, моўчкі ядуць.

Аліцыя. Людзей гэтак шмат было ўначы ў касцёле.

Вішнявецкая. Так... Шмат... Ідуць людзі да Бога. Як іх ні б’юць, ні пужаюць, ні мучаюць, з жывых скуры здзіраюць, а яны ўсё адно застаюцца з Богам.

Аліцыя. Казалі, два дні таму ў Янаве зноў хавалі мужыка, якога знайшлі ў лесе замучаным казакамі. Рукі паадсякалі, каб не мог жагнацца і аб нашай веры сведчыць. (Княгіня Вішнявецкая жагнаецца і моўчкі есць.) А ў лесе ля Магільна знайшлі дзяўчыну, прывязаную да елкі. Яшчэ жывая была... (Княгіня адсоўвае талерку і моўчкі глядзіць у адну кропку.) Мама! Ці скончыцца гэта калі-небудзь?!

Вішнявецкая (пасля паўзы). Скончыцца некалі. Павінна скончыцца... Усё мае свой канчатак. Не стане некалі і нашых бедаў.

Аліцыя. Я сёння тату бачыла ў сне. (Княгіня ўскідвае голаў, запытальна глядзіць на Аліцыю.) Быццам мы з ім на конях па лясной дарозе імчалі. Хутка-хутка. Толькі дрэвы мільгацелі. Мне ўжо і страшна, а тата ўсё падганяе свайго каня і весела крычыць мне: «Трымайся, князёўна! Моцна трымайся ў сядле!»

Вішнявецкая (слаба, аднымі вуснамі ўсміхаецца). Вось і трымайся, князёўна. Бо твой бацька, князь Вішнявецкі, таго хоча. Трымайся, князёўна!

Знадворку чуецца нейкі гоман.

Вішнявецкая. Спытай, што там?

Аліцыя ідзе да дзвярэй, але на парозе сутыкаецца з Магдай.

Магда. Валачобнікі прыйшлі, але я сказала, каб іх пад вашы вокны не пускалі.

Вішнявецкая. Чаму?

Магда (сумеўшыся). Ну-у... Я думала, не да гэтага вам...

Вішнявецкая. Не да гэтага. Свята ж дзеля майго гора не адмяняецца. Няхай спяваюць.

Магда (здзіўлена). Добра... Скажу...

Выходзіць. Аліцыя адхінае шторы на вакне. Пад вакном з’яўляюцца валачобнікі. Гукаюць: «Хрыстус з мёртвых паўстаў!». Княгіня з Аліцыяй адказваюць. Валачобнікі не вельмі вясёлыя, перамінаюцца на нагах.

1-ы валачобнік. Ці дазволіш, шаноўная княгіня, са святам павіншаваць?

Вішнявецкая. Чаму ж не? Калі ласка.

Валачобнікі спяваюць.

2-гі валачобнік. Зычым табе, княгіня, каб усе беды ад цябе адступіліся. Каб на наступны Вялікдзень была ты весялейшаю.

Вішнявецкая. Дзякуй.

Паўза.

3-і валачобнік. Дазволь, княгіня, яшчэ адну песню табе заспяваць. (І, не дачакаўшыся дазволу, зацягвае):

Гэй! Галом! Весялей!
Скруціць вораг шыю,
Прыйдзе шчасце і ў наш дом,
У нашую айчыну!

Як Хрыстос уваскрос,
Так і мы ўваскрэснем.
Будзем мы шчасце мець,
Ад холаду не змерзнем!

Не сумуй, не бядуй,
Нашая княгіня,
Прыйдзе князь, валадар
Ад ворага не згіне.

Вішнявецкая (усміхаецца). Дзякуй на добрым слове. (Да Магды.) Збяры там чаго ды пачастуй валачобнікаў.

Валачобнікі яшчэ спяваюць на развітанне, потым гукаюць: «Бывай здаровая, княгіня! Дзякуй за пачастунак! А князь вернецца, княгіня! Абавязкова вернецца!» Адыходзяць. Княгіня ўсміхаецца, сядае ў фатэль, нейкі час маўчыць.

Вішнявецкая. Дай, Божа, каб як найхутчэй вярнуўся... (Да Аліцыі.) Скажы, Аліцыя, ведаеш ты закрыстыяна Пракопа?

Аліцыя (паціскае плячыма). Здаецца, не, мама. А што?

Вішнявецкая. Ну, ды гэта не так і важна. Распарадзіся мне яго прыслаць. Хачу паразмаўляць з ім.

Аліцыя (здзіўлена). З закрыстыянам? (Паўза.) Добра, мама...

Выходзіць. З’яўляецца Магда.

Магда. Прыбраць са стала, княгіня?

Княгіня Вішнявецкая згодна ківае галавой. Магда збірае са стала.

Вішнявецкая. Скажы, Магда, ці ёсць гэта яшчэ ў палацы тая дзяўчынка-сірата, у якой матку з бацькам казакі засеклі?

Магда (застывае, потым нясмела). Так... княгіня... Ёсць... Князёўна Аліцыя вельмі палюбіла гэтае дзіця. Гэта яна загадала прыгрэць дзяўчынку.

Вішнявецкая. Яна, здаецца, на скрыпцы грае?

Магда. На скрыпцы, княгіня. Па бацьку пайшла. Той, нябожчык, даўней і на скрыпцы, і на дудзе, і на цымбалах. Пры бацьку і навучылася граць, а як бацькоў казакі замучылі, так, бедная, і знямела. Сядзіць вечарамі, грае, а сама такая сумная-сумная. І музыка ейная гэткая ж... Калі б княгіня дазволіла ёй яшчэ трохі пабыць пры князёўне Аліцыі, Бог адплаціў бы за тое княгіні.

Вішнявецкая. Пакліч тое дзяўчо сюды. (Наўздагон Магдзе.) І няхай скрыпку з сабой захопіць. (Магда выходзіць. Княгіня нейкі час сядзіць у задуменні, потым паволі прамаўляе.) Князь-князь, калі б ты толькі ведаў, як сумна і пуста ў нас без цябе! Але ж то ў палацы! А табе як там – у вязніцы?! Столькі часу церпіш здзекі ад раз’юшаных халопаў! (Закрывае твар далонямі.)

Уваходзіць Магда з дзяўчынкай гадоў дзесяці, якая ў руках трымае скрыпку. Абедзве нерашуча запыняюцца пры дзвярах.

Магда. Княгіня...

Вішнявецкая. А? Што? Ага... Скрыпачка... Ну-у-у, скажы мне, скрыпачка, што ты ўмееш граць?

Дзяўчынка моўчкі глядзіць на княгіню, потым на Магду, потым зноў на княгіню. Не рухаецца.

Магда. Княгіня забылася: гэтае дзяўчо – нямко. Яна знямела пасля таго...

Вішнявецкая. Ах, памятаю... Ты, Магда, казала... (Глядзіць на дзяўчынку.) Ну-у, пайграй мне што-небудзь... скрыпачка...

Дзяўчынка нясмела прысядае на беражок крэсла і пачынае граць сумную, працяглую мелодыю. Княгіня слухае, падымаецца і падыходзіць да партрэта князя Вішнявецкага, углядаецца ў яго, складае на грудзях рукі. За яе спіной плача скрыпка.

Вішнявецкая (не паварочваючыся). Досыць... Ідзі... скрыпачка... (Скрыпка сціхае. Дзяўчынка ўзнімае галаву і глядзіць на княгіню, да яе падыходзіць Магда, бярэ за руку і моўчкі выводзіць. Княгіня гукае ёй услед, не паварочваючыся.) Накармі скрыпачку! (Памаўчаўшы.) І хай іграе... Хай іграе ды выплаквае сваё гора... Толькі не тут. Бо тут і сваіх слёз хапае.

Княгіня ідзе да абразоў, апускаецца на калені – моліцца. Уваходзіць Аліцыя, яна набліжаецца да маці і таксама моўчкі апускаецца на калені. Ціха. У пакой зазірае Зося, выходзіць, потым зноў прыадчыняе дзверы.

Вішнявецкая (не паварочваючы галавы). Што там?

Зося. Даруй, княгіня. Прыйшоў закрыстыян Пракоп – клікала яго...

Вішнявецкая. Няхай зойдзе. (Падымаецца з каленяў, услед за ёй устае і Аліцыя.)

Уваходзіць закрыстыян Пракоп.

Пракоп. Хрыстус з мёртвых паўстаў!

Княгіня і Аліцыя адказваюць.

Пракоп. Пахвалёны Езус Хрыстус.

Вішнявецкая. На векі вечныя. Амэн. Заходзь, Пракоп. Паклікала цябе – паразмаўляць хачу. (Сядае ў фатэль.)

Пракоп (камечыць шапку ў руках). Рады служыць, вельмішаноўная княгіня.

Княгіня кідае выразны позірк на Аліцыю. Тая выходзіць.

Вішнявецкая. Спытаць хачу ў цябе, Пракоп...

Пракоп. Буду рады адказаць. Калі змагу толькі.

Вішнявецкая. Чула я, Пракоп, што з’яўляўся табе айцец Андрэй Баболя, якога казацкае звяр’ё пяцьдзесят гадоў таму замучыла ў Янаве. Аб гэтым хачу пачуць. Распавядзі.

Пракоп (памаўчаўшы). Было, княгіня. Адны мяне вар’ятам за гэта палічылі, другія ашуканцам. Ды што я... Пры чым тут я...

Вішнявецкая (нецярпліва). Ты не апраўдвайся, а распавядзі ўсё, як было.

Пракоп. Ну-у-у... Вось яно як, значыцца, было... Вясна была якраз... Вот гэткая самая... Не, пазней крыху. У ноч з 18 на 19 кветня, восем гадоў таму гэта і здарылася, акурат тады, як шукалі цела пакутніка Баболі. Ён жа да таго, калі толькі княгіня памятае, з’явіўся айцу Гадэбскаму і паабяцаў апекавацца справамі Пінскага калегіума айцоў езуітаў, калі толькі яны адшукаюць ягонае цела. А цела было пахавана ў склепе пад касцёлам. Два дні айцы шукалі труну Баболі – і нічога. Я сам у тым склепе два дні адпрацаваў. Ды паспрабуй ты знайдзі, калі ўвесь склеп застаўлены трунамі. Памятаю, усё труны ўваччу стаялі. (Змоўк.)

Вішнявецкая (нецярпліва). Ну-ну... І што далей?

Пракоп. А тады... Тады і з’явіўся мне ў сне пакутнік Андрэй Баболя і сказаў...

Вішнявецкая. Што сказаў: Успомні дакладна.

Пракоп. І сказаў: «Цела маё ў зямлі, у куце падвала, з левага боку, там шукайце і знойдзеце...» Вось... Вось гэтыя словы ён мне і сказаў. І знік.

Вішнявецкая. Тады акурат па ягонай показцы і знайшлі цела пакутніка...

Пракоп. Так, вельмішаноўная княгіня. Менавіта ў тым месцы і знайшлі. Дзе ён указаў. Радасці тады было... Ды што я кажу – княгіня і сама памятае. Тады разам з князем таксама ўшанавалі памяць пакутніка. Няхай вам Бог аддасць за вашае дабро! (Кланяецца.)

Вішнявецкая (у роздуме). А скажы ты мне, Пракоп, як выглядаў ён, Андрэй Баболя, калі з’явіўся табе?

Пракоп. Ці ж я там гэтак ужо пільна ўглядаўся? Ведаю толькі, што гэта быў Баболя. І не ў крыві быў, не знявечаны, якім знайшлі яго пасля катаванняў у Янаўскай разніцы. Ягонае ж цела было знявечана (жагнаецца) – ратуй, Божа! Вочы выкалатыя... нос адсечаны... язык... Скуру з жывога праклятыя вырадкі здзерлі... (Зноў жагнаецца.) Мне з’явіўся звычайным, як і пры жыцці быў.

Вішнявецкая. У чорным?

Пракоп. Вядома. Як і заўсёды яго бачылі.

Вішнявецкая. А скажы мне, Пракоп, шмат людзей прыходзіць цяпер да ягонай труны?

Пракоп. Шмат. Ой, шмат. Калі не ідзеш, а перад падвальным акенцам людзі кленчаць. (Памаўчаў.) Гора шмат у людзей, княгіня. Каму ж аб ім скажаш? Толькі таму, хто і сам ведае, што такое гора. А айцец Баболя дапамагае. Столькі людзі распавядаюць, як ён кагосьці аздаравіў, кагосьці з цяжкай пасцелі падняў... Вось і нашыя айцы езуіты пад ягоную апеку як аддаліся, так і адхлынулі ад іх напасці. Нечуваная рэч – ахоўную грамату расейскі палкоўнік ім выдаў...

Вішнявецкая. Добра. (Памаўчала.) Добра, Пракоп, ідзі. Паслухала цябе – досыць.

Пракоп. Дзякуй, яснавяльможная княгіня! (Кланяецца.) Рады быў паслужыць табе, яснавяльможная княгіня! (Ідзе да дзвярэй, запыняецца, паварочваецца.) Я, княгіня, штодня малюся за князя Вішнявецкага, каб дапамог яму Бог выбавіцца з казацкага палону.

Княгіня нізка схіляе галаву, маўчыць.

Заставайся з Богам, княгіня! (Выходзіць.)

Вішнявецкая (пасля паўзы ціха). Дзякуй, закрыстыян Пракоп. (За сцяной іграе сваю сумную мелодыю скрыпка.) Плача... нямко... Мову разбойнікі аднялі – пажаліцца не можа, а ўсё адно плача... (Прыслухоўваецца.) Можа, і дай ёй Бог талент. (Уздыхае.) Талент даў, а на долю... забыўся?.. (Спахопліваецца.) Ды што гэта я? Што мне гэтае чужое дзяўчо? Хапае свайго гора... Во часы насталі: ні чэрні, ні князям, ні ксяндзам – нікому спакойнага месца няма на гэтай зямлі.

Уваходзіць Аліцыя, запыняецца, таксама слухае скрыпку.

Аліцыя. Прыгожа грае...

Вішнявецкая. Прыгожа.

Аліцыя. Я распарадзілася, каб яе яшчэ патрымалі ў нас.

Вішнявецкая (думае аб сваім, няўважліва). А навошта? Пакаёўку яшчэ адну хочаш? Ды якая з яе, нямой, служанка будзе?

Аліцыя. Пабачым.

Вішнявецкая. Глядзі... Толькі я ведаю, што ўсіх не абагрэеш. Сірот цяпер на свеце...

Аліцыя (ціха). Але ж, мама... Тое, што «аднаму з Маіх меншых учынілі – Мне ўчынілі». Айцец Рамуальд заўсёды аб гэтым нагадвае... І айцец Валенты...

Вішнявецкая (паспешліва). Так, сапраўды. Няхай. Няхай пажыве нямко...

Змаўкаюць. Слухаюць скрыпку...

 
КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Перад маленькім вакенцам касцёльнага склепу кленчаць людзі – старыя, малыя, мужчыны, кабеты. Адзін калека ляжыць на сенніку і час ад часу ўскідвае над сабой рукі, жагнаецца. Другі калека, у якога заміж рук пустыя рукавы, час ад часу нізка кланяецца. Чуюцца розныя галасы: «О Езу! Літасці! Змілуйся нада мной!.. Дапамажы майму сыночку! Дапамажы маёй дачушцы! Цярплівы пакутнік Андрэй Баболя! Ратуй нас...» І г. д. Жанчына з дзіцем на руках заціскае далонню рот. Дзіця неспадзявана голасна прамаўляе: «Андлэй Баболя! Латуй нас...» Жанчыны вакол зачынаюць плакаць, але малітваў не спыняюць. Адна з іх на каленках паўзе цераз натоўп да вакенца, прасоўвае ў яго руку: «Памажы ў нашай нядолі, пакутнік Баболя!..»

У суправаджэнні Магды і Зосі з’яўляецца княгіня Вішнявецкая. Яна апранута па-дарожнаму, на галаве – капялюш з вуаллю, на руках – чорныя пальчаткі. Спыняецца. Людзі зачынаюць на яе аглядацца. Магда падыходзіць да вакенца, жагнаецца і кладзе каля яго кветкі. З розных бакоў чуецца шэпт: «Княгіня прыехала! Гляньце, княгіня прыйшла! Сама княгіня Вішнявецкая!..»

Вішнявецкая. Пахвалёны Езус Хрыстус!

З розных бакоў ёй адказваюць: «На векі вечныя. Амэн.» Усталёўваецца ціша.

Вішнявецкая. Да Андрэя Баболі, бачу, прыйшлі?

Голас. Да яго, куды ж яшчэ?

Паўза.

Вішнявецкая. І што ж вас прывяло сюды?

Жанчына (што паўзла на каленях да труны). Якія ў нас павадыры цяпер, княгіня?.. Гора ды бяда... Хворасць... Тут шукаем ратунку.

Мужчына (побач з ёй). У мяне дачка вось ужо тры месяцы, як прапала...

Калека на сенніку. А я во ды ён (паказвае на бязрукага) калецтва ад казакоў атрымалі. Таксама сюды прынеслі...

Галасы. Бяда вакол, княгіня! Гора ды бяда! Мучаемся... Ой, горачка-а-а...

Вішнявецкая. Бяда валадарыць...

Паволі падыходзіць і ўкленчвае перад вакенцам. Людзі адсоўваюцца ад яе, перашэптваюцца, пераглядаюцца і, штурхаючы адзін аднаго, аддаляюцца, калеку на сенніку таксама выносяць. Раптам ужо за сцэнай чуецца голасны жаночы плач-ускрык: «Ой, горачка! Езу! Злітуйся над намі!» Княгіня нізка схіляе галаву, ціха шэпча малітву. Магда з Зосяй таксама адыходзяць. Княгіня адна.

Вішнявецкая (праводзіць далонню па лобе, уздыхае). Пакутнік Андрэй! Ты ведаеш, што такое няволя! Памажы нам у нашай бядзе! Апякуйся палонным князем Вішнявецкім! Ты сам выцерпеў жорсткія пакуты ад рук бязбожных. Ты быў жорстка катаваны непрыяцелямі. Захіні сваёй апекай князя Вішнявецкага, які адважна змагаўся з бязбожнікамі, а цяпер церпіць палон у іхняй цверджы. Пакутнік Андрэй Баболя! Ты маеш ласку ў Бога, бо Ён дапамог табе выцерпець усе нечалавечыя здзекі, якія ўчынілі над табой казакі. Упрасі гэтай ласкі і для князя Вішнявецкага, дапамажы яму выцерпець пакуты і прыніжэнні палону. Пакутнік Баболя! Ты застаўся верны навуцы Хрыстовай і веры нашай каталіцкай ажно да пакутніцкай сваёй смерці. Учыні, каб князь Вішнявецкі не страціў вернасці зямлі нашай і веры святой!

Аціхае і моліцца ціха, засяроджана. Уваходзіць айцец Рамуальд, спыняецца воддаль, чакае.

Вішнявецкая (азіраецца, жагнаецца і падымаецца з каленяў).

Айцец Рамуальд. Пахвалёны Езус Хрыстус, княгіня!

Вішнявецкая. На векі вечныя. Амэн.

Айцец Рамуальд. Вітаю, княгіня.

Вішнявецкая. Я таксама рада бачыць айца Рамуальда.

Айцец Рамуальд. Да Баболі прыйшла памаліцца?

Вішнявецкая. Прыйшла. (Азіраецца вакол.) Тут шмат у вас бывае людзей.

Айцец Рамуальд. Гора ў людзей шмат. Сюды нясуць. Да Баболі.

Паўза.

Вішнявецкая. Я вось толькі думаю, ці гэткай пашаны ён заслугоўвае? (Паказвае на вакенца.) Здаецца мне, цела гэткага пашанотнага пакутніка, заступніка мясцовага люду прад Богам, варта з большым шацункам захоўваць.

Айцец Рамуальд. Мабыць, так, княгіня. Ды сама ведаеш, што ягонае цела доўгі час увогуле было недаступнае людзям.

Вішнявецкая (не вельмі ветліва.) Ведаю. І думаю, не для таго ён з’яўляўся і айцу Гадэбскаму, і вашаму закрыстыяну, каб, знайшоўшы нарэшце святое цела, захоўваць яго ў склепе.

Айцец Рамуальд. Няхай княгіня не забывае, што гэта касцельны склеп. Тут – труны нашых братоў па Закону.

Вішнявецкая. Згодна. Але згадзіся, айцец Рамуальд, што Андрэй Баболя – не просты мніх. Ён адораны незвычайнымі Божымі ласкамі – не мне вам гэта тлумачыць.

Айцец Рамуальд. Ох, княгіня! Будзем неяк маракаваць. Калі будзе на тое воля Божая, можа і перанясем цела айца Андрэя ў асобнае памяшканне.

Вішнявецкая. Будзе-будзе, я чамусьці не сумняваюся ў гэтым. А спатрэбяцца грошы – што ж, я дапамагу.

Айцец Рамуальд (прыкладвае руку да грудзей.) Дзякуй, вельмішаноўная княгіня. Будзем маліцца за Божае для княгіні блаславенне.

Вішнявецкая (змененым голасам.) Папрасіце ў Пана Бога блаславення для князя Вішнявецкага.

Айцец Рамуальд. Памятаю, княгіня, аб горы вашай сям’і, прашу ў Бога літасці для ўсіх вас і веру, глыбока веру, што не пакіне вас Бог без сваёй апекі, як не пакідаў дагэтуль. Не губляй надзеі, княгіня! (Княгіня Вішнявецкая нізка апускае галаву, маўчыць.) Вельмі добра, што звярнулася княгіня па дапамогу да пакутніка Андрэя.

Вішнявецкая (ціха.) Гэта ён мяне паклікаў. Сам Андрэй Баболя паклікаў мяне. І я прыйшла. (Гучней і больш упэўнена.) Не магла я не прыйсці. І вось што, айцец Рамуальд, я вырашыла...

Айцец Рамуальд. Слухаю, шаноўная княгіня.

Вішнявецкая. Абяцаю для ўшанавання цела нашага пакутніка прыслаць дарунак – прыгожае покрывае для ягонай труны і арнат. Усё гэта я пашыю сваімі рукамі.

Айцец Рамуальд. Сваімі?! Княгіня сама будзе шыць? Хіба дзеля гэтага мала слугаў? У нашых ваколіцах колькі заўгодна майстрых. Калі б княгіня ахвяравала грошы, тканіну, патрэбныя ніткі – усё зрабілі б як найлепей.

Вішнявецкая (цвёрда.) Не, айцец Рамуальд. Я так вырашыла і не змяню свайго намеру – сама буду шыць. (Усміхаецца.) Альбо айцец Рамуальд сумняваецца ў маіх здольнасцях?

Айцец Рамуальд. О, княгіня!.. Аніколькі не сумняваюся, што арнат, зроблены рукамі княгіні, будзе найпрыгажэйшы. І то праўда: заслугоўвае айцец Андрэй Баболя прыгожага ўшанавання. Не думаю, што пасля гэткага ахвярнага дарунку, ён не спрычыніцца да таго, каб лёс князя Вішнявецкага павярнуўся на лепшы кірунак.

Вішнявецкая (ціха). Спадзяюся на гэта, айцец Рамуальд.

Паварочваецца, зноў падыходзіць да вакенца, кленчыць...

 
КАРЦІНА ПЯТАЯ

Пакой княгіні Вішнявецкай. Усё гэтак жа гараць свечкі прад абразамі. Княгіня сядзіць у тым самым фатэлі і вышывае па чорнай тканіне. Воддаль, на нізенькім зэдліку сядзіць дзяўчынка-нямно і грае на скрыпцы сумную мелодыю. Уваходзіць Аліцыя.

Аліцыя (падыходзіць да маці, цалуе яе ў скронь). Няхай будзе праслаўлены Пан Бог за тое, што падарыў нам спакойную мінулую ноч.

Вішнявецкая. На векі, Аліцыя...

Аліцыя. А мама ўсё працуе і працуе... Ну, калі не хочаш, каб дапамаглі вышывальшчыцы, то хоць бы мне дазволіла – я ж таксама іголку з ніткай умею ў руках трымаць.

Вішнявецкая (упарта). Гэта мая ахвяра, я яе і выканаць павінна. Ты ж... таксама выконваеш сваю ахвяру...

Аліцыя. Ах, мама!

Вішнявецкая. Што? Ці ты думаеш, я не разумею, як нялёгка табе выканаць тваю ахвяру? Ведаю, як баліць тваё сэрцайка ад суму без спатканняў з княжычам Уладыславам. Але ты пастанавіла не сустракацца са сваім каханым ажно да таго часу, пакуль не вызваліцца твой бацька. Дзякуй табе за гэта, дачушка. Бог убачыць тваю ахвяру – не сумняваюся.

Аліцыя. Спадзяюся. Ды і хіба магло быць іначай?

Вішнявецкая. Не магло. Вось таму і мне не перашкаджай рабіць тое, што задумала. (Узіраецца на дачку.) Ці ты сумняваешся, што я добра зраблю?

Аліцыя (абдымае маці за плечы). Ну, што ты, мама! Веру, што зробіш усё вельмі прыгожа, ды толькі... Шкада мне цябе – стамляешся. Праца ж гэта такая марудная, тонкая...

Вішнявецкая. Таму і раблю сама, што яна не з лёгкіх. Хіба ахвяра можа быць лёгкаю? Трэба ж мне хоць неяк раздзяліць мужавы цярпенні... (Задумалася, потым ачулася.) Ты вось, дачка, лепш у чым мне дапамажы: запрасі да нас правінцыяла езуітаў. Да мяне ўчора закрыстыян Пракоп прыбягаў, кажа, што ў Пінскі калегіум прыехаў з візітацыяй іхні правінцыял Крыштаф Ласецкі. Хачу мець з ім спатканне.

Аліцыя. Мама ўсё спадзяецца дамагчыся, каб цела пакутніка Баболі перанеслі ў асобнае памяшканне?

Вішнявецкая. Не трачу надзеі. Ды яны і самі не адмаўляюць, што трэба гэта зрабіць, але адначасна і марудзяць невядома чаго. Хачу пагутарыць з іхнім правінцыялам. Яго пераканаю, каб паспяшаліся з гэтым.

Аліцыя. Добра, я зараз жа пашлю пасыльнага. (Ідзе да дзвярэй. Княгіня Вішнявецкая ёй наўздагон.)

Вішнявецкая. Пачакай.

Аліцыя затрымліваецца.

Вішнявецкая. З Глухава... ніякіх вестак... няма?

Аліцыя. Не, мама... Няма.

Вішнявецкая (рэзка). Добра. Ідзі і не марудзь з запрашэннем правінцыяла.

Аліцыя выходзіць.

Вішнявецкая (да дзяўчынкі, якая ціхенька сядзіць, паклаўшы скрыпку на прыпол). Пайграла... Ідзі пакуль што...

Дзяўчынка выходзіць. Княгіня адкладвае шытво, падымаецца, ідзе да абразоў і паволі апускаецца на калені.

Вішнявецкая. Езус! Марыя! Ужо мінуў год, як я прашу ў вас аднаго – літасці над лёсам князя Вішнявецкага. Цэлы год ужо князь у казацкім палоне! Ён, такі вольналюбівы, незалежны, горды, ён – у палоне! Цэлы год!.. (Нізка схіляе галаву, моліцца, потым ускідвае галаву, працягвае рукі да абразоў.) Езус! Марыя! Калі я дрэнна прашу, калі не ўмею прасіць вас – даруйце! Але тады... тады... паслухайце просьбаў за лёс князя ад пакутніка Андрэя Баболі! Веру, пераканана, ён таксама просіць вас злітавацца над лёсам князя Вішнявецкага. Паслухайце просьбаў таго, каго жорстка мучылі, катавалі, з каго скуру здзіралі, а ён не адмовіўся ад веры нашай праўдзівай каталіцкай! Ён цярпеў і быў забіты ворагамі гэтай зямлі. Але ж за гэтую зямлю змагаўся і князь Вішнявецкі. (Нейкі час зноў ціха моліцца. Потым цвёрда і адначасна пакорліва.) Няхай станецца воля Божая! (Закрывае твар далонямі, ейныя плечы ўздрыгваюць.)

Уваходзіць Магда, нейкі час стаіць пры дзвярах, потым ціха кліча.

Магда. Княгіня!

У адказ – маўчанне. Княгіня выцірае вочы.

Магда (гучней). Княгіня! Прыехаў нейкі езуіт разам з князёўнай Аліцыяй, размаўляюць у двары. Я падумала...

Вішнявецкая (порстка падымаецца). Кліч іх сюды!

Магда вырушыла да дзвярэй, але ёй насустрач ужо ідуць Аліцыя з правінцыялам езуітаў Ласецкім.

Ласецкі. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вішнявецкая. На векі вечныя. Амэн. (Ідзе яму насустрач, працягвае абедзве рукі, затым неспадзявана схіляецца і цалуе руку езуіта.)

Ласецкі (уражана). Навошта?.. Княгіня!..

Вішнявецкая (сама, відаць, не чакала ад сябе гэткага ўчынку – таму злёгку сумелася). Вы так хутка прыехалі... Я не чакала так хутка...

Аліцыя. Сёння адбылося незвычайнае супадзенне жаданняў: правінцыял сам збіраўся нанесці нам візіт.

Ласецкі. Сапраўды. Мы толькі сёння размаўлялі з братам Рамуальдам, і ён распавёў мне аб ахвяры, якую шаноўная княгіня збіраецца скласці дзеля ўшанавання памяці нашага брата пакутніка Баболі. (Прыкладвае рукі да грудзей.) Прымі самыя шчырыя словы падзякі, княгіня.

Вішнявецкая (здушаным голасам). Не падзякі чакаю, шаноўны айцец Крыштаф. Напэўна ж, айцец ведае, чаго я чакаю...

Ласецкі. Так, княгіня. Мне вядомае ваша няшчасце. (Паўза.) Але, княгіня, я тут скажу, бадай, тое ж, што і айцец Рамуальд. Згадзіся з воляю Божай, княгіня.

Вішнявецкая (патухлым голасам). Гэта праўда, увесь час я чую ад айца Рамуальда тое ж самае. Але, айцец Крыштаф (зазірае яму ў вочы), хіба згадзіцца з воляю Божай – гэта перастаць чакаць, страціць надзею?!

Ласецкі. Я гэтага не сказаў, княгіня.

Вішнявецкая. Мне здалося...

Ласецкі. Што, княгіня?

Вішнявецкая. Я падумала, што і айцец Рамуальд, і шаноўны айцец Крыштаф раяць мне змірыцца з палонам князя Вішнявецкага.

Ласецкі. Не з палонам, княгіня, але з воляю Божай.

Аліцыя (раптоўна ўсклікае). Але Бог чамусьці дапусціў, каб князь Вішнявецкі трапіў у гэты нялюдскі палон! Чаму, ойча? Чаму Бог дапусціў гэта? Ужо год! Цэлы год! (Апалым голасам.) Цэлы год тата ў палоне, і цэлы год я пытаюся ў Пана Бога...

Вішнявецкая (выпрасталася, сурова). Аліцыя, пакінь, калі ласка, нас з айцом Крыштафам на адзіноце.

Аліцыя (ціха). Добра... мама... (Выходзіць.)

Ласецкі (глядзіць ёй услед). Маладосць...

Вішнявецкая. Няхай айцец Крыштаф даруе маёй дачцэ. Змучылася і яна...

Ласецкі. Разумею. Тое выпрабаванне, якое Пан Бог дапусціў для вашай сям’і, вельмі цяжкае. І мы молімся за вас. За тое, каб вы не страцілі мужнасці і каб заўсёды памяталі аб веры, надзеі, любові. У часе выпрабаванняў сэрцам вельмі лёгка можа апанаваць паняверка. (Памаўчаўшы.) Ды княгіня, бачу, абрала правільны шлях: зварот да апекі пакутніка Баболі сведчыць аб гэтым. Але вельмі важна памятаць і тое, каб чалавек не толькі быў прасіцелем прад Найвышэйшым альбо толькі задаваў Яму пытанні ды прэтэнзіі...

Вішнявецкая (перапыняе). Няхай мне Пан Бог даруе доччыны бясконцыя пытанні, якімі яна турбуе Яго ўвесь гэты год.

Ласецкі. Упэўнены: Ён даруе ёй гэта, бо цудоўна разумее адчай князёўны.

Вішнявецкая (нібы апраўдваючы дачку). Яна моліцца, шмат моліцца.

Ласецкі. Вельмі добра. Бо толькі малітва, чыстая, шчырая малітва здольная прынесці ў душу сапраўдны, а не падманны спакой. Упэўнены: вы з князёўнай заслужыце ўрэшце дзякаваць Богу за ўсё, што спатыкае нас у жыцці...

Вішнявецкая (зноў перапыняе). За ўсё?

Ласецкі (спакойна). За ўсё, княгіня. (Глядзіць ёй проста ў вочы.) За ўсё. Без выключэння.

Вішнявецкая (апускае галаву). Гэта... так цяжка... Часам здаецца, гэта (круціць галавой, горка) не-маг-чы-ма!

Ласецкі. Цяжка – з гэтым згодны. Асабліва ў часе выпрабаванняў, калі ўся нашая істота паддаецца на бунт, нязгоду з тым, што адбываецца. Але, што немагчыма?.. Не, княгіня, гэта магчыма.

Вішнявецкая. Няхай мне айцец Крыштаф даруе.

Ласецкі (працягвае). Падумай, княгіня: калі б не палон князя Вішнявецкага, можа б, душа княгіні ў гэты час спала цяжкім, раўнадушным сном. Ці была б у яе тады ахвота адгукацца на чужое гора-бяду? Можа б тады ніколі па-сапраўднаму і не зацікавіў княгіню лёс пакутніка Баболі, і што самае галоўнае, можа б ніколі княгіня па-сапраўднаму і не паверыла ў ягоную святасць. А князь Вішнявецкі... Княгіня! Гэты год не пройдзе для яго надарэмна! Адкрытае сутыкненне з нялюдскасцю – хіба можа прайсці для душы хрысціяніна надарэмна? Веру: душа князя нашмат папрыгажэла за гэты год. (Падыходзіць да партрэта князя Вішнявецкага, узіраецца ў яго.) Не можа быць іначай, княгіня! Таму: верце, усёй душой, кожным яе закутком верце ў Божую міласэрнасць. Вера ваша ўратуе вас. Менавіта вера, а не што іншае мае гэткую здольнасць – ратаваць чалавека, што б з ім ні здарылася. Таму: вера, вера і... вера, малітва, малітва і... малітва.

Вішнявецкая. Дзякуй, ойча... (Голас яе задрыжэў.) Усіх вас мне паслаў Бог у гэтыя дні: айца Рамуальда, закрыстыяна Пракопа, Аліцыю з яе ахвярнасцю, Магду, Зосю, нямую дзяўчынку з яе скрыпкаю, таго жабрака, што спаткала ля труны пакутніка Баболі, таго калеку, тую жанчыну... і... майго шаноўнага госця (усміхаецца Ласецкаму).

Ласецкі (з роздумам). Ніхто не ведае шляхоў Божых, задум Ягоных. Ніхто з нас не можа ведаць, якія ў Бога планы адносна кожнага з нас... (Схамянуўся.) Але Ён выслухае і пачуе малітвы тых, што ў цярпенні. Дык не губляй мужнасці, княгіня, і памятай: Бог за ўсё ўзнагародзіць. За кожны добры ўчынак, кожны зрух душы, кожную спагаду да бліжняга. (Усміхаецца.) Таму шаноўная княгіня, несумненна, атрымае сваю заплату.

Вішнявецкая (схіляе галаву). Дзякуй. (Сядае ў крэсла і жэстам запрашае госця таксама сесці.) Хачу пагаварыць з шаноўным правінцыялам аб адной важнай справе.

Ласецкі (сядае). Слухаю, княгіня.

Вішнявецкая (памаўчаўшы). Айцец Крыштаф ведае: я звярнулася да заступніцтва пакутніка Андрэя Баболі, шыю арнат для ягонага цела, прыгожыя покрывы на труну...

Ласецкі з удзячнасцю схіляе галаву.

Але мяне непакоіць, што труна з целам пакутніка ўсё яшчэ знаходзіцца ў склепе, сярод іншых трунаў. Упэўнена: ён заслугоўвае большай пашаны. Я некалькі разоў мела размову з шаноўнымі айцамі, але яны чамусьці марудзяць...

Ласецкі. Мне распавядаў аб гэтым айцец Рамуальд.

Вішнявецкая. І што на гэта шаноўны правінцыял?

Ласецкі. Думаецца, княгіня мае слушнасць: з гэтым трэба паспяшацца.

Вішнявецкая. Вельмі прашу. Можа шаноўнаму айцу Крыштафу здасца дзіўнаю гэтая мая настойлівасць, але я лічу... я пераканана, што так будзе лепей. Мы павінны ўрэшце навучыцца шанаваць нашых вялікіх людзей! А айцец Баболя вельмі шмат зрабіў для гэтай зямлі пры жыцці, шмат робіць дзеля яе і цяпер, адышоўшы на неба, шмат (схіляе галаву) яшчэ зробіць...

Ласецкі. Цалкам згодны з княгіняй. Думаю, мы неадкладна перанясем труну з ягоным святым целам у больш прыдатнае месца.

Вішнявецкая. Вельмі спадзяюся на гэта.

Ласецкі. Княгіня дазволіць мне развітацца?

Вішнявецкая (набліжаецца да госця, зазірае яму ў твар). Шчыра дзякую за ўсё, што пачула сёння ад айца Крыштафа.

Ласецкі. Падзякуйце Пану Богу, княгіня, за Яго апеку над нашым ордэнам. Цярністым шляхам ідзе наш ордэн, шмат цяжкіх стратаў нясе на сваім шляху дзеля хвалы Пана нашага Езуса Хрыста, але іншага шляху мы сабе і не зычым. За ўсё дзякуем Богу! Дык няхай і шаноўная княгіня таксама падзякуе Яму за гэта. (Схіляе галаву, прыкладвае руку да грудзей.) Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вішнявецкая. На векі вечныя. Амэн.

Ласецкі выходзіць. Княгіня падымаецца, набліжаецца да партрэта князя Вішнявецкага, углядаецца ў яго, затым паварочваецца і паволі ідзе да абразоў, апускаецца на калені.

 
КАРЦІНА ШОСТАЯ

Пакой княгіні Вішнявецкай. Княгіня шые. Перад абразамі, як і раней, гараць свечкі. Шпарка ўваходзіць Зося.

Зося. Ганец з Глухава, княгіня!

Вішнявецкая (коле палец, ускрыквае, адкладвае ўбок шытво). Хутчэй кліч сюды! (Падымаецца і застывае на месцы.)

Зося выбягае. Княгіня стаіць, заціснуўшы палец, глядзіць на дзверы. Шпарка ўваходзіць ганец, за ягонай спіной паказваецца Зося, але тут жа знікае.

Ганец. Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!

Вішнявецкая (углядаецца на яго, злёгку разгублена адказвае). На векі...

Ганец. З Глухава я. Ад пана Шклярскага.

Вішнявецкая. Чым... ты гэта... пацвердзіш?

Ганец (жагнаецца, схіляе галаву, складае накрыж рукі на грудзях). Служу Богу і Айчыне, княгіня!.. Гэтак жа, як і пан Шклярскі... Як і князь Вішнявецкі.

Паўза.

Вішнявецкая. Веру. Ягоны гэта знак. Дык што? З чым ты прыехаў?

Ганец. Пан Шклярскі загадаў перадаць, што князь Вішнявецкі жывы і здаровы. На ранейшым месцы. (Княгіня апускае галаву.) У цверджы. Шляхціцу Кулешу ўдалося падкупіць казака і перадаць князю, каб рыхтаваўся да ўцёкаў...

Вішнявецкая (хутка). І што князь?

Ганец. Адмовіўся. Вельмі ўжо суровая да яго прыстаўлена варта.

Княгіня ў знямозе апускаецца ў фатэль.

Вішнявецкая. Суровая варта...

Ганец. Але пан Шклярскі не траціць надзеі. Ён так і загадаў перадаць: набярыся цярплівасці, княгіня...

Вішнявецкая. Цярплівасці... Так... вядома...

Паўза.

Ганец. Мацуйся, княгіня. На жаль, у нас страты... Мы страцілі адданага вашай мосьці чалавека...

Вішнявецкая (паволі ўздымае галаву). Каго?

Ганец. Шляхціца Кулешу. (Княгіня закрывае далонню рот, душачы ўскрык.) Казакі даведаліся, што з дапамогай аднаго з іх Кулеша трымаў сувязь з князем...

Вішнявецкая. Што... з ім?

Ганец. Павешаны. На адным дрэве з тым казакам, якога яму ўдалося падкупіць.

Вішнявецкая. Езус! Марыя! (Закрывае твар далонямі, маўчыць нейкі час, потым здушана вымаўляе.) Вечны яму спакой. Гэта сапраўды быў адданы чалавек.

Паўза.

Ганец. Няхай княгіня не сумняваецца – ёсць шмат людзей, адданых княгіне і князю... (Княгіня маўчыць.) Пан Шклярскі загадаў перадаць, што ён, нягледзячы на гібель шляхціца Кулешы, трымае сувязь з князем Вішнявецкім. (Княгіня маўчыць.) Дык што загадаеце перадаць князю?

Вішнявецкая (ачулася). Князю? Так... Зараз... Зараз я напішу да князя.

Ганец. Не, княгіня. Пан Шклярскі прасіў перадаваць на словах. Надта ж неспакойна на шляхах, княгіня. Раптам што... Лепш на словах...

Вішнявецкая. Сапраўды. (Думае.) Перадай князю Вішнявецкаму, што княгіня чакае яго. (Узмацняе голас.) Чакае і моліцца за ягонае вяртанне. А яшчэ перадай, каб маліўся ён да пакутніка Андрэя Баболі, у яго каб прасіў заступніцтва. Глядзі, не забудзь – гэта вельмі важна. (Прамаўляе з націскам на кожнае слова.) Няхай моліцца да Андрэя Баболі. Яшчэ скажы, што мне быў знак: яму дапаможа Андрэй Баболя. (Ганец ківае галавой.) Добра ўсё запамятай. (З раптоўным недаверам.) Сам ты хоць ведаеш, хто такі Андрэй Баболя? Не награшыш недаверам да ўсяго, што табе сказана?

Ганец. Будзь спакойнаю, княгіня. Я ведаю, хто такі Андрэй Баболя. Шмат разоў чуў пра яго ад сваёй бабулі. Яна ведала пакутніка, не раз спавядалася ў яго, чула ягоныя казанні, бачыла, як паўз ейную хату цягнулі казакі яго, прывязанага да коней. Смерць ягоную бачыла, стол той цалавала, на якім мучылі пакутніка і які прапітаўся ягонай крывёй. Я сам бачыў той стол і таксама маліўся ў той разьніцы разам з бабуляй.

Княгіня Вішнявецкая нейкі час пільна ўглядаецца ў ганца, нарэшце паволі прамаўляе.

Вішнявецкая. Добра. Дзякуй табе.

Ганец (сумеўся). Ды што ж я? Пры чым тут я?

Вішнявецкая. За тое дзякуй, што верна служыш князю. Што не з баязліўцаў. Што веры нашай трымаешся...

Ганец. Ды што ж... Хіба ж магчыма... не трымацца... Што ж тады?..

Вішнявецкая. Добра. Хвалю. (Гукае). Зося! (Убягае Зося). Накармі ганца, адвядзі на спачын, каб выспаўся добра перад дарогай.

Ганец. Дзякуй, княгіня. (Кланяецца.)

Разам з Зосяй выходзіць. Княгіня ідзе да абразоў, кленчыць, моліцца. Потым нечакана размашыста жагнаецца, падымаецца з каленяў, падыходзіць да дзвярэй і звоніць у званок. Убягае Магда.

Магда. Што, княгіня?

Вішнявецкая. Загадай запрэгчы коней. Еду ў касцёл! Да пакутніка Баболі еду!

Магда. Але Зося нясе ўжо абед.

У дзвярах з’яўляецца Зося з падносам перад сабой.

Вішнявецкая. Потым! Паспеецца з абедам. Еду ў касцёл.

Зося ставіць паднос на стол, бяжыць да шафы, падае капялюшык з вуаллю, дарожную накідку. Княгіня апранаецца і шпарка выходзіць. Зося з Магдай глядзяць ёй услед, жагнаюцца.

 
КАРЦІНА СЁМАЯ

Пусты пакой. У куце на ўзвышэнні стаіць труна, засланая шырокім покрывам. Перад ёй на кленчніку моліцца княгіня Вішнявецкая. Воддаль стаіць вялікі крыж, ля якога гараць свечкі. Княгіня апранутая па-восеньску: у паліто, капелюшы.

Вішнявецкая. Езус, Які ўсё можаш, змілуйся над князем Вішнявецкім! Святая Марыя, заступніца наша прад Найвышэйшым, акрый сваім плашчом князя! Святыя заступнікі, маліцеся і выпрасіце ў Бога ласку вызвалення для князя Вішнявецкага. Пакутнік за веру Хрыстову Андрэй Баболя, заступіўся за князя Вішнявецкага. (Жагнаецца.) Пакутнік Андрэй Баболя, ты бачыш, я ўжо не гадзіны, дні прастойваю з модламі да цябе. Ты клікаў мяне прыйсці да цябе... Я прыйшла. Туды, у склеп... Цяпер вось сюды... Я ўжо не магу не прыходзіць – ты гэта ведаеш. І ведаеш, як вечарамі ды начамі я працую, вышываючы арнат для твайго пакутніцкага цела. Я зраблю ўсё, каб людзі шанавалі цябе, каб ведалі свайго заступніка прад Богам. Што я яшчэ магу? (Паўза.) Натхні мяне – і я ўсё зраблю. Часам здаецца, што мне гэтак шмат пад сілу!.. Я чую, чую тваю апеку, тваю падтрымку. Толькі аднаму я яшчэ не навучылася, пакутнік Андрэй: шчыра дзякаваць Богу за ўсё... за ўсе выпрабаванні... (Уздыхае.) Навучы мяне гэтаму, святы пакутнік Андрэй! Словамі я дзякую Богу – ты гэта ведаеш. Сэрцам вось... не магу. (Усклікае.) Натхні мяне! Каб сумела я сэрцам дзякаваць Богу за ўсе мае пакуты, цярпенні, за ўсё, што церпіць князь... Натхні мяне! (Працягвае рукі да труны, потым рукі ападаюць уздоўж цела.) Навучы...

У дзвярах з’яўляюцца Аліцыя і айцец Рамуальд. Ціха размаўляюць паміж сабой.

Аліцыя. Баюся, айцец Рамуальд...

Айцец Рамуальд. Не трэба баяцца. Чалавек жыве ў Богу. Не трэба гэтага баяцца. Дзякаваць трэба за гэта Пану Богу!

Аліцыя. Але яна нічога-нічога не заўважае вакол сябе. Мне часам здаецца, яна забывае, што ёсць на свеце я, ейныя родныя. Яна нічога не заўважае з таго, што не тычыцца таты і пакутніка Андрэя Баболі. Я некалькі разоў чула, як яна гаворыць да пакутніка Андрэя так, нібыта размаўляе з ім. (Паўза.) Разумееце, яна так размаўляе, нібы ён ёсць побач з ёй! Учора сядзіць за шытвом і гучна так кажа: «Табе павінна спадабацца мая праца, пакутнік Андрэй!» Потым памаўчала крыху і дадала: «Мне нялёгка – гэта праўда, але ж ты бачыш і тое, што нічога не свеце я не рабіла з такой любоўю, як гэты арнат». Яна гэта так прамовіла, айцец Рамуальд... (Усхліпвае.) Мне страшна, айцец Рамуальд.

Айцец Рамуальд. Не трэба баяцца. Цешыцца трэба – чалавек жыве ў Богу.

Аліцыя. Але яна нічога не хоча ведаць, апрача гэтага арнату і малітвы пры дамавіне! Усё сваё жыццё цяпер яна падзяліла на шытво і малітву! (Усклікае.) Разумееце, айцец Рамуальд?

Княгіня Вішнявецкая азіраецца на доччын голас, незадаволена хмурыць бровы.

Вішнявецкая. Што, Аліцыя?

Аліцыя, а следам за ёй айцец Рамуальд падыходзяць бліжэй.

Аліцыя. Я прыехала...

Вішнявецкая (незадаволена перапыняе). Я спадзяюся, ты прыехала, каб памаліцца тут?

Аліцыя (уздыхае, глядзіць на айца Рамуальда). Так... мама... (Становіцца на калені. Княгіня і айцец Рамуальд адыходзяць да дзвярэй.)

Айцец Рамуальд. Княгіня такая суровая з дачкой...

Вішнявецкая (паварочваецца, спыняецца. Айцец Рамуальд разводзіць рукамі.) Можа і так... Я... пастараюся... быць лагоднейшаю... Сапраўды... Мяне не стае на лагоднасць... Сапраўды... Дарэчы, сёння ўначы я якраз думала аб гэтым... Думала сказаць тое на споведзі, але калі айцец Рамуальд ужо загаварыў аб гэтым. Я разумею, што я нядобрая, нячулая да сваіх блізкіх...

Айцец Рамуальд (прыкладвае руку да грудзей). Ну, гэта ўжо залішне. Я не казаў гэтага. І княгіня, тым больш, зусім не чэрствая... Наадварот, мне нядаўна распавядалі, колькі княгіня ахвяравала галодным, колькі жабракоў знайшло ад вас міласціну.

Вішнявецкая (перапыняе). Але зразумейце... Я сапраўды чэрствая. Гэта цяжка вытлумачыць, але я ўжо з цяжкасцю магу маліцца, калі побач са мною хтосьці стаіць на каленях, нават Аліцыя. Тады вусны шэпчуць малітву, а сэрца маўчыць. Бачу гэта, разумею, што нядобра, але нічога не магу з сабою зрабіць.

Айцец Рамуальд. Не бойся, княгіня, гэтага. Бо гэта не чэрствасць і не самалюбства. Княгіня вельмі глыбока цяпер з’яднаная з Богам. І таму няма жадання растрачваць гэтую еднасць, губляць хаця б кроплю яе. Больш таго...

Вішнявецкая. Што хацеў сказаць айцец?

Айцец Рамуальд (трэ пальцамі скроню). Скажу я, княгіня, напэўна, незвычайную рэч. Парадаксальную. Можа, нават яна здасца дзікай...

Вішнявецкая (наструнена). Што, айцец?

Айцец Рамуальд (паволі). Хто ведае, можа калі-небудзь княгіня Вішнявецкая будзе ўспамінаць гэты час, які яна цяпер перажывае ў горкіх слязах і модлах... як самы шчаслівы час у ейным жыцці...

Вішнявецкая (уражана). Айцец Рамуальд?!

Айцец Рамуальд (працягвае сваю думку). Бо хіба не найвышэйшае шчасце для чалавека – ягоная лучнасць з Богам? Княгіня жыве цяпер у Богу. А гэта вялікая ласка. І той вынік шчаслівы, калі чалавек не растрачвае гэтую ласку, а карыстае з яе напоўніцу... Таму глыбока ў сэрцы беражы, княгіня, гэтыя шчаслівыя хвіліны, гадзіны, месяцы... Няшмат каму дадзена жыць гэтак доўга, пагружаным у Богу.

Вішнявецкая. Айцец Рамуалью! (Уражаная, змаўкае.)

Айцец Рамуальд. Павер мне, княгіня, надыдзе час, і ты будзеш шчыра дзякаваць Богу за пасланыя табе выпрабаванні. Бо менавіта яны дапамаглі быць гэтак блізка Бога! Павер, княгіня, настане гэткі час!

Вішнявецкая. Я не ведаю, што сказаць на ўсё гэта, айцец Рамуальд!

 
КАРЦІНА ВОСЬМАЯ

Пакой, у якім стаіць труна з целам Андрэя Баболі. Брат Вінцэнты падмятае падлогу, ставіць у вялізны збан галінкі сасны і гронкі рабіны. Уваходзяць айцец Рамуальд і правінцыял Ласецкі.

Брат Вінцэнты. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Ласецкі і айцец Рамуальд адказваюць.

Айцец Рамуальд. Скажы, брат Вінцэнты, не было сёння яшчэ княгіні Вішнявецкай?

Брат Вінцэнты. Не, яшчэ не прыязджала. Учора была, але хутка і паехала.

Ласецкі. Стамілася?

Айцец Рамуальд. Ды не. Да яе непадобна. Можа, нездаровіцца. А хутчэй за ўсё, княгіня спяшаецца скончыць вышываць арнат. Бо тры дні таму, калі яна прывезла прыгожыя покрывы на труну (ківае на крэсла побач з труной, на якім ляжыць бліскучая чорная тканіна), то казала, што яшчэ на тыдзень працы.

Ласецкі. Якая працавітасць! І якая мужнасць! Папраўдзе, нячаста гэткае сустрэнеш у нашым жыцці. Якая настойлівасць!.. І якая вера!

Айцец Рамуальд. Ну так. Той, хто раней ведаў княгіню, не пазнаюць яе цяпер. Усё жыццё – малітва і праца над убраннем для пакутніка Баболі. Прызнацца, я думаў, яна ўсё ж адступіцца і перадасць працу вышывальшчыцам. Ды не – настаяла на сваім.

Брат Вінцэнты. Слугі распавядалі, святло ў ейным пакоі іншы раз гарыць праз усю ноч.

Ласецкі. А якая пашана да пакутніка Баболі! Сам бачыў, як яна з добрую гадзіну прастаяла перад касцёлам з нейкай старой сялянкай, якая распавядала ёй аб пакутніку.

Брат Вінцэнты. Гэта Тэкля з Заброддзя. Яна ведала пакутніка, смерць ягоную бачыла.

Ласецкі. Я вось думаю: добра было б нам парупіцца ды сабраць усе звесткі ад людзей, якія ведалі пакутніка альбо ягоную смерць бачылі. Верыцца мне: настане той час, калі справай пакутніка Андрэя зоймецца Апостальская Сталіца. І тады такія сведчанні будуць мець вялікую каштоўнасць. Брат Вінцэнты! Вазьміце на сябе гэты клопат.

Шпаркім крокам у пакой уваходзіць княгіня Вішнявецкая. На выцягнутых руках яна нясе чорны аб’ёмны скрутар.

Вішнявецкая. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Прысутныя адказваюць. Княгіня Вішнявецкая падыходзіць да труны і беражліва кладзе на яе свой скрутак, потым кленчыць і ціха моліцца.

Айцец Рамуальд (ціха Ласецкаму). Ужо скончыла? А казала, працы на тыдзень...

Ласецкі (таксама ціха). Выйдзем, няхай пабудзе адна.

Выходзяць. Княгіня нейкі час моліцца ціха, нізка схіліўшы галаву, потым узнімае яе.

Вішнявецкая. Я выканала сваё абяцанне, пакутнік Андрэй Баболя. Сёння скончана мая праца... Прымі яе... (Паўза.) Паўгода я шыла для цябе арнат і гэтыя покрывы. Ты ведаеш, колькі малітваў за гэты час вырвалася з маіх грудзей, колькі просьбаў... Усе яны звязаныя з надзеяй выратаваць князя Вішнявецкага з казацкага палону. Я паверыла ў твой кліч, у твой голас, Андрэй Баболя! Я... ужо не асмельваюся болей прасіць. (Плечы княгіні ўздрыгваюць.) Дазволь спадзявацца, што выканаеш ты сваё абяцанне. І калі ты гэта толькі ўчыніш – да самай смерці буду маліцца, каб Рым прызнаў цябе святым. Каб зведаў ты, пакутнік Андрэй, хвалу Алтара, каб пакланіліся табе людзі розных краёў і народаў. Для мяне ты ўжо і цяпер святы, але я хачу, каб тваю святасць прызналі ўсе. Я веру ў тваю дапамогу, пакутнік Андрэй! Веру! (Счакаўшы.) Дзякуй табе за ўсё, пакутнік Андрэй! (Нейкі час яшчэ стаіць, нізка схіліўшы галаву, потым жагнаецца і падымаецца з каленяў.)

Уваходзяць айцец Рамуальд і правінцыял Ласецкі.

Айцец Рамуальд. Вітаю, княгіня Вішнявецкая!

Вішнявецкая (азіраецца, слаба ўсміхаецца ім абодвум). Прынесла абяцаны дар – арнат для пакутніка Баболі.

Айцец Рамуальд і правінцыял разгортваюць скрутак, які прынесла княгіня.

Айцец Рамуальд (з захапленнем). Княгіня!

Паўза.

Вішнявецкая (усміхаецца). Я старалася...

Ласецкі (разглядае арнат). Якая тонкая работа! Княгіня мае напраўду залатыя рукі! (Памаўчаўшы.) І... залатое сэрца... (Глядзіць на княгіню.) Напраўду, я не чакаў...

Айцец Рамуальд. Якое сёння чысло?

Вішнявецкая. 13-га снежня.

Айцец Рамуальд. 13-га снежня 1710 года... У гэты дзень наш годны айцец Баболя атрымаў вельмі дарагі падарунак. (Прыкладвае руку да грудзей.) Дзякуй, княгіня.

Княгіня схіляе галаву.

Ласецкі. Айцец Рамуальд, скажыце брату Вінцэнтаму, каб запісаў гэты дзень і гэты дарунак у хроніку жыцця і дзеяў кляштару.

Вішнявецкая. Дзякуй. (Айцу Рамуальду.) Бачыш, айцец Рамуальд, я шмат ужо кажу слоў падзякі. (Слаба ўсміхаецца.)

Айцец Рамуальд. Думаю, ужо вельмі хутка настане той час, калі з вуснаў княгіні Вішнявецкай будуць вылятаць толькі малітвы падзякі.

Вішнявецкая. Дай Бог! Але ў мяне яшчэ так шмат просьбаў да Пана Бога (усміхаецца): і аб прызнанні святасці пакутніка Андрэя, і аб апецы над ордэнам езуітаў, які гэтак шмат церпіць...

Ласецкі. Дзякуй, княгіня. Маліся! Думаю, малітвы княгіні Вішнявецкай гэтак жа прыемныя Пану Богу, як і гэты арнат – пакутніку Андрэю.

Вішнявецкая (апускае галаву). Вельмі радая, што вам спадабалася мая праца. Але... шаноўныя айцы, вельмі вас прашу: адзеньце гэты арнат сёння ж на пакутніка Андрэя...

Ласецкі. Сёння?! Княгіня... Гэта можна зрабіць і заўтра, і паслязаўтра... Галоўнае, што княгіня выканала сваё абяцанне.

Вішнявецкая. Прашу вас...

Айцец Рамуальд. Я думаю, мы зробім гэта сёння.

Ласецкі. Ну... добра... Скажыце братам, каб увечары пасля малітвы гэта зрабілі. Збярэмся ўсе сюды...

Вішнявецкая (паспешліва). Дзякуй, шаноўны правінцыял! Дзякуй! (Да айца Рамуальда.) Вельмі хачу быць сёння ў споведзі, айцец Рамуальд.

Айцец Рамуальд. Калі ласка, княгіня... Пройдзем у касцёл. (Ідзе да выхаду, за ім – княгіня.)

Ласецкі (адзін). Якая мужнасць! І якое... сэрца!..

 
КАРЦІНА ДЗЕВЯТАЯ

Вязніца, у якой утрымліваецца князь Вішнявецкі. Маленькі пакойчык, у якім – ложак, маленькі стол, пры ім – стоўчык. У сцяне закратаванае вакно. Князь Вішнявецкі сядзіць на ложку, адкінуўшыся да сцяны, – думае.

Вішнявецкі. Ну, нават калі мне ўдасца спусціцца з вакна на вяроўцы, якую мне сёння прынясуць... Ці ўдасца мне тады... на зямлі... Толькі б мой Віхор чакаў мяне! Ды што я пра яго? Мой жарабок надзейны – гаспадара за год, напэўна ж, не забыўся... (Абхоплівае галаву рукамі.) Рызыка... Якая шалёная рызыка!.. Але і ў гэтых чатырох сценах я больш ужо не магу! Год і тры месяцы! О няволя! Якая ж ты ненавісная майму сэрцу! Ад самага першага дня і да сённяшняга!.. (Думае.) Я магу, вядома, і не рызыкаваць. Магу, вядома, зноў адмовіцца ад пабегу, як адмаўляўся раней. Але... Але, Божа мілы, якая ж ненавісная мне няволя! (Падымаецца, ходзіць па пакоі ўзад-уперад, набліжаецца да вакна, бярэцца рукамі за краты.) Не, я павінен адважыцца. Не дзеля таго ж я перапілоўваў цэлую ноч гэтыя краты, каб зноў застацца за імі. Ды і калі ўбачыць варта перапілованыя краты, што тады мяне чакае? Ці не павісну і я тады на тым самым дрэве, на якім павіс Кулеша? (Жагнаецца.) Не, князь Вішнявецкі, занадта доўга чакае цябе княгіня... Час ужо асушыць слёзы на яе твары.

За дзвярыма чуюцца галасы.

Полудзень ужо... Як хутка бяжыць сёння час! Першы дзень маёй няволі, калі час бяжыць гэтак хутка.

Дзверы расчыніліся, увайшоў казак з міскай і кавалкам хлеба ў руках.

Казак (ставіць на стол міску, кладзе хлеб, гучна гаворыць). Пара палуднаваць ды хутка, бо зараз ужо і на праходку. (Прыцішаным голасам.) На праходцы ўбачыш чалавека, які ўначы будзе чакаць цябе пад сцяной. Ён і давдязе цябе да Дняпра, там спаткае другі чалавек, які перавядзе цераз Дняпро, а там... Ляці на волю, князь!.. Шчасліва! (Гучна, нібы перапытваючы.) Якое чысло? Трынаццатага. Снежань месяц. (Ціха.) Лёд на Дняпры моцны. Па ім і сягай, князь, да сваёй галубкі княгіні. (Выходзіць.)

Вішнявецкі (ціха сам сабе.) Дзякуй, добры чалавек! (Памаўчаўшы.) Усюды ёсць добрыя людзі, нават у казацкай фартэцыі. Значыць, уначы... Дарогі назад няма. Толькі наперад – цераз Дняпро. А там альбо вынясе мяне мой Віхор, альбо... (Сядае да стала, надкусвае кавалак хлеба.) Што? Запіска? (Разгортвае маленькі кавалачак паперы, які быў у хлебе, чытае.) «Заклінаю, князь! Звярніся ў малітве да пакутніка Андрэя баболі! Ён выведзе цябе на волю. Павер... Маліся... Чакаю». (Сядае на ложак, адхінаецца спіной да сцяны.) Што гэта яна каторы раз усё пра пакутніка Баболю? Пісаць у вязніцу, рызыкаваць людзьмі, каб чарговы раз паведаміць, што трэба маліцца да Андрэя Баболі... Што... гэта?.. (Абхоплівае галаву рукамі.) Што гэта?..

На дзвярах лязгоча засоў. Уваходзіць казак.

Казак (гучна). На праходку!

Князь Вішнявецкі падымаецца і выходзіць, за ім – казак з нагайкай.

Працяг >>>


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY