|
|
№
2(32)/2005
Галерэя
Мастацтва
З гісторыі Касцёла
Памяці Святога Айца
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці
Хрысціянская думка
In memoriam
|
Светлай памяці Апанаса Цыхуна
5 мая 2005 года Апанасу Цыхуну ...Наведала яго 17 лютага ўжо дома. Апанас Пятровіч усцешыўся, як мяне ўбачыў. Сеў на канапе і пачаў апавядаць мне пра сваё доўгае жыццё... Асірацеў ён у 9 гадоў. Маці Юля памерла ад сухотаў, пакінула траіх сіротаў – Апанаса, Івана і Ніну. Неўзабаве бацька ажаніўся. Мачаха праклінала не сваіх дзяцей, але яны выраслі, а яе дзеці паміралі – з траіх выжыў адзін. Калі вучыўся ў польскай настаўніцкай семінарыі, спяваў у хоры касцёла імя святога Францішка Ксаверыя. Яго і ў семінарыю прынялі, таму што меў добры голас. Прафесар спеваў Станіслаў Франчак, які кіраваў касцёльным і семінарыйным хорам і аркестрам і першы прымаў уступны экзамен, паставіў абітурыенту Афанасію «выдатна», а пасля яго і іншыя выкладчыкі ставілі добрыя адзнакі, хоць падрыхтоўку ён меў слабую – шчыра прызнаецца Апанас Пятровіч. З 1928 да 1931 года Апанас з сынам прафесара выконвалі ў хорах сольныя партыі. Праўда, за семінарыю трэба было плаціць па 80 злотых за паўгода, да таго ж кожная струна ў скрыпцы каштавала 50 грошаў, а струны часта рваліся. Грошы прысылаў дзядзька Максім Краўцэвіч, родны брат маці, з Пецярбурга. Апанас неяк паслаў дзядзьку сваю фатаграфію, але выйшла так, што гэбісты прыдраліся да нагруднага значка – крыжа, і за тую фатаграфію добрага дзядзьку Максіма саслалі ў ГУЛАГ на 10 гадоў...
У хоры ўдзельнічалі і сябры па семінарыі: Ян Зяленскі, які пісаў пасля вайны лісты з Варшавы, Уладзімір Баран, які скончыў Варшаўскі універсітэт і працаваў у Гродна дырэктарам СШ № 1. Гэта сябры ўсяго жыцця Апанаса Пятровіча. Семінарыю Апанас Пятровіч не скончыў: з IV курса яго забралі ў Польскае войска. Служыў у Вільні, Сувалках «цэляўнічым» гарматы, якую цягалі коньмі. У 1934 годзе Апанас вярнуўся з войска і ажаніўся з Марыяй Зянковіч з вёскі Свіслач Дольная. Пачалі гаспадарыць у вёсцы Кунцаўшчына, мелі каня і кароўку. У 1937 годзе яны прадалі гаспадарку, за 40 пудоў жыта купілі дамок і ўчастак у Гродна і заняліся дробным гандлем у ганачку свайго дома. І добра ў іх выходзіла, але ў ліпені 1939 года Апанаса забралі на вайсковыя зборы. Іх полк стаяў пад Гданьскам, калі пачалася вайна. Тады Апанас Цыхун ваяваў «цэляўнічым» у супрацьтанкавай заслоне Варшавы, але хутка трапіў у нямецкі палон – у лагер у Гуры Кальварыі. Успамінае, што палонныя польскія салдаты зранку пачыналі дзень спевам малітвы. Пасля нямецка-савецкага пагаднення палонных, якія паходзілі з крэсаў, пасадзілі ў эшалон і павезлі на ўсход. На станцыі Ласосна іх не выпускалі, але Апанас Цыхун вылез з вагона і міма вартавога пабег у лес. Маглі забіць, але чамусьці не стралялі. Дабраўся дадому, убачыў выбітыя вокны. Жонка з сынам перабралася да сваякоў у вёску. Апанас Пятровіч пайшоў на працу ў Лашскую сямігадовую школу. У 1941 годзе яго забралі на зборы, і тут зноў пачалася вайна. У вайну нарадзіўся сын Пеця. У канцы вайны польскі чыноўнік выехаў у Варшаву і пакінуў свой дом на вуліцы Манюшкі, 21 Цыхунам, якіх лічыў добрымі людзьмі. Але саветы адабралі дом. Апанас Цыхун з сям’ёй вярнуўся ў свой маленькі дамок на Бертэля, 41, дзе Цыхуны жылі ўвесь час, а апошнія 15 гадоў Апанас Пятровіч жыў адзін. Яго бацька Пятро памёр у вайну ад заражэння крыві – адсёк кончык пальца. Пасля заканчэння вайны Апанас Пятровіч завочна вучыўся ў настаўніцкім інстытуце і працаваў настаўнікам у Лашскай, Капцёўскай, Батароўскай школах. Працаваў таксама настаўнікам пачатковых класаў у польскай школе, але на гэтай працы не прыжыўся... З 1949 да 1968 года ён быў школьным інспектарам у райана. У 1963 г. ён адчыніў музей Яўхіма Карскага ў Лашы. У гэты музей, на радзіму дзеда, прыязджала ўнучка Карскага з Піцера. Вядома, правяраць іншых настаўнікаў лягчэй, але ён быў не строгім інспектарам. Ён хадзіў пешкі па вясковых школах, часам начаваў у вясковых хатах. Так, ходзячы, ён пачаў збіраць адметныя словы, легенды, песні. Магчыма, гудзевіцкі настаўнік Алесь Белакоз больш дасканала распрацаваў методыку збіральніцтва – яму дапамагалі вучні, а праз вучняў – і бацькі, дзяды. Апанас Цыхун збіраў адзін і прычым тое, што не мела матэрыяльнага эквівалента. Яму дапамагалі настаўнікі роднай мовы, выпадковыя знаёмыя і сябры – Вячаслаў Губар, Аляксандр Шыдлоўскі, Сяргей Бандарэнка, Міхась Васілёк.
Збіраў дыялекты гэтага самабытнага беларускага краю на польска-літоўскім сумежжы, дзе яшчэ там-сям захаваліся яцвяжскія сляды. У вёсцы Ятвязь на рацэ Чорнай Ганчы вокны ў хатах рабілі авальныя (зверху), а на магілах крыжы стаўлялі на пірамідку – з камення, з грудаў. Апанас Пятровіч і ў мове знайшоў яцвяжскія назвы, і ў прыладах працы, і ў выглядзе людзей. За рэчкай Кусёнкай, прытокам Пыры, якая ўпадае ў Малочнае возера каля Парэчча, стаяў дуб, якому было 800 гадоў. У яго вялікім дупле знаходзілася распяцце, і да таго дубу людзі прыходзілі маліцца святы Ружанец, як да каплічкі. Тое месца называлася «Панскі гарод». На хутары каля дубу жыла гаспадыня, якая ўмела размаўляць па-літоўску і па-беларуску, лекавала зёлкамі. У яе Апанас Пятровіч збіраў назвы зёлак, грыбоў і дрэваў. Дуб упаў у 2002 годзе, і каплічку перанеслі на хутар. Апанас Пятровіч збіраў назвы ветракоў, хутароў, пагоркаў і балотаў, мастоў і брадоў, паромаў і валуноў – тут мова ўзаемна ўзбагачаецца сумежнымі мовамі, гэтак жа, як перамешваецца людская кроў...
У Апанаса Цыхуна былі дзве скрыпкі добрых невядомых майстроў. Адну скрыпку яму пакінуў па сабе як спадчыну беларускі настаўнік Павел Аляксандравіч Тамашчык (1889–1978 гг.). Гэтую скрыпку Апанас Цыхун падараваў музею Максіма Багдановіча ў Гродне як ілюстрацыю да першага апавядання пісьменніка «Музыка», якое было апублікавана ў газеце «Наша Ніва» 6 ліпеня 1907 г. І Апанас Цыхун, і Максімаў музыка-самавук гралі на скрыпках, а настаўнік Павел Тамашчык быў на 2 гады старэйшы за Максіма Багдановіча! Апанас Цыхун граў на скрыпцы нават на вялікіх сцэнах, але найболей граў для сяброў, для душы. У 90-я гады з’явіліся ў Апанаса Пятровіча выдаўцы і спонсары. Ён выдаў кнігі: «Акадэмік з вёскі Лаша Я. Ф. Карскі. Краязнаўча-біяграфічны нарыс» (Гродна, 1992), «Легенды і балады Гродзеншчыны» (Гродна, 1995), «Песні з народных глыбіняў» (Гродна, 2000), «Пройдзеныя шляхі-пуцявіны» (Гродна, 2003).
Пакуль я слухала Апанаса Пятровіча, ён некалькі разоў падыходзіў да кніжак, да шафы, паказваў мне тое, пра што апавядаў, паціху перабіраючы сваё жыццё... ...Пакідала я бацьку і сына, іх садок у снезе, у вуллі пчолак, якія вясны чакаюць, з добрымі, чыстымі думкамі... Апанас Пятровіч памёр ноччу з 9 на 10 сакавіка на руках сваіх сыноў... У годзе яго нараджэння, 1910-м, нарадзіліся Ларыса Геніюш і благаславёная Маці Тэрэза з Калькуты... Ён нарадзіўся 5 мая, а яны – 9 і 16 жніўня. «Вяртаецца сейбіт»? Не, вяртаецца Музыка мелодыяй і мовай. І дыханнем дуброваў. Дыханнем дрэваў. Вяртаецца мовай...
|
|
|