Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(32)/2005

СВЯТОЙ ПАМЯЦІ ЯНА ПАЎЛА ІІ
Галерэя
Мастацтва

«...ТЫ, ПЁТР — СКАЛА...»
З гісторыі Касцёла

ПАПСТВА ЎЧОРА І СЁННЯ
Памяці Святога Айца Яна Паўла ІІ

НАЙВЫШЭЙШЫ СЭНС

РАЗВАГІ ПРА СМЕРЦЬ

ТРЭБА ВЯРТАЦЦА...

ПАЗНАННЕ ПРАЎДЫ

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці

СЯБРОЎСТВА
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
In memoriam

ЗМОЎКЛІ ПЕСНІ ТЫЯ...

Мары-Крыстын ЧАРУЦІ-САНДРЫЕ

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА

Заканчэнне. Пачатак у № 1(31)/2005

ГІСТОРЫЯ ФОРМАЎ, АБО «ФОРМГЕШЫХТЭ»

Як мы ўжо адзначалі, існуе думка, што ў аснову Евангелляў пакладзены выслоўі Езуса. На думку экзэгетаў, словы, сказаныя Езусам, яго ўчынкі некалі існавалі ў сваім аўтэнтычным кантэксце, а значыць неслі свой сэнс, але ні сэнс, ні кантэкст не дайшлі да нас. Гэтыя словы, гэтыя ўчынкі проста-напраста «выжылі» або «ўсплылі» сярод мноства выслоўяў Езуса. У гэтым вялікім матэрыяле цалкам недасведчаныя ў першапачатковым сэнсе гэтых выслоўяў раннія хрысціянскія супольнасці павінны былі «вылавіць» тое, што ім падыходзіла, каб потым «уманціраваць» у цалкам новы кантэкст, які адпавядаў іх надзённым (веравызнаўчым, літургічным, палемічным) патрэбам.

Возьмем для прыкладу гісторыю з размнажэннем хлеба. Сапраўднае размнажэнне хлеба, як мне неяк патлумачылі на біблейскіх курсах, хутчэй за ўсё, адбывалася наступным чынам: натоўп, затаіўшы дыханне, слухае Езуса, а Ён так пранікнёна гаворыць пра любоў да бліжняга, нават да ворагаў, пра міласэрнасць і г. д., што людзі, расхваляваўшыся, вырашаюць падзяліцца са сваімі суседзямі тым нямногім, што яны ўзялі з сабою з дому, і вось у выніку гэтай хвалі салідарнасці сталася так, што ў пустынным месцы было дастаткова ежы для ўсіх і нават з лішкам. Што ж, гэта сапраўды цуд! – гавораць нашы апаненты (але калі яны так гавораць, то маюць на ўвазе якраз адваротнае). Пра гэты цудоўны дастатак ежы пасярод пустыннага месца было засведчана ў зборніку «выслоўяў», але з часам цалкам забыта. Праз дзесяцігоддзі ў імя вучэння аб Эўхарыстыі (не вельмі зразумела, адкуль яно ўзялося, хутчэй за ўсё, таксама зазнала «гісторыю формаў») некаму прыйшло ў галаву пакарыстацца ў рамках катэхізатарскай мэты гэтай цудоўнай гісторыяй пра размнажэнне хлеба. Гэты нехта прыўносіць у гэту гісторыю разважанні пра хлеб жыцця і ўпарадкоўвае кантэкст такім чынам, каб ён мог паўстаць як грандыёзнае знаменне Езуса – вось вам і гісторыя пра размнажэнне хлеба, якую сёння мы ўсе добра ведаем.

Для абгрунтавання сваёй тэорыі аўтары «формгешыхтэ» ўзялі на ўзбраенне дзве тэзы: па-першае, тое, што Евангеллі з’яўляюцца сумай невялікіх, не вельмі добра, а часцей і зусім не звязаных паміж сабою эпізодаў; па-другое, кожны евангельскі эпізод мае пэўную мэту, скіраваны на раскрыццё пэўнай ідэі, на абгрунтаванне якога-небудзь паняцця.

У гэтай гісторыі больш за ўсё засмучае той факт, што ў адэптаў «формгешыхтэ» няма сумнення ў тым, што евангелісты маглі дазволіць сабе выдумляць нібыта страчаны сэнс выказванняў Езуса, што яны маглі самі стварыць адпаведны кантэкст, напаўняючы яго тым, што ім было зручна, інакш кажучы, што яны маглі дазволіць сабе аддаць перавагу таму, што ім было выгадна (няхай нават і з высакароднай мэтай), не зважаючы на праўду.

Згадаем, што першыя хрысціяне, як і хрысціяне наступных пакаленняў, ішлі на смерць за Хрыстову веру і Евангелле. Ці рабілі б яны гэта, калі б Евангеллі былі стварэннем іх уласных рук?

 
«ПАЗНЕЙШЫЯ ДАДАТКІ» ДА ЕВАНГЕЛЛЯЎ

Дарэчы, гэтая думка таксама даволі позняя. Яна выглядае такім чынам: калі евангельскую гісторыю, не ўсялякую, а толькі тую, у якой ёсць элементы звышнатуральнага, нельга «вытлумачыць» ні законамі «літаратурнага жанру», ні «пазычаннямі са Старога Запавету», ні чым-небудзь іншым, тады можна абвясціць, што ўрывак быў «дададзены пазней». У якасці аргументаў могуць выступаць наступныя: гэты ўрывак не адпавядае структуры тэксту па стылістыцы; гэтае слова паўтараецца некалькі разоў, што шкодзіць стылю, і г. д. і да т. п. У такім выпадку нашы апаненты зноў намагаюцца звесці Евангеллі да ўзроўню простых літаратурных твораў або стылістычных практыкаванняў.

Аднак на самай справе евангелісты не былі проста пісьменнікамі; яны былі захопленыя водаваротам падзей, ім было неабходна хутчэй данесці галоўнае пра гэтыя падзеі як мага большай колькасці людзей. Іх чатыры кніжачкі маглі быць значна даўжэйшымі, пра што сведчыць апостал Ян: «Многае і іншае стварыў Езус; але каб пісаць пра гэта падрабязна, то, думаю, і самому свету не змясціць напісанага» (пар. Ян 21–25). Аднак евангелістам нельга было марудзіць; дык ці варта здзіўляцца таму, што часам мы сустракаем тыя самыя словы, не вельмі вытанчаныя пераходы, стылёвую недасканаласць – ім так шмат трэба было сказаць...

Прыкладам «пазнейшых дадаткаў» можа служыць эпізод з вартай каля Гроба Панскага, які ёсць толькі ў Евангеллі ад Мацвея. У ім усё прынята лічыць выдумкай: словы варты першасвятарам, згадку пра чуткі аб украдзеным целе Збаўцы, якія ходзяць «да сённяшняга дня». Нашы апаненты мяркуюць, што ўсё гэта было выдумана першымі хрысціянамі або з жадання змясціць у шэрагі сведкаў Змёртвыхпаўстання няверуючых людзей, або для таго, каб быць у бяспецы, калі раптам пачнуцца абвінавачванні ў выкраданні цела Езуса. Але ўявіце, што зусім нядаўна праф. Гржыбек (пратэстант) з універсітэта Лазаны і праф. Сордзі (католік) з Міланскага універсітэта даказалі, што Назарэцкі эдыкт (камень з Назарэту або з яго ваколіцаў; захоўваецца ў археалагічным музеі ў Парыжы; на камені змешчаны тэкст загаду пра смяротнае пакаранне таго, хто выкрадае або перамяшчае трупы з магілаў) быў, відаць, зроблены самім Неронам і скіраваны супраць яшчэ жывых вучняў Хрыста. Навукоўцы датуюць гэты эдыкт 62–63 гадамі. Такім чынам, няма прычыны сумнявацца ў тым, што сапраўды «пранеслася слова гэтае паміж Юдэямі да ... дня», калі пісаў евангеліст Мацвей, раз пра гэтую гісторыю ў 62–63 гадах стала вядома імператару Нерону, які мусіў пакласці канец гэтым чуткам. Незалежна ад даты напісання Евангелля ад Мацвея навіна дасягнула пункту яе прызначэння.

 
ТАК ЗВАНЫЯ «НЕАДПАВЕДНАСЦІ» Ў ЕВАНГЕЛЛЯХ

У Евангеллях уражвае якраз іх надзіва гарманічнае спалучэнне аднаго з адным, як і з дадзенымі гістарычных, геаграфічных, сацыяльных і іншых навук.

Спашлемся на шаноўную Жэно-Бісмунт, прафесара старажытнага юдаізму ў Новай Сарбоне і агностыка. З уласцівай ёй палымянасцю яна сцвярджае, што аўтар Евангелля ад Яна быў не толькі відавочцам, але і жыў у асяродку, блізкім да першасвятароў і законнікаў, бо прыведзеныя ім дэталі вельмі дакладныя і праўдзівыя. І гэта пры тым, што Евангелле ад Яна лічыцца самым сімвалічным...

Безумоўна, у Евангеллях ёсць некаторыя разыходжанні, як, напрыклад, колькасць анёлаў каля Гроба Панскага, імёны ў генеалогіі Езуса, тэкст таблічкі на крыжы, словы, прамоўленыя Езусам падчас устанаўлення Эўхарыстыі... Заўважым, што ніводны з гэтых выпадкаў не застаўся без увагі – яны для экспертаў усё роўна што чырвоная ануча для быка. Аднак кожны чалавек, знаёмы з юрыспрудэнцыяй, ведае, што ў сведчаннях відавочцаў разыходжанні падобнага кшталту цалкам натуральныя, больш за тое, гэта своеасаблівы гарант незалежнасці крыніцаў, а значыць – гарант праўдзівасці выкладзеных фактаў.

Прыкладам «пярэчання» дадзеным, якія дайшлі да нас, апрача Евангелляў, з’яўляецца пытанне, якое ўжо нагнала аскому: гэта пытанне пра дату нараджэння Езуса, бо перапіс, падчас якога Ён прыйшоў на свет, нібыта не супадае з гадамі ўладарання цара Ірада.

Звернемся па дапамогу да Джуліо Фірпо і яго кнігі «Праблема храналогіі ў Нараджэнні Хрыстовым», дзе аўтар прааналізаваў сотні тэкстаў і дакументаў і даказаў, што ў час, калі нарадзіўся Хрыстус, быў не адзін перапіс, а нават мноства, і цалкам магчыма, што ў Евангеллі гаворка ішла не пра той перапіс, які згадваў Юзаф Флавій (7 год пасля Н. Х.) і за які нас увесь час дакараюць, быццам ён быў адзіным (заўважым, што евангеліст Лука гаворыць: «Гэта перапіс, першы»). Апрача таго, вельмі верагодна, што Квірыній уладарыў Сірыяй «у два заходы», што стала яшчэ верагодней пасля знаходжання стэлы з тэкстам пра дзеяча, які два разы ўладарыў Сірыяй у адну і тую ж эпоху. Фірпо падае мноства дэталяў, якія пераконваюць нас у мізэрных ведах пра тое, што сапраўды адбывалася ў той час, але гэта не азначае, што напісанае евангелістам Лукою можна было лічыць няпраўдаю. Нават калі б было даказана, што евангеліст Лука і Юзаф Флавій супярэчаць адзін аднаму, то чаму трэба больш верыць Юзафу Флавію, а не евангелісту Луку? Не паглыбляючыся ў дэталі, спашлемся на той агульнавядомы факт, што Юзаф Флавій не такі ўжо бездакорны ў апісанні згаданых падзей.

 
ГНАСТЫЦЫЗМ

Нам застаецца даследаваць, ці можа Евангелле браць свае вытокі ў гнастыцызме, як намагаюцца пераканаць нас у гэтым некаторыя эксперты, якія пры гэтым з таямнічым выглядам дадаюць, што гносіс – гэта веды, прызначаныя для невялікага кола абраных. Пачнем па парадку. Найперш варта сказаць, што гнастыцызм, незалежна ад розных школаў і кірункаў, заўсёды стаяў у апазіцыі да сапраўднай рэлігіі: спачатку – да юдаізму, потым – да хрысціянства, і на працягу ўсёй гісторыі наша рэлігія змагалася з тою ці іншаю формай гэтага вучэння. Слова «гносіс» азначае «пазнанне», але пазнанне схаванае, сакрэтнае, таемнае, прызначанае, на думку гностыкаў, толькі для абраных, якімі яны і з’яўляюцца.

Для таго, каб даць агульную характарыстыку гэтай з’явы, назавем яе асноўныя пастулаты:

· Бог Абрагама, Ісаака і Якуба – несапраўдны бог, помслівы і раўнівы, які стварыў толькі матэрыяльны свет;

· матэрыя цалкам заганная;

· існуе іншы «Бог», сапраўдны, непазнавальны, які завецца Плерома і ад якога пайшло – а значыць ён не ёсць творца – усё духоўнае;

· некаторыя з духоўных істотаў – эонаў – мелі няшчасце адпасці ў матэрыю і, стаўшы людзьмі, з’яўляюцца ў пэўнай ступені яе закладнікамі;

· людзі падзяляюцца на тры класы:

1) пнеўматыкаў, найлепшых і выключна рэдкіх, якія здолеюць вярнуцца да духоўнага пачатку, у плерому, часткай якой яны самі з’яўляюцца, г. зн., што яны самі – богі і што гэтага можна будзе дасягнуць праз гнозіс, або пазнанні, якія прасвятляць іх, і ў выніку яны зразумеюць сваю сутнасць.

2) псіхікаў, якіх вельмі шмат. Праз практыкаванні і добрыя ўчынкі яны могуць спадзявацца на тое, што дасягнуць змешанага свету (у тым ліку, паводле некаторых кірункаў вучэння, праз шэраг пераўвасабленняў, бо ідэя цыклічнага вяртання блізкая гнастыцызму). Доступ да пазнання, дадзенага пнеўматыкам, для іх закрыты, але яны могуць спасцігаць некаторыя сімвалы, праўда, не іх схаваны сапраўдны сэнс, а толькі яго тоеснасць з сімвалічнаю формаю;

3) саматыкаў, або гілікаў, якіх таксама вельмі шмат. У іх няма ніякай духоўнай іскрынкі, гэта – ганебны адстойнік; яны злыя, як злая ўся матэрыя, і асуджаныя на непазбежную пагібель;

· свет складаецца з трох частак, бо, як мы толькі што бачылі, апрача злога матэрыяльнага свету і добрага духоўнага свету, ёсць яшчэ свет змешаны, населены эонамі;

· у тым, што датычыць маралі, дасканалыя ад прыроды пнеўматыкі духоўныя, і для іх матэрыя – недарэчная выпадковасць, але яны не павінны падпарадкоўвацца такому прыкраму стану рэчаў, які больш пасуе псіхікам і цалкам адпавядае гілікам. Больш за тое, пнеўматыкі, асабліва ў некаторых кірунках гнастыцызму, не толькі павінны, але нават абавязаныя спазнаць і выпрабаваць усё, што мае на ўвазе практыка самага разбэшчанага лібертынізму;

· Бог Абрагама, Ісаака і Якуба (г. зн. сапраўдны Бог) вынайшаў мараль і яе забароны для таго, каб падпарадкаваць сабе людзей, але ні законаў, ні догмаў, ні граху саміх па сабе няма, як, зрэшты, няма ні праўды, ні самой чалавечай прыроды. Гэта «вынаходніцтва», якое, з аднаго боку, робіць людзей роўнымі паміж сабою, а з другога боку, змушае прызнаць іх залежнасць ад нечага, што існуе па-за іх уладаю, а значыць прымірыцца з тым, што яны не богі, асабліва дасаджае пнеўматыкам, якія, як і ўвогуле ўсе гностыкі, далучаюць сябе менавіта да гэтай катэгорыі.

· свет, як вынікае з пералічанага вышэй, – тэатр дзвюх супрацьдзейных сілаў: дабра, увасобленага ў духоўнай сферы, плероме і яе іпастасях (эонах), і зла – біблейскага Бога і створанай ім матэрыі. Увогуле ж свет, на думку гностыкаў, трынітарны: цела, душа, дух; свет духоўны, змешаны, матэрыяльны; людзі, эоны, плерома;

· Езус Хрыстус – эон, пасланы плеромай. Яго цела было толькі прывідам, і на крыжы памёр не Ён, а нехта іншы, які заняў Яго месца.

Адзначым, што плерома, неспасцігальная і недасягальная, выступае ў ролі першапрычыны ўсяго сутнага, але гэтая роля ў яе выкананні не вельмі пераканальная – плерома занадта аморфная, нездарма антычныя гностыкі называлі яе таксама «безданню», яна – вялікае «ўсё», якое «ўсё» змяшчае, і ў гэтым адчуваецца подых пантэізму, тым больш што і эоны, і анёлы, і іпастасі, і сілы, і людзі (безумоўна, пнеўматыкі) – часцінкі гэтай плеромы.

Аднак плерому можна разглядаць і інакш, бо гэты «звышбог», нягледзячы ні на што, часам усё ж можа прыадчыняцца «звышпнеўматыкам», якія пакланяюцца плероме ў выглядзе змяі як даўцу святла, збавіцелю, што вызваліў чалавецтва ад ярма старазапаветнага Бога Творцы, які даў чалавецтву патаемнае пазнанне – пазнанне дабра і зла, што на самай справе ёсць ні што іншае як санкцыя самому вырашаць, што ёсць дабро і зло, інакш кажучы, перакройваць мараль па ўласных мерках. І няма нічога дзіўнага ў тым, што ў найвышэйшых ступенях сваёй іерархіі гностыкі практыкавалі магію.

Дык ці можа гнастыцызм ляжаць у аснове Евангелляў? Гэта не пустое пытанне, бо станоўчы адказ на яго вельмі выгодны разнашэрсным адэптам гэтай ідэалогіі, па-першае, таму, што робіць хрысціянства залежным ад іх секты, па-другое, хрысціянства перастае быць носьбітам абсалютных каштоўнасцяў і ў выніку дазваляе гностыкам пацвердзіць мілы іх сэрцу тэзіс пра тое, што Езус прапаведаваў бязлікай масе простага люду адно Евангелле (тое, што мы ведаем), у той час як іншае, таемнае, з веку ў век перадавалася толькі абраным, пасвечаным «інтэлектуалам» акультнымі шляхамі.

Такім чынам, ці можна дапусціць, што Евангеллі, нашы, касцёльныя – я не кажу пра гнастычныя або апокрыфы – мелі гнастычныя вытокі? Згадаем, што на працягу ўсяго евангельскага аповеду Езус імкнецца «рэабілітаваць» матэрыю, плоць. Так, «ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сведчанні, знявагі» (Мц 15, 19; Мк 7, 21–22) сыходзяць не з плоці, а з сэрца чалавека. Евангелле сведчыць пра ўваскрасенне цела, у Евангеллі ўстанаўліваецца Эўхарыстыя – прычасце Цела і Крыві Хрыстовай, Евангелле прапаведуе роўнасць усіх людзей і, больш за тое, перавагу пакорлівых, малых, дзяцей... У Евангеллі Бог настойвае на тым, што мы павінны з адказнасцю ставіцца да справы збаўлення, настойвае на важнасці нашых высілкаў на гэтым шляху, бо мы будзем судзімыя па справах нашых; больш за тое, па Яго словах, немагчыма схаваць праўду, бо ўсё таемнае стане яўным (пар. Лк 12, 2–3), і ў дадатак ледзьве не на кожнай старонцы мы чытаем, што Езус прыйшоў выканаць абяцанні, дадзеныя Богам у Старым Запавеце. Евангелле ад Яна, відаць з-за таго, што ў ім ёсць «інтэлектуальныя» месцы, карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў гностыкаў, якім здаецца, што яно напісана герметычнай моваю, здольнаю перадаваць эзатэрычныя адкрыцці. Аднак у Евангеллі ад Яна няма нічога такога, што ставіла б яго асобна ад іншых Евангелляў, але затое ў ім прысутнічае нешта, што ёсць у ім і толькі ў ім адным: «Бо Цела Маё сапраўды ёсць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсць пітво» (Ян 6, 55), і цалкам неспасцігальнае: «І Слова стала целам» (Ян 1, 14). Такім чынам, цалкам відавочна, што нашы Евангеллі не маюць нічога агульнага з гнастыцызмам, калі толькі не дапусціць, што ўсе гэтыя і падобныя да іх вершы былі «дадзеныя пазней».

Хутчэй за ўсё, заходні, і не толькі заходні, чытач скажа, што ўсё гэта для яго не новае. Так, рэінкарнацыя, змешаны свет, бесцялесныя істоты, таемныя веды, адчуванне абранасці, прыхільнасць да пантэізму, практыка сатанізму, адпрэчванне догмаў, ідэя пра тое, што Езус – гэткая ж ідэальная харызматычная асоба, як Буда, Сакрат або Заратустра, парытэт праўды і рэлігій – усё гэта і шмат іншага ў сучасным свеце не новае і, на маю думку, набірае нечуваны размах, прыносіць велізарную шкоду духоўнаму жыццю людзей, чаго яшчэ зусім нядаўна не было і ў паміне.

Несумненна, гнастыцызм перапоўнены супярэчнасцямі, бо памылкі і падман непазбежна вядуць да супярэчнасцяў, і пра гэта пісаў яшчэ св. Ірыней: «Вы гаворыце, што пнеўматыкі павінны ўсё выпрабаваць, але яны заўсёды выпрабоўваюць заганнае і ніколі – дабрадзейнасць з яе найвышэйшымі праявамі; вы гаворыце, што ўсё існае было народжанае плеромай, але і гаворыце, што матэрыя паходзіць не ад яе»...

Што датычыць сучасных тэорый і тэндэнцый, то гнастыцызм разыходзіцца з імі толькі на першы погляд. Так, сучасная мараль, узброеная ідэямі талерантнасці і антырасізму як быццам выступае за роўнасць паміж людзьмі, але тым не менш на практыцы наша грамадства, стараннае дзіця гнастыцызму, робіцца ўсё больш выразна элітарным. Проста «талерантнасць» выстаўляецца напаказ, а элітарнасць – атрыбут класу абраных – прынята хаваць ад вачэй абывацеля. Між тым славутая талерантнасць, якой намагаюцца падмяніць евангельскую любоў да бліжняга, дазваляе ўспрымаць усе ідэі і ўсе рэлігіі як роўныя і ўзаемазамяняльныя, а значыць, скасоўвае гэта «ненавіснае» паняцце праўды, той самай праўды, якая з’яўляецца адной з асноўных характарыстык Бога ў супрацьлегласць якасцям таго, каго Езус назваў «бацькам хлусні».

Іншая ўяўная супярэчнасць – адмаўленне ад матэрыі і плоці, што цалкам не адпавядае каштоўнасцям сучаснага грамадства (не будзем забываць пра тое, што пнеўматыкі маглі дазваляць сабе ўсялякія плоцевыя жаданні, не рызыкуючы апаганіцца, бо яны былі не схільныя да заганаў). Мы бачым, што сённяшняе грамадства кіруецца іншымі ідэаламі, што любоў да дабротаў гэтага свету спараджае рабства, але гэта і ёсць жаданая мэта: заняволіць чалавека жарсцямі, каб лягчэй кіраваць ім. Але ці ўсё так адназначна? Давайце падумаем, адкуль пайшла гэтая мода на рэінкарнацыю, якая на самай справе ёсць ні што іншае як пагарда да плоці, спосаб яе адмаўлення. А аборты, дазволеныя дзяржавамі і ператвораныя ў норму жыцця? Такое зрабілася магчымым толькі таму, што эмбрыён, або зародак лічыцца неадухоўленым кавалачкам мяса, у якім яшчэ няма нічога чалавечага.

Такім чынам, у праявах гнастыцызму мы маем справу з праявамі антыхрысціянскіх і, больш за тое, багаборчых тэндэнцый і сіл. Гэта з імі сутыкнуліся нашы праайцы ў Эдэмскім садзе, што і было апісана ў кнізе Быцця (3, 5): «...вы будзеце як богі, што спазналі дабро і зло», з імі вялі барацьбу старазапаветныя юдэі і першыя хрысціяне, яны, як падводная плынь, пераследавалі хрысціянства на працягу ўсяго яго гістарычнага шляху. Дык ці варта здзіўляцца, калі сёння ма пазнаем гнастыцызм па яго нападках на Евангелле – апірышча ўсяго хрысціянства, якое заўсёды знаходзілася пад прыцэлам ворага роду чалавечага ў яго барацьбе з Богам за чалавечыя душы. У гэтай сітуацыі для нас было б найбольшай памылкай супакоіцца, палічыўшы, што праўда на нашым баку, а таму мы непахісныя. Будзем памятаць, што ганарлівасць – адметная рыса тых, хто (разам з князем цемры) прэтэндуе на тое, каб ведаць больш пэўна, чым Бог.

Такім чынам, адказ на пытанні «Як растлумачыць няспынную і злосную хвалю нападак на хрысціянства? Якая ад гэтага можа быць выгода?» становіцца цалкам зразумелым.

Як жа мы можам супрацьстаяць гэтаму? У мяне няма ніякіх новых «рэцэптаў» супрацьстаяння. Апрача пакорлівасці, патрэбна няспынная малітва і, безумоўна, дабрадзейнае жыццё, удзел у хрысціянскіх таямніцах. Але апрача гэтага, асабліва важная актыўная пазіцыя, якую часам так недаацэньваюць хрысціяне і якой усяляк перашкаджаюць ворагі хрысціянства, што яшчэ больш сведчыць пра яе важнасць. У чым жа мне бачыцца актыўная пазіцыя? У тым, каб авалодваць ведамі, і не толькі тэалагічнымі дысцыплінамі, але і свецкімі навукамі: дакладнымі навукамі, гісторыяй, філасофіяй, бо менавіта іх бяруць на ўзбраенне нашы апаненты для таго, каб абяззброіць нас, але ж агульнавядома, што сапраўдная навука здольная прывесці да Бога. Ды і сам Бог пакінуў нам гэты запавет. «Ідзіце, навучайце ўсе народы», – казаў Ён вучням. <...>

Тым жа, хто мае схільнасць страчваць прысутнасць духу, – а запалохванне – адна з улюбёных тактыкаў князя цемры, гнастыцызму і хлусні – нагадаю словы Збаўцы: «Мужайцеся, Я перамог свет», і «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Ян 16, 33; Мц 28, 20).

Пераклад з французскай мовы
Алены Ціханавай


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY