Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія

ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!

РЫМСКІ ДЫПЦІХ. УЗРУШЭНЬНЕ
Мастацтва

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ
Пераклады
На шляху веры
Роздум

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
Спадчына

ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум

НАКАНАВАННЕ
Проза
Рыгор БАРАДУЛІН

РЫМСКІ ДЫПЦІХ

УЗРУШЭНЬНЕ

І

* * *

Укленчыць і прыпасьці да рукі,
Якая сьвет мудрэць дабраслаўляе.
Адчуць, як ціхамірацца вякі,
Як у душы зьняможанай сьвітае.

Прыняць ружанец з дарчае рукі –
Замроеныя пацеркі Сусьвету.
Пачуць сустрэчы голас трапяткі
ўваскрэслы сьветла
ў словах Запавету.

Сьцяжынай з-пад ускрыленай рукі
Ісьці, ані зважаючы на стому,
Да маладой нябеснае ракі,
Якая смутак і ўзьнясе на строму.

Бо багавейна нагадалі ксты,
Што недасяжна блізкі Дух Сьвяты.

* * *

Качае словы, быццам камяні,
А не таму, што падупаў гадамі.
Адзін ён чуе Голас вышыні
І думкі небакрылыя гайдае.

Ён бачыць нам нябачныя сьляды.
Ён Голас слухае душою нашчай.
Уся зямля –
Суцэльныя клады,
А мы яе вялічым хатай нашай.

Ён нашыя адмольвае грахі
у Звышняга.
І воляй незямною
Зло хоча супыніць,
Ды люд глухі
І дзякуй не сказаў
Дагэтуль Ною.

Сагрэты сном сусьветных завірух
У ім з’аблічваецца Вышні Дух.

* * *

Калодзежы сьвятла,
Як нашы вочы –
Калодзежы зьняверанага тла
Глядзяць у глыбіню
І па-сірочы
Чакаюць абяцанага сьвятла.

Яна халодная,
Зямля сырая, –
Надзейны схоў ад мітусьні зямной,
у вечную ўсыпальню забірае
Труну душы,
Спавітую маной,

Спавітую наіўным спадзяваньнем,
Што цень жывы
Свой цень перажыве.
Усе мы на зямлі самохаць вянем,
Зайздросьцім вечна маладой траве.

Здаецца, нашы цені ўжо былі
у катакомбах — зьвілінах зямлі.

* * *

Крыж — вольны птах
Застыглы на імгненьне,
Каб пераняць разнасьцежанасьць рук.
Цьвікі напоўняць болем кожны рух.
Саломай пераломіцца праменьне.

Паразумецца сподзеў і спакора
Пасьпеюць,
Быццам ядры спарыша.
І адляціць у немаведзь душа,
І захлыне мальбу людзкое мора.

І ўдалеч павандруюць небасьхілы,
І змарамі прыкінуцца сьнягі,
І ад зьнячэўнай роспачы й тугі
У птаха ціха анямеюць крылы.

Каб забыцьцё ня ведала мяжы,
Жагнаюць неба смутныя крыжы.

* * *

Сабе самому любіць сон прысьніцца.
Ня хочацца настрою быць старым.
Як воклічы,
Ўзьляцелі камяніцы,
Нябёсы ў зьдзіве выдыхнулі:
— Рым!

Тут Вечнасьць прыдрамала на хвіліну.
Ўсяму жывому трэба перадых.
Спакою цяжка вырвацца з нахлыну
Гадоў і парываньняў маладых.

Зялёным сном пазасыналі стоды,
І Тыбр прыручаны пазелянеў.
Наблізіцца да ранішняй лагоды
Ня мае сьмеласьці ўначэлы гнеў.

Ратунак нашых душ, як пілігрым,
Шляхамі выраяў імкнецца ў Рым.

* * *

Белакрылы анёл
І анёл чарнакрылы.
Белакрылая чайка
І чарнакрылы кажан.
Дні відушчым сьвятлом
Маладзяць небасьхілы.
Ночы змрокам сьляпым
Смутак зводзяць у зман.

Ад сьвятла аддзяліў
Усявышні цямрэчу,
Надзяліў мілатой
Нашых воч прамяні.
І сьпяшаецца час
З досьвіткам на сустрэчу.
І хапае для зор
І для дум вышыні.

Белата з чарнатой
Узаемна жывыя.
Рэха збытлівых мрой
Б’ецца памяці ў скронь.
Завіруха рашучасьці
Ўзрушана вые.
Чым чарнейшая ноч,
Тым зырчэйшы агонь.

Прагне ўсё, што расьце,
Перш чым станецца тлом,
Як даўжэй быць аблашчаным
Ціхім сьвятлом.

* * *

Памаўчаць са здарожаным смуткам разам
Ля ўсыпальні пакутніка Язафата,
Адчуваючы, што незавершаным сказам
Замаўкаць пачынае жыцьцёвае сьвята.

Так, жыцьцё — гэта сьвята
Здаровага цела
І душы несуцешнай дасконная праца.
Ты наважыўся жыць,
А жыцьцё праляцела.
Хоць запомніць сябе хочацца пастарацца.

Радасьць мёртвая,
Толькі пакуты жывыя.
Вечнасьць вечная
Толькі сваім нябытам.
Праплываюць высока аблокі сівыя –
Сны сасьнёныя глыбіннадумным блакітам,

Толькі вера трываліць душу на пакуты.
Голас вернасьці верыць,
Што будзе пачуты...

ІІ

* * *

Высока ў небе слова птушкам лёсу.
Глыбока ў моры слова рыбам плёну.
Раздольна ў полі слова ветру славы.
Прароча ў ночы слова зоркам сноў.
Што не збылося, ўсё пераплялося.
А што збылося, шле хвалу палону,
Бо ў самаіснасьці палон ласкавы.
Наноў пачнецца сьвет
Са Слова зноў.

* * *

І неўміручы памірае,
Каб уваскрэснуць.
Жыцьцядар
Яму пялегваць давярае
Ў далонях
Зорнай жарсьці жар.

І покуль жар незадзіманы
Сузорыцца,
Жывы жыве.
Гараць вякам Хрыстовы раны.
Студзіць іх
Сум здалёк плыве...

* * *

Крыж і якар
На сцяне ўсыпальні.
Прыляцелі душы на спачын.
Клопатаў зямных
Чаўны прысталі.
Толькі жалю жураўліны клін

у нябёсах змораных курлыча.
А ў настылай цішыні дарма
Немата забыты голас кліча,
Бо ня чуе ўжо сябе сама.

А пад сонцам
З мудрымі вякамі
Ані нагаворацца вятры.
І крыжы пасталі ветракамі.
Разьвінаюць крылы якары.

І крыжы, і якары на волі
Па сваіх памкненьнях сваякі.

І зьгінаюцца рукою долі
Ў дрэва росту ломкія сукі...

* * *

Канец такі ж небясьпечны, як і пачатак.

Ян Павел ІІ

Пачатак нецярплівы, трапяткі,
Яму хутчэй адбыцца нецярпіцца.
Крыніца, каб зьнямозе даць напіцца,
Сьпяшаецца прабіцца праз пяскі.
У дзюбах чорны сум нясуць крукі.
Жывіць сасну ня томіцца жывіца.
Завязвае развага вузялкі.
Дым думае, як пад аблокі ўзьвіцца.

Канец спакойны, хочацца яму
Перахітрыць няўмольную куму
І ля цяпельца кайнасьці пагрэцца.
Час пасьвіць незьлічоных дзён гурму.
Няспыннасьць, пэўна, ведае, чаму
Канцу з пачаткам новым не сустрэцца.

* * *

Як ішоў малады Хрыстос,
На зямлі ўсё жывое ня спала.
Не сьпяшаўся зьдзейсніцца лёс.
Гамана цішэла падтала.

Як на Млечным шляху,
Сьляды
На зьнямелым пяску гарэлі.
Адступаліся халады,
І зямныя грахі старэлі.

Дзе ступаў, там сьвятло расло.
Дзе стаяў,
Сьмялела лагода.
Усьміхацца вучылася зло.
Быць шчасьлівай хацела нагода.

На зямлю сыйшоў назаўжды,
Каб наблізіць вечныя далі.

І сьвятыя Хрыстовы сьляды
Душы верніцкія захавалі.

* * *

Адразу з Горада Вечнага ў горад спаконны,
Дзе цягнуцца ў неба сумныя гмахі соснаў,
Да цябе прыйшоў я з паклонам,
Мама.
Ва ўсіх урачыстых бажніцах
Маліў Усявышняга,
Каб душы тваёй паслаў супакой.
...Ты несла мяне да ксяндза,
Гнанага бязбожнай уладай.
Касьцёлам трывожным было
Вушацкае наша неба.
І пасланы лёсам сьвятар
Сьвятлом сьвятога крыжа
Багаславіў мяне на дарогу ў Рым.
...І вярнуўся я зь пілігрымкі,
Каб падзякаваць, мама, табе
І вушацкаму роднаму небу.

Словы, якія пачуў я
Ад Айца Сьвяцейшага ў Рыме,
Перакажу табе
Пры сустрэчы...

* * *

Можа, зь Беларусі гусі шэрыя
Рым уратавалі.
І таму так
На зьмярканні потайна вячэрае
Лустай поўні
Пілігрымскі смутак.

І нашчадкі тых гусей далёкія
Ў вырай рупяцца
Над нашым краем.
Думкі зьвечарэлымі аблокамі
Ўсьлед плывуць.
Анёлы трызьняць раем.

Тут спакоем
Сена сноў растрэсена.
Кнігаўка
Над кнігай лёсу плача.
— Рым! –
Рыпіць расчулена бярэзіна.
Шэпча стрыманы чарот:
— Ву — ша — ча...

Рым — Вушача,
ліпень — жнівень 2004 г.

Глядзі таксама:
Рыгор БАРАДУЛІН. «ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!»


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY