Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(32)/2005

СВЯТОЙ ПАМЯЦІ ЯНА ПАЎЛА ІІ
Галерэя
Мастацтва

«...ТЫ, ПЁТР — СКАЛА...»
З гісторыі Касцёла

ПАПСТВА ЎЧОРА І СЁННЯ
Памяці Святога Айца Яна Паўла ІІ

НАЙВЫШЭЙШЫ СЭНС

РАЗВАГІ ПРА СМЕРЦЬ

ТРЭБА ВЯРТАЦЦА...

ПАЗНАННЕ ПРАЎДЫ

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці

СЯБРОЎСТВА
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
In memoriam

ЗМОЎКЛІ ПЕСНІ ТЫЯ...

АДЗІН З НАЙВЯЛІКШЫХ ТЭОЛАГАЎ

Пра кардынала Ёзафа Ратцынгера — сённяшняга Папу Бэнэдыкта XVI — з арцыбіскупам Альфонсам Носсалем, ардынарыем Апольскай дыяцэзіі, членам Пастаяннай рады Епіскапату Польшчы, размаўляюць Тэрэза Сянкевіч-Місь, кс. Збігнеў Залеўскі і Анджэй Кернер.

— Вы пазнаёміліся з Бэнэдыктам XVI яшчэ ў той час, калі ён быў прафесарам тэалогіі...

— Так, мы знаёмыя больш за 30 гадоў — сустракаліся на Міжнародных з’ездах сістэматычных тэолагаў. У той час, калі прафесар Ратцынгер кіраваў гэтым аб’яднаннем, ён папрасіў мяне напісаць рэферат для сімпозіума, прысвечанага ролі Святога Духа ў гісторыі збаўлення. Я выступіў тады на тэму «Дух Святы як прысутнасць Езуса Хрыста сёння»: некаторыя думкі майго даклада былі вельмі свежыя, бо я карыстаўся самай сучаснай літаратурай, а прафесар Ратцынгер здзіўляўся, якім чынам мне ўдалося яе здабыць (у нас, дацэнтаў Люблінскага каталіцкага універсітэта, быў доступ да самай сучаснай тэалагічнай літаратуры). Яшчэ тады я прасіў яго прыехаць да нас з лекцыяй — ён прыехаў ужо як арцыбіскуп Мюнхена і Фрайзінга. Некалькі разоў кардынал Ратцынгер выступаў у г. Аполе, тады я паказваў яму нашую дыяцэзію. (...) Галоўны яго візіт да нас адбыўся 26 чэрвеня 1983 г. падчас пілігрымкі мужчын на Гару св. Ганны. Тады кардынал Ратцынгер прасіў адкласці лекцыю да наступнага года, бо лічыў, што праз пяць дзён пасля візіту Святога Айца ніхто не прыйдзе, але на сустрэчу прыбылі больш за сто тысяч мужчын. Кардынал Ратцынгер быў галоўным цэлебрантам і прамовіў цудоўнае казанне пра арыенціры веры.

— Ці даводзілася калі-небудзь Вам, як прафесару тэалогіі, палемізаваць з прафесарам Ратцынгерам?

— Зразумела, асабліва ў пытаннях экуменізму нашыя тэалагічныя погляды адрозніваліся. Кардынал Ратцынгер палемізаваў вельмі інтэлігентна, нікога не зневажаючы. Я заўсёды захапляўся гэтай яго рысай. Дарэчы, усе яго прамовы можна без паправак пераносіць на паперу і друкаваць. Іншае яго ўменне — гэта веданне лацінскай мовы: па-лацінску ён гаворыць так, як па-нямецку. Першае казанне да кардыналаў Бэнэдыкт XVI прамовіў па-лацінску, падкрэсліваючы гэтым паўсюднасць Касцёла.

— Як бы Вы ахарактарызавалі Ёзафа Ратцынгера як тэолага і як чалавека?

— Ён кансерватар і жадае быць кансерватарам і ў пытаннях веры. Але ў той жа час ён прагрэсіўны ў справе любові і радыкальны аптыміст у надзеі. Яго кансерватызм — гэта не зацвярдзелы традыцыяналізм, але цэласнае разуменне праўды. Нельга ўспрымаць Касцёл як супермаркет з сістэмай самаабслугоўвання, дзе мы выбіраем толькі тое, што нам падыходзіць. Праўду трэба ўспрымаць цэласна, у поўні. Папа Бэнэдыкт XVI — адзін з найвялікшых тэолагаў Каталіцкага Касцёла, чалавек не толькі глыбокіх і вялікіх ведаў, але і незвычайнай жыццёвай мудрасці. Веды ў яго цесна аб’яднаныя з мудрасцю. Усё гэта заключана ў Божым Слове, укаранёным у гісторыі збаўлення, і да гэтага Божага Слова, якое сталася Целам, кардынал Ратцынгер пастаянна звяртаецца. Знамянальна тое, як часта ён падкрэслівае, што Евангелле — гэта радасная навіна, што Бог з’яўляецца не толькі праўдай, не толькі дабром, але і прыгажосцю. Для таго, каб зразумець яго індывідуальнасць, трэба памятаць, што Бэнэдыкт XVI — музыкант: першай рэччу, якую ён распарадзіўся перавезці ў свае папскія апартаменты, было фартэпіяна. Я неаднойчы чуў, як кардынал Ратцынгер іграе. Ён казаў, што іграе, калі стомлены, калі шукае натхнення, калі хоча пабыць у цішыні. Найбольш ахвотна ён іграе класічную музыку, асабліва Баха. Чуйнасць да прыгожага — важны элемент яго індывідуальнасці, можна сказаць, што Муза пацалавала яго ў самае сэрца. І гэта дапамагае таксама лепш зразумець яго блізкасць з Янам Паўлам ІІ, які быў паэтам.

— Шмат каментатараў заўважаюць, што з ахоўніка артадаксальнасці кардынал Ратцынгер перамяняецца ў пастыра Бэнэдыкта XVI. Шмат гадоў ведаючы Ёзафа Ратцынгера як тэолага і як чалавека, ці заўважаеце Вы гэтую перамену?

—Такая перамена непазбежная! Ён гэта ўсведамляе. Да гэтага часу ён быў ахоўнікам веры, а цяпер пакліканы перадаваць яе. Да гэтага часу ён быў абаронцам праўды, а цяпер абраны быць яе носьбітам. Таму ён павінен знайсці шляхі, па якіх Божая праўда можа дайсці да сэрцаў і душаў сучасных людзей. У ім заключаны вялікія магчымасці: глыбокія тэалагічныя веды, мудрасць і жыццёвы вопыт, таму я ўпэўнены, што ён знойдзе спосабы для таго, каб яго пачулі сучасныя людзі, асабліва жыхары Захаду. Ян Павел ІІ клапаціўся пра тое, каб хрысціянства дыхала дзвюма «лёгкімі» — традыцыямі Усходу і традыцыямі Захаду. «Лёгкае» Усходу ў гады пантыфікату Яна Паўла ІІ было моцна актывізавана, аднак, «лёгкае» свету секулярызаванага Захаду рэагавала слаба. Актывізацыя гэтай прасторы хрысціянства з’яўляецца заданнем для Бэнэдыкта XVІ. (...)

— Падчас інаўгурацыі пантыфікату Святы Айцец падкрэсліў, што чалавецтва знаходзіцца ў «безнадзейным становішчы». Ці азначае гэта, што Бэнэдыкт XVI песімістычна ацэньвае сённяшні стан свету і Касцёла?

— Так, Касцёл знаходзіцца на пэўным віражы, і Святы Айцец усведамляе гэта. Гэта складаная сітуацыя, але, з іншага боку, спрыяльнай для Касцёла сітуацыі не было ніколі. У цэнтры Касцёла — Крыж. Без наследавання Хрыста Укрыжаванага няма Змёртвыхпаўстання. Так заўсёды было і так заўсёды будзе. Сёння маладыя людзі баяцца цярпення, ахвяры, таму відавочны крызіс святарскіх пакліканняў. Папа разумее гэта, аднак ён аптымістычна глядзіць у будучыню. Мы «ў пустыні», але яго заданне — і гэта наказвае яму Хрыстус — выцягваць з гэтай пустыні не толькі людзей маладых, але і старэйшых, каб яны не замыкаліся ў межах, якія паралізуюць іх гуманістычныя магчымасці. Гэтыя магчымасці ў людзях скрытыя, неабходна толькі вызваліцца ад «пустыннай» абмежаванасці.

— Ці той моцны экуменічны акцэнт, які ў сваіх першых прамовах Бэнэдыкт XVI зрабіў на справу еднасці хрысціянаў, экуменізму, можна нейкім чынам звязваць з закідамі адносна дэкларацыі «Dominus Iesus», якая, маўляў, запаволіла экуменічны дыялог?

— Дэкларацыю «Dominus Iesus» мы павінны разумець у кантэксце тагачаснага становішча кардынала Ратцынгера як прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння. Ён хацеў падкрэсліць вучэнне ІІ Ватыканскага Сабора пра тое, што поўня Хрыстовага Касцёла — у Касцёле Каталіцкім. Аднак, ведаючы ранейшыя працы кардынала, можна канстатаваць яго вялікую экуменічную адкрытасць яшчэ задоўга да энцыклікі «Ut unum sint». Шчыра кажучы, «Dominus Iesus» была сфармулявана не надта ўдала: у ёй згадваліся саборныя палажэнні, крыху павырываныя з кантэксту, якія, асабліва многімі пратэстантамі, былі ўспрыняты вельмі балюча. Некаторыя каталіцкія тэолагі лічаць, што «Dominus Iesus» была б цудоўным дакументам, калі б не раздзел пра экуменізм, дарэчы, вельмі кароткі. Пра экуменізм немагчыма сказаць так коратка. Таму і выйшла так востра, так «страката». З інаўгурацыйнай гаміліі Бэнэдыкта XVI вынікае, што немагчыма зразумець яго служэнне без экуменізму. Павінна настаць «адна аўчарня і адзін пастыр» (пар. Ян 10, 16), і гэтым Пастырам павінен быць Езус Хрыстус, а ён, абраны Яго намеснікам на зямлі, павінен падганяць «авечак», шукаць загубленых, прыводзіць у аўчарню.

Хацелася б падкрэсліць, што гэта ўжо не той былы Ратцынгер. Яго лічылі самотнікам, чалавекам ціхім, некаторыя нават казалі, што яму не патрэбны сябры, што яму дастаткова самога сябе, а тут выявілася яго выключная адкрытасць. Ён здзівіў усіх, і многія падкрэсліваюць, што гэта не той былы Ратцынгер, аднак той, хто ведае яго даўно, убачыць, што гэта менавіта той самы Ратцынгер! Усе гэтыя рысы ў ім проста драмалі, а цяпер ён іх толькі адпаведна скіраваў.

«Gość niedzielny», № 19, 2005.
Пераклад з польскай мовы
Т. Мухляды.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY