Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(3)/1997
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

ЗАГАДКАВАЯ І СТАРАЖЫТНАЯ
Навяртанне
Да юбілею 2000 года
Мастацтва

АПОСТАЛ ДУХОЎНАСЦІ

«Я ЎКЛАНІЎСЯ ЯМУ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Пра самае важнае

ПАНЕ, НАВУЧЫ НАС МАЛІЦЦА...

КРЫЖ ПРЫДПРОЖНЫ
Жыццё ў законе

НА ВЕРНАСЦЬ ХРЫСТУ
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПУНКЦІРЫ ЦЯРНІСТАГА ШЛЯХУ
З жыцця Касцёла

Мар’ян ДУКСА

ШЧАСЛІВАЯ ПАРА НАВЯРТАННЯ

Штохвілінна адчыняюцца касцёльныя дзверы і праз іх борзденькай чародкай ідуць святочна апранутыя дзеці, якія набожна кленчаць, а пасля спыняюцца насупраць цэнтральнага алтара – тут іх сталае месца. Гэта ўжо зрабілася традыцыяй у тутэйшым храме: наперадзе – дзеці, за імі – дарослыя.

Я міжволі ўглядваюся ў твары юных вернікаў – яны яшчэ такія непасрэдныя, чуллівыя, у вачах столькі жыццёвай энергіі, весялосці, сяброўскай паяднанасці. Іх абліччы не нясуць ніякай аскетычнасці і адчужанасці. Дзеці ёсць дзеці. Яны яшчэ амаль бязгрэшныя. У храме яны пачуваюцца ўпэўнена, як дома. Ім тут утульна, камфортна, звыкла. Іх лашчаць позіркамі дарослыя, ім усміхаецца малады ксёндз, іх любіць Бог. Шчаслівы лёс выпаў ім. Яны жывуць не проста ў іншы, адметны час. Перад імі расчынілася новая эпоха – эпоха адраджэння рэлігіі і веры.

Перад вачамі паўстаюць 70-я гады, калі я пасля заканчэння БДУ быў прызначаны арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы ў Сольскай сярэдняй школе, што на Смаргоншчыне. Для мяне гэтая пасада сталася вельмі цяжкім выпрабаваннем, бо ледзь не асноўным накірункам усёй маёй выхаваўчай дзейнасці павінен быў быць «ваяўнічы атэізм». І мне з маімі рэлігійнымі перакананнямі даводзілася заўсёды натужна выкручвацца, каб, фармальна склаўшы «план атэістычнай работы», яго абсалютна не выконваць. Такая тактыка, вядома, не спрацоўвала бездакорна. Дырэктар школы, адчуваючы маё нежаданне «весці вайну з рэлігіяй», насядаў на мяне з прэтэнзіямі і дакорамі, і ўрэшце давялося пакінуць пасаду, бо маё двайное жыццё бясконца доўжыцца не магло – як я толькі пяць гадоў вытрываў?!

Вось адзін эпізод з таго часу. Вялікдзень. Доўгачаканы прамяністы дзень. З усіх бакоў да касцёльнай брамы спяшаюцца вернікі. Дзесяткі, сотні людзей ідуць, каб пад гукі аргана адчуць незвычайную радасць Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста. Сярод іх трапляюцца і дзеці, але апошнія чамусьці збянтэжаныя і спалоханыя, зацята азіраюцца па баках і хуценька-хуценька хаваюцца ў натоўпе. Прычына простая. Найбольш паслухмяныя настаўнікі стаяць ля брамы і запісваюць у свой «чорны сшытак» усіх дзяцей, хто асмеліўся пераступіць «забароненую мяжу». Так загадаў дырэктар, а яму загадаў райком партыі, прадстаўнікі якога таксама прысутнічаюць тут – трохі воддаль, але тым не менш халоднымі і пустымі вачамі абмацваюць вернікаў, асабліва дзяцей. А назаўтра будуць «разборкі», выклікі бацькоў, ушчуванні і пагрозы. Дарэчы, пагрозы маглі рэалізавацца такім чынам, што вучань-выпускнік, які рэальна прэтэндаваў на залаты медаль, не атрымліваў яго, бо адзнака па гісторыі і грамадазнаўстве па загадзе дырэктара зніжалася па той прычыне, што «рэлігійны вучань няправільна засвоіў савецкую гісторыю і камуністычную мараль».

Атмасфера страху, няспыннага атэістычнага ачмурэння, якая панавала ў грамадстве працяглы час, паспрыяла з’яўленню пакалення здзічэлага, з атрафіраванай душою, скалечанага маральна і духоўна, у нейкім сэнсе «страчанага пакалення», калі ўжыць гэты літаратуразнаўчы тэрмін. Асабліва гэта тычылася тагачаснай наменклатуры, вайскоўцаў, міліцыянтаў, спецслужбаў. Мне ўспамінаецца гаворка з афіцэрам КДБ, які апекаваў мяне па загадзе свайго абласнога шэфа і павінен быў рэгулярна праводзіць «прафілактычныя гутаркі». Калі я пачаў даводзіць свайму апекуну, што атэізм антыгуманны, бо не дае людзям ніякіх, хай сабе ілюзорных надзей на будучае, што ён бяздушна заганяе іх у тупік, па вялікім рахунку зводзіць чалавечае жыццё да нуля, абсурднасці, што ён не бачыць, не шкадуе нават калек, хворых, бо адбірае ў іх адзіную ўцеху зведаць шчасце калі не на зямлі, дык у вечным жыцці, – ах, як акругліліся вочы ў гэтага службоўца! Ён не проста не захацеў паразважаць над маёй логікай, ён спужаўся яе, быў ашаломлены, што так асмеліўся думаць «завуч па выхаванні». Лічылася, зверху патрабавалася, што ўсе, хто звязаны з дзяржаўнай службай, павінны былі быць атэістамі. Калі ў каго і меліся нейкія рэлігійныя пачуцці, яны заганяліся ўнутр, хаваліся за сямю замкамі.

Чаму ж так баяліся рэлігіі ідэолагі камунізму? Пра гэта шмат ужо сказана. Ігралі тут ролю бязбожнасць правадыроў і жаданне стварыць сваю матэрыялістычную рэлігію, паводле якой «новыя людзі» будуць пакланяцца толькі ім, правадырам, менавіта ад іх чакаючы збавення і выратавання тут, у зямным жыцці. Але мне здаецца, што ёсць больш важная прычына. Яна грунтуецца на катэгорыі свабоды, якую Бог падарыў чалавеку. Гэта найвялікшы дар. Свабода, паводле задумы Стварыцеля, – самая галоўная ўмова нашага быцця. Найгеніяльнейшы Эксперымент Бога заключаецца ў тым, што мы, людзі, абсалютна вольныя ў сваіх дзеяннях, але разам з гэтым у той ці іншай меры ўсведамляем, што такое дабро і што такое зло, аб’ектыўна адчуваем розныя абмежаванні, ведаем пра маральныя і духоўныя пастулаты і павінны жыць у адпаведнасці з імі. Чалавек цалкам свабоды, але каб заслужыць вечнае жыццё з Богам, ён павінен выканаць пэўныя ўмовы. Аднак усё робіцца па добрай волі, ніхто і нішто не павінны змушаць нас жыць не так, як хочам.

Вось гэта і не задавальняла ідэолагаў камунізму, таму яны і ненавідзелі рэлігію, асабліва хрысціянскую, з яе пастулатам свабоднай волі. Свабодная воля для іх была як дубовая калода на шляху, бо спыняла іх рух у тое «новае грамадства», дзе ўсе людзі рабіліся бязвольным паслухмяным быдлам, падпарадкаваным жорсткаму пастуху, які самачынна рэгламентаваў, куды ісці і як ісці. Адцягнуць людзей ад Бога можна было, адабраўшы свабодную волю.

Палітычны і атэістычны гвалт чыніўся паўсюдна ва ўсіх сферах жыцця. Я помню, з якой стараннасцю ў выдавецтве выкасоўвалі рэлігійную тэрміналогію, калі яна часам трапляла ў вершы. Рэдактар тлумачыў шчыра і ясна: «Нам загадваюць»... Калі каму з паэтаў ці празаікаў выпадкова ўдавалася прасачыцца праз мяжу забароны, хоць сціпла, але сцвердзіць хрысціянскія ісціны, біблейскія запаведзі, гэта станавілася сенсацыяй, а разгромныя рэцэнзіі з падобнай нагоды толькі прыносілі аўтару славу. Паэтычную кнігу майго сябра, рана памерлага Рыгора Семашкевіча, чытачы раскупілі за некалькі дзён пасля артыкула, дзе асуджалася празмерная схільнасць аўтара да рэлігійных выразаў. Атэістычнае ачмурэнне ў савецкую эпоху не было поўным, як таго хацелася аракулам бязбожжа. Дзесяткі тысяч людзей, наведваючы храмы ці абмінаючы іх, верылі ў Бога і радасна віталі рэдкія праявы рэлігійнасці ў друку.

Але нельга сёння не сказаць і пра іншае. У тым, што так заняпала вера ў часы бальшавіцкага панавання, што так шырока «ударнымі тэмпамі» знішчаліся касцёлы, манастыры, капліцы, крыжы, – ва ўсім гэтым ёсць і наша віна – віна хрысціянаў. Нам не дадзена ведаць, якім чынам Пан Бог прыме пад увагу ўсе «аб’ектыўныя і суб’ектыўныя» прычыны занядбання Касцёла і ступень віны вернікаў у савецкую эпоху, але тое, што мы, хрысціяне, аказаліся не на вышыні – бясспрэчна. Атэізм пусціў карэнне на Беларусі, дзякуючы і нашай маладушнасці, духоўнай кволасці, ганебнаму страху і бязвольнасці. Касцёл нішчыўся, а мы часам зацята маўчалі, не выяўляючы цвёрдасці ў справе абароны рэлігіі і веры. Наша празмерная пасіўнасць магла быць успрынята ўладамі як няўпэўненасць у сваіх рэлігійных перакананнях, як міжвольнае патуранне бязбожным акцыям бальшавікоў і іх падпявалаў. Я не думаю, што нас можа апраўдаць атмасфера гвалту і ціску, што панавала ў грамадстве. Мы не здолелі супрацьстаяць атэістычнай навале. Наша духоўная сіла аказалася занадта слабай.

Ёсць нявер’е альбо вера. Апошняя вымагае пэўных высілкаў у любых абставінах.

У гэтай сувязі варта прыгадаць выслоўе са Святога Пісання: «Ёсць так, так і ёсць не, не, астатняе – ад д’ябла». Гэты біблейскі пастулат мае самае шырокае значэнне, але ён быў і застаецца актуальным, калі гаворка заходзіць аб нашай веры. Сапраўдная вера самаахвярная, адданы вернік той, хто гатовы несці свой крыж да канца.

Вышэйназваны пастулат можа здасца каму залішне катэгарычным, мне ж ён уяўляецца самым аптымальным, найлепшым. Скажыце, чаму на зямлі не спыняюцца войны і разбоі? А таму, што мы, хрышчаныя людзі, вельмі адвольна тлумачым адну з галоўных запаведзяў – «Не забі». Мы гатовы апраўдаць забойства, зыходзячы з прынцыпаў самаабароны, беручы пад увагу характар войнаў (вызваленчыя, «справядлівыя»), поўную залежнасць салдат ад вайсковага статута і вышэйшых начальнікаў і г. д. Мы хочам падкарэкціраваць, падправіць запаведзь Айца нябеснага, знайсці алібі, якое здымае віну з таго, хто ў пэўных жыццёвых варунках бярэ ружжо і страляе. Але ўсе гэтыя прамежкавыя варыянты, гэтыя «нюансы» ёсць ні што іншае, як д’ябальская логіка, спроба апусціць як мага ніжэй узнятую Богам «планку». Я ўпэўнены, што адгэтуль вынікаюць усе нашы няшчасці, звязаныя з войнамі, з канфліктнымі сітуацыямі ў грамадстве. Калі б хрысціяне былі стойкімі да канца і гэта насіла б масавы характар, многіх войнаў і крывавых сутычак удалося б пазбегнуць. Ёсць добры прыклад спынення амерыканскай вайны ў В’етнаме, калі маладыя хлопцы, атрымаўшы позвы, рвалі іх і не з’яўляліся на зборныя пункты, бо не жадалі ўдзельнічаць у «бруднай вайне» па палітычных матывах. Але матывы такой акцыі могуць быць і рэлігійныя.

Мусіць, многім з нас бракуе абсалютнай перакананасці, што наша жыццё – гэта наканаваная кожнаму дарога да Бога, рака, якая плыве ў неба. Іншая справа, што мы, паддаючыся шматлікім уздзеянням д’ябла і ягопаплечнікаў у чалавечым абліччы, свядома ці несвядома каламуцім гэтую раку і ў выніку не маем упэўненасці, што яна, наша брудная рака, адрынуўшы сонца, трапіць у неба...

Эпоха бязбожжа, што распачалася ў 1917 годзе, не магла існаваць доўга, тым больш вечна. Па сваёй глыбіннай сутнасці, яна была фальшывай, антычалавечай, бо забівала, нішчыла аб’ектыўную цягу большасці людзей да Бога. Іх жыццё ў такой атмасферы было па-свойму заганным і няпоўнавартасным. І хоць ідэолагам камунізму ўдавалася на пэўных этапах стварыць сацыяльны аптымізм, але ён быў штучным, з душэўным надломам. Камуністычная сістэма рухнула, бо яна стаяла на чатырох д’ябальскіх нагах: на гвалце, ілжы, мілітарызме і атэізме. Я думаю, што галоўная прычына падзення сістэмы – гэта яе атэізм, бо астатнія прычыны, – залежныя ад яго, ім народжаныя.

Гэта, здаецца, і зразумеў Міхаіл Гарбачоў, хоць мы па-рознаму ставімся да яго. Былы генсек паспрабаваў уратаваць камуністычную імперыю, абвясціўшы лаяльныя адносіны да рэлігіі, але было ўжо позна: атэізм, як іржа, раз’еў пампезнае дзяржаўнае збудаванне, і яно рассыпалася.

Гарбачоў – не пасланец Бога, не святы знак з неба, ён – усяго толькі сродак радыкальных пераменаў, якія па волі Бога не маглі не адбыцца ў былым Савецкім Саюзе і ў сацыялістычным лагеры, бо прабіў час разбураць Вавілонскую вежу атэістычнай гардыні.

Шчыра кажучы, мяне проста здзіўляе, чаму мы, вернікі, скажам, падчас выбараў прэзідэнтаў вельмі мала звяртаем увагі на яго стасункі з Богам. Калі першай дзяржаўнай асобай становіцца атэіст, ці варта чакаць ад яго сапраўднага служэння людзям, сваім суайчыннікам? Менавіта хрысціянская вера дапамагае дзяржаўнаму дзеячу адчуць сваю адказнасць за лёс грамадзянаў, якія даверыліся яму. І тут у яго штодзённай дзейнасці галоўную ролю будуць іграць не палітычная кан’юнктура, не жаданне ўзвялічыць свой аўтарытэт любым шляхам, а менавіта голас сумлення. Гэта карэнным чынам прадвызначыць, якім будзе яго атачэнне, ці пачнецца аздараўленне маральнага клімату грамадства.

Усё гэта зусім не азначае, што дзяржаўны лад у такім выпадку будзе называцца хрысціянскім і царква набудзе дамінуючы, заканадаўчы статус. Гаворка ідзе толькі пра хрысціянскія каштоўнасці, з якіх вынікаюць маральныя абавязкі для кожнага верніка, у тым ліку і прэзідэнта.

Што бы мы ні гаварылі аб неабходнасці маральнага ачышчэння грамадства, якія б дасканалыя сістэмы выхавання дзяцей і моладзі ні прапаноўвалі, а без хрысціянскіх этычных кодэксаў нам ніяк не абысціся. Правілы паводзінаў, сцверджаныя людзьмі і не асвечаныя Богам, нібы тыя зярняты, што падаюць у глебу, але ніколі не ўзыдуць, не закаласяцца без сонца.

Мы павінны імкнуцца да самай высакароднай мэты – быць хрысціянамі ў поўным сэнсе гэтага слова, заўсёды і ўсюды. Наш найважнейшы абавязак – пазбегнуць раздваення (у касцёле ты – хрысціянін, а за касцёльнай брамай – ужо нехта іншы), ніколі не забывацца, хто мы ёсць, помніць пра Бога і Яго запаведзі дома, на працы, у кожным ажыўленым месцы, бо сказана ж у Святым Пісанні: «Хто Мяне прызнае на людзях, таго Я прызнаю каля Айца Нябеснага».

Сёння можна ўбачыць, як кіраўнікі дзяржаў наведваюць храмы ў часе вялікіх урачыстасцяў, але не заўсёды верыцца ў шчырасць такіх візітаў. Ёсць у гэтым пэўнае фарысейства. Нашы цэзары часам не любяць Бога, а сябе каля Яго. І ўсё ж будзем спадзявацца на лепшае. Лёд крануўся. Можа, і іх з цягам часу прывабіць і падхопіць рака веры. Не будзем траціць надзеі. Памолімся за нашых дзяржаўных мужоў.

Цяпер усім вельмі няпроста жыць. Галеча, страта працы, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, дарагавізна, штодзённыя стрэсы, адчай. Усё гэта так. Але не можа не павярнуцца жыццё да лепшага.

Так, матэрыяльная неўладкаванасць расхіствае раўнавагу ў душы, узмацняе ў ёй раздражнёнасць і ўтрапенне. Але па вялікім рахунку матэрыяльныя клопаты – справа другарадная, хоць і займае нашы думы і сэрца. Ды ў рэшце рэшт – «Не хлебам адзіным жывы чалавек»...

Сёння мы не можам не адчуваць нашай самай вялікай радасці – свабоднага паяднання з Богам, бесперашкоднай веры. Шырока расчыненая касцёльная брама цёпла вітае нас, напаўняючы душу лагодай і ўцехай.

Якія шчаслівыя дзеці, што даверліва пасталі насупраць галоўнага алтара! З самага ранняга маленства яны далучаны да Слова Божага і маюць магчымасць захаваць крыштальную чысціню сваіх душаў. Парадуемся гэтаму і падзякуем Богу за вялікую міласэрнасць да нас, да тых, каму воляю нябёсаў падорана шчаслівая пара навяртання.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY